РУ́БЕНС ((Rubens) Пітэр Паўэл) (28.6.1577, г. Зіген, Германія — 30.5.1640),
фламандскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў жывапісу барока. З 1589 жыў у Антверпене. З 1591 вучыўся ў Т.Верхахта, А. ван Норта, О.Веніуса (ван Вена); з 1600 у Італіі, вывучаў творы Мікеланджэла, братоў Карачы, М.Караваджа, жывапісцаў венецыянскай школы. З 1608 у Антверпене, гал. прыдворны жывапісец інфанты Ізабэлы Аўстрыйскай. У ранніх творах выявілася імкненне Р. да адлюстравання італьян. уражанняў у духу нац.маст. традыцый. Не парушаючы прынцыпаў сталага барока, асн. зместам творчасці стала праслаўленне жыцця ў яго стыхійных праяўленнях. У творах ствараў ілюзію неабсяжнай прасторы, разбураў ізаляванасць выяў кампазіцыі. Манум.рэліг. творы пач. 1610-х г. поўныя дэкар. размаху, асіметрычныя, падначаленыя неспакойнаму, складанаму рытму; фігуры часта выяўляюцца ў руху і рэзкіх ракурсах, шырока ўжыты кантрасты святлаценю: «Узняцце крыжа» (каля 1610—11), «Зняцце з крыжа» (каля 1611—14). Пісаў карціны на міфалагічныя тэмы, парадныя партрэты ў рэчышчы нідэрландскіх традыцый 16 ст. («Аўтапартрэт з Ізабэлай Брант», 1609), якім уласцівы інтымная прастата кампазіцыі, дасканаласць прапрацоўкі мадэлі і адзення, стрыманы вытанчаны каларыт. У 1612—20 творчасць Р. дасягнула росквіту ў работах на біблейскія сюжэты і тэмы ант. міфалогіі, якія ён трактаваў з выключнай смеласцю і свабодай выяўлення прыгажосці аголенага чалавечага цела, апявання пачуццёвай радасці зямнога быцця: міфалагічныя кампазіцыі «Саюз Зямлі і Вады» (каля 1618), «Выкраданне дочак Леўкіпа» (каля 1619—20), «Персей і Андрамеда» (каля 1620—21). Фігуры людзей, ант. божастваў, жывёл на фоне квітнеючай прыроды або фантаст. архітэктуры ў яго карцінах сплятаюцца ў складаныя кампазіцыі, гарманічна ўраўнаважаныя або прасякнутыя дынамікай (два варыянты «Страшнага суда», каля 1615—16 і каля 1618). Паступова адмаўляўся ад характэрнага для ранніх твораў лакальнага колеру, дасягнуў выключнага майстэрства ў перадачы градацый святла і колеру, паветраных рэфлексаў. Пейзажы Р. («Возчыкі камення», каля 1620) часцей прыдуманыя, але поўныя адчування гарманічнасці і цэласнасці асяроддзя. Каля 1611—18 спраектаваў свой дом у Антверпене, арх. аблічча якога вылучалася тэатралізаванай раскошай. У 1615—20 Р. набыў шырокую вядомасць. З 1617 майстэрня Р. (яго вучні і памочнікі А. ван Дэйк, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс) выканала паводле яго эскізаў шэраг серыйных, манум.-дэкар. кампазіцый («Гісторыя Марыі Медычы», каля 1622—25). З выключным майстэрствам і пачуццёвай пераканаўчасцю Р. перадаваў знешнасць і асаблівасці характару мадэлі ў парадных партрэтах («Т.Эрэндэль з сям’ёй», 1620; «Марыя Медычы», каля 1622—25). Асаблівай віртуознасцю вылучаюцца інтымныя партрэты, у т. л. «Партрэт камерысткі інфанты Ізабэлы» (каля 1625), дзе з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перададзена трапяткая жыццёвасць мадэлі. Пасля смерці першай жонкі (1626) Р. часова адышоў ад жывапісу; быў на дыпламат. службе, наведаў Галандыю, Іспанію, Англію. Карціны 1630-х г. вылучаюцца большай стрыманасцю маст. сродкаў, жывапіс становіцца больш інтымным і задушэўным, каларыт страчвае шматколернасць і будуецца на багацці колеравых адценняў, вытрыманых у эмацыянальна насычанай чырвона-карычневай гаме. Пісаў партрэты сваёй другой жонкі («Алена Фаўрмент з дзецьмі», каля 1636; «Футра», каля 1638—40) часам у вобразе міфал. і біблейскіх персанажаў («Вірсавія», каля 1635), сцэны вясковых свят («Кермеса», каля 1635—36), пейзажы («Пейзаж з вясёлкай», каля 1632—35), карціны на тэмы ант. міфалогіі («Вакх», паміж 1638 і 1640). Віртуознасцю жывапісу, строгасцю і лаканізмам маст. сродкаў вылучаюцца «Тры грацыі» (1638—40), «Аўтапартрэт» (каля 1637—40). Аўтар шматлікіх малюнкаў.
