Ве́траніца 1 ’пралеска, кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (ветк., Мат. Гом.), ветраніца белая ’расліна’ (КТС). Рус. тамб. ветраница ’анемона’, зах.-сіб. ’сон-трава, Pulsatilla patens’, польск. wietrznica ’анемона’, серб.-харв. вѐтреница, вјѐтреница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’кураслеп’; ’дарыкній травяністы’, ст.-рус. ветряница ’назва лекавай травы’ (з XVIII ст.). Да ве́цер (гл.). Расліна названа так таму, што яна любіць адкрытыя, даступныя ветру месцы, паляны, лугі. Назвы, звязаныя з лексемай вецер, у славянскіх народаў атрымалі шматлікія расліны, напр.: бел. вятроўнік ’Filipendula Mill.’, укр. вітреник ’яснотка, шанта’; ’медуніца, шчамяліца’; ’спірэя’; ’пылюшнік’, славен. vétrnik ’васілёк’, рус. ветреница (гл. вышэй) і ’перакаці-поле’, ве́треная трава́ ’белая канюшына’; ’гарлянка’, ве́треник ’лясны кураслеп’ і інш., магчыма, таму, што некаторыя з іх ужываюцца для лячэння прастудных захворванняў, а таксама хвароб ад ветру.

Ветраніца 2 ’пустазвонка’ (КТС), укр. ві́тренница ’няверная, нясталая, легкадумная жанчына’, паўн.-рус. ветреница ’нясталы, няверны, марнатраўны (аб чалавеку)’, польск. уст. wietrznica ’легкадумная жанчына, ветраго́нка’ ад ве́транік ’ветрагон’ і суф. ‑іц‑а.

Ветраніца 3 ветраны млын’ (Касп.), рус. пенз., горк. ве́треница, балг. паўн.-усх. вятърница, макед. ветерница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’крыло ветранога млына’. Узнікла ў выніку намінацыі выразу ветраная мельніца (пры дапамозе суфікса ‑іц‑а). Гл. таксама ветранік 1 (суфікс ‑ік).

Ветраніца 4 ’ветранае надвор’е’ (КТС). Утворана ад прыметнікавай асновы ветран‑ (гл. ветраны) і суф. ‑іц‑а (які называе з’яву па яе прыкметах) паводле ўзору галалёдзіца.

Ве́траніца 5 ’ветраная воспа’ (лоеў., браг., Мат. Гом.). Укр. вітренниця ’гарачка’; ’шаленства’, рус. ветреница, уладз., арханг. ’ветраная воспа’, наўг. ’хранічныя наскурныя высыпкі’, польск. wietrznice ’кароста ветраной воспы’, славен. vẹ̑trnice ’ветраная воспа’. Прасл. větrьnica, якая ўтварылася шляхам субстантывацыі прыметніка větrьnъ. Да вецер (гл.).

