СА́ТЛЕДЖ, Сатладж (у ніжнім цячэнні наз. Панджнад),
рака ў Пакістане, Індыі і Кітаі, самы буйны (левы) прыток р. Інд. Даўж. 1450 км, пл. басейна 395 тыс. км². Вытокі на Тыбецкім нагор’і, на схілах хр. Кайлас. У вярхоўях цячэ па шырокай даліне ўздоўж паўн. падножжа Гімалаяў, перасякае іх у вузкай цясніне, потым выходзіць на раўніну Пенджаба і цячэ па ёй да вусця. Асн. прытокі: Біяс і Чынаб (справа). Сярэдні расход вады каля г. Рупар каля 500 м³/с, макс. летам (каля 20 тыс. м³/с). Гідратэхн. комплекс Бхакра-Нангал (Індыя). У межах Пенджаба ад С. адыходзяць буйныя арашальныя каналы. Суднаходная ў разводдзе на асобных участках. На С. — гарады Нангал, Лудхіяна (Індыя), Бахавалпур (Пакістан).
т. 14, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)