І́НКІ, ihka,

старажытнае індзейскае племя моўнай групы кечуа. У 11—13 ст. жыло на тэр. сучаснага Перу, потым склала пануючы слой у дзяржаве Таўантысую са сталіцай у г. Куска, створанай у 1439 саюзам плямён, больш вядомай пад назвай «Імперыя І.». І. бралі даніну з пакораных плямён, выкарыстоўвалі працу сялян-абшчыннікаў, рамеснікаў і рабоў. Асноўнай сац.-эканам. адзінкай дзяржавы была суседская абшчына. Неабмежаваная, акружаная сакральным арэолам улада належала правіцелю — Вярхоўнаму Інку, ён жа лічыўся ўласнікам ўсёй зямлі. Першы міфічны правіцель І. — Манка Капак шанаваўся як сын сонца. І. выкарыстоўвалі ірыгацыю, будавалі палацы, храмы, умацаваныя гарады і цытадэлі, вынайшлі сістэму перадачы звестак у выглядзе т. зв. вузельчыкавага пісьма — кіпу, а таксама, верагодна, зачаткавую пісьменнасць, наладзілі хуткую сувязь паміж рознымі часткамі імперыі з дапамогаю скараходаў. Як і інш. плямёны дакалумбавай Амерыкі, І. не ўмелі вырабляць жалезныя прылады і не ведалі агнястрэльнай зброі. У 1532—36 ісп. заваёўнікі на чале з Ф.Пісара захапілі і знішчылі дзяржаву І. разам з яе багатай культурай, забілі апошняга Вялікага Інку Атаўальпу. Пакораныя іспанцамі І. увайшлі ў склад народнасці кечуа.

Архітэктура І. вядома па літ. і шматлікіх археал. крыніцах (рэшткі храмаў, палацаў, абсерваторый, амфітэатраў, крэпасцей). Першапачаткова ўзводзілі цыклапічныя пабудовы 3 агромністых камянёў (крэпасць Саксаўаман каля Куска), пазней — пабудовы з абчасаных блокаў граніту (крэпасці Пісак каля Куска, Мачу-Пікчу). Іх дойлідства вылучалася геам. прастатой прысадзістых форм, трываласцю, амаль поўнай адсутнасцю дэкору. Асн. віды мастацтва — размаляваная і фігурная кераміка з бліскучай чорнай паверхняй, у т. л. пасудзіны з рэаліст. партрэтнымі выявамі («тваравыя пасудзіны»), Вял. майстэрствам вылучаліся творы ювелірнага мастацтва («залаты сад» у храме Сонца «Карыканча» ў Куска з раслінамі, птушкамі, матылькамі, фігурамі з золата і серабра), якія амаль не захаваліся.

Літ.:

Гарсиласо де ла Вега. История государства инков: Пер. с исп. Л., 1974;

Березкин Ю.Е. Инки: Ист. опыт империи. Л., 1991;

Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990.

Понча інкаў. 1350—1532.
Рытуальны нож інкаў — тумі. Золата, інкрустацыя.
Да арт. Інкі. Сцены (злева) і платформы Мачу-Пікчу.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,

мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э. тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі з балт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.

Літ.:

Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;

Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;

Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;

Этимологический словарь славянских языков: Праславянский лексический фонд. Вып. 1—25. М., 1974—99.