Ве́траніца 6 ’дзве дошкі ў франтоне’ (палес., Мат. Гом.), віц. ’падшыўная дошка ля краю страхі’ (Касп.). Гл. ве́траніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляля́к 1 ’казадой, Caprimulgus europaeus’ (ТСБМ, Сержп. Грам., Маш., Фед.–Долб.), ле́ляк, лялёк, лелек ’н’ (Бес., Маш., паўн.-зах., КЭС), лельч. ле́ляк ’кажан’ (ЛАПП), леля́к ’ястраб’, (перан.) ’недалуга, недарэка’ (ТС). Укр. леля́к, лиля́к, рі́ляк, лили́к ’кажан’, ле́літ ’сыч’, леле́ка ’бусел’; рус. лилок, лела́к, лелёк, паўн. леле́к ’тс’, ’кажан’; польск. lelek, lelet ’варона’, ’сыч’, ’кваква’, ’чайка’, ’удод’, ’д’ябал, злы дух’, каш. lélek ’казадой’, ’начны прывід, злы дух’, lelač ’дурань, расцяпа’, в.-луж. lělak ’дурань’, ’балбатун’, lělawa ’перапёлка’, чэш. lelek ’казадой’, старое ’кваква’, lelkovati, státi jako lelek ’быць разявай’; славен. lilek, ст.-серб.-харв. лиљкъ ’казадой’, серб.-харв. љи́љак, liljak, макед. лилјак, балг. лиляк, лилия́к ’кажан’, лилек ’казадой’, ц.-слав. лилѣкъ, лиликъ ’нырэц’. Прасл. lel‑ьkъ, lil‑ьkъ, а таксама lel‑jakъ, lel‑ikъ ’казадой’. Пасля назва перайшла на іншых начных птушак (Слаўскі, 4, 139–140) або на птушак, падобных да яго спосабам лятання. І.‑е. адпаведнікі: літ. lė́lis, lelỹs ’казадой’, лат. lêlis, lelis ’расцяпа, няўклюда’. Прасл. лексемы ўзыходзяць да прасл. lelěti, lelějati ’калыхацца, люляць’. Птушка названа паводле яе мягкага, пакалыхваючага лёту, калыхання ўправа і ўлева ўсім целам’ (Развадоўскі, Quest. gram., 2, Kraków, 1899, 259; Мацэнаўэр, LF, 9, 199; Буга, Rinkt, 1, 452; Махэк₂, 326; Шустэр–Шэўц, 11, 825–826; БЕР, 3, 402). Булахоўскі (Вибр. пр., 3, 260, 297) мяркуе, што ў аснове ляжыць гукаперайманне, параўн. зах.-укр. лелет леле́че ’сыч крычыць’. Булыка (Лекс. запазыч., 143) памылкова выводзіць ст.-бел. лелекъ, лелякъ ’казадой’ са ст.-польск. lelek.

Ляля́к 2 ’бесклапотны, збалаваны чалавек’ (мазыр., З нар. сл.), ’гультай’ у выразе сядзець, як ляляк, ’гультайнічаць’ (Ян.). Аналагічна ле́жань (гл.) ’казадой’ і ’гультай’. У выніку семантычнага пераносу з ляляк 1 (гл.) паводле адносна спакойнага лятання птушкі днём. Параўн. каш. za leleka chodzëc ’гультаяваць, бадзяжнічаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаўро́т ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., П. С., Сцяшк., Шат.), калаўротак ’тс’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам., Сцяц. Нар.; лях., Янк. 1, Сцяц. Нар., Сцяшк. МГ), калаўротка ’тс’ (івац., Бір. Працы IM, 6), калаўрот ’прыстасаванне для падымання грузаў: вал з ручкай, на які намотваецца канат, ланцуг’ (ТСБМ), ’свердзел’ (Касп.), ’рухавік з кола, якое прыводзіць у бег санкі на лёдзе’ (Касп.), ’месца на лёдзе, дзе кола надзета на забіты кол і пры дапамозе жэрдкі прыстасавана для катання санак па крузе’ (Яшк., эскцэрпцыя з БелСЭ), кылаўрёт ’частка самапрадкі’, ’прылада для разматвання маткоў’ (Бяльк.), ковроток ’самапрадка’ (Уладз.), калаваруот ’тс’ (Серж. Грам.), коворыдка, ковориток ’тс’ (Уладз.). Адносна гісторыі рэаліі параўн. у Нікіфароўскага, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Укр. усх.-палес. коловороток ’самапрадка’ і калаварот ’корба ў студні’, рус. шуйск., уладз. калаброд ’самапрадка’? ’кросны’?, кастр. калаброды ’у кроснах прыстасаванне для навівання цэвак’, рус. коловорот ’ручны свердзел’, дыял. коловрат як назва тэхнічных прыстасаванняў, пск. коловорот ’загіб, паварот ракі’ і пск., цвяр. коловрат ’тс’. Рус. паралелі не даюць падстаў сцвярджаць аб магчымасці існавання непаўнагалоснага варыянта ад прасл. *vr̥těti на ўсх.-слав. тэрыторыі. Рус. калаброд наогул выглядае як сапсаваная пры запазычанні лексема. Верагодна, для непаўнагалосных бел. слоў факт іх запазычання нельга аспрэчваць. Больш цяжка вытлумачыць тыя факты, дзе значэнне ’кола для катання санак’ можа ўказваць на спрадвечнасць слова. У такім разе замену поўнагалоснай формы няпоўнагалоснай можна разумець як уплыў запазычанай, сэнсава блізкай лексемы. Сумнявацца ў тым, што ў бел. мове былі і ёсць кантынуанты прасл. злучэння kolovortъ (аб якім гл. Слаўскі, 2, 373) няма прычын (параўн. калаварот), аднак паслядоўны паралелізм фармальна розных структур вытлумачыць без іншамоўнага ўплыву цяжка. Параўн. яшчэ коурат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́тачнік 1, маточнік ’ячэя ў сотах, дзе выводзіцца пчаліная матка’, ’скрыначка для адсадкі пчалінай маткі пры раенні’ (ТСБМ, Бес., Шат., Некр., Анох., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Бел. хр. дыял.; ашм., З нар. сл.), слаўг. ма́тышнік ’тс’ (Нар. сл.), матачніца ’тс’ (віл., З нар. сл.; Мат. Гом.), ма́тушнік ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ма́точник ’тс’, рус. ма́точник, свярдл. ма́точница ’скрыначка для пчалінай маткі’, польск. matecznik, чэш. matečník, серб.-харв. ма̏тичњак, макед. матичник. Культурнае слова, утворанае ў паўд.-слав. мовах ад матица ’матка ў пчол’, а ў паўночных ад матка, matka.

