ВІНАГРА́ДАРСТВА,

1) галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем вінаграду. Забяспечвае насельніцтва свежым і сушаным вінаградам (разынкамі, кішмішам, карынкай), а вінаробную (гл. Вінаробства) і кансервавую прам-сць сыравінай. Вінаградарства мае 4 вытв. кірункі: сталовае вінаградарства — вытв-сць свежага вінаграду для мясц. спажывання, вывазу і захоўвання; вінаградарства як сыравінная база вытв-сці сушанага вінаграду — вырошчванне кішмішна-разынкавых сартоў; вінаградарства як сыравінная база вінаробнай прамысловасці (выкарыстоўвае каля 80% усяго вінаграду) і кансервавай прамысловасці. Адрозніваюць вінаградарства ўкрыўное і неўкрыўное, арашальнае і неарашальнае, або багарнае, коранеўласнае і прышчэпленае на марозаўстойлівых і філаксераўстойлівых прышчэпах.

Вінаградарства з’явілася ў старажытнасці ў краінах Міжземнамор’я, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі. Сусв. вытв-сць вінаграду складае штогод 57—60 млн. т. Больш як палову яго атрымліваюць у Італіі, Францыі, ЗША, Іспаніі, Турцыі. Далей ідуць Аргенціна, Іран, ПАР, Грэцыя, Румынія, Партугалія, Германія, Расія, Чылі, Аўстралія, Азербайджан, Бразілія, Малдова. Прамысл. вінаградарства развіта паміж 34—52° паўн. ш. і 20—40° паўд. ш. У Еўропе паўн. мяжа вырошчвання прамысл. вінаграду праходзіць праз Парыж, Льеж, Дзюсельдорф, Камянец-Падольскі, Саратаў. Прысядзібнае аматарскае вінаградарства пашыраецца далей на поўнач.

На Беларусі вінаград вядомы з 16 ст. Аматарскае вінаградарства адзначана ў большасці раёнаў, невял. вытворчае — у Пінскім, Столінскім, Хойніцкім і Мінскім. Найб. спрыяльныя для яго развіцця паўд. раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей (акрамя раёнаў, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС). Доследныя работы па селекцыі вінаграду на Беларусі праводзяцца ў Бел. НДІ пладаводства (в. Самахвалавічы Мінскага р-на). Беларусь атрымлівае вінаград пераважна з Малдовы. Прамысл. вінаградарства характарызуецца інтэнсіўнасцю, патрабуе вял. капіталаўкладанняў і значных затрат працы. У ім выкарыстоўваецца механізацыя многіх працаёмкіх работ: тэрасавання, плантажу, пасадкі, рыхлення міжрадкоўяў, унясення ўгнаенняў, укрывання і адкрывання кустоў, устаноўкі шпалераў, барацьбы са шкоднікамі і хваробамі і інш.

2) Навука аб біял. асаблівасцях вінаграду і спосабах яго вырошчвання; раздзел раслінаводства. Складаецца з агульнага вінаградарства (вывучае пытанні біялогіі, экалогіі і агратэхнікі вінаграду); прыватнага (распрацоўвае агратэхніку вінаграду ў розных глебава-клімат. умовах, для розных вытв. кірункаў, а таксама пры вырошчванні вінаграду ў цяпліцах); ампелаграфіі — навукі аб сартах і відах вінаграду; селекцыі вінаграду — навукі пра вывядзенне новых сартоў.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыдатныя для гасп. выкарыстання аднаўляльныя паверхневыя воды, глебавыя воды і падземныя воды; адзін з найважнейшых відаў прыродных рэсурсаў. Асн. крыніцай водных рэсурсаў служаць прэсныя воды сушы, якія папаўняюцца за кошт ападкаў атмасферных і аднаўляюцца ў працэсе кругавароту вады на Зямлі.

