ПЛУ́ЧАК Валянцін Мікалаевіч (н. 4.9.1909, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў акцёрскі (1929) і рэжысёрскі (1932) факультэты Дзярж. тэатр. эксперым. майстэрні пад кіраўніцтвам У.​Меерхольда. З 1929 акцёр у Т-ры імя Меерхольда. Адзін з заснавальнікаў Дзярж. тэатр. маскоўскай студыі (1940; з 1941 франтавы т-р).

З 1942 узначальваў Т-р Паўн. флоту, з 1945 Маскоўскі гастрольны т-р. З 1950 рэжысёр, у 1957—2000 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра Сатыры. Пастаноўкам характэрны публіцыстычная вастрыня, дынамічныя мажорныя вырашэнні, схільнасць да гіпербалы, сатыры і гратэску: «А ці быў Іван Іванавіч?» Назыма Хікмета, «Містэрыя-Буф» У.​Маякоўскага (абедзве 1957), «Цёркін на тым свеце» А.​Твардоўскага (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.​Гогаля (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка (1973), «Самазабойца» М.​Эрдмана (1981), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1983) і інш. Аўтар кн. «На сцэне — Маякоўскі» (1962).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́ПЧЫК Леанід Цімафеевіч (14.11.1933, Мінск — 7.12.1998),

бел. пісьменнік. Скончыў Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (Масква, 1958). Хадзіў матросам на рыбалавецкім траўлеры, настаўнічаў, быў журналістам, працаваў у саўгасе на Піншчыне, на Бел. тэлебачанні, рэжысёрам мультфільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1958. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў «Даўгінаўскія вёрсты» (1977), «Ў краі Налібоцкай пушчы», «Ёсць у сэрцы запаветны куток» (абедзве 1979), «Адкуль у вёскі імя» (1981), «Дрэмле памятка дзён» (1991). Апісаў многія літ.-гіст. мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Чачота, Ядвігіна Ш., З.​Бядулі і асабліва Я.​Купалы. П’еса П. (з Дз.​Кальчанкам) «Князь Наваградскі» паст. Гродзенскім драм. т-рам у 1988 (на яго лібрэта кампазітар А.​Бандарэнка напісаў аднайм. оперу, паст. 1992). Па сцэнарыях П. Бел. тэлебачанне і «Беларусьфільм» паст. фільмы «Наваградак, чытаючы Міцкевіча» (1980), «Налібоцкія пчаляры» (1982), «Круіз на кані» (1990), «Напалеон Орда» (1991), «Беларускія ратушы» (1992).

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРМЯ́К Яўген Андрэевіч (31.10.1902, г. Перм, Расія — 17.8.1982),

рускі пісьменнік. Скончыў Пермскі ун-т (1930). Друкаваўся з 1924. Пісаў казкі (зб-кі «Шчаслівы цвік», 1956; «Дзядуліна скарбонка», 1957; «Замок без ключа», 1962) і навук.-папулярныя кнігі для дзяцей і юнацтва («Кім быць?», 1946; «Ад вогнішча да катла», «Казка пра краіну Тэра-Фера», абедзве 1959; «Сказ пра газ», 1960), у якіх каштоўнасць чалавека сцвярджаецца праз працу. Аўтар раманаў «Казка пра шэрага воўка» (1960), «Апошнія замаразкі» (1962), «Гарбаты мядзведзь» (кн. 1—2, 1965—66), «Царства Ціхай Лутоні» (1970), «Яргарад» (1972), «Чароўнасць цемрай» (1976), у якіх праз казачныя вобразы раскрываў сучасныя праблемы, а таксама аповесцей, апавяданняў, п’ес, публіцыст. кніг («Пра сем асілкаў», 1960; «Азбука нашага жыцця», 1963), кнігі пра П.​Бажова «Даўгавечны майстар» (1974) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Свердловск, 1977—79.

Літ.:

Гура В.В. Евгений Пермяк: Очерк творчества. 2 изд. М., 1982.

Л.​В.​Календа.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НКА Расціслаў Міхайлавіч (н. 13.3.1936, г. Гомель),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). З 1968 выкладае ў Бел. АМ. Аўтар манум. твораў з А.​М.​Зінгуном: вітражы «Беларусь працоўная» на ВДНГ Беларусі (1969, з І.​Эйдэльманам), «Радыёаўтаматыка» ў НДІ сродкаў аўтаматыкі (1980); мазаіка «Швейнікі» ў ПТВ (1970), усе ў Мінску; чаканка «Спорт» у спарткомплексе «Стайкі» Мінскай вобл. (1971); «Медыцына і жыццё чалавека» ў мед. ін-це ў Мінску (1990, з Г.​Лойкам). Сярод жывапісных твораў: «Любімыя вершы» (1981), «Восень» (1986), «Ледзяное сэрца Алтая», «Марэннае возера» (абодва 1993), «Зіхатлівыя вяршыні», «Захад перад штурмам», «Раніца пасля цяжкага дня», «Турысты 60-х» (усе 1996), «Алтайскае знаменне» (1997), серыі «Эцюды з рукзака», «Сцяжынамі Рэрыха» (абедзве 1998), «Мае горы» (1999), «Пакінутая лыжня» (2001). Творам уласціва абагульненасць маст. вобразаў, жывапісная лепка буйнымі каляровымі плямамі, яркасць каларыту.