Ма́тачнік 2 ’сярэдзіна пушчы, цалкам недасягальная, у якой жыве лясун’ (Багд.). З польск. matecznik ’тс’.

Ма́тачнік 3, ма́тъчнік ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (маг. Кіс.; міёр., Жыв. сл.). Назва паходзіць ад матка ’маці’, параўн. польск. Panny Marii len, ст.-чэш. len Matky Boží ’лён багамацеры’, аналагічна ням. unser Frauen Flachs.

Ма́тачнік 4 ’чабор звычайны, Thymus serpyllum L.’ (рэч., добр., ветк., Мат. Гом.). У аснове гэтай назвы, як і інш. слав.: укр. матеріду́шка, богоро́дская (богоро́дицына) трава, ст.-польск. macierza duszka, суч. macierzanka, чэш. mateřídouška, славац. materina duška, славен. materna dušica, харв. materina dušica, ляжыць першаснае значэнне ’душа багародзіцы — дзевы Мэрыі, маці Харыста’, звязана з прыемным пахам краскі (Махэк, Jména, 202). Бернекер (1, 235) у аснову матывацыі кладзе пчаліную матку і пах, які прыцягвае пчол. Фасмер (2, 582) прытрымліваецца таго веравання, што ў гэту расліну ператварылася маці, якая рана памерла (гл. мацярдушка).