Складаюцца з расходных элементаў воднага балансу рачных басейнаў — сцёку і выпарэння (гл. Водны баланс Зямлі) Рэсурсы сцёку вял. тэрыторый ці рачных вадазбораў вызначаюцца па велічыні паверхневага і падземнага сцёку, рэсурсы глебавай вільгаці — па велічыні выпарэння з сушы ў цёплы (вегетацыйны) перыяд года. Паводле сярэдніх шматгадовых паказчыкаў, рэсурсы сцёку сушы Зямлі складаюць 44,6 тыс. км³ за год, у т. л. Еўропы 3,2, Азіі 14,4, Афрыкі 4,6, Паўн. Амерыкі 8,2, Паўд. Амерыкі 11,8, Аўстраліі і Акіяніі 2,4 тыс. км³ за год. Найб. аб’ём сцёку мае Бразілія — 22% сусв. рэсурсаў (за кошт р. Амазонка). У якасці водных рэсурсаў у асобных мясцовасцях выкарыстоўваюць атм. вільгаць, марскую ваду (апрэсненую), ваду, атрыманую з ледавікоў, і інш. Зямля забяспечана воднымі рэсурсамі, іх дэфіцыт у некаторых краінах узнікае пераважна ў выніку антрапагеннага забруджвання і разбурэння прыродных экасістэм. Комплекснае выкарыстанне і ахова водных рэсурсаў — задача воднай гаспадаркі. Водныя рэсурсы эксплуатуюцца пры водакарыстанні і водазабеспячэнні. Адрозніваюць натуральныя (патэнцыяльныя) і змененыя (наяўныя) рэсурсы рачнога сцёку, натуральныя і эксплуатацыйныя (якія можна выкарыстаць) рэсурсы падземных вод.

Водныя рэсурсы Беларусі складаюцца з рачнога сцёку, глебавай вільгаці і падземных вод. За год выпадае 146 км³ атм. ападкаў, з іх 110 км³ ідзе на выпарэнне, астатняе — на сцёк. Сярэднешматгадовыя натуральныя рэсурсы сцёку (км за год): мясцовыя 36,4, агульныя (разам з прытокам з-за мяжы) каля 58, наяўныя мясцовыя каля 38,8, агульныя — 63. Прырост наяўных рэсурсаў адбыўся ў выніку гідрамеліярацыі ў вадазборы Прыпяці. Рэсурсы глебавай вільгаці складаюць каля 90 км³ за год. Натуральныя рэсурсы падземных вод складаюць 15,9, эксплуатацыйныя — 18,1, з іх разведаныя агульныя эксплуатацыйныя запасы — 2,31 км³ за год. Пытанні выкарыстання і аховы водных рэсурсаў рэгулююцца актамі воднага заканадаўства і інш.

В.​В.​Дрозд.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ВІЦКІ РАЁН.

На У Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 32,7 тыс. чал. (1998), гарадскога 53,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Касцюковічы; 143 сельскія нас. пункты, 7 сельсаветаў: Баронькаўскі, Беладубраўскі, Бялынкавіцкі, Дзямідавіцкі, Забычанскі, Пралетарскі, Сялецкі. Зах. і паўд.-зах. ч. раёна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС уваходзяць у зону радыяцыйнага кантролю, адселены 28 нас. пунктаў.

Раён у межах паўд.-ўсх. ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня хвалістая. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,6 м (на Пн ад в. Пралетарская). Карысныя выкапні: торф, цэм. мергель і мел, пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. З ПнУ на ПдЗ працякае р. Беседзь з прытокамі Сураў, Жадунька (з Крупянкай і Крупняй), Дзяражня, Алешня, Чарняўка, Трасцянка, Зубар (з Грэбляй), Машоўка, Свінка. Возера Святое. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (35,2%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (48,5%). Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, дубовыя, займаюць 30,1% тэр. раёна, з іх 26,7% штучныя, у асноўным хваёвыя насаджэнні. Пад балотамі 8,5% тэрыторыі. Зона адпачынку Трасцянка Помнікі прыроды: крыніцы ў в. Сцюдзянец і Тупічын, парк у в. Цеханічы. Заказнікі: гідралагічны «Мохі», біял. «Панькаўскі».

