РАГАЧЫ́, грабеньчатавусыя (Lucanidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 1000 відаў. Найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных лясах, жывуць на ствалах дрэў. На Беларусі 5 відаў: алянёк звычайны (Dorcus parallelopipedus), насарог малы, або рагачык аднарогі (Sinodendron culinricum), рагач сіні (Platycerus caraboides), рагачык сціплы (Ceruchus chrysomelinus), жук-алень (Lucanus cervus) — самы буйны з жукоў бел. фауны (даўж. да 8,5 см). Насарог малы і жук-алень занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 11 см. Вусікі 10-членікавыя, каленчатыя, з грабеньчатай булавой. Верхнія сківіцы развітыя, з зубцамі, у самцоў многіх відаў нагадваюць рогі (адсюль назва). Лапкі 5-членікавыя. Дарослыя кормяцца сокамі дрэў. Лічынкі з мясістым выгнутым целам, вял. галавой; развіваюцца і кормяцца ў гнілых ствалах і каранях.

С.​Л.​Максімава.

Рагачы: 1 — жук-алень (а — самец; б — самка; в — лічынка); 2 — алянёк звычайны; 3 — рагач сіні.

т. 13, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гра́вель

1. Бялявага колеру зямля з невялікімі каменьчыкамі рознай формы; гравій (Глуск. Янк. I, Нясв., Слаўг.). Тое ж гра́віль (Слаўг.).

2. Буйны пясок, жвір; парода з дробных каменьчыкаў (Ст.-дар.). Тое ж гра́вік. (Ст.-дар.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

цытро́н

(іт. citrone, ад лац. citrus = лімоннае дрэва)

1) вечназялёная кустовая цытрусавая расліна сям. рутавых, пашыраная ў тропіках і субтропіках, а таксама буйны жоўты ці аранжавы плод гэтай расліны, падобны на лімон;

2) сорт цукерак з памадкаю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Лётка 1 ’малая адтуліна ў вуллі ці ў калодзе пчол’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.; слуц., КЭС; слаўг., Нар. сл.; глыб., вілен., ашм., іўеў., воран., З нар. сл.; рас., Шатал.; жлоб., добр., Мат. Гом.), лётак ’тс’ (Бяльк.), лётачка ’тс’ (лаг., Жд. 2). Да лётаць (гл.). Параўн. таксама ле́тка 2.

Лётка 2 ’буйная шраціна, круглая куля’ (ТС), малар. ’шрот’ (Сіг.), укр. льотка ’буйны шрот’ запазычаны з польск. lotka ’тс’, якое паходзіць з ням. Loth ’кавалак свінца ў якасці снарада’ або з ням. Lauf‑kugel ’малая куля’ > польск. lofka (Слаўскі, 4, 337). Няясна, аднак, паходжанне рус. уральск. лётка ’ружэйны карцеч’.

Лётка 3 ’малы лешч вагою да 1/2 фунта’ (Касп.), рус. лётка ’гусцяра’ (Зах. Дзвіна). Да ле́тка 3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарства ’буйны пясок з дробнымі каменьчыкамі’, лёзн. жаршня́ (Яшкін), жораст (Шат.) ’тс’. Рус. дыял. зах. жерства, укр. жорства, польск. żarstwa ’тс’. Фасмер (2, 50) параўноўвае з авест. zarstva‑ ’камень’, спасылаючыся на Петарсана, Afsl Ph, 34, 380. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 172) згаджаецца з гэтым, рэканструюючы прасл. форму žьrstva. Барталамэ (1684) параўноўвае ст.-іран. žarstva‑ ’камень’ з марсійскім і сабінскім hernae ’скала’. У Покарнага (1, 443) прадстаўлен корань *g̑her‑ ’шкрабаць’: літ. žarstýti ’зграбаць’, грэч. χαράδρᾶ ’цясніна, бездань, шчыліна ў зямлі’; Покарны, 1, 446 — корань *g̑herzd(h)‑ ’калючыя зёрны, ячмень’: ст.-в.-ням. gersta ’ячмень’, грэч. κρῑ ’тс’, а таксама яшчэ некаторыя карані са спалучэннем гутуральнага і‑r, з якімі магчыма суаднесці разглядаемае слав. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́рус

(гр. pharos)

1) умацаваны на мачце кавалак моцнай тканіны, які надзімаецца ветрам і прыводзіць у рух судна;

2) верхні, самы буйны пялёстак у кветак бабовых раслін;

3) архіт. трохвугольнае сферычнае скляпенне, якое нагадвае па форме надзьмуты парус.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),

міжнар. навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).