Літ.:
Лазарев В.Н. Рубенс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;
П.П.Рубенс: Письма. Док. Суждения современников. М., 1977;
Лебедянский М.С. Портреты Рубенса. 2 изд. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЕЖ (Іван Паўлавіч) (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1976),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вял.Айч. вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—42 вёў дзённік. З 1945 працаваў у час. «Полымя», у апараце ЦККП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—76 нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газ. «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на бел. мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя нар. характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зб-кі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п’есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы 1957), гісторыка-рэв. драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем М. і ўсёй бел. л-ры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—65, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» М. пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадз. смеласць і ідэйна-маст. маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафес. культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы бел. селяніна. Непаўторная маст. канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вял. ідэйны змест данесены праз дасканалую маст. форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя; і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-маст. асэнсаванне жыцця бел. народа на вельмі важным гіст. этапе, яна стала нац. эпапеяй. У 1975 М. выдаў кн. літ.крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Бел. тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я.Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.Абакумоўскай і З.Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакумент. фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.Тураў і Дз.Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі маст. кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. М. быў старшынёй праўлення Бел. аддзялення т-ва «СССР—Францыя», старшынёй Бел.к-та абароны Міру, чл.Сусв. Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, б-ка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей М. У 1980 устаноўлена Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя М.
Тв.:
Збор тв.Т. 1—6. Мн., 1969—71;
Збор тв.Т. 1—10. Мн. 1979—85.
Літ.:
Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;
Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;
Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;
Кулешов Ф. Подвиг художника. 2 изд. Мн., 1982;
Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;
Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;
Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Яго ж. Літаратура, мы і час.Мн., 1979;
Яго ж. Собр. соч.Т. 4. Мю. 1983;
Андраюк С. Іван Мележ // Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Драздова З.У. Майстэрства слова. Мн., 1993;
Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12—81;
Смыкава І. Іван Мележ // Смыкава І. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЧЭ́ЦЬ (араб. месца пакланення),
культавы будынак у ісламе, месца агульнай малітвы.
М. ўзніклі ў 7 ст. Першапачаткова для мусульм. набажэнства прыстасоўвалі б. язычніцкія храмы або цэрквы. Да 8 ст. сфарміраваліся асн. тыпы М.: дваровыя (адкрыты прамавугольны двор, абнесены сценамі і галерэямі) і ку́пальныя. Ва ўсіх М. у сцяне, звернутай да Меккі, знаходзіцца адзін ці некалькі міхрабаў (Амеядаў мячэць у Дамаску, М. Ібн Тулуна ў Каіры, 9 ст.). З правага боку ад міхраба — узвышэнне ці кафедра (мінбар) з 3—9 прыступак, дзе чытаюць хутбу (мусульм. пропаведзь). З 10 ст. пашыраны тып М. з айванамі (тэрасамі) па восях двара. У розных краінах пад уплывам мясц.буд. традыцый выпрацаваліся самаст. тыпы М.: у Паўн. Афрыцы для іх характэрна глыбокая малітоўная зала з выходзячымі ў двор шматлікімі нефамі, столлю-артэсанада (з кесонамі) і сталактытавымі купаламі (М.Кутубія ў Маракешы, Марока, 1153); у Іране, краінах Цэнтр. і Сярэдняй Азіі — айваны па баках двара, на гал. фасадзе высунуты манум, партал-пяштак (М. Калян у г. Бухара, Узбекістан, 12 ст., перабудавана ў 15—16 ст.; саборная М. у г. Ісфахан, Іран, 9—20 ст.), у Турцыі — цэнтрычны будынак з вял. купалам у акружэнні малых купалаў ці паўкупалаў (М. Селіміе ў Стамбуле, 1557). М. аздаблялі разьбой па стука, камені ці дрэве, узорыстай цаглянай або каменнай муроўкай, паліванай керамікай, інкрустацыяй, мазаікай, размалёўкай (суніцкая М. у г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція, 1906—08, арх. І.Плашко). Пры М. звычайна ставяць мінарэты.
