ВАТО́

(Watteau) Жан Антуан (10.10.1684, г. Валансьен, Францыя — 18.7.1721),

французскі жывапісец. Працаваў таксама ў галіне графікі і дэкар. жывапісу. Вучыўся ў Парыжы ў К.Жыло і К.Адрана. Зазнаў уплыў П.П.Рубенса. У 1717 атрымаў званне акадэміка за твор «Паломніцтва на востраў Кіферу». Пісаў жанравыя карціны («Бівак», «Саваяр з сурком», 1716, і інш.). Пазней у творах на тэмы «галантных урачыстасцей» і тэатр. сцэн («Цяжкае становішча», «Свецкае кола ў парку», «Свята кахання», «Жыль» і інш.) канчаткова сфарміраваўся яго своеасаблівы стыль, адметны вытанчанай грацыёзнасцю вобразаў і інтымнымі настроямі. Паэтычнасцю вылучаюцца і яго малюнкі (аловак, сангіна).

Літ.:

А.Ватто. Старинные тексты / Сост. Ю.К.Золотов. М., 1971;

Герман М. Антуан Ватто. 2 изд. Л., 1984.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)