ГАНЧАКІ́,
група парод паляўнічых сабак. Выкарыстоўваюць для палявання на зайцоў, лісоў і ваўкоў, а таксама капытных. Вядомы з глыбокай старажытнасці, паходзяць ад стараж. травільных сабак. Ганчакі па нюху знаходзяць след звера і з гучным брэхам гоняць яго (адсюль назва). Пашыраны ў многіх краінах свету, вядома каля 80 парод ганчакоў; на Беларусі гадуюць рускага ганчака, рускага рабога і эстонскага.
Ганчакі рускай і рускай рабой парод (выш. ў карку 55—68 см) маюць моцную канстытуцыю, тэмпераментныя і настойлівыя ў пошуку і гонцы дзічыны. Паводзіны ўраўнаважаныя, характар спакойны, лёгка дрэсіруюцца. Масць рускага ганчака рыжая з цёмным чапраком, часам шэрая з жоўтымі падпалінамі, рускага рабога — пераважна чорна-рабая з рыжымі плямамі на галаве, плячах і крыжы. Эстонскі ганчак нізкарослы (выш. 42—52 см), жвавы, масць часцей чорна-рабая з рыжымі плямамі.
Э.Р.Самусенка.
т. 5, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)