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 55,8 тыс. га, з іх асушаных 12,4 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства; пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў (цэмент), метала- і дрэваапр. прам-сці. Праходзіць чыг. Орша—Унеча, аўтадарогі на Клімавічы, Краснаполле, Хоцімск, Чэрыкаў, Сураж. Адгалінаванне нафтаправода «Дружба» Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 5 базавых, 4 пачатковыя, дзіцяча-юнацкая спарт., маст. школы, 23 дашкольныя ўстановы, 28 клубаў, 29 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 5 амбулаторый, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Свята-Пакроўская (1863) у в. Гаўрыленка; царква (19—20 ст.) у в. Забычанне; царква (2-я пал. 19 ст.), касцёл (19—20 ст.) і бровар (1914) у в. Канічы, Свята-Троіцкая царква (1842) у в. Саматэвічы. Выдаецца газ. «Голас Касцюкоўшчыны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя матэрыялы (вырабы) каменепадобнай будовы і зробленыя з іх канструкцыйныя элементы (будаўнічыя канструкцыі). Шырока выкарыстоўваюцца для ўзвядзення і аддзелкі жылых, грамадскіх і прамысл. будынкаў, пры буд-ве дарог, гідратэхн., інж. і інш. збудаванняў.

Каменныя матэрыялы бываюць прыродныя (атрымліваюць з гранітаў, базальтаў, пясчанікаў і інш. горных парод мех. апрацоўкай або без яе) і штучныя (вырабляюць з мінер. сыравіны). Асн. разнавіднасці прыродных матэрыялаў: пясок і жвір (атрымліваюць прасейваннем і прамыўкай рыхлых парод); друз, каменныя крошка і мука, мінер. парашкі (атрымліваюць драбленнем і размолваннем горных парод); бутавы камень, шашка для брукавання (атрымліваюць выбуховым спосабам і расколваннем вапняку, пясчаніку і інш. асадкавых парод); пілаваныя камяні, блокі (атрымліваюць выпілоўваннем каменярэзнымі машынамі з лёгкіх горных парод); абліцовачныя камяні, пліты, брусчатка, бартавы камень, арх. фасонныя вырабы і дэталі (атрымліваюць распілоўваннем, расколваннем, шліфоўкай скальных парод у працэсе каменеапрацоўкі; гл. таксама Абліцовачныя матэрыялы). Штучныя каменныя матэрыялы атрымліваюць тэхнал. перапрацоўкай горных (пераважна асадкавых) парод ці адходаў прамысл. вытв-сці. Гэта бетон, жалезабетон, цэгла, будаўнічая кераміка, многія вогнетрывалыя матэрыялы, гіпсавыя і гіпсабетонныя вырабы, прадукты каменнага ліцця, шкло і шкляныя вырабы, сіталы і шклосіталы, цеплаізаляцыйныя матэрыялы, будаўнічыя растворы і інш. Каменныя матэрыялы выкарыстоўваюцца як запаўняльнікі пры вытв-сці асфальта- і цэментабетонаў і як сыравіна ў вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу. Каменныя канструкцыі бываюць нясучыя і агараджальныя: фундаменты, сцены, аркі, скляпенні, перакрыцці, слупы, перамычкі, дымавыя трубы і інш. Яны даўгавечныя, вогнеўстойлівыя, архітэктурна выразныя, могуць вырабляцца з мясц. буд. матэрыялаў. Вядомыя са старажытнасці (гл. Архітэктура). Для муравання выкарыстоўваюць гліняную і сілікатную цэглу, керамічныя і бетонныя камяні і блокі (суцэльныя і пустацелыя; гл. Бетонныя вырабы і канструкцыі), камяні з вапняку, пясчаніку, туфу, ракушачніку, буйныя блокі са звычайнага (цяжкага), сілікатнага і лёгкага бетону (гл. Буйнаблочныя канструкцыі).Асн. недахопы каменных канструкцый — вял. маса і недастатковая трываласць на расцяжэнне і выгін, значная працаёмістасць каменных работ. Для павышэння трываласці муроўкі і змяншэння яе масы выкарыстоўваюць комплексныя (узмоцненыя жалезабетоннымі элементамі) і армакаменныя канструкцыі.