На Беларусі пісьмовыя сведчанні пра М. адносяцца да 16 ст. Першыя з іх былі драўляныя адназрубныя пад 4-схільным дахам, са слупавым ганкам ці галерэяй, без мінарэтаў. Паступова з’явіўся мінарэт у выглядзе стромкай вежы. У 18—19 ст. узнік адметны тып М., па архітэктуры блізкі да касцёла: зруб пад 2-схільным дахам з вежай-мінарэтам. Унікальным помнікам архітэктуры з рысамі класічнага Усходу з’яўлялася М. з в. Даўбучкі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. (18 ст.) з 12-гранным купалам, галерэяй і 3-ярусным мінарэтам. Шмат М. будавалі на ўзор правасл.царк. архітэктуры. М. на Беларусі мелі асобныя памяшканні для мужчын і жанчын, падзеленыя сцяной з шырокім акном, закрытым кратамі-балясінамі, з тонкай занавескай (муслінавай). Міхраб знаходзіўся ў мужчынскай палавіне. Падлогу засцілалі зялёнымі суконнымі коўдрамі (кілімамі), круглымі дыванкамі (чалунамі) з імёнамі продкаў падзвіжнікаў. Для старых і хворых уздоўж сцен ставілі лавы, засланыя зялёнымі посцілкамі. На падлозе і сценах былі ваўняныя дываны з выявамі славутых М., мугіры з тэкстамі Карана, імёнамі святых, відарысамі Меккі і інш. У 1-й пал. 20 ст. існавалі Іўеўская мячэць, М. ў вёсках Некрашунцы Воранаўскага р-на (паводле падання, прыход засн. ў 1415, у 1915 М. спалена, адбудавана ў 1926), Лоўчыцы Навагрудскага р-на (1688), г.п. Мір Карэліцкага р-на (да 1795, адбудавана нанава ў 1840), г. Навагрудак (1796, адноўлена ў 1855), вёсках Крушыняны (Гродзенскі пав., 18 ст.) і Асмолава Навагрудскага р-на (1924—25), у гарадах Слонім (1804, у 1881 згарэла, у 1882 адбудавана) Гродзенскай вобл., Ляхавічы Брэсцкай вобл. (1815, разбурана ў 1917, у 1924—28 адноўлена), Мядзел (1840, спалена ў грамадз. вайну, у 1930 адбудавана), Клецк (1881, буд-ва фундавалі Радзівілы, рамантавалася ў 1911, 1930—31), Узда, Капыль, г.п. Смілавічы (19 — пач. 20 ст.) Мінскай вобл., Мінску (1901, адзіная мураваная М. на Беларусі), г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (1860—65, у грамадз. вайну спалена, у 1930—32 адбудавана, з 1999 дзейнічае). Захаваліся М. ў вёсках Даўбучкі (перавезена ў Бел.дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту), Лоўчыцы (рэшткі), Іўі, Навагрудку. М. адбудаваны ў Слоніме (1994), у Навагрудку (1996), адкрыта новая М. у Смілавічах (1996). Распрацаваны праекты аднаўлення і рэстаўрацыі М. у Даўбучках, Лоўчыцах, Мінску.
Літ.:
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Drozd A, Dziekan M.M., Majda T. Meczety i cmentarze Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 1999.
А.І.Лакотка.