А.​Я.​Супрун.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Асістэ́нт ’памочнік прафесара, урача; малодшы выкладчык у вну’ (БРС), ’пастаянны размоўца, удзельнік цырымоніі’, асістэ́нцыя ’прысутнасць пры знатнай асобе, пастаяннае дагляданне, заляцанне’ (Нас.). Сучаснае значэнне ўсталявалася, верагодна, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 76). Значэнні, зафіксаваныя ў Насовіча, указваюць на польскую крыніцу запазычання (польск. asystent ’памочнік прафесара; памочнік, практыкант урача; член світы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці; кавалер’). Ст.-укр. ассистенция з XVII ст., ассистентъ з XVIII ст., што ўказвае не толькі на магчымую даціроўку беларускага, але і на польскую крыніцу запазычання. Польскае з лац. assistent суправаджаючы’; у рускай мове з пачатку XVIII ст. праз нямецкую (Шанскі, 1, А, 163; Фасмер, 1, 94, указваюць на нямецкую крыніцу, паводле Смірнова, 49) ці польскую — Біржакава, Очерки, 344.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Журма́н ’хітрун’ (Сл. паўн.-зах.). Фіналь ‑ман фіксуецца яшчэ ў некаторых бел. прастамоўных і дыялектных словах: брэ́хман, ’брахун’, чу́хман ’хто чухаецца’, лысма́н ’лысы’, глушма́н ’глухі’, рыжма́н рыжы’, рэчма́н ’плытагон’ (Сцяцко, Афікс. наз., 54, 116, 160). Першы кампанент, магчыма, жур‑ (гл. журба1) прадстаўлены і ў такіх значэннях, як журлівы ’сумны’ і ’сварлівы’, журыць ’дакараць’. Не выключана і ўспрыняцце хітрай, не сапраўднай журбы ў таго, каго называюць журманам. Але найбольш верагодна сувязь з рус. калуж. журава́ть ’гуляць, гарэзаваць (пра хлопца з дзяўчынай)’, фанетычным варыянтам рус. дыял. жировать ’тс’ (параўн. жыр, жыраваць1; дзеяслоў фіксуецца ў Сл. паўн.-зах. у варыянце журува́ць, хоць і ў агульным значэнні ’харчавацца’), журавли́вый ’такі, што любіць пагуляць з дзяўчатамі’, жураво́й ’законнанароджаны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Понт ’бачнасць (памылковая)’ (Мат. Гом.), панто́вы ’добры’ ў выразе: Яна дзеўчына пантовая, што і казаць (Жд. 1) — магчыма, тут маецца на ўвазе ’добры з выгляду’. Найбольш верагодна з рус. жарг. понт ’падман, хітрасць’, для понту ’для выгляду’, понт бить ’выяўляць з сябе чэснага чалавека’, паходжанне якіх не да канца высветленае. Параўн. балг. жарг. пунт ’падман’ ад тур. punt ’падман, хітрасць’ < італ. punto (БЕР, 5, 854), параўн. таксама італ. puntèllo ’хітрасць’; серб.-харв. punta ’падман’. Скок (3, 78) выводзіць з ням. Bund ’узрушэнне ад несапраўднай весткі’ і суадносіць з bunt ’узрушэнне, бунт’, што сумнеўна. Танкоў (Опыт исследования воровского языка, Казань, 1930, 15) звязвае з франц. ponter ’панціраваць, рабіць стаўку ў гульні’, што тлумачыць рус. жарг. пантер ’ігрок-аферыст’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́сці, праду́ ’скручваючы лён, кудзелю, воўну, рабіць ніткі’ (ТСБМ, Шат., Касп.), прасьць ’тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), пря́стэ, прэ́ста ’прасці; віць вяроўку (ганц., Сл. ПЗБ). Рус. прясть, пряду́, укр. пря́сти, ст.-рус. прясти, польск. prząść, в.-луж. přasć, н.-луж. pśěsć, чэш. přísti, славац. priasť, серб.