І.​І.​Леановіч.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭ́С (Сяргей Альбертавіч) (н. 18.2.1935, г. Сан-Антоніо, Чылі),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). У Мінску з 1955. Скончыў Бел. кансерваторыю (1962, клас А.Багатырова). З 1965 заг. муз. часткі Дзярж. рус. т-ра Беларусі, з 1966 — Бел. т-ра імя Я.​Купалы, з 1972 муз. рэдактар, гал. муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». З 1991 дырэктар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі і маст. кіраўнік оперы, з 1996 дырэктар—маст. кіраўнік Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. У яго творчасці тэмы высокага грамадз. гучання, імкненне да філас. асэнсавання рэчаіснасці. Працуе пераважна ў жанрах, заснаваных на сінтэзе музыкі, слова і сцэн. дзеяння. Інстр. музыка вызначаецца праграмнасцю, канкрэтнай вобразнасцю, характарыстычнасцю. Пры выкарыстанні складаных відаў сучаснай кампазітарскай тэхнікі (дадэкафонія, алеаторыка) музыка К. лёгкая для ўспрымання дзякуючы яркасці меладычных вобразаў, апоры на быт. жанры. Сярод твораў: оперы «Джардана Бруна» (паст. 1977), «Матухна Кураж» паводле Б.​Брэхта (паст. 1982, Каўнас; запіс на бел. радыё 1988), «Візіт дамы» паводле Ф.​Дзюрэнмата (паст. 1995), балет «Апошні інка» (паст. 1990, Гавана); харэаграфічныя мініяцюры «Першыя чайкі» і «В’етнам» (паст. адпаведна 1967 і 1969); араторыі «Памяці паэта» на словы Я.​Купалы (1972), «Бай прыдумаў» для хору хлопчыкаў і аркестра на словы Р.​Барадуліна (1975); вак.-сімф. паэма «Попел» на словы Э.​Межэлайціса (1966); музыка для струнных (1970), канцэрт для фп. з аркестрам «Капрычас» (1969); уверцюра на бел. тэмы для аркестра бел. нар. інструментаў (1972); санаты, сюіты «Казка» і «Кантрасты» для фп.; струнны квартэт (1996); вак. цыклы на вершы А.​Вярцінскага, М.​Танка («Закон захавання матэрыі»), У.​Шэкспіра, Ф.​Гарсія Лоркі і інш.; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Літ.:

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, И.​Лученок. М., 1978;

Друкт А.А. Драматургічная канцэпцыя оперы С.​Картэса «Джардана Бруна» // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1984. № 1;

Аладава Р.М. Опера С.​Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13.

А.​А.​Саламаха.

С.А.Картэс.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ РАЁН.

На У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, у 1962—65 быў скасаваны, у сучасных межах з 1966. Пл. 0,8 тыс. км². Нас. 10,1 тыс. чал. (1998). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Крычаў. 110 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 5 сельсаветаў: Бацвінаўскі, Касцюшкавіцкі, Лабковіцкі, Маляціцкі, Чырванабудскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэр. раёна ўваходзіць у зону радыяцыйнага кантролю.

Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, мае агульны нахіл з З на У да даліны р. Сож. Характэрны платопадобныя ўчасткі з ярыста-суфазійнымі формамі. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 193 м (за 1 км на Пд ад в. Баяры). Карысныя выкапні: цэментныя мел і гліна, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, фасфарыты. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. р. Сож з прытокамі Асцёр, Чорная Натапа, Волчас, Мяртвіца, Бялянка, Добрасць, Худобычка, Лабжанка. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (50,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10%). Пад лесам 25,7% тэр. Лясы драбнаконтурныя, у асн. хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя; 3,8% — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 3,2% тэр. Мікразаказнік у г. Крычаў. Помнікі прыроды мясц. значэння: дуб у г. Крычаў, дуброва каля в. Дарагая, бярозавы гай каля в. Маляцічы, гай каля в. Бацвінаўка.