Мячэці: 1 — у г.п. Смілавічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобл., 1996; 2 — з вёскі Даўбучкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. (праект рэстаўрацыі для Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, аўтар А.І.Лакотка); 3 — суніцкая ў г. Уладзікаўказ (Паўночная Асеція), 1906—08, арх. І.Плашко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Мікалай Аляксеевіч) (10.12.1821, в. Сінькі Ульянаўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 8.1.1878),
рускі паэт. Вучыўся ў Яраслаўскай гімназіі (1832—37). У 1839—40 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. Першы зб. вершаў — «Мары і гукі» (1840). У 1845 выдаў зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2), у 1846 — «Пецярбургскі зборнік», у якіх змешчаны творы пісьменнікаў натуральнай шкалы. Выдаваў і фактычна рэдагаваў час.«Современник» (1847—66), з 1868 рэдактар час.«Отечественные записки». Збліжэнне з В.Бялінскім, пазней супрацоўніцтва з М.Чарнышэўскім і М.Дабралюбавым зрабілі ўплыў на фарміраванне яго рэв.-дэмакр. светапогляду і глыбока нар.рэаліст. творчасць. Вершы 1840-х г. востра сацыяльныя, у іх спалучаецца пранікнёны лірызм з бязлітаснай сатырай. Праз усю творчасць Н. праходзіць тэма народа, увасобленая ў разнастайнасці тыпаў і характараў: цыкл вершаў «Пра надвор’е», вершы «Роздум каля параднага пад’езда», «На Волзе», «Плач дзяцей», «Чыгунка», «Песня пра свабоднае слова», паэмы «Мароз, Чырвоны нос» (1863—64), «Каму на Русі жыць добра» (1866—81, не завершана; на бел. мову пераклаў А.Якімовіч, 1940) і інш.Аўтар паэм «Няшчасныя» (1858, не завершана), «Дзядуля» (1870), «Рускія жанчыны» (1872—73; прысвечана жонкам дзекабрыстаў), сатыр. «Сучаснікі» (ч. 1—2, 1875—76), раманаў «Тры краіны свету» (1848—49), «Мёртвае возера» (1851, абодва ў сааўт. з А.Панаевай) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, драм. творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, творы для дзяцей і інш. Адзін з першых звярнуў увагу на гаротнае жыццё бел. народа, стварыў вобраз беларуса («Чыгунка» і «Каму на Русі жыць добра»), Грамадзянская, дэмакр., цесна звязаная з фальклорам, паэзія Н. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. л-ры і л-ры інш. народаў, у т. л. беларускай. Бел. паэты развівалі някрасаўскую павагу да мужыка, заклікалі народ да барацьбы за сац. і духоўнае вызваленне. Пад знакам ідэй «песняра гора народнага» развівалася паэзія У.Сыракомлі, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны. А.Гурыновіч шырока выкарыстоўваў вобразнасць Н. ў сваіх вершах, пераклаў на бел. мову паэму «Мароз, Чырвоны нос». Новым этапам у асваенні традыцый Н. з’явілася творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі. Агульнасць маральна-этычных пазіцый Я.Купалы і Н. адчуваецца ў вершах «Пашкадуй мужыка», «Жніво», паэме «Яна і я». Коласаўскія вобразы сялян — працаўнікоў, праўдашукальнікаў — блізкія да вобразаў паэмы «Каму на Русі жыць добра». У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі ставіліся прасякнутыя сац.-дэмакр. матывамі вадэвілі Н. «Вось што значыць пакахаць актрысу», «Шыла ў мяшку не ўтоіш, а дзяўчыну пад замком не ўтрымаеш», «Акцёр», меладрама «Мацярынскае благаславенне, або Беднасць і гонар» (пераклад-пераробка франц. п’есы А.Дэнеры і Г.Лемуана), драма «Асенні сум». Паэтызацыя працы (асабліва сялянскай), прыроды, гуманізм, прага дабра і справядлівасці — гэтыя рысы паэзіі Н. паўплывалі на фарміраванне эстэт. ідэалу бел. паэзіі. Бел. паэты выкарыстоўвалі вопыт Н. па збліжэнні паэзіі з прозай (празаізацыя паэзіі), з інш.літ. жанрамі. Бліскучыя ўзоры ўзаемапранікнення лірычнага і публіцыстычнага пачаткаў у творах Н. садзейнічалі творчаму росту многіх бел. паэтаў (П.Броўка, А.Куляшоў, М.Танк, П.Панчанка, Г.Бураўкін, А.Вялюгін, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, А.Русецкі і інш.). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі Я.Купала, Броўка, М.Танк, Р.Барадулін, А.Бачыла, Бураўкін, Вярцінскі, М.Лужанін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч. и писем. Т. 1—12. М., 1948—53;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Стихотворения и поэмы. Мн., 1980;
Дедушка Мазай и зайцы: Поэмы, стихи. Мн., 1997;
Бел.пер. — Генерал Таптыгін. 3 выд.Мн., 1952;
Сялянскія дзеці. 2 выд.Мн., 1955;
Дзядуля Мазай і зайцы. 3 выд.Мн., 1957;
Дзецям. Мн., 1971;
Лірыка. Мн., 1971.
