Ляток, лёток, літо́к, леток, ляткі́ ’адтуліна ў вуллі для вылету пчол’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Анох., Сцяшк.; драг., бяроз., КЭС; чэрв., рагач., З нар. сл.; слаўг., Нар. сл.; чэрв., Шатал.). Укр. льото́к, рус. лето́к ’тс’. Усх.-слав. утварэнне. Да лятаць, лётаць (гл.). З коранем let‑ утвораны славац. leták, letáč і серб.-харв. лѐто. А макед. леток мае тое ж значэнне, што чэш. і славац. leták ’лістоўка’. Палес. леток ’гарлавіна ўстаўнога ўваходу ў рыбалоўных лавушках’ (Крыв.) — семантычны перанос з ляток, таксама як і новае ’адтуліна ў доменнай печы, праз якую выпускаюць метал або шлак’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гале́лы ’шэлег’ (манета; Нас., з заўвагай: «Dinarii Halenses была мелкая саксонская манета»). З формы галеръ ’назва манеты’, якую прыводзіць Булыка (Запазыч., 77), форму гале́лы атрымаць немагчыма, нават калі лічыць, што тут адбылася асіміляцыя: гале́лы < *галеры. Трэба шукаць іншае зыходнае слова. З нумізматычных даследаванняў вядома, што назва манеты denarii Hallenses ці проста Hallenses (ад назвы швабскага горада Hall) ужывалася і ў форме Halleri (гл. R. Kiersnowski, Wstęp do numizmatyki polskiej wieków średnich. W‑wa, 1964, с. 121). Гэта апошняя праз пасрэдніцтва польск. мовы патрапіла ў бел.: гале́лы (націск!) < Halleri (з асіміляцыяй lr > ll).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарба́та ’чай’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. дыял. зах. герба́та, гарба́та ’тс’. Запазычанне з польск. herbata (дыял. harbata) ’чай’. У першай частцы гэтага слова лац. назва расліны наогул (herba), у другой бачаць паўд.-кіт. назву чаю . Як думаюць некаторыя даследчыкі (агляд гл. у Слаўскага, 1, 416), у польск. мову назва трапіла праз гал. herba thee (адсюль і іт. erba tè). Гл. Слаўскі, там жа; Брукнер, 171. Паводле іншай версіі (Слаўскі, там жа), у другой частцы слова трэба бачыць лацінізаваную форму назвы чаю ‑thea (такая форма засведчана даўно).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наста́ўнік ’выкладчык’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’настаўнік; натхніцель’ (ТСБМ); яшчэ ў 20‑я гады ўжывалася ў літаратурнай мове побач з русізмам вучы́цель, вучы́целька. Відаць, семантычны наватвор на базе народнага наста́віць ’навучыць’, першапачаткова з наставіць на пуць, параўн. наставіць пуць ’абраць жыццёвы шлях’ (Сл. ПЗБ), настаўля́ць ’павучаць’ (там жа), або праз рус. (ц.-слав.) са ст.-слав. наставьникъ ’кіраўнік, майстар, правадыр’, што атрымала больш вузкае значэнне ’духоўны настаўнік, натхніцель’; параўн. наста́ва ’наглядчык, наглядальнік’ (Сл. ПЗБ). Да ста́віць, стаўля́ць (гл.).