На 1.1.1998 агульная пл. с.-г. угоддзяў 47,3 тыс. га, з іх асушаных 6,6 тыс. га. У раёне 10 калгасаў, калектыўна-долевая гаспадарка, саўгас, 9 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, корма- і збожжавытв-сць, ільнаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, металаапр., харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша—Унеча і Магілёў—Рослаўль, аўтадарогі Бабруйск—Крычаў—Рослаўль, Крычаў—Мсціслаў. У раёне 13 сярэдніх, 2 базавыя, 3 пач., 2 муз., маст. і спарт. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, недзярж. тэхнікум эканомікі і права, 16 дашкольных устаноў, 19 клубаў, 23 б-кі, 4 бальніцы, 4 паліклінікі, 3 амбулаторыі, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Колас». Выдаецца газ. «Ленінскі кліч».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́ЗМ (франц. cubisme ад cube куб),

плынь у мастацтве (пераважна ў жывапісе) у 1-й чвэрці 20 ст. Склаўся пад уплывам творчасці П.Сезана, афр. скульптуры, мастацтва прымітыву, новых адкрыццяў у галіне фізікі (рэнтгенаўскія прамяні, структура атама, тэорыя адноснасці). Тэрмін «К.» уведзены ў 1908 франц. крытыкам Л.​Васелем як мянушка групы мастакоў, што адлюстроўвалі прадметны свет у выглядзе камбінацый геам. цел, фігур. Заснавальнікі плыні П.Пікасо, Ж.Брак і іх паслядоўнікі (Р.Дэланэ, Ф.​Лежэ, А.​Глез, Х.​Грыс і інш.) імкнуліся да выяўлення прадмета адначасова з розных пунктаў і перадачы не знешняй формы, а яго ўнутр. структуры ў 4 вымярэннях (4-е — час). Мастакі адмаўляліся ад перадачы лінейнай перспектывы, паветр. асяроддзя, каларыстычнай разнастайнасці, прыносячы іх у ахвяру аб’ёму. Асвятленне звялося да ідэальнага светлаценю, які мадэліраваў аб’ёмы без уліку рэфлексаў і рознай інтэнсіўнасці крыніц святла.

У ранні, «сезанаўскі», перыяд К. (1907—09) магутныя гранёныя аб’ёмы шчыльна размяшчаліся па паверхні палатна і стваралі падабенства рэльефу, у якім колер, што вылучаў асобныя грані. падкрэсліваў і драбіў аб’ём («Фермерша» Пікасо, «Эстак» Брака, абодва 1908). У «аналітычны» перыяд (1910—12) форма прадмета канчаткова распадаецца, падзяляецца на дробныя грані, якія падпарадкоўваюцца складанаму дэкар. рытму (партрэт А.​Валара Пікасо, 1910; «У гонар І.​С.​Баха» Брака, 1912). У творах «сінтэтычнага» перыяду (пасля 1912) пераважае дэкар. пачатак, пачынае ўжывацца калаж, разнастайныя аб’ёмныя напластаванні на паверхню палатна. З’явілася кубістычная скульптура, якой уласціва гульня прасторавасці і плоскаснасці («контррэльефы» А.Архіпенкі, прасторавыя канструкцыі А.​Ларана, Р.​Дзюшан-Вілона, геаметрызаваныя фігуры і рэльефы В.Цадкіна, Ж.​Ліпшыца).

У літаратуры Г.Апалінэр, М.​Жакоб, А.​Сальмон імкнуліся да стварэння «кубістычнай паэзіі», перадаць дынамічнае адчуванне зрухаў і ўзаемапранікальнасці прадметаў. К. паўплываў на італьян. футурыстаў (гл. Футурызм), рас. кубафутурыстаў (К.Малевіч, У.​Татлін), ням. мастакоў «Баўгауза». У шэрагу выпадкаў К. стаў папярэднікам развіцця абстрактнага мастацтва. Непасрэдна з К. звязаны пурызм 1920-х г.