Літ.:
Евгеньев-Максимов В. Жизнь и деятельность Н.А.Некрасова. Т. 1—3. М.; Л., 1947—52;
Некрасовские традиции в истории русской и советской литературы. Ярославль, 1985;
Прийма Ф.Л. Некрасов и русская литература. Л., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЧАНКА (Пімен Емяльянавіч) (23.8.1917, г. Талін — 2.4.1995),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік Нац.АН Беларусі (1994). Скончыў пед. курсы ў Бабруйску (1934), Мінскі пед.ін-т (1939). У 1933 працаваў рабочым у Бабруйску. З 1934 настаўнічаў на Магілёўшчыне. З 1939 у Чырв. Арміі, удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (вер. 1939). У Вял.Айч. вайну спец. карэспандэнт армейскіх і франтавых газет. З 1946 заг. аддзела час. «Вожык», з 1948 заг. аддзела, нам.гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». З 1953 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна», з 1958 — час. «Маладосць». У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1934. У першых зб-ках «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) настрой і пачуцці яго пакалення — рамантычна-ўзнёслыя парыванні, летуценні маладосці і кахання, трывога ў прадчуванні нарастаючай пагрозы вайны. У зб-ках «Табе, Беларусь» (1942), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945) горыч расстання з Беларуссю, вера ў яе вызваленне, героіка нар. змагання вызначаюць унутр. напружанне, палымянасць лірычнага перажывання паэта. Шырока выкарыстоўваў фалькл. вобразы і прыёмы. Вершы ваен. часу («Краіна мая», «Будуць вечна сады расцвітаць...», «Сінія касачы», «Дзеці вайны», «Герой» і інш.) спалучаюць адухоўленыя, чыстыя, светлыя малюнкі жыцця, задушэўныя перажыванні з драм., нярэдка па-баладнаму сціслым і ёмістым паказам ваен. выпрабаванняў. Уражанні ад знаходжання з сав. войскамі ў Іране (1944—45) сабраны ў патрыят. цыкле «Іранскі дзённік» (1944—47). У зб-ках «Гарачыя вятры» (1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955) тэма мірнай працы, суровая памяць вайны, услаўленне прац. энтузіязму, імкненне да сац. значнасці і дзейснасці паэзіі. Вынік паездак у ЗША і інш. краіны — зб-кі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысячы небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (1964). Сведчаннем творчай сталасці з’яўляюцца зб-кі «Пры святле маланак» (1966, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Дзе начуе жаўранак» (1979, у пер. на рус. мову, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Маўклівая малітва» (1981), «Лясныя воблакі» (1985) і інш., дзе найб. поўна рэалізаваліся магчымасці і выявіліся лепшыя рысы таленту П. Яго паэзія псіхалагічна чуйная, незвычайна багатая на рэаліі жыцця і чалавечыя адносіны, павернута да штодзённых спраў, прасякнута людскімі клопатамі і трывогамі, раскрывае свет сучасніка — грамадзяніна і патрыёта, які жыве напружана, дзейна. Паэт ярка выражанага грамадзянска-публіцыст. тэмпераменту, глыбока ўражлівы, па-маладому няўрымслівы; ён усё жыццё працягваў змаганне за маральна-этычную вартасць і сутнасць чалавечай асобы, за нац. свядомасць, мову і культуру беларусаў. З сярэдзіны 1980-х г. яго творчасць вылучаецца публіцыст. адкрытасцю, трыбуннасцю, вастрынёй прамаўлення, сатыр. пафасам і адначасова застаецца па-ранейшаму глыбока лірычнай, уражлівай, чуйнай да чужога болю (кн. «І вера, і вернасць, і вечнасць», 1986; «Горкі жолуд», 1988; «Высокі бераг», 1993). У пасмяротную кнігу паэзіі розных гадоў «Зямля ў мяне адна» (1996) увайшла і напісаная ў гады вайны паэма «Вандраванне ў нянавісць». Аўтар лірычных паэм «Беластоцкія вітрыны» (1940), «Маладосць у паходзе» (1946), «Патрыятычная песня» (1957, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1959) і інш. Выступаў як крытык: кн. «На паэтычным небасхіле» (1977) і «Высокі бераг» (1993) у якіх змешчаны артыкулы, эсэ, успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, А.Куляшова, А.Фадзеева і інш., пра падзеі літ. жыцця. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, М.Нагнібеды, Я.Райніса, А.Суркова, Ф.Шылера і інш.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1967—71;
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1981—83;
Млечны шлях. Мн., 1980;
Неспакой. Мн., 1988;
Выбранае: Вершы. Паэма. Мн., 1993.