А.​А.​Богуш.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРВ,

адзін з найстаражытнейшых гарадоў Сярэдняй Азіі, які існаваў на беразе р. Мургаб каля г. Байрам-Алі (Туркменістан). Стараж. частку М. складае гарадзішча Эрк-Кала (пл. 12 га), якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Росквіту рабаўладальніцкі М. дасягнуў у 2 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. Горад і яго наваколле (пл. каля 60 км²) былі абнесены сцяной. З 3 ст. ўваходзіў у дзяржаву Сасанідаў, у 7 ст. заваяваны арабамі. Найб. росквіту феад. М. дасягнуў у 11—12 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы Вял. Сельджукаў (гарадзішча Султан-Кала). З канца 12 ст. буйны цэнтр дзяржавы Харэзмшахаў. У 1222 разбураны манголамі. У сярэдзіне 13—14 ст. часткова адрадзіўся, аднак значнай ролі больш не адыгрываў. У 1510—24 і 1601—1747 пад уладай персаў, да 19 ст. канчаткова заняпаў. Захаваліся рэшткі ўмацаванняў, дамоў, палацаў, мячэцяў, маўзалеяў і інш. З 1987 гіст.-культ. запаведнік Старажытны Мерв.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-БРА́НСУІК (New Brunswick),

правінцыя на ПдУ Канады. Абмываецца залівамі Св. Лаўрэнція (на ПнУ) і Фанды (на Пд). Пл. 72,5 тыс. км². Нас. каля 800 тыс. чал. (1998), англа-канадцы і франка-канадцы. Адм. ц. — г. Фрэдэрыктан. На тэр. правінцыі паўн. адгор’і Апалачаў (г. Карлтан, 820 м), раўніны і нізіны. Характэрны марэнны рэльеф, ледавіковыя і флювіягляцыяльныя адклады. Есць радовішчы поліметалаў, медзі, нікелю, буд. матэрыялаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ў студз. каля -10 °C, у ліп. каля 17 °C. Выпадае 1000 мм ападкаў за год. Рэкі мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі. Пераважаюць паўднёватаежныя цемнахвойныя лясы. На базе мясцовых руд у г. Батэрст буйны комплекс гарнарудных, металургічных і хім. прадпрыемстваў. Развіта цэлюлозна-папяровая, нафтахім., харч., маш.-буд. (у т. л. суднабудаўнічая), дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць абутку і буд. матэрыялаў. Рыбалоўства і рыбаперапрацоўка. У сельскай гаспадарцы пераважае малочная жывёлагадоўля і агародніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у нізоўі р. Свіслач (прыток Бярэзіны) у 14—18 ст. Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, цэнтр. частку Свіслацкага княства, далучанага да ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. У 15 ст., верагодна, мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв. У 1-й пал. 16 ст. ўваходзіла ў Віленскае ваяв. У 1560 у С.в., як і ў інш. дзярж. маёнтках, праведзена зямельная рэформа, уведзена новая адзінка абкладання — служба. Паводле інвентара, складзенага з гэтай нагоды, у воласці (акрамя мястэчка і замка Свіслач) было 18 сёл з 484 дварамі, у якіх намерана 137 службаў. Паводле адм. рэформы 1565—66 тэр. С.в. на З ад р. Бярэзіна ўключана ў Мінскі пав., рэшта — у Аршанскі пав. У 1568 свіслацкі намеснік М.​Б.​Гарабурда атрымаў ад вял. кн. ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста прывілей на падараванне яму воласці, якая засталася за яго нашчадкамі як прыватны маёнтак.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)