ГІМЕНАГАСТРА́ЛЬНЫЯ
(Hymenogastrales),
парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў. Вядома 210 відаў. Растуць усюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. пашыраны рызапагон (каранёвец) жаўтаваты (Rhizopogon luteolus), малавядомы ядомы грыб. Гіменагастральныя ў асноўным глебавыя сапратрофы, многія мікарызаўтваральнікі, ёсць паразіты.
Пладовыя целы падземныя або выступаюць на паверхні, часцей сядзячыя або на ножцы, клубне-, яйца- ці шарападобныя. Глеба мясістая, потым храсткавата-студзяністая, без капіліцыю, са шматлікімі камерамі рознай формы (агаляецца даволі рана). Першасная абалонка (перыдый) аднаслойная, другасная — двух-, шматслойная. Базідыі з 1—8 спорамі нераўнамерна размешчаны па сценках камер або сабраны ў пучкі.
т. 5, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ЗСКІ Міхаіл Андрэевіч
(н. 21.11.1918, Кіеў),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Школу кінаакцёра пры кінастудыі «Масфільм» (1940). У 1940—46 у Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, з 1946 у Тэатры-студыі кінаакцёра. З 1939 здымаецца ў кіно. Вострахарактарны акцёр, майстар эпізоду. Стварыў псіхалагічна глыбокія, унутранаканфліктныя характары ў фільмах: «У агні броду няма», «На вайне як на вайне», «Місія ў Кабуле», «Бег», «Прыйшоў салдат з фронту» (Дзярж. прэмія Расіі 1973), «Маналог», «Полымя» (Сярэбраны медаль імя А.Даўжэнкі, 1975), «Апошняя ахвяра», «Спыніўся поезд», «Без сонца», «Паміраць не страшна» і інш.
т. 5, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЯ́,
возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 22 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,29 км², даўж. 1,16 км, найб. шыр. 310 м, найб. глыб. 9,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,8 км. Пл. вадазбору 5,53 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, на З да 14, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія. Пойма шыр. ад 10 да 200 м, забалочаная, месцамі пад хмызняком. Дно глеістае, каля берагоў пясчанае. Упадае ручай з возера без назвы, на Пд пратока ў воз. Чарэйскае.
т. 4, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬМАН (Dahlmann) Фрыдрых Крыстаф
(13.5.1785, г. Вісмар, Германія — 5.12.1860),
нямецкі гісторык і паліт. дзеяч. Д-р філасофіі (1910). Праф. Кільскага (1812—29), Гётынгенскага (1829—37), Іенскага (1838—42) і Бонскага (з 1842) ун-таў. Адзін з распрацоўшчыкаў канстытуцыі каралеўства Гановер 1833. У рэвалюцыю 1848—49 у Германіі дэп. Франкфурцкага нацыянальнага сходу 1848—49, адзін з лідэраў «малагерманцаў» — прыхільнікаў аб’яднання герм. зямель (без Аўстрыі) пад вяршэнствам Прусіі. Аўтар прац «Крыніцазнаўства нямецкай гісторыі» (1830), «Гісторыя Даніі» (т. 1—3, 1840—43), «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (1844), «Гісторыя Французскай рэвалюцыі» (1845) і інш.
т. 6, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬСКІ (сапр. Няелаў) Мамант Віктаравіч
(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),
расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера).
т. 6, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́МІНЕЦ,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 4 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км2, даўж. 1,3 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 24 км2. Схілы катлавіны выш. да 8 м, параслі лесам. У паўд. плёсе 2 астравы агульнай пл. 2 га. Дно плоскае, выслана сапрапелямі. У возера ўпадаюць 4 ручаі, у т.л. з воз. Доўгі Дземінец і з возера без назвы; на Пн выцякае ручай у воз. Ваўчо.
т. 6, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́БА Уладзімір Іванавіч
(н. 24.2.1946, г. Палтава, Украіна),
бел. паэт і драматург. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў, працаваў на тэлебачанні. З 1980 на Бел. радыё. Друкуецца з 1962. Аўтар зб-каў паэзіі «Вуліцы без назваў» (1972), «Кругазварот» (1976), «Карані бліскавіцы» (1986), вершаванай драмы «Доктар Русель» (1985, пра рэвалюцыянера-народніка М.Судзілоўскага), вершаваных драм. аповесцей «На Радзівілішчы» (1992), «Памінальная па Банапарту каля беларускага тракту» (1995), радыёп’ес у вершах «Жыццё рэвалюцыянера» (паст. 1987, з А.Пётухам), «Я, Арлоўскі» (паст. 1989), «Нарачным. Рукевічу. Рылееў» (паст. 1990). Распрацоўвае гіст. тэматыку.
Тв.:
Доктар Русель;
Драм. адысея. Мн., 1991.
т. 6, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКІ СУД,
мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРО́ДУ АКСІ́Д,
чадны газ, прадукт няпоўнага акіслення вугляроду, CO. Газ без колеру і паху, tкіп -191,5 °C, шчыльн. 1,25 кг/м³ (0 °C). Раствараецца ў спірце, бензоле, дрэнна — у вадзе. Гаручы, сумесь з паветрам (12,5—74% вугляроду аксіду) выбухованебяспечная. Пры высокіх т-рах узаемадзейнічае з вадародам і аксідамі металаў (як аднаўляльнік), з хлорам, серай, некат. металамі (гл. Карбанілы металаў). У прам-сці атрымліваюць газіфікацыяй паліва, пры канверсіі газаў. Выкарыстоўваецца як высокакаларыйнае паліва, сыравіна ў арган. сінтэзе. Ядавіты, узаемадзейнічае з гемаглабінам крыві, ГДК для вытв. памяшканняў 0,03 мг/л.
т. 4, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧЭ́ННІ
(ваен.),
адзін з асн. спосабаў баявой падрыхтоўкі войск (авіяцыі, флоту), камандзіраў і штабоў аб’яднанняў, злучэнняў (часцей) розных відаў узбр. сіл, а таксама органаў тылу і спец. войск да вядзення ваен. дзеянняў. Праводзяцца з мэтай вырашэння розных задач на мясцовасці ва ўмовах, найб. набліжаных да баявых. Паводле маштабу бываюць тактычныя, аператыўныя і стратэгічныя; паводле формы правядзення — вайсковыя (авіяцыйныя, марскія), з баявой стральбой і без баявой стральбы, камандныя, камандна-штабныя, штабныя, тылавыя, доследныя, даследчыя і спецыяльныя; паводле арганізацыі — адна- і двухбаковыя, адна-, двух- і многаступенныя. Гл. таксама Манеўры.
т. 4, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)