Літ.:

Можнягун С.Е. О модернизме. Этюд 2. Феномен беспредметничества. М., 1974;

Турчин В.С. По лабиринтам авангарда. М., 1993.

І.​М.​Каранеўская.

Да арт. Кубізм. Х.​Грыс. Сняданак. 1915.
Да арт. Кубізм. П.​Пікасо. Авіньёнскія дзяўчаты. 1906—07.
Да арт. Кубізм. Ж.​Брак. Дамы ў Эстаку. 1908.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.

Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.​Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.​Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.​Вараніхін) і інш.

На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.

Літ.:

Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;

Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.

Т.​В.​Габрусь.

т. 9, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У Рас Федэрацыі, на ПдЗ Зах. Сібіры. Утворана 6.2.1943. Пл. 71 тыс. км². Нас. 1106 тыс. чал. (1997), гарадскога 55%. Цэнтр — г. Курган. Найб. гарады: Шадрынск, Шуміха, Куртамыш, Далматава, Катайск.

Прырода. К.в. займае паўд.-зах. ч. Зах.-Сібірскай раўніны (выш. да 193 м). Паверхня плоская, на водападзелах пясчана-гліністыя грывы і шматлікія западзіны, занятыя азёрамі ці забалочаныя. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, рапа і лек. гразі салёных азёр. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -18 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 400 мм за год. Вясной і летам бываюць чорныя буры. Гал. рэкі — Табол і яго прыток Ісець. Каля 2 тыс. азёр. Глебы пераважна вышчалачаныя чарназёмы. Расліннасць лесастэпавая. Пад лесам каля 18% тэрыторыі (бярозавыя гаі, хваёвыя бары). На крайнім Пд — стэпы. Жывёльны свет: лось, казуля, воўк, ліс, барсук, зайцы (бяляк і русак), вавёрка.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (50% валавой прадукцыі). Вытв-сць аўтобусаў, колавых цягачоў, дрэваапр. станкоў, пральных машын, элеватарнага і хім. абсталявання, аўтаагрэгатаў, паліграф. машын, тэлефонаў, чыг. абсталявання, даільных установак, помпаў, абсталявання для мяса-малочнай прам-сці. Рамонтныя, рамонтна-мех. і ліцейна-мех. з-ды. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996—1255 млн. кВт гадз. Курганская ЦЭЦ. З галін харч. прам-сці найб. развіты мясная, мукамольная, малочная. Мясакансервавыя і птушкакамбінаты. Буйныя элеватары, малочныя, мяса- і сыраробныя з-ды. Прадпрыемствы камбікормавай прам-сці. З-ды па вытв-сці цэглы, жалезабетонных вырабаў і канструкцый. Развіта лёгкая прам-сць (трыкат., швейная, абутковая, скургалантарэйная). Дрэваапр. і мэблевая прам-сць. Завод мед. прэпаратаў. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. С.-г. ўгоддзі займаюць 4473 тыс. га, у т. л. пасяўная пл. 2095 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя культуры (яравая пшаніца, ячмень, авёс), кармавыя, тэхн., бульбу і агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 748 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,1 тыс. км. Па тэр. вобласці праходзіць Транссібірская магістраль. Суднаходства па р. Табол. Курорт Мядзведжае.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 9, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл. Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.​Мяскоўскі, І.​Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.

На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.​Аладаў, Ю.​Бяльзацкі, Дз.​Лукас, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.​Абеліёвіч, У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, А.​Гураў, У.​Дамарацкі, Я.​Дзягцярык, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, Э.​Казачкоў, С.​Картэс, А.​Клеванец, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, А.​Мдывані, У.​Палуэктаў, У.​Прохараў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, В.​Сярых, К.​Цесакоў, Л.​Шлег і інш.

Літ.:

Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)