БРУЗДО́ВІЧ (Францішак) (1861, в. Бродніца, Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 1912),
жывапісец. Вучыўся ў Варшаве (1880—83), у Кракаўскай школе мастацтваў у Я.Матэйкі (1883—87). Працаваў у галіне манум.-дэкар. і станковага жывапісу. Зазнаў моцны ўплыў бел.нар. творчасці. У 1898 удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Пераможца конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Полацку (1900). Выканаў шэраг насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжа і в. Цімкавічы (Капыльскі р-н, 1906—08), Мінска (1911), у якіх выкарыстоўваў нар. матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, маст. размалёўкі сял. мэблі. Сярод інш. работ: 7 сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (касцёл св. Міхала ў Цімкавічах, не захаваўся), «Касцёл у Карнкове», «Копія партрэта мужчыны» (1883), «Інтэр’ер вясковага касцёла» (усе ў Нац. музеі ў Варшаве). Удзельнік маст. выставак у Мінску (1898, 1911), Львове, Варшаве, Кракаве, Дзюсельдорфе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬЯМС (Пётр Уладзіміравіч) (30.4.1902, Масква — 1.12.1947),
рускі тэатр. мастак, жывапісец, графік. Засл. дз. мастацтваў Расіі (1944). Праф. (1947). Вучыўся ў студыі В.Мяшкова (з 1909) і ў Вхутэмасе (1919—24) у К.Каровіна, І.Машкова і інш.Чл.Т-ва мастакоў-станкавістаў (1925—30). Напачатку займаўся станковым жывапісам (партрэт У.Меерхольда, 1925, «Акрабатка», 1926). Ілюстраваў дзіцячыя кнігі. З 1929 у т-ры, у 1941—47 гал. мастак Вялікага т-ра ў Маскве. Тэатр. работы: «Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса (МХАТ, 1934), «Вільгельм Тэль» Дж.Расіні (1942; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Папялушка» (1945; Дзярж. прэмія СССР 1946), «Рамэо і Джульета» (1946; Дзярж. прэмія СССР 1947) С.Пракоф’ева — усе ў Вялікім т-ры. У Бел. т-ры оперы і балета аформіў «Пікавую даму» П.Чайкоўскага (1934).
М.Л.Цыбульскі.
П.Вільямс. Эскіз дэкарацый да спектакля «Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса (МХАТ, 1934).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 29.8.1939, в. Гародна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік і жывапісец. Скончыў Харкаўскі маст.-прамысл.ін-т (1971). Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыц. жанрах: серыі літаграфіі «Зямля» (1977—79) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—92). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), стараж. Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х г. дамінуючае месца занялі ідэі хрысц. маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУ́ЛІО РАМА́НА [Giulio Romano; сапр.Піпі, Pippi; 1492 або 1499, Рым — 1.11.1546],
італьянскі архітэктар і жывапісец. У 1515—24 працаваў у Рыме. Вучань Рафаэля, разам з якім размалёўваў Станцы і Лоджыі Ватыкана, пасля смерці настаўніка завяршыў размалёўку вілы Мадама (1521). З 1524 працаваў у Мантуі пры двары герцагаў Ганзага. Паступова адышоў ад класічных прынцыпаў мастацтва Высокага Адраджэння да маньерызму. Яго жывапісным творам уласцівы кампазіцыйная перагружанасць, ускладненасць ракурсаў і поз. У арх. пабудовах падкрэсленая пластыка і кантрастнасць формаў, мудрагелістая фактура руставаных паверхняў (асабісты дом у Мантуі, 1544) часта спалучаюцца з нечаканымі вонкавымі эфектамі, якія парушаюць строгую тэктоніку ордэрнай сістэмы (Палацца Дукале ў Мантуі, 1538—39). У сваім гал. творы — Палацца дэль Тэ ў Мантуі (1525—34) прадвызначыў далейшыя шляхі архітэктуры, стварыў адзін з ранніх прыкладаў восевай кампазіцыі.
Джуліо Рамана. Размалёўка «Залы гігантаў» Палацца дэль Тэ ў Мантуі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МАНАЎ (Уладзімір Кірылавіч) (н. 2.2.1929, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел.жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1962), выкладаў у ім у 1963—78. Працуе ў жанрах гіст., бытавым, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Апошні бой К.Заслонава» (1964), «На сценах старога Слуцка» (1973), трыпціх «А хто там ідзе?» (1969), «Дажынкі» (1978), «Мой родны кут» (1982), «Касіў Ясь канюшыну» (1985), серыя «З эцюднікам па Еўропе», «Лазня» (абедзве 1986), «Свет Скарыны», «Зоркі не гаснуць» (абедзве 1991), «Крыжы зямлі» (1995), «Божа, дапамажы!» (1996); партрэты Героя Сац. Працы Т.Р.Арды (1982), драматурга А.Петрашкевіча (1984), Кастуся Каліноўскага («Чорная пятля», 1989); пейзажы «Прыпяцкія плёсы» (1976), «Зіма» (1988); нацюрморты «Галінка арабіны» (1988), «Бэз» (1995) і інш. Творчасць насычана нац. каларытам, дынамікай, гармоніяй колеру, у ёй — спалучэнне лірыкі і публіцыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (12.8.1881, г. Мічурынск, Расія — 23.7.1963),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). З 1947 правадз.чл.АМСССР (у 1947—57 прэзідэнт). Вучыўся ў маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1903—15) у А.Я.Архіпава і К.А.Каровіна. Аўтар пейзажаў («Тройка. Зімовая дарога», 1912, «Пасля дажджу», 1935), партрэтаў (В.В.Лепяшынскай, 1939, групавога партрэта мастакоў І.М.Паўлава, В.М.Бакшэева, В.К.Бялыніцкага-Бірулі і В.М.Мяшкова, 1944), жанравых карцін («Лазня», 1940), ілюстрацый (да «Тараса Бульбы» М.Гогаля, 1947, і інш.), нацюрмортаў, тэатр. дэкарацый. Работы Герасімава прасякнуты аптымізмам, вызначаюцца выразнай кампазіцыяй, маляўнічасцю. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1949. У Нац.маст. музеі Беларусі 5 работ Герасімава (сямейны партрэт, 1934, «Чаромха», 1955, і інш.).
