Руда́ 1 ’прыродная мінеральная сыравіна з металамі або іх злучэннямі’ (ТСБМ). У тым жа значэнні ўкр., рус. руда́, польск., в.-луж. ruda, чэш., славац. ruda, славен. rúda, серб.-харв. ру́да, балг. ру́да́. Прасл. *ruda ад і.-е. кораня *reudh‑ (*roudh‑/*rudh‑) ’чырвоны, руды, рыжы’. Суадносіцца з прасл. *rudъjь ’руды, чырвоны, рыжы’, гл. руды (Трубачоў, Этимология–1988–1990; ESJSt, 13, 781). Адносна сувязі з і.-е. *r(e)udh‑ ’медзь’ гл. Глухак, 533; Нов. в рус. этим., 1, 199.

Руда́ 2 ’красільнае рэчыва, што змяшчаецца ў ільняным палатне, выводзіцца з палатна вымочваннем і адбельваннем’ (Сл. Брэс.). Ад руды (гл.) як чэрня ’чорная фарба, чорнае адзенне’ < чорны, голя ’голае месца’ і пад.

Руда́ 3 ’рудая вада на балоце’ (навагр., Нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’іржа, іржавы налёт’ (ТС), ’гразь’ (Нас., Мат. Маг., Касп.). Гл. руда 2, руды.

Руда́ 4 ’кроў’ (Нас., Гарэц.). Укр., рус. руда́ ’тс’. Выводзяць з руда 3, магчыма, у выніку табуізацыі слова кроў (Фасмер, 3, 513 з літ-рай), або з першаснага значэння ’штосьці чырвонае’ (Борысь, SEK, 4, 188), параўн. ст.-інд. rudhirám ’кроў’ (< і.-е. *roudh‑ ’чырвоны, руды’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саба́чка 1 памянш. да сабака 1 (гл.).

Саба́чка 2 ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, ’прыстасаванне ў машынах, механізмах, якое перашкаджае руху назад зубчастага кола’ (ТСБМ), ’прылада, пры дапамозе якой здымаюць бобы’ (Сцяшк. Сл.), ’частка ткацкага станка’, ’слясак’ (Мат. Гом.), ’дэталь у ніты красён’ (Сл. ПЗБ), ’палачка, якая злучае панажы з нітамі’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’прылада ў кроснах, якая трымае набілкі на патрэбнай вышыні’ (Бяльк.), ’кружкі ў кроснах, на якіх перамяшчаюцца ніткі асновы’ (Сцяшк. Сл.), соба́чка ’вільчак’ (палес., Нар. сл.), соба́чкі ’тры маленькія драўляныя палачкі па абодвух баках ніта’ (Влад.). Агляд семантыкі бел. сабачка гл. таксама Н. А. Старасценка, Бел. мова, 8, 1981, 77 і наст. Параўн. рус. соба́чка ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, а таксама назвы дэталяў для захвата, зачэплівання чаго-небудзь, у тым ліку і ў кроснах. Да папярэдняга слова.

Саба́чка 3 ’галоўка дзядоўнік, шышка’ (Нас., Байк. і Некр.). Рус. собачка ’тс’. Да сабачка 1 па ўласцівасці зачэплівацца. Параўн. яшчэ ваўчкі.

