ГЕТЭРАФО́НІЯ

(ад гетэра... + грэч. phōnē гук),

сумеснае, у аснове аднагалосае выкананне мелодыі з эпізадычнымі больш ці менш працяглымі адхіленнямі ад унісону. Найстаражытнейшы муз. склад, прамежкавы паміж манадыйным і поліфанічным. Уласціва аўтэнтычным формам фальклору розных народаў, таму што яе перадумова — абавязковы момант імправізацыйнасці, пастаяннай варыянтнасці напеваў. У гетэрафоннай манеры спяваюць пераважна песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. На Беларусі пашырана ва ўсх. Палессі і на Магілёўшчыне як полірытмічны тып мелодыі, у зах. Палессі і ў паўд. раёнах Мінскай вобл. як дыяфонія на элементах бурданіравання (гл. Бурдон). Да гетэрафоніі блізкія некат. з’явы ў прафес. музыцы 19—20 ст. (К.Дэбюсі, І.Стравінскі).

Літ.:

Бершадская Т. Основные композиционные закономерности многоголосия русской народной крестьянской песни. Л., 1961;

Можейко З.Я. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.Я.Мажэйка.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)