Літ.:
Осипов Д.М. Александр Герасимов: [Альбом]. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАГАНСО́Н (Барыс Уладзіміравіч) (25.7.1893, Масква — 25.2.1973),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). Правадз.чл.АМСССР (1947), у 1958—62 яе прэзідэнт. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1912—18) у М.А.Касаткіна, К.А.Каровіна, С.В.Малюціна. Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—31). Выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1937—61, праф. з 1939), Маск. маст. ін-це (з 1964). З 1962 гал. рэдактар энцыклапедыі «Мастацтва краін і народаў свету». Творчасці ўласцівы зварот да гіст. і сац. тэматыкі: «Рабфак ідзе» («Вузаўцы», 1928), «Допыт камуністаў» (1933), «На старым уральскім заводзе» («Урал дзямідаўскі», 1937; Дзярж. прэмія СССР 1941), «Выступленне У.І.Леніна на 3-м з’ездзе камсамола» (1950, у сааўт.; Дзярж. прэмія СССР 1951). Працаваў у жанры партрэта і кніжнай ілюстрацыі («Партрэт жонкі», 1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НЕС ((Inness) Джордж) (1.5.1825, каля г. Ньюберг, ЗША — 3.8.1894),
амерыканскі жывапісец. Вучыўся ў Нью-Йорку. У 1840-я г. рабіў дакладныя. крыху стракатыя пейзажы Новай Англіі («Стары млын», 1849). Паездкі ў Італію і Францыю, уплывы творчасці К.Ларэна, К.Каро, майстроў барбізонскай школы дазволілі І. выпрацаваць у 1850—60-я г. ўласную манеру пейзажнага жывапісу, у якой спалучаліся класічная манументальнасць кампазіцыі, мяккая элегічнасць настрою і рэаліст. дакладнасць матыву («Даліна Лакавана», 1855; «Даліна Дэлавэра», 1865). Пазней І. звярнуўся да больш інтымнага бачання прыроды, ствараў зменлівасць святло-паветр. асяроддзя пры розным надвор’і ці ў розныя гадзіны сутак («Хмара», каля 1870; «Дубы восенню», «Навальніца набліжаецца», каля 1880). Адначасова ў яго творчасці ўзмацніліся тэндэнцыі сімвалізму, містычнай нявызначанасці («Сёстры ў садзе», каля 1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ВІН (Канстанцін Аляксеевіч) (5.12.1861, Масква — 11.9.1939),
рускі жывапісец. Прадстаўнік рус. імпрэсіянізму. Брат С.А.Каровіна. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1886), вучыўся ў А.Саўрасава і В.Паленава, у Пецярбургскай АМ (1882). Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901—18) і Дзярж. вольных маст. майстэрнях (1918—19). Член аб’яднанняў «Мир искусства» і Саюз рус. мастакоў. Творы вылучаюцца свежасцю пленэрнага выканання, пастознасцю фарбавай масы, яркасцю каларыту і святлонасычанасцю, аптымістычнасцю светаўспрымання: «Паўночная ідылія» (1886), «Каля балкона» (1888—89), «Зімой» (1894), «Парыжская кавярня» (1899—1900), партрэты Т.С.Любатовіч (1886—87), Ф.І.Шаляпіна (1911) і інш. Як тэатр. мастак стварыў арыгінальны, сінтэтычны маст. вобраз муз. спектакляў («Садко», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава, «Канёк-гарбунок» Ц.Пуні і інш.). З 1923 працаваў у Францыі.
В.Я.Буйвал.
К.Каровін. Каля балкона. Іспанкі Леанора і Ампара. 1886.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ТКІН (Мікалай Аляксеевіч) (25.12.1859, Масква — 17.12.1930),
рускі жывапісец. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1903). Нар.маст. Рэспублікі (1923). Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—83) у В.Пярова, выкладаў там у 1894—1917. Член Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1891), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). У ранні перыяд ствараў познаперасоўніцкія жанравыя карціны («Саперніцы», 1890; «Паклёп», 1893). Адзін з першых звярнуўся да тэмы побыту і працы рус. рабочых: «Шахцёрка», «Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце» (абедзве 1894), «Вуглякопы. Змена» (1895) і інш. Аўтар работ, прысвечаных рэв. 1905—07: «Рабочы-баявік» (1905), «Атака завода работніцамі» (1906). Пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы, імкнуўся да стварэння вобраза сав. чалавека: «За вучобу. Піянерка з кнігамі» (1926), «Селькорка» (1927).
Літ.:
Серова Г.Н. А.Касаткин. Л., 1970.
М.Касаткін. Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце. 1894.