Ма́тачнік 5, ма́ташнік (брасл., віл., даўг., швянч., Сл. ПЗБ) ’падбел звычайны, Tussilago farfara L.’, астрав. ’настой падбелу’ (Сл. ПЗБ), ’падбел’ (маг., Смал., Кіс.; Нас.). Рус. паўн., смал., ёнаў. (ЛітССР), прэйл. (ЛатССР) ма́точник ’тс’. Ад ма́тка ’пчаліная матка’: падбел з’яўляецца добрай пераноснай і нектараноснай раслінай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Печары́ца ’шампіньён, Agaricus campestris L.’ (Нар. Гом.), пычуры́ца, пэчэры́ца, пэчуры́ца ’тс’ (стол., пін., Жыв. сл.), печурыца ’тс’ (Нас.; Растарг.; добр., брагін., Мат. Гом.; стол., Сл. Брэс.), печуры́ца і пячу́рка ’тс’ (уздз., Нар. словатв.), печэры́ца ’тc’ (ТС). Укр. печери́ця, печа́риця, рус. печери́ца, печери́ка, печурица, печерка ’тс’, польск. pieczarka ’грыб, які вырас у пячоры’ (Брукнер, 407), pieczarka, pieczarek pieczorynki ’шампіньён’, чэш. pečárka, pečurka, pekarka, pečirka, pečírek, славац. pečiarka, pečarka, pičurka ’розныя віды шампіньёна’, славен. pečȗrka, pečurica ’грыб’, серб.-харв. пѐчурка, пѐчурица ’тс’, ’шампіньён’, макед. печурка ’грыб’, балг. печу́рка ’шампіньён’. Прасл. *pečerъka/*pečerica/*pečura (Мяркулава, Этимология–1964, 95–96). Этымалогія лексемы не зусім ясная. Звычайна мяркуюць пра паходжанне лексемы ад дзеяслова *pekti (Міклашыч, 235; Фасмер, 3, 256; Машынскі, O sposobach, 120–121, які ў пацвярджэнне гэтага зазначае, што “яшчэ і зараз славянскія пастухі, знайшоўшы на пашы шампіньёны, пякуць іх, нанізаўшы на дубец, над агнём”). Супярэчыць гэтаму і наяўнасць у гэтым слове ва ўсіх славянскіх мовах гука č, што прадугледжвае першаснае k, а не ‑kt‑. Махэк₂ (441) мяркуе, што слова узнікла ў выніку намінацыі выразу накшталт pečena turova — такая назва бытуе ва украінскіх Карпатах: турова печеня, праўда, для іншага грыба (ЛБ, 1956, 6, 13). Для пацвярджэння паходжання лексемы з *pekti М. Майтанава (Slsl. 5, 1970 (1), 71) прыводзіць славац. biela huba na pečenie. На карысць такой этымалогіі прамаўляюць некаторыя сінанімічныя назвы: укр. печериця висока ’грыб-парасон, Lepiota procera (Scop.) Quel’, яшчэ называецца пряжівка (у Карпатах) < пряжити ’смажыць’, ці палес. пажа́рак, пажа́рки, а таксама варыянт з метатэзай да печериця — чепериця ’шампіньён’, ’грыб увогуле’, шырока прадстаўлены ва Украіне, у Венгрыі, Румыніі і на балгарскай і сербскахарвацкай тэрыторыях (гл. Непакупны, Связи, 36–41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прэ́сны 1 ’які прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку’; ’прыгатаваны без закваскі, не квашаны’ (ТСБМ, Ласт.), ’някіслы’, пре́сный ’тс’ (гродз., воран., ганц., рагач., рас., Сл. ПЗБ; ТС), ’свежы (пра малако)’ (КЭС; воран., гродз., Сл. ПЗБ), прэ́сна ’агульная назва прэснай стравы’ (гродз., Сл. ПЗБ); укр. при́сний, рус. пре́сный ’прэсны, някіслы, прыгатаваны без закваскі, няквашаны’, польск. przasny ’няквашаны, свежы’, чэш. přesný ’дакладны’, дыял. ’няквашаны (хлеб)’, славац. presný ’тс’, серб.-харв. пре́сан ’незаквашаны; сыры (аб мясе)’, славен. présen ’свежы; няквашаны’, балг. пре́сен ’тс’, макед. пресен ’свежы; сыры (пра мяса і пад.)’. Прасл. *prěsnъ з *prěsknъ, якое роднаснае літ. prė́skas ’свежы; няквашаны (пра хлеб, малако, капусту)’; гл. Траўтман, 231; Атрэмбскі, LP, 1, 140. Параўнанне са ст.-в.-ням. frisc ’свежы’. Фасмер (3, 360) лічыць сумнеўным з-за гукавай неадпаведнасці. Гл. таксама Фрэнкель, 652. Вештарт (Лекс. Палесся, 116) мяркуе, што ў адносінах да хлеба гэта — семантычная інавацыя, паколькі такое значэнне магло з’явіцца толькі пасля таго, як стаў вядомы квашаны хлеб, для дыферэнцыяцыі гэтых відаў хлеба.