Літ.:
Лазарук М.А. Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Бярозкін Р.С. Пімен Панчанка. Мн., 1968;
Гілевіч Н. Іменем чалавечнасці // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Бечык В. Хвалявацца за ўсіх і ўсё... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Стральцоў М. Пімен Панчанка: (Фотаальбом). Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСО́ ((Rousseau) Жан Жак) (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),
французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.
На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.К.Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.Ясінскага і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;
Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;
Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.
Літ.:
Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;
Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛТЫКО́Ў-ШЧАДРЫ́Н (Міхаіл Яўграфавіч) (сапр.Салтыкоў; літ.псеўд. Н.Шчадрын; 27.1.1826, с. Спас-Вугал Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 10.5.1889),
рускі пісьменнік, крытык, публіцыст дэмакр. кірунку. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1844). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу. Светапогляд С.-Ш. складваўся пад уплывам В.Бялінскага, М.Гогаля, А.Герцэна, ідэй петрашэўцаў і франц. утапічнага сацыялізму. Друкаваўся з 1841 (вершы). Першыя аповесці «Супярэчнасці» (1847) і «Заблытаная справа» (1848) сталі прычынай высылкі аўтара ў Вятку (1848—55), дзе С.-Ш. служыў чыноўнікам губернскага праўлення. Пасля вяртання ў Пецярбург служыў у Мін-ве ўнутр. спраў (1856—58), віцэ-губернатарам у Разані, пазней у Цверы (1858—62), з 1864 — у сістэме Мін-ва фінансаў у Пензе, Туле, Разані. У 1868 выйшаў у адстаўку. У 1863—65 супрацоўнік час. «Современник», з вер. 1868 член рэдакцыі і актыўны супрацоўнік, з 1877 адказны рэдактар час. «Отечественные записки» да забароны гэтага выдання ў 1884. У цыкле сатыр. нарысаў і апавяданняў «Губернскія нарысы» (1856—57), «Нявінныя апавяданні» (1857—63), «Пампадуры і пампадуршы» (1863—74), «Гісторыя аднаго горада» (1869—70), «Паны ташкентцы» (1869—72), «Дзённік правінцыяла ў Пецярбургу» (1872), «Добранамераныя прамовы» (1872—76), «За мяжой» (1880—81), рамане «Паны Галаўлёвы» (1875—80) і інш. паказаў крызіс прыгоннага ладу, дасціпна крытыкаваў бюракратыю, прыстасавальніцтва, маральную дэградацыю дваранства, рэакц. сутнасць і амаралізм прускага мілітарызму і паказной парламенцкай дэмакратыі. Сатырычны талент С.-Ш. ярка выявіўся ў апошніх творах; «Казкі» (1882—86, асобнае выданне 1884 нелегальна пад назвай «Казкі для дзяцей немалога ўзросту», легальна выд. 1887; частка казак апубл. пасмяротна), «Дробязі жыцця» (1886—89), «Пашахонская даўніна» (1887—89), дзе пісьменнік выкарыстаў прыёмы памфлета і гратэску, убачыў сваю эпоху ў кантрастных і трагічных тонах. Аўтар камедый «Смерць Пазухіна» (1857, забаронена; паст. 1893), «Цені» (1862—65, не завершана; паст. 1914), публіцыстычнага цыкла «Наша грамадскае жыццё» (1864), літ.-крытычных артыкулаў.
