«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,
найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.М.Сазонаў (вып. 1—16), М.М.Мяшчэрскі і М.Л.Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.І.Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал.ч.сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.
Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.М.Пржавальскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ГАСПАДА́РКА,
комплекс службаў, прадпрыемстваў, арг-цый, інж. збудаванняў і інш. для задавальнення камунальных, быт. і сац.-культ. патрэб жыхароў горада. Уключае жыллёвую гаспадарку, камунальную гаспадарку, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання насельніцтва, гандлю і грамадскага харчавання, гарадскога транспарту, сувязі, установы аховы здароўя, асветы, сац. забеспячэнне, культуры і інш. Узнікла і развіваецца з ростам гарадоў. Ужо ў сярэднявеччы многія гарады, у т. л. на Беларусі, мелі брукаваныя вуліцы, водаправоды, каналізацыю, лазні і інш. элементы ўпарадкавання. З паскарэннем росту гар. насельніцтва, удасканаленнем буд. тэхнікі і новых буд. матэрыялаў пашыралася ўзвядзенне шматпавярховых і вышынных будынкаў, забяспечаных сучаснымі сродкамі камунальнага абслугоўвання, палепшана ўпарадкаванне і догляд гар. вуліц, плошчаў, месцаў адпачынку і інш. Сучасная гарадская гаспадарка шырока выкарыстоўвае электрычнасць, прыродны газ, разнастайныя віды транспарту (трамваі, аўтобусы, тралейбусы, метро). Гарадская гаспадарка знаходзіцца ў падпарадкаванні мясц. органаў улады. У гарадах Беларусі частка гандлю, грамадскага харчавання, жыл. фонду, быт. абслугоўвання прыватызавана. На базе Мін-вабыт. абслугоўвання створаны Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва (Белбытсаюз). Пачаўся пераход муніцыпальных жыл.-эксплуатацыйных службаў у недзярж. альтэрнатыўныя структуры. Укараняецца практыка выбару на конкурснай аснове прадпрыемстваў і ўстаноў, што забяспечваюць эксплуатацыю і падтрыманне ў належным стане жыл. фонду розных формаў уласнасці на аснове кантрактаў з яго уладальнікамі. Ажыццяўляецца перадача ў агульную долевую ўласнасць уласнікам жылых памяшканняў, месцаў агульнага карыстання, прысядзібных тэрыторый і інш. аб’ектаў са стварэннем кандамініумаў (саўладанняў).
Літ.:
Проектирование городского хозяйства. 3 изд. М., 1991;
Чекалин В.С., Томилов В.В. Перспективное планирование капитального ремонта объектов городского хозяйства. Л., 1987;
Хатунцев В.М., Валахова В.Д. Основы финансово-кредитной системы городского хозяйства. Л.,1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКА-ТУ́РАЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Усх. Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невял. гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пач. 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод інш. строяў ускладненымі сілуэтамі жан. касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі.
Аснову жан. летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабр. тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабр. цёмнай шарсцянкі, па нізе нашывалі стужкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладкафарбаванага атласу, саціну ці парчы часта прышываўся да спадніцы ў выглядзе ліфа. Фартух аднаполкавы з фабр. цёмных тканін. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім выплеценым або тканым поясам. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жан. касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка і падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вял. крыжы мясц. работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі. Мужч. адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, камізэлькі; галаўны ўбор — капялюш, зімой — разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужч. і жан. адзеннем былі кажухі, курткі, світы.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне жанчын-мяшчанак. Канец 19 ст. Горад Давыд-Гарадок (Столінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,
у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл.Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр.б. Югаславіі пасля 25.6.1991.
Літ.:
Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;
Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНЯЯ САКСО́НІЯ (Niedersachsen),
зямля (адм. адзінка) на Пн Германіі. Пл. 47,6 тыс.км². Нас. каля 7,8 млн.чал. (1998). Адм. ц. — г.Гановер. На Пн абмываецца Паўночным м. Рэльеф нізінны (на Пн), раўнінны (у сярэдняй ч.), нізкагорны (на Пд, горы Гарц, выш. да 926 м). Клімат умераны, марскі. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў за год 600—700 мм. Пад лесам каля 1 млн.га. Пераважаюць шыракалістыя лясы (дуб, бук, граб, ліпа). Эканоміка індустр.-агр. характару. На тэр. Н.С. радовішчы нафты, прыроднага газу, руд жалеза і каляровых металаў, калійнай і кухоннай солі. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., у т. л. аўтабудаванне, эл.-тэхн., электронная, агульнае машынабудаванне, харч., тэкст., швейная, хім., нафтаперапр., чорная металургія. Прамысл. цэнтры: Зальцгітэр (чорная металургія), Вольфсбург (легкавыя аўтамабілі), Гановер і Браўншвайг (грузавыя аўтамабілі і аўтобусы), Вільгельмсгафен (канторскія машыны), Эмдэн (суднабудаванне). У сельскай гаспадарцы пераважае высокапрадукцыйная таварная жывёлагадоўля (малочная жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Лугі і пашы займаюць каля палавіны с.-г. угоддзяў. Гал. культуры: кармавыя травы, караняплоды, бульба, ячмень, пшаніца, жыта. Садоўніцтва і агародніцтва. Рыбалоўства і марскія промыслы. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. порт Вільгельмсгафен. Суднаходства па Сярэднегерманскім канале, Эльбе, Везеру і інш. Нафта- і газаправоды ад радовішчаў і марскога ўзбярэжжа да значных гарадоў і на Пд краіны.