Прэ́сны 2 ’сыры’; ’незамёрзлы’ (ТС, ПСл). Параўн. укр. жытом. прэ́сна земля́ ’зямля, якая не замерзла (пад снегам)’, прэ́сна зіма́ ’зіма, калі снег выпадае на зямлю, якая яшчэ не замерзла’ (Лексика Пол.). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе слова (гл.), першапачаткова, відаць, пра зямлю свежа раскарчаваную (гл. Банькоўскі, 2, 809) або распрацаваную, параўн. балг. пре́снище ’від глебы’ (БЕР, 5, 668).

Прэ́сны 3 ’нядрэнны, добры, няшкодны’: прэ́сная баба (Мілкоўскі, Наша Слова, 2000, 1 сак.). Да прэ́сны 1; відаць, у супастаўленні з салёны (гл.) пра чалавека з рэзкім характарам. Інакш Гаўлава (Зб. памяці Слаўскага, 122), якая, лічачы што “няквашаны хлеб быў цвёрды”, дапускае развіццё ’цвёрды’ > ’злосны, жорсткі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́жа 1 ’ружа’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бес., Мал., Шат., Бяльк., Стан., Байк. і Некр., Растарг., Нар. Гом., ТС), ’шток-ружа, сляс, Alcea rosea L.’, ’мальва пагрэбаваная, Malva neglecta Wallr.’, ро́жа лясная ’лясная мальва, зінзівер, Malva silvestris L.’ (Кіс.), ро́жа садо́вая ’ружа (з песні)’ (Ян.), ро́жа ’мальва’ (Нас., Растарг., Мат. Гом.), ’шыпшына’ (ПСл), ’вяргіня’ (Сл. Брэс.), ’від кветкі, ружа’ (зэльв., Нар. словатв.), ’дэкаратыўная расліна з вялікімі яркімі кветкамі’ (Скарбы), ро́жавы ’светла-чырвоны, ружовы’ (Гарод., Стан., Др.-Падб., Байк. і Некр.). З польск. róża < ст.-чэш. ruože, róže ці с.-в.-ням. rôse, якія з лац. rōsa ’ружа’. У сярэднявеччы была вельмі пашыраная ў манастырскіх садах. Першакрыніцай лац. rōsa і ст.-грэч. ῥόδον былі, відаць, іранскія мовы (Фасмер, 3, 493), параўн. ст.-іран. *u̯ṛda, з якога развілося перс. gul ’ружа’ (Сной у Бязлай, 3, 202). Фрыск (3, 661) у якасці роднаснага слова прыводзіць араб. warada ’цвісці, распускацца’. Гл. таксама ESJSt, 13, 779.

Ро́жа 2 ’інфекцыйная хвароба Erysipelas — вострае запаленне скуры і лімфатычнай сеткі скуры’ (ТСБМ, Сцяшк., Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.; нараўл., Арх. ГУ; ашм., Стан.; Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ), ’хвароба ў свіней’ (ЛА, 1). З польск. róża ’тс’ < róża ’ружа’ з прычыны чырвона-ружовага колеру скуры пры гэтай хваробе (Праабражэнскі, 2, 209; Фасмер, 3, 493; Голуб-Ліер, 427). Дарэчы, лац. назва ўзыходзіць да ст.-грэч. ἐρυςυιέλας ’рожа’, якое з ἐρυθρός ’чырвоны’ і πελ‑ ’шкура, скура’ (Голуб-Ліер, 153).