Л.​Ф.​Салавей.

Р.Раманка. Марэннае возера. 1993.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗЕНТАЛ, Розенталс (Rozentāls) Яніс (18.3.1866, хутар Бебры, цяпер Салдускі р-н, Латвія — 26.12.1916), латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1888—94) у У.​Макоўскага. У 1901—15 працаваў у Латвіі, у 1906—13 выкладаў у Рыжскай гар. маст. школе. У творах, блізкіх да работ позніх перасоўнікаў, спалучэнне праўдзівасці адлюстравання працы і побыту лат. народа і жывапіснай прыгажосці натуры: «Пасля абедні» (1894), «З могілак» (1895), «Песня пастушкі» (1898), «Даліна ракі Персе», «Сакавіцкае сонейка» (абедзве 1902), «З працы» (1903), «Вясна ў Курземе» (1907) і інш. Рысы сімвалізму, экспрэсіўнасць колеру і мазка ўласцівы творам на тэмы нар. лат. фальклору, скандынаўскіх саг, біблейскіх сюжэтаў («Сага», «Спакуса» «Чэрці», «Лодка смерці», «Прарок», «Кашмар», «Чорная змяя муку малола»). Стварыў шэраг партрэтаў сваіх сучаснікаў («П.​Федэр», «Дама ў белым», «Партрэт М.С.», абодва 1902; «М.​Вігнер-Грынберг», 1916), аўтапартрэт (1900).

Л.​Ф.​Салавей.

Я.Розентал. Партрэт спявачкі М Вігнер-Грынберг. 1916.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАШЭ́ЎСКІ Васіль Пятровіч (23.3.1895, в. Лугавая Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1924). Настаўнічаў. З 1926 працаваў адказным сакратаром літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Полымя», у газ. «Савецкая Беларусь» (1928—29). У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1923. Аўтар больш чым 20 п’ес: «Бацька і сын» (1927), «Музыка Цвілеўскі», «Спявай, вясна!» (абедзве 1928), «Архангелы з крэсаў» (1929), «Віхор» (1930), «На варце» (1932), «На платформу» (1934), «Самсон і Людміла» (1936), «Мікола Гоман» (паст. 1936) і інш. Выдаў кнігі нарысаў «Гаворыць Асінстан...», «Па сонечным шляху», «Чырвоны сцяг» (усе 1930), «Койданаўская МТС» (1931), «Каласіцца зямля» (1932). Лепшыя творы С. вылучаюцца добрым веданнем жыцця, арыгінальным спалучэннем лірызму, тонкага гумару з публіцыст. накіраванасцю. На бел. мову пераклаў аповесць І.​Мікітэнкі «Вуркаганы», п’есу М.​Ірчана «Сям’я шчотачнікаў», паасобныя творы А.​Афінагенава, А.​Карнейчука, І.​Качаргі, І.​Ле, І.​Сенчанкі і інш.

І.​П.​Чыгрын.

В.П.Сташэўскі.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЛЕР (Toller) Эрнст (1.12.1893, Шамоцын Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 22.5.1939),

нямецкі пісьменнік; адзін з лідэраў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Грэноблі (да 1914), у Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. За ўдзел у рэв. падзеях зняволены ў турму (1919—24). З 1933 у эміграцыі. Чалавек і рэвалюцыя — гал. тэма яго драм «Чалавек-маса» (1921), «Разбуральнікі машын» (1922), «Хінкеман», «Вызвалены Вотан» (абедзве 1923), «Гоп-ля, мы жывём» (1927), «Тушыць катлы!» (1930), «Пастар Галь» (1939). Аўтар зб. вершаў «Кніга ластавак» (1924), аўтабіягр. нататак «Юнацтва ў Германіі» (1933), кн. «Лісты з турмы» (1935), публіцыстыкі. У творах праблемы гуманнасці і жорсткасці, асобы і гісторыі, рэв. масы і яе правадыра, небяспекі нацызму; для іх характэрны абстрагаваныя вобразы-сімвалы, гратэск, настроі адзіноты, бездапаможнасці, катастрафізму.

