ФЕДАРЭ́НКА Андрэй Міхайлавіч (н. 17.1.1964, в. Бярозаўка Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1990). З 1990 у час. «Полымя». Друкуецца з 1987. У аповесці «Гісторыя хваробы» (1989) сацыяльна-псіхал. партрэт сучаснай моладзі, у аповесці-фантасмагорыі «Смута, альбо XII фантазій на адну тэму» (1994) жыццё сённяшняга грамадства, якое страціла маральныя арыенціры, у аповесці «Вёска» (1995) філас. роздум над лёсам Беларусі і беларусаў. Аўтар аповесцей «Такое кароткае лета», «Ланцуг» (абедзве 1994), «Нічые» (2001), п’есы «Жаніх па перапісцы» (1993), публіцыст. артыкулаў і інш. Дзецям і юнакам адрасаваны прыгодніцкія аповесці «Шчарбаты талер» (1999), «Афганская шкатулка» (2002). Яго творчасці ўласцівы псіхал. аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, маст. ўмоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць. Перакладае з бел. мовы на рускую. За кн. прозы «Смута» (1994) Літ. прэмія імя І.Мележа 1995.
Тв.:
Гісторыя хваробы: Аповесць. Мн., 1990;
Афганская шкатулка: Аповесць, апавяданні. Мн., 2002.
А.В.Спрынчан.
т. 16, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)