Ро́жа 3 абраза, ’морда’ (беласт., Сл. ПЗБ). Відаць, з рус. ро́жа ’фізіяномія, морда, твар, выгляд’, якое з прасл. *rodja < *rodъ > род 1 (гл.). Параўн. стараж.-рус. рожаи ’выгляд, твар’, рожаистъ ’прыгожы’, лат. raža ’вялікая сям’я’, ’ураджай’ (Фасмер, 3, 492).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«БЕЛАРУСЬФІ́ЛЬМ»,

кінастудыя Беларусі. Створана ў 1928 кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску), з 1946 сучасная назва. Выпускае фільмы маст. і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакумент. і навук.-папулярныя, анімацыйныя. У даваенны час на студыі створаны маст. фільмы: «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Да заўтра» (1929), «Атэль «Савой» і «У агні народжаная» (1930), «Жанчына» (1932), «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Палескія рабінзоны» (1935), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» і «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» і «Балтыйцы» (1937), «Адзінаццатага ліпеня»; кінанавелы «Мядзведзь», «Маска» і «Мянтуз» (усе 1938), «Чалавек у футарале» (1939) і інш.

Сярод пачынальнікаў студыі рэжысёры Ю.Тарыч, У.Гардзін, аператары А.Кальцаты, М.​Казлоўскі, Н.​Навумаў-Страж, Д.​Шлюглейт, мастак М.​Літвак. У 1920—30-я г. на студыі здымаліся акцёры бел. т-раў У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі і інш., а таксама Л.​Кміт, Б.Бабачкін, М.Сіманаў, М.Чаркасаў. На пачатку тут працавалі многія вядомыя майстры кіно: рэжысёры М.Данской, Р.Рашаль; кампазітары І.Дунаеўскі, В.Салаўёў-Сядой, А.Туранкоў; у 1930-я г. — сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры М.​Авербах, Э.Аршанскі, І.Аненскі, Я.Дзіган, У.Корш-Саблін, С.Сплашноў, А.Файнцымер; аператары А.Булінскі, С.​Бяляеў, С.​Іваноў, Б.​Рабаў, А.​Рагоўскі; мастакі С.​Мандэль, У.​Пакроўскі, Р.​Фэдор.

У Вял. Айч. вайну аператары кінахронікі (І.Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк і інш.) працавалі ў франтавых кінагрупах, частка работнікаў — на студыях Алма-Аты і Масквы, дзе створаны кіназборнік «Беларускія навелы» (1942), фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (1944), дакумент, фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944). Першыя пасляваен. маст. фільмы здымаліся на студыях Кіева, Адэсы і Ленінграда, у Мінску ствараліся пераважна кіначасопісы і кінанарысы. З 1950-х г. маст. фільмы здымаліся ў Мінску. У 1954 створаны першы бел. каляровы маст. фільм «Дзеці партызана». У 1971 зняты першы бел. шырокафарматны фільм «Крушэнне імперыі». Студыя ажыццявіла сумесныя пастаноўкі з кінастудыямі Чэхаславакіі («Пушчык едзе ў Прагу», 1966; «Маленькі сяржант», 1977; «Заўтра будзе позна», 1972) і Балгарыі («Братушка», 1976).

Многія творы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях. Сярод іх: «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Масква—Генуя», «Альпійская балада», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Іван Макаравіч», «Паланэз Агінскага», «Руіны страляюць...» (тэлевізійны), «Вянок санетаў», «Горад майстроў», «Праз могілкі», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Хам», «Наш браняпоезд» і інш.; дакументальныя «Генерал Пушча», «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А», «Боль мой — Хатынь», «А зязюля кукавала...», «Палескія калядкі», цыкл «У вайны не жаночы твор», «Паляванне на золата» і інш.