Тв.:

Рус. пер. — Тюремные песни. М., 1925;

Штурм голода: Воспоминания и наброски. М., 1926;

Живем, живем! Л., 1928;

Дело об убийстве. М., 1934.

Літ.:

Экспрессионизм. М., 1966.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАРЭ́НКА Андрэй Міхайлавіч (н. 17.1.1964, в. Бярозаўка Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1990). З 1990 у час. «Полымя». Друкуецца з 1987. У аповесці «Гісторыя хваробы» (1989) сацыяльна-псіхал. партрэт сучаснай моладзі, у аповесці-фантасмагорыі «Смута, альбо XII фантазій на адну тэму» (1994) жыццё сённяшняга грамадства, якое страціла маральныя арыенціры, у аповесці «Вёска» (1995) філас. роздум над лёсам Беларусі і беларусаў. Аўтар аповесцей «Такое кароткае лета», «Ланцуг» (абедзве 1994), «Нічые» (2001), п’есы «Жаніх па перапісцы» (1993), публіцыст. артыкулаў і інш. Дзецям і юнакам адрасаваны прыгодніцкія аповесці «Шчарбаты талер» (1999), «Афганская шкатулка» (2002). Яго творчасці ўласцівы псіхал. аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, маст. ўмоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць. Перакладае з бел. мовы на рускую. За кн. прозы «Смута» (1994) Літ. прэмія імя І.​Мележа 1995.

Тв.:

Гісторыя хваробы: Аповесць. Мн., 1990;

Афганская шкатулка: Аповесць, апавяданні. Мн., 2002.

А.​В.​Спрынчан.

т. 16, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІГЕЙРЭ́ДУ (Figueiredo) Гільермі (н. 13.2.1915, г. Кампінас, Бразілія),

бразільскі драматург і пісьменнік. Скончыў ун-т у Рыо-дэ-Жанейра. Дэбютаваў як тэатр. крытык. Яго п’есы «Герой», «Лісістрата» (абедзве 1943), «Трагічная пантаміма» (1948), «Бог пераначаваў у доме» (1949), «Усеагульная забастоўка» (1950), «Балада для Сатаны» (1957), «Марыя да Понці» (1959) і інш. адметныя алегарычнасцю, міфалагічнымі матывамі, гратэскавасцю сітуацый. Сусв. вядомасць прынесла драма «Ліса і вінаград» (1953), у якой сцвярджаецца права чалавека на свабоду і годнасць. Аўтар раманаў сатыр. «Трыццаць гадоў без ландшафту» (1939), псіхал. «Па той бок ракі» (1961), трактата пра драм. мастацтва «Ксанф» (1957), вершаў, гумарэсак і інш. На Беларусі яго п’есу «Ліса і вінаград» ставілі Бел. т-р імя Я.​Купалы (1957), абл. т-ры Магілёўскі драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча (1987), Гродзенскі (1997), а таксама аматарскія тэатр. калектывы.

Тв.:

Рус. пер. — Эзоп (Лиса и виноград);

Смешная трагедия. М., 1960.

т. 16, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКЕ́ (Fouquet, Foucquet) Жан (каля 1420, г. Тур, Францыя — паміж 1477 і 1481), французскі жывапісец і мініяцюрыст, адзін з заснавальнікаў мастацтва Ранняга Адраджэння ў Францыі. Каля 1440 вучыўся ў Парыжы, паміж 1445—47 наведаў Рым. Зазнаў уплыў Мазачыо і Фра Анджэліка. Працаваў у Туры і Парыжы, у 1475 згадваецца як «жывапісец караля». Рэаліст. трактоўка падзей, мяккасць каларыту, выкарыстанне лінейнай і паветр. перспектывы ўласцівы ілюстрацыям да кніг «Часаслоў Эцьена Шэвалье» (1450—56), «Вялікія хронікі караля Францыі», «Жыцці знакамітых мужчын і жанчын» Дж.​Бакачыо (абедзве 1458), «Іудзейскія старажытнасці» І.​Флавія (1470—76). Вял. жыццёвасцю вылучаюцца партрэты Карла VII, канцлера Г.​Жувенеля дэз Юрсен, аўтапартрэт. Урачысты кампазіцыйны рытм, гучны каларыт уласцівы рэліг. кампазіцыям «П’ета з Нуана», «Дыпціх з Мелена». Іл. гл. таксама ў арт. Францыя.

Літ.:

Золотова Е.Ю. Жан Фуке. 2 изд М., 1986.

Ж.​Фуке. Узяцце Іерыхона. Мініяцюра з «Вялікіх хронік караля Францыі». 1458.

т. 16, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)