Настаўні́к, настаўні́ч ’талакнянка’ (пух., Жыв. сл.). Таго ж паходжання, што і настаноўнік (гл.); да ставіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нерв, нерв звычайна мн. не́рвы, нэ́рвы ’нервы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), не́рва ’тс’ (Янк. 1), не́рванный ’нярвовы’ (Юрч.); сюды ж нэрвава́цца ’перажываць’ (Сл. ПЗБ), не́рвенік ’дзіванна скіпетрападобная, Verbascum thapsiforme Schrad.’ (Бейл.). Запазычана праз рус. нерв або польск. nerw з заходнееўрапейскіх моў (< ням. Nerw, франц. nerf, што з лац. nervus ’жыла, мускул, нерв’), гл. Фасмер, 3, 64; назва расліны ўтворана паводле прадуктыўнай мадэлі па тыпу сярдзе́чнік ’зелле ад сэрца’, не́рвенік ’зелле ад нерваў’ і пад. Форма ж. р. другасная, узнікла з мэтай пазбегнуць неўласцівага беларускай народнай мове спалучэння ‑рв у канцы слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламя́нка ’густая моцная льняная тканіна’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’палатняная блуза’ (Др.-Падб.). Наяўнасць слова толькі ў літаратурнай мове не дазваляе вызначыць крыніцу запазычання. Укр. каламайка (у Грынчэнкі), рус. коломенка і коломёнка, коломийка (Фасмер, 2, 294), аднак статус няясны. У рус. мове лічыцца запазычаннем праз ням. Kalamank, kalmank або гал. kal(a)mink ’гладкая льняная або пяньковая тканіна’, з с.-лац. camelāncium (Фасмер, 2, 294–259), дзе ням. словы з с.-лац. calamancum, якое шэрагам аўтараў тлумачыцца як утворанае на базе с.-грэч. καμηλάνκιον ’вопратка з вярблюджай воўны’, гл. Бернекер, 1, 471; Фасмер, 2, 164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камандзі́р ’начальнік вайсковай часці, падраздзялення, ваеннага судна’ (ТСБМ), къмандзе́р ’чалавек, які ў час работы любіць камандаваць іншымі’ (міёр., З нар. сл.), камандзе́р ’тс’ (Грыг., Яруш., Нас.), камандзе́рка ’жанчына ў гасціне, якая зацягвае песні, пачынае забавы, гульні, забаўнік’ (Нас.). Форма з ‑ір несумненна запазычана праз рус. мову (у якой існуе з канца XVII ст.). Форма з ‑ер, відаць, больш старая; параўн. ст.-рус. кумендеръ ’званне высокага рангу ў духоўна-рыцарскім ордэне’ (XIV ст.), ст.-польск. komender (XV ст.), хаця на яе аказала ўплыў форма камандзір, першакрыніца якой франц. commandeur ’камандзір’ (Шанскі, 2 (К), 222).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кама́шы ’чаравікі з паўхалявамі’ (Мат. Гродз., Сцяшк., Бес.; смал. КЭС; гарад., в.-дзвін., докш., брасл. Сл. паўн.-зах.), кыма́шы ’тс’ (Бяльк.), ’мужчынскія чаравікі, туфлі з гумавымі ўстаўкамі па баках, без шнуроўкі’ (ТСБМ), ’жаночыя чаравікі на шнурках, на гузіках, з гумкамі’ (вілен., гродз., смарг., Сл. паўн.-зах.). Тое ж гама́шы (дзятл., паст., Сл. паўн.-зах.). З ням. Kamasche і больш новага Gamasche (магчыма, праз пасрэдніцтва польск. мовы) < франц. gamache < праванс. gamacho < ісп. guadamaci ’ціснёная скура’ < араб. gadāmasī ’скура з горада Gadames (у Трыпалі)’. (Клюге₁₁, 184; Даза, 353; Слаўскі, 2, 36).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ска ’каска’ (ТСБМ, БРС). Рус. ка́ска, укр. ка́ска. Лічыцца запазычаннем з франц. мовы. Параўн. франц. casque ’тс’ (а гэта ўзята з ісп. casca). Гл. Фасмер, 2, 206. У рус. мове гэта слова з’явілася ў XVII ст. (параўн. Шанскі, 2, К, 83–84). Ісп. casca (casco) паходзіць ад casco ’чэрап, чарапок, галава’ (звязана з дзеясловам cascar ’разбіваць’ і далей з народным лац. *quassicāre ’тс’; параўн. лац. quassō ’разбіваю’, таксама guatiō). У франц. мове была таксама вытворная форма casquette ’шапка з казырком’ (адсюль з часоў Пятра I, праз польск. мову, запазычаны кашке́т і каске́т; апошняе з франц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кватэ́ра1 ’частка жылога дома, якая складаецца звычайна з некалькіх пакояў і мае асобны выхад’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нас., Мал., Гарэц., Касп., Яруш., КЭС, лаг.). Гл. кватэра2.

Кватэ́ра2 ’квадрат, роўная чатырохвугольная плошча’, ’невялікі кавалак зямлі’ (Бяльк., Яшк.), ’частка акна’ (Нік. Очерки). Ст.-бел. кватера ’квадратная шыба’ (з 1593 г.). Праз польск. kwatera з с.-н.-ням. quartêr, якое ў сваю чаргу з с.-лац. quarterium (Булыка, Запазыч., 145). Пры гэтым мяркуюцца наступныя семантычныя пераходы: ’чвэрць’ > ’чацвёртая частка горада’ > ’чацвёртая частка ваеннага лагера’ > ’памяшканне’ (параўн. Слаўскі, 3, 472; ЕСУМ, 2, 415).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)