У 1940—50-я г. на студыі працавалі рэжысёры П.​Васілеўскі, Л.Голуб, М.​Фігуроўскі; аператары У.Акуліч, А.Аўдзееў, І.Пікман, Г.​Удавянкоў; мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычаў, Е.Ганкін; у 1960-я г. — рэжысёры У.Бычкоў, Р.Віктараў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, М.Калінін, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, В.Чацверыкоў; аператары А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі; мастакі Ю.​Альбіцкі, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў; у 1970 — пач. 90-х г. — рэжысёры А.Карпаў. Л.​Мартынюк, В.Нікіфараў, М.Пташук, В.Рыбараў, В.Рубінчык; аператары П.​Аліфер, Дз.Зайцаў, Т.Логінава, Р.Масальскі, С.Пятроўскі, Ю.Ялхоў; мастак А.Чартовіч і інш.; стваральнікі дакумент. фільмаў В.Дашук, Ю.Лысятаў, М.Жданоўскі, С.Лук’янчыкаў, Дз.​Міхлееў, В.Сукманаў, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі; мультыплікатары А.Белавусаў, І.​Волчак, А.​Піткевіч і інш. У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў (з 1975). Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. Гл. таксама нарыс Кіно ў арт. Беларусь.

Л.​І.​Паўловіч.

Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Чырвонае лісце». 1958.
Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Масква—Генуя». 1964.
Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Іван Макаравіч».
Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Палескія калядкі».
Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Наш браняпоезд».

т. 3, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́З (Belize),

дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы, на ўсх. узбярэжжы п-ва Юкатан. На Пн мяжуе з Мексікай, на З і Пд — з Гватэмалай. Абмываецца Карыбскім морам. Пл. 23 тыс. км². Нас. 200 тыс. чал. (1994). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Бельмапан. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).

Дзяржаўны лад. Беліз — канстытуцыйная манархія. Чл. брыт. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны Нац. сход, што складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам (прызначаецца ген.-губернатарам).

Прырода. Рэльеф пераважна нізінны, шмат балотаў. На Пд горы Мая (выш. да 1122 м, пік Вікторыя). Клімат трапічны пасатны, вільготны. Т-ра паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Рэкі паўнаводныя, найбольшая Беліз. На б.ч. тэрыторыі вільготныя трапічныя лясы. Растуць чырвонае, ружовае, кампешавае, каўчукавае дрэвы, чыкле, кедр. На Пн лістападныя трапічныя лясы і ўчасткі саваннаў. Лясныя заказнікі, найбольшы Чыкібуль.

Насельніцтва. Жывуць негры і мулаты (44%), метысы (33%), індзейцы — мая і карыбы (у т. л. блізкія да іх негра-карыбскія метысы — «чорныя карыбы»), выхадцы з Індыі і інш. Найб. горад — Беліз. Паводле веравызнання 62% — католікі, 30% — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,7 чал. на 1 км², б.ч. яго жыве паблізу ўзбярэжжа. Натуральны прырост каля 2% за год.

Гісторыя. Беліз вядомы як адно з месцаў ранніх паселішчаў плямёнаў мая. У пач. 16 ст. заваяваны іспанцамі. Паўн. ч. Беліза ўвайшла ў склад «Новай Іспаніі» (Мексіка), паўд. ч. — у ген.-капітанства Гватэмалы. У 17 ст. тут з’явіліся англ. пасяленцы, якія заснавалі першыя гарады, у т. л. Беліз (1638). Барацьба ісп. і англ. каланізатараў за тэр. Беліза скончылася ў 1798 на карысць англічан. З 1862 брыт. калонія, вядомая як Брыт. Гандурас (наз. 1840). У 1964 атрымаў поўную ўнутр. аўтаномію. У 1966 Гватэмала, якая лічыла Беліз сваёй тэр., аб’явіла яго сваім усх. дэпартаментам. З 1973 сучасная назва. З 1981 Беліз — незалежная дзяржава. Беліз — член ААН (з 1981), Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, Карыбскай супольнасці і інш. У 1991 Гватэмала прызнала незалежнасць Беліза і ўстанавіла з ім дыпламат. адносіны.

