ФУКЕ́ (Fouquet, Foucquet) Жан (каля 1420, г. Тур, Францыя — паміж 1477 і 1481), французскі жывапісец і мініяцюрыст, адзін з заснавальнікаў мастацтва Ранняга Адраджэння ў Францыі. Каля 1440 вучыўся ў Парыжы, паміж 1445—47 наведаў Рым. Зазнаў уплыў Мазачыо і Фра Анджэліка. Працаваў у Туры і Парыжы, у 1475 згадваецца як «жывапісец караля». Рэаліст. трактоўка падзей, мяккасць каларыту, выкарыстанне лінейнай і паветр. перспектывы ўласцівы ілюстрацыям да кніг «Часаслоў Эцьена Шэвалье» (1450—56), «Вялікія хронікі караля Францыі», «Жыцці знакамітых мужчын і жанчын» Дж.Бакачыо (абедзве 1458), «Іудзейскія старажытнасці» І.Флавія (1470—76). Вял. жыццёвасцю вылучаюцца партрэты Карла VII, канцлера Г.Жувенеля дэз Юрсен, аўтапартрэт. Урачысты кампазіцыйны рытм, гучны каларыт уласцівы рэліг. кампазіцыям «П’ета з Нуана», «Дыпціх з Мелена». Іл.гл. таксама ў арт.Францыя.
Літ.:
Золотова Е.Ю. Жан Фуке. 2 изд М., 1986.
Ж.Фуке. Узяцце Іерыхона. Мініяцюра з «Вялікіх хронік караля Францыі». 1458.