СТАШЭ́ЎСКІ Васіль Пятровіч (23.3.1895, в. Лугавая Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1924). Настаўнічаў. З 1926 працаваў адказным сакратаром літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Полымя», у газ. «Савецкая Беларусь» (1928—29). У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1923. Аўтар больш чым 20 п’ес: «Бацька і сын» (1927), «Музыка Цвілеўскі», «Спявай, вясна!» (абедзве 1928), «Архангелы з крэсаў» (1929), «Віхор» (1930), «На варце» (1932), «На платформу» (1934), «Самсон і Людміла» (1936), «Мікола Гоман» (паст. 1936) і інш. Выдаў кнігі нарысаў «Гаворыць Асінстан...», «Па сонечным шляху», «Чырвоны сцяг» (усе 1930), «Койданаўская МТС» (1931), «Каласіцца зямля» (1932). Лепшыя творы С. вылучаюцца добрым веданнем жыцця, арыгінальным спалучэннем лірызму, тонкага гумару з публіцыст. накіраванасцю. На бел. мову пераклаў аповесць І.Мікітэнкі «Вуркаганы», п’есу М.Ірчана «Сям’я шчотачнікаў», паасобныя творы А.Афінагенава, А.Карнейчука, І.Качаргі, І.Ле, І.Сенчанкі і інш.