Творчасць С.-Ш. паўплывала на станаўленне камічнага жанру ў бел. л-ры, творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ядвігіна Ш., К.Крапівы, развіццё публіцыстыкі, драматургіі, тэатр. мастацтва. У бел. крытыцы і літ.-знаўстве яго спадчына разглядалася як важнае звяно сацыяльна ангажыраванай маст. культуры ў кірунку крытычнага рэалізму. Газ. «Минский листок» убачыла ў ім выдатнага мысліцеля і асветніка. Супрацоўнік газ. «Голос провинции» М.Караліцкі адзначаў актуальнасць выкрывальніцкай творчасці С.-Ш. для сучаснасці. Газ. «Гомельская мысль» у артыкулах «З мінулага», «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын», «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын. Да 25-годдзя з дня смерці» паведаміла новыя факты з жыцця пісьменніка, адзначыла ўплыў Бялінскага, Дабралюбава і Някрасава на станаўленне яго светапогляду. Да традыцый С.-Ш. часта звярталася бел.сав. крытыка 1930-х г. як аргумента пры абгрунтаванні рэаліст. метаду. Бел. друк у 1930-я г. адзначыў 50-годдзе з дня смерці С.-Ш. ў арт. «Вялікі сатырык» М.Дабрыніна і інш. публікацыях. Апублікаваны бібліягр. даведнік «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын» (1939). У 1950—70-я г.бел.літ.-знаўцы Дз.Палітыка, І.Ішчанка, Н.Сніцарава даследавалі важныя аспекты літ., сац.-філасофскай і журналісцкай спадчыны С.-Ш. У дарэв. час мясцовыя і прыезджыя тэатр. трупы паказвалі п’есы С.-Ш. ў Мінску, Гродне, Віцебску, Магілёве, Гомелі і інш. У Брэсце ў 1883 паказана інсцэніроўка «Паны Галаўлёвы». На бел. мову яго творы перакладалі К.Чорны («Казка аб заўзятым начальніку...», 1936), У.Ляўданскі (кн. «Выбраныя апавяданні», 1948), Я.Шарахоўскі («Казкі», 1953), В.Вітка («Паны Галаўлёвы», 1956), Х.Жычка (казка «Кісель», 1976) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—20. М., 1965—77.
Літ.:
Салтыков-Щедрин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1975;
Политыко Д.А. Великий русский писатель-сатирик М.Е.Салтыков-Щедрин. Мн., 1955;
Ищенко И.Т. Пародии Салтыкова-Щедрина. Мн., 1973;
Бушмин А.С. Художественный мир Салтыкова-Щедрина: Избр. тр.Л., 1987;
Николаев Д.П. Смех Щедрина: Очерки сатир. поэтики. М., 1988;
Ауэр А.П., Борисов Ю.Н. Поэтика символических и музыкальных образов М.Е.Салтыкова-Щедрина. Саратов, 1988;
Салтыков-Щедрин и русская литература. Л., 1991;
М.Е.Салтыков-Шедрин: пробл мировоззрения, творчества, языка. Тверь, 1991;
Герасимович М.М. Уроки М Е.Салтыкова-Щедрина. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ход, ‑а і ‑у, М аб (у) хо́дзе і на хаду́; мн. хады́, ‑о́ў і хо́ды, ‑аў; м.
1.‑у, Мна хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім‑н. напрамку. Машына дала задні ход. Цягнік збавіў ход. □ Пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы.Брыль.Ціха кружыцца галава ў Міколкі, разбягаюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру.Лынькоў.
2.‑у, Му хо́дзе; перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Ход падзей. Ход урока. Ход гісторыі. □ У ходзе будаўніцтва сацыялізма ў СССР без якой бы там ні было знешняй эканамічнай дапамогі ў кароткі гістарычны тэрмін была ажыццёўлена індустрыялізацыя краіны.«Звязда».Дзед зрабіў перадышку, абдумваючы далейшы ход казкі.Якімовіч.
3.‑у, Му хо́дзе; мн.хо́ды, ‑аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога. Ход прэса.// Адлегласць, на якую гэта частка перамяшчаецца. Ход поршня роўны 50 см.