-харв. пре̏сти, славен. présti, балг. преда́ ’прасці’, макед. преде ’тс’. Прасл. *pręsti (< *pręd‑ti) (Фасмер, 3, 394). Роднасныя: літ. spréndžiu, spréndžiau, sprę́sti ’абцягваць, абмерваць’, лат. spriêžu, spriêst ’нацягваць, расцягваць’, літ. spríndis ’пядзя’, англ.-сакс. sprindel ’сіло, кручок’ (гл. Траўтман, 278; Мацэнаўэр, LF, 14, 184; Персан, 873; ESJSt, 12, 710). Інакш, менш верагодна Махэк₂ (494), які параўноўвае з ням. spinnen і зыходнай формай славянскага кораня лічыць *spend‑, дзе потым было s‑ заменена на ўзмацняльнае ‑r‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руя́ ’зграя (ваўкоў, сабак) у перыяд цечкі; гайня’ (ТСБМ). Польск. ruja ’час цечкі ў аленяў’ разглядаецца Брукнерам (468) разам з лат. raunas laikas ’час марцавання ў катоў’ — утварэнне ад кораня ru‑, прадстаўленага ў польск. rukać — пра падобны крык свіней, чэш. ruchati, рус. хрю́кать ’рохкаць’ і, верагодна, у бел. ро́хкаць. Але параўн. балг. дыял. ру́йва, ру́йне ’праступіць, пацячы, хлынуць’, рус. струя́ ’струмень’. Тут і.-е. *rou‑/*reu‑ (з пашырэннем ‑k‑, адсюль жа прасл. *ruk‑ у балг. ру́квам ’пацячы раптоўна і моцна, хлынуць (пра вадкасць); шугануць (пра агонь)’; з чаргаваннем галоснага ў корані гл. таксама рой, рака. Перанос з ’цечка’ на ’зграя ў час цечкі’, параўн. балг. рой і рус. рой (БЕР, 6, 340–341).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іно́ся ’не так, іначай’ (Касп.), ’няхай’ (Нас., Грыг.), ’іншая справа’ (Нас., Яруш., Др.-Падб.), ’калі ласка’ (Нас.). Рус. смал., арл., калуж. и́но́сь ’добра, калі ласка’, смал. ина́себе ’няхай’, укр. дыял. іно́се, іно́сь ’няхай так; згодзен’. Складанне з іно і зваротнай часціцы -ся; параўн. рус. дыял. и́но́ ’часам’, ’толькі’, ’добра’, ’пасля’, ’некалі’, злучн. ’ці’, ’але’, ’так што’, ’калі’, укр. іно́ ’толькі’, польск. дыял. ino ’толькі, так’, злучн. ’толькі што, ледзь толькі’, ст.-рус. ино злучн. ’а, і’, ’але’, ’таму што’. Ino тлумачыцца неадназначна. Найбольш верагодна этымалагічная сувязь з *jьnъ (гл. іншы), Бернекер, 1, 431; Праабражэнскі, 1, 271; Слаўскі, 1, 462. Фасмер (2, 133) вылучае два кампаненты: i + no. Недакладна Гіст. мовы (II, 248) разглядае інося як уласную словатворчасць Ул. Дубоўкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вузля́к ’вузел’ (карэліц., Шатал.), вузьля́к ’памянш. ад вузёл’ (Бяльк.). Да ву́зел, няясная словаўтваральная матывацыя, паколькі для беларускіх утварэнняў на ‑ак памяншальна-ласкальнае значэнне нехарактэрна (З жыцця, 68); магчыма, пад уплывам прадуктыўнай на ўсходзе Беларусі мадэлі вальлёвальля́к ’валлё (у птушкі)’, вульлёвульля́к ’вулей’, дзе суфікс надае слову падкрэсленае значэнне адзінкавасці з-за збліжэння першых слоў са зборнымі назоўнікамі тыпу галлё́ (адносна пастаяннага змяшэння дэмінутыўных утварэнняў з сінгулятывамі гл. Мартынаў, Деривация, 56 і наст.). Менш верагодна ўздзеянне словаўтваральнага тыпу з гэтым суфіксам, які характэрны для назваў маладых істот, утвораных ад адпаведных назоўнікаў, і шырока вядомы на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі (параўн. цяля́к, каця́к, вуця́к) і мае літоўскія адпаведнікі (Атрэмбскі, Gramatyka, 280); магчымасць уздзеяння гэтага словаўтваральнага тыпу падтрымліваецца фармальным збліжэннем зыходнай формы з казёл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)