Саба́чка 4 ’мужчынскі гальштук у выглядзе банта’ (Сл. рэг. лекс.). Да сабачка 1 па знешняму падабенству.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́рдзел ‘інструмент для свідравання дзірак у дрэве, метале і інш.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Гарэц., Маш., Ян., Мядзв., Др.-Падб., Жыв. сл., Клім., Пятк. 2), свердзіль ‘тс’ (Шымк. Собр.), свярдзёлак ‘тс’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), све́рдлік ‘маленькі свердзел’ (Янк. 1, Мат. Гом., Ян.), свярдло, све́рла ‘тс’ (Сцяшк.), све́рдла ‘трайня ў возе’ (кобр., Нар. словатв.), све́рдліць ‘свідраваць’ (Нас.). Укр. све́рдел, све́рдло, рус. све́рдел, сверло́, ст.-рус. свьрдло, мн. л. свердьлы, польск. świder, чэш., славац. svider (з польск. — Махэк₂, 596), серб.-харв. свр̏дао, свр̏дла, серб.-ц.-слав. свръдьлъ, славен. svẹ́dər, балг. свърдел, свръдел, макед. сврдел, сврдло, ст.-слав. свръдьлъ ‘тс’. Прасл. *svькdьlъ/*svьrdьlo (Трубачоў, Ремесл. терм., 375). Роднаснае, перш за ўсё, германскай назве колючай, рубячай зброі: ст.-в.-ням. swërt, ням. Schwert, англ. sword ‘меч’; гл. Трубачоў, там жа; Фасмер, 3, 573–574. Махэк₂ (596), Младэнаў (573) аднаўляюць прасл. *svьrb‑dlo і мяркуюць аб роднасці з ст.-ісл. hvirfill ‘віхар, кальцо, макаўка, верхавіна’, ст.-в.-ням. hwërfen, wërban ‘вярцець’. Сной₁ (622) прасл. *svьrdьlъ узводзіць да і.-е. кораня *su̯er‑ ‘рэзаць, калоць’; таксама Борысь, 622. Гл. яшчэ БЕР, 6, 565–566. Параўн. свідар (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́пуха ‘сажа (у пячным коміне)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 3, З нар. сл., Жыв. сл., Нар. словатв., Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс.), ‘ліпучы бруд ад лучыннага і газнічнага дыму’ (Варл.), ‘вусце печы’ (ТСБМ), ‘комін, скляпенне коміна’ (Гарэц., Касп.), ‘чалеснікі печы’ (Шатал.), со́пух ‘цёплы дух ад печы’ (Сцяшк. Сл.), ‘сажа’ (Бяльк.), ‘брудная заношаная адзежына’ (навагр., Нар. сл.), ‘чалеснікі печы’ (Нар. словатв.), сапу́ха ‘сажа’ (Сцяшк., Сержп. Прык.), ‘засланка’ (Мат. Гом.), таксама соп ‘сажа (ТС), со́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ). З іншай суфіксацыяй сюды ж со́пат, со́пар ‘дым, сажа’ (Ласт., Нас.), со́пат ‘чалеснікі’ (ЛА, 4). Укр. со́пу́ха ‘сажа’, ‘чорная, як сажа, кашуля’, со́пух ‘чад’, рус. дыял. со́пуха ‘душнік у печы’, сопуха́ ‘сажа ў коміне або ў курной хаце’, польск. дыял. sopucha ‘прастор у хлебнай печы’, ‘сажа, чад’, ‘адтуліна коміна’, чэш. sopouch ‘комін’, ст.-чэш. sopúch, дыял. capouch, славац. sopuch, sopucha ‘тс’, славен. sópih, sopúh ‘дым, чад’. Ад *sopěti (гл. сапці) з суф. ‑uxa; гл. Праабражэнскі, 2, 357; Фасмер, 3, 720; Махэк₂, 567; ЕСУМ, 5, 355; Бязлай, 3, 290; SEK, 4, 344; Дзімітрова–Тодарава, Studia Etym. Brun., 3, 60 (< прасл. *sopuxъ, *sopuxa).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стро́іць ‘рабіць, майстраваць’, ‘намячаць, накідваць (планы, здагадкі і інш.)’, ‘ставіць у строй’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘рыхтаваць, ладкаваць’ (ТС, Ян.; ваўк., Сл. ПЗБ), ‘будаваць’ (Бяльк., Ян., Мат. Гом.; в.