КАГЭЛНІЧА́НУ ((Kogálniceanu) Міхаіл) (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),
румынскі і малд.паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш. рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).