Паліт. партыі: Народная аб’яднаная і Аб’яднаная дэмакратычная. Прафсаюзы: Аб’яднаны ўсеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. Беліз — эканамічна адсталая агр. краіна. У сельскай і лясной гаспадарцы занята каля 40% эканамічна актыўнага насельніцтва. Гал. экспартныя культуры: цукр. трыснёг, цытрусавыя (пераважна апельсіны і грэйпфруты), бананы, какава, ананасы. На ўнутр. патрэбы сеюць рыс, кукурузу, маніёк, фасолю. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (пераважна на Пд), свіней, птушку. Нарыхтоўка кампешавага і чырвонага дрэва, карыбскай хвоі. У прыбярэжных водах рыбалоўства, промысел амараў, крэветак, чарапах. Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, патакі, рому, кансерваў, сокаў, мыла, дубільных экстрактаў). Вытв-сць мэблі, буд. матэрыялаў, невял. рыбалоўных і спарт. суднаў; каля Беліза невял. сталепракатны з-д. Развіты саматужныя промыслы (выраб адзення, абутку, сувеніраў). Значныя сродкі дае турызм і зімовы адпачынак пераважна жыхароў ЗША у шматлікіх атэлях і пансіянатах на ўзбярэжжы і прыбярэжных астравах. Унутр. транспарт аўтамабільны, знешнія сувязі пераважна марскія. Гал. порт — Беліз. Паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт: цукар-сырэц, цытрусавыя, амары і крэветкі, драўніна. Імпарт: паліва, трансп. сродкі, харч. прадукты, машыны, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія і інш. краіны Зах. Еўропы, ЗША, Японія, Мексіка. Грашовая адзінка — долар Беліза.

Герб і сцяг Беліза.
Да арт. Беліз. Адміністрацыйны будынак у г. Беліз.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.

Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар. тэатр. вучылішча (курс У.​Гатоўцава). З кастр. 1945 у Брэсце як абл. драм. т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.

Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч, «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.​Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.​Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.​Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.​Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.​Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.​Штока, «Арганаўты» Ю.​Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева, «Характары» паводле В.​Шукшына і інш.

Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Ірынка» К.​Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Хамуціус» паводле А.​Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.​Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.​Рамановіча паводле аповесці З.​Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Папараць-кветка» І.​Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.​Макаёнка, «Разумная дачка» У.​Караткевіча паводле бел. нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.​Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.​Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.​Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.​Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.​Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.​Іпатавай, «Машэка» М.​Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.​Тургенева, «Жывы труп» Л.​Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.​Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.​Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.​Дзюмануара і А.​Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.​Шоу, «Атэла» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.​Касоны, «Від з моста» А.​Мілера, «Лаліта» Э.​Олбі (паводле У.​Набокава), «Гісторыя кахання» Э.​Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.​Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.​Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.

У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар. арт СССР Я.​Палосін; нар. артысты Беларусі Т.​Заранок, А.​Логінаў, Г.​Маркіна; засл. артысты Беларусі М.​Абрамаў, Т.​Аляксеева, А.​Асторына, Н.​Ганчарэнка, Л.​Весніна, У.​Говар-Бандарэнка, В.​Захарава, Т.​Канавалава, Г.​Качаткова, З.​Курдзянок, П.​Маркін, А.​Самараў, Л.​Сторажава, Б.​Уксусаў, Б.​Уладамірскі, Ю.​Уласаў, С.​Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.​Яўдошанка, К.​Перапяліца, Г.​Токараў. Гал. рэжысёр Я.​Натапаў (з 1996), гал. мастак В.​Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Р.​М.​Бакіевіч.

Да арт. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Сцэна са спектакля «Хамуціус» паводле А.​Куляшова.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)