-дзв., паст., брасл., пруж., Сл. ПЗБ), ‘рамантаваць’ (астрав., Сл. ПЗБ; Ян.), ‘спраўляць (свята, вяселле)’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ‘ставіць (пра спектаклі)’ (паст., Сл. ПЗБ), стро́іцца ‘збірацца, імкнуцца што-небудзь рабіць’ (ТСБМ), ‘упраўляцца па гаспадарцы’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. стро́їти ‘прыбіраць; ладзіць’, рус. стро́ить ‘будаваць, састаўляць, рабіць’, стараж.-рус. строити, польск. strojić ‘прыгожа апранаць; рыхтаваць, ладзіць’, в.-луж. trojić, н.-луж. tšojś ‘рыхтаваць; будаваць’, чэш. strojiti ‘рыхтаваць; гатаваць; прыгожа апранаць’, серб.-харв. стро̀јити ‘кастрыраваць; дубіць’, славен. strojíti ‘апрацоўваць (дубіць) сырую скуру’, балг. строя́ ‘будаваць’, макед. строи ‘будаваць; настройваць’, ст.-слав. строити ‘рыхтаваць, ладзіць’. Прасл. *strojiti — дэрыват ад *strojь (гл. строй 1), гл. Фасмер, 3, 780; Сной₁, 615; Борысь, 580. Сюды ж стро́йка ‘будоўля’ (Сцяшк.), страе́нне ‘будынкі; хата з прыбудовамі’ (Янк. 1, Жд. 3), якія, відаць, уяўляюць сучасныя запазычанні з рус. стро́йка і строе́ние ‘тс’, як і само значэнне ‘будаваць’ у дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суке́нка ’верхняе жаночае адзенне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Варл., Сцяшк., Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл., Бяльк.), су́кня ’сукенка’ (ТСБМ, Касп. Сержп., Мат. Гом.), ’адзенне з фабрычнага сукна (асабліва мужчынскае)’ (Нас., Байк. і Некр.), ’выхадная, святочная сукенка’, ’шлюбная сукенка’ (Сл. ПЗБ), ’суконная спадніца для дарослых’, ’сукенка для малых’ (ТС), ’сукенка, часцей з шарсцяной тканіны’ (Скарбы, Сцяц.; навагр., Нар. сл.); ст.-бел. су́кня ’вопратка; верхняе мужчынскае адзенне; верхняе жаночае адзенне’ (Ст.-бел. лексікон), лічыцца запазычаным са ст.-польск. suknia (Булыка, Лекс. запазыч., 110); сукенка, відаць, больш позняе запазычанне, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 71, параўн. народнае польскае sukienka ’зімовае жаночае суконнае паліто, унізе расклёшанае, з футраным каўнерам, падшытае аўчынай’ (T. Karwicka. Ubiory ludowe w Polsce. Wrocław, 1995, 151). Польск. *suknia < прасл. *sukъńa ’верхняе жаночае або мужчынскае адзенне, зробленае з сукна’ < прасл. *sukъno ’сукно’ з суф. *‑ja; гл. Борысь, 586. Аналагічна і чэш. sukně, славац. sukňa, в.-луж. suknja ’жаночая спадніца’, н.-луж. suknja ’мужчынскі халат’, славен. suknja ’паліто’, серб.-харв. су̏кна ’жаночая спадніца, адзенне’, балг. дыял. су́кня, су́кно ’доўгае жаночае шарсцяное адзенне’, што ставіць пад сумненне запазычанасць зыходнага сукня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сукма́н ’бурка, світка’ (Сцяшк., Скарбы, Бес.), ’адзенне з сукна’ (Шат.), ’суконнае верхняе адзенне’ (у мясцовасцях са шляхецкім насельніцтвам) (Малчанава, Мат. культ., 153), сукма́ны ’світкі’ (гродз., Сл. ПЗБ), сукма́нка ’кароткая жаночая верхняя вопратка’ (гродз., Сл. ПЗБ), ’адрэзак суконнай тканіны’ (Сл. рэг. лекс.). Ст.-бел. сукманъ ’світка, сярмяга’ (Ст.-бел. лексікон) Булыка (Лекс. запазыч., 115) праз стараж.-рус. сукманъ узводзіць да чув. səkman < цюрк. čekman; Жураўскі (Цюркізмы, 94) лічыць запазычаннем праз польскую непасрэдна з турэцкай. Параўн. укр. сукма́н, сукма́на ’бурка, світка’, рус. сукма́н ’суконны кафтан або сарафан’, ст.