4.‑у, Мна хаду́. Рабочая частка машыны, механізма. Анкерны ход гадзіннікавага механізма.// Ніжняя хадавая частка самарушнага ўстройства. Гусенічны ход.// Ніжняя хадавая частка экіпажа або іншых транспартных сродкаў. Каляска на рызінавым хаду.//Спец. Адлегласць паміж пярэдняй і задняй воссю экіпажа, павозкі і пад. Кароткі ход у экіпажа.
5.‑у, Му хо́дзе. Спец. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм і пад. Рабочы ход рухавіка. □ Надзейныя, з высокай дакладнасцю ходу, .. [гадзіннікі] не будуць падводзіць уладальнікаў, для якіх важна кожная мінута, секунда.«Звязда».
6.‑у, Мна хаду́. Спец. Увесь тэхналагічны працэс, які адбываецца ў чым‑н.; цыкл. Домна на гарачым хаду.
7.‑у; мн.хады́, ‑о́ў. Чарговае выступленне іграка (у шахматах, шашках і іншых настольных гульнях). Ход канём. □ Ці ведаеце вы, што найкарацейшая шахматная партыя, іграная ў турніры, мела ўсяго 4 хады — гэта партыя Лазар — Кабо з чэмпіянату Францыі.«Маладосць».
8.‑у, Му хо́дзе; мн.хады́, ‑о́ў; перан. Прыём, манеўр для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычны ход. □ Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін на дзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну.Шамякін.Юра не сумняваўся, што ўся ветлівасць нямецкага афіцэра, яго ўвага да іх — толькі тактычны ход.Бураўкін.
9.‑у; мн.хо́ды, ‑аў. Спец. Паварот, змяненне ў сюжэце мастацкага твора. У К. Чорнага мы не знойдзем твора, у якім аўтар імкнуўся б захапіць чытача складанасцю сітуацый, займальнасцю сюжэтных ходаў.Кудраўцаў.
10.‑а; мн.хады́, ‑о́ў. Месца або адтуліна ў сцяне будынка, памяшкання, праз якое ўваходзяць куды‑н., уваход. Парадны ход. Чорны ход. □ Неўзабаве Міхалка пачуў, як Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход.Чорны.У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай.М. Стральцоў.
11.‑а; Му хо́дзе; мн.хады́, ‑о́ў. Месца, па якому ходзяць; калідор, тунель. Падземны ход. □ Траншэі і хады зносін цягнуліся ў некалькі радоў усцяж па ўсяму фронту.Мележ.Бацька вельмі добра ведаў лес, ведаў усе хады ў ім, ведаў, дзе што расце.Сачанка.
12.‑у; мн.хо́ды, ‑аў; перан. Магчымасць дасягнення чаго‑н. Так рад ён [чалавек], што тут апынуўся, Дзе ёсць чалавеку больш ходу.Колас.
•••
Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх‑н. транспартных сродкаў.
Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння ходу судна.
Поўны ход! — словы каманды, якія абазначаюць: з гранічнай скорасцю.
Ведаць усе хады і выхадыгл. ведаць.
Даць задні ходгл. даць.
Даць ходгл. даць.
Ісці ў ходгл. ісці.
На хаду — мімаходам, хутка.
На хаду падноскі адарвацьгл. адарваць.
Не даць ходугл. даць.
Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.
Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, ішло і пад. што‑н.).
Пусціць у ходгл. пусціць.
Сваім ходам — а) пехатой; б) работай свайго матора.
Ход канём — аб рашучым сродку, што выкарыстоўваецца для дасягнення поспеху ў якой‑н. справе.
Ходу нямакаму-чамугл. няма.
Хрэсны ход — царкоўнае шэсце з крыжамі, харугвамі і абразамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ (Францішак Каролевіч) (псеўд.Ю.Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),
бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел.газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час.«Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел.нар.т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ.«Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.
Тв.:
Калісь. Вільня, 1919;
Страхі жыцця. Вільня, 1919;
Цені. Мн., 1920;
Птушка шчасця. Вільня, 1922;
Шчаслівы муж. Вільня, 1922;
У лясным гушчары. Рыга, 1932;
Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;
Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;
У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;
Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;
Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;
Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;
Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;
Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;
Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;
Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1994. № 4;
Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.