ГАРЛА́ЧЫК

(Nymphaea),

род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічным і ўмераным паясах. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык чыста-белы (N. candida) і больш рэдкі гарлачык белы, або белая вадзяная лілея (N. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.

Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным гарызантальным карэнішчам і плаваючым на паверхні вады круглавата-авальным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, рознага колеру (белыя, ружовыя, блакітныя, ліловыя і інш.), дыяметрам да 30 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва роду) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Харч., кармавыя, дубільныя, лек. і дэкар. расліны. Карэнішча мае крухмал, алкалоід німфеін, дубільныя і інш. рэчывы.

Т.К.Марозава.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)