-рус. сукманъ (1671 г.) ’сукно’, польск. sukman(a) ’світка, сярмяга’, балг. сукма́н ’шарсцяная спадніца’, чукма́н ’тс’ (лічацца прабалгарскімі словамі). Этымалогія спрэчная. Мяркуецца, што слова спрадвечнаславянскае і роднаснае скаць, сука́ць, сукно; у словаўтваральных адносінах спасылаюцца на рус. дурма́н, польск. lochman; гл. Фасмер, 3, 799 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 470–471. На думку іншых даследчыкаў (Радлаў, 4, 799; Расянен, ZfslPh, 20, 448; Каліма, RLS, 133; Брукнер, 525), слова запазычана праз чув. səkman, səxman з цюркскай групы моў. Гл. яшчэ Анікін, 510 (са ст.-цюрк. sökmän ’мянушка, якую давалі асілкам і героям’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сікла ‘рыба галец, Nemachilus barbatulus’ (Дэмб. 2, Жук.), ‘галец — уюн Cobitis barbatula’ (Дэмб. 1), ‘лічынка міногі Lampertra mariae Berg.’ (Яшкін, З жыцця; Інстр. 2), сіко́лка, сікоўка ‘рыба’ (?) (Мат. Гом.). Укр. сі́ква ‘галец’, си́кля ‘шчыпоўка’, рус. си́кла ‘галец’, ‘шчыпоўка’, польск. sikawka ‘шчыпоўка’, чэш., славац. sekavec, sykavec, н.-луж. sykanc, sykawice, sykawka, серб.-харв. seka, sjekaća ‘тс’. Цяжка размежаваць назвы рыб сямейства ўюновых. Махэк₂ (540) лічыць іх усе дэрыватамі ад *sěk‑ (гл. секаўка); Брукнер (490) — ад *sikati (гл. сікаўка). Але, відаць, тут трэба выдзеліць назвы шчыпоўкі ад *sěk‑, а назвы гальца лічыць вытворнымі ад *sik‑ (параўн. іншую назву гэтай рыбы: рус. паўд. сциколка, укр. (с)цикун), таму што гальцы пры недахопе кіслароду захватваюць яго ротам і з шумам выпускаюць праз заднюю адтуліну (Сабанееў, Жизнь, 50 і наст.). Параўн. таксама сіка, сік, сікаўка (гл.). Лаўчутэ (Балтизмы, 131) лічыць магчымым узвесці гэтую назву да лат. sîks ‘маленькі, дробны’, siklis, siklins ‘маленькі лясок’, sīkuļa, sīkuļe ‘маленькая, дробная жывёліна’, што з-за шырокай распаўсюджанасці назваў у славянскім свеце не пераконвае, гл. Анікін, Опыт, 276–277. Ён жа мяркуе пра змяшэнне назваў, матываваных каранямі sik‑ ‘мачыцца’ і sik‑/syk‑ ‘шыпець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіня́к 1 ‘грыб махавік жоўта-буры’ (гарад., дзятл., драг., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.). Да сіні (гл.), паводле колеру, таму што грыб сінее на зломе. Параўн. таксама ўкр. синя́к ‘грыб Agarikus necator’, польск. siniak ‘грыб Boletus Cyanescens’ і г. д.

Сіня́к 2 ‘лешч, Abramis brama L.’ (Жукаў), іншыя назвы — сіньга́, сіне́ц (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’, рус. си́нька ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’. Да сіні (гл.), колер рыб характарызуецца як “синеватый с зеленоватым отливом” (Каламіец, Рыбы, 27). Гл. таксама сінец.

Сіня́к 3 ‘птушка попаўзень, Sitta europea L.’ (ПСл), іншая назва — сівы дзятлік (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘голуб, Columba oenas L.’. Паводле колеру апярэння, звычайна ‘цёмна-шэры’, параўн. сівак 2 (гл.) і колеравую падмену ў сіваваронка/сіняваронка ‘сіваграк (ЛА, 1).

Сіняк 4 ‘расліна Succisella Reck.’ (Кіс.), сюды ж сінякве́т, сі́ні цвет ‘расліна Echium vulgare L.’ (Кіс.), параўн. укр. синя́к ‘тс’, рус. синя́к ‘тс’. Да сіні (гл.), што абумоўлена звычайна колерам кветак.

Сіня́к 5 ‘сіняя неўрадлівая зямля’ (Мат. Гом.), ‘балотная глеістая зямля’ (