Зямля ўтворана 1.11.1946 брыт.акупац. ўладамі з б. прускай прав. Гановер і зямель Браўншвайг, Олвдэнбург, Шаўмбург-Ліпе. У 1947 далучана ч. зямлі Брэмен. З 1949 у складзе ФРГ. У 1990—98 прэм’ер-міністрам зямлі быў Г.Шродэр (з кастр. 1998 федэральны канцлер ФРГ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́КША (Валянцін Антонавіч) (н. 16.11.1937, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦККПСС (1976). З 1956 працаваў у Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі, інструктарам Полацкага гаркома ЛКСМБ, у трэсце «Нафтабуд» (Полацк). З 1961 журналіст, з 1973 на Бел. радыё, у 1980—98 дырэктар выд-ва «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Асн. матывы яго паэзіі — расказ пра моладзь, рамант. героіка прац. будняў, мінулае і сённяшняе роднага краю, карціны побыту краін, дзе пабываў сам (зб-кі «Гарады нараджаюцца сёння», 1964; «Атава», 1969; «Споведзь», 1973; «Агонь і попел», 1989; «Агні далёкіх гарадоў», 1992; паэма-хроніка «Белыя берагі», 1981; гераічная драма-паэма «Падснежнікі для Веры», 1986). Аўтар кніг публіцыстыкі і нарысаў «Наша, полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973), радыёп’ес «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976); лібрэта радыёоперы К.Цесакова паводле «Палескай хронікі» І.Мележа «Барвовы золак» (паст. 1979); п’ес «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Пад шыфрам «Зорачка» і «Чароўны камень» (абедзве 1985), «Прывіды з могільніка аўтамабіляў» (1990) і інш. Выдаў кнігі вершаў і казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета — круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Як Ліса вучылася лётаць» (1991) і інш., сатыр. і гумарыстычных вершаў і фельетонаў «Радзімыя плямы» (1982). На вершы Л. напісана шмат песень. Літ. прэмія імя П.Броўкі 1994. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬ,
вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пн ад г. Іванава, 161 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 4413 ж., 1247 двароў (1999). Спажывецкае т-ва, камбінат каап. прам-сці, кааператыў «Моталь». 2 сярэднія школы, навуч.-вытв. камбінат, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, Мотальскі музей народнай творчасці, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Традыцыйны цэнтр вырабу мотальскіх ручнікоў і мотальскіх кажухоў. Брацкая Магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1888). Каля вёскі група археал. помнікаў Моталь.
Упершыню ўпамінаецца пад 1422 у актах Літоўскай метрыкі як прыватнае ўладанне. Пазней уваходзіла ў Пінскае княства. У 1520 сяло пінскага кн. Фёдара Іванавіча Яраславіча, пасля смерці якога перайшло да караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога. У сярэдзіне 16 ст. мястэчка. Паводле рэвізіі 1555 М. аднесены да гарадоў з самакіраваннем, г.зн. меў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886—2294 ж., 239 двароў, 2 царквы, капліца, яўр. малітоўны дом, школа, 13 крам, 7 корчмаў, праводзіўся кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, у Драгічынскім пав. Палескага ваяв. Дзейнічалі мясц. арг-цыі БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. З 1939 у БССР, з 12.19.1940 гар. пасёлак у Іванаўскім раёне. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў М. каля 2 тыс.ж., спалілі каля 400 двароў. У М. дзейнічала Мотальскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета. У 1962—65 у Драгічынскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
старэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
1.Выш. ст.дапрым. стары.
2. Той, якому больш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы дарослы сярод каго‑н. Старэйшая сястра. □ Андрэй, старэйшы Пракопаў сын, быў у Чырвонай Арміі.Колас.Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем год, і ён пайшоў у школу.Арабей./узнач.наз.старэ́йшы, ‑ага, м.; старэ́йшая, ‑ай, ж.За ўсё сваё жыццё, якое пачало адкладвацца ў памяці пасля смерці маткі, .. [Данік] прывучыўся слухаць старэйшых.Грамовіч.// Ужываецца пры прозвішчы для таго, каб падкрэсліць розніцу ў пакаленнях, у гадах. Заехалі да старэйшага Крушынскага, які піша вершы пад псеўданімам Антон Цярэшка.Бядуля.
3. Які даўно існуе, узнік, утварыўся. Старэйшы тэатр краіны. □ Стамбул лічыцца адным са старэйшых еўрапейскіх гарадоў: ён быў заснаваны візантыйцамі дзве тысячы семсот гадоў назад.«Полымя».Добрушскі цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» — старэйшае прадпрыемства Беларусі.«ЛіМ».// Які даўно займаецца чым‑н.; вопытны, спрактыкаваны. П’ер Паола Пазаліні — старэйшы майстар італьянскага кіно.«Маладосць».// Найстарэйшы. [Жэня:] — А ты [Васіль] пагавары з самымі старэйшымі бабулямі і дзядулямі.Якімовіч.
4.узнач.наз.старэ́йшыя, ‑ых. Дарослыя; проціл. дзеці. Пад Сталінград на выручку старэйшым Мы не спазніліся ні на хвіліну.Аўрамчык.Маруся кажа, што над старэйшымі нельга насміхацца.Мыслівец.
5. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Веставы стараўся не дыхаць, шукаў вачыма старэйшага па званню.Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),
орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.Аляксюк (старшыня), А.Аўсянік, палкоўнікі Г.Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.Кушаль і А.Якубецкі, Ю.Мурашка, А.Прушынскі (А.Гарун), С.Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен.мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.Умястоўскі, Э.Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоўЗах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,
тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л.русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.Марджанішвілі, М.Ахлопкаў і інш.
На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.Літвінаў, Е.Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел.дзярж.т-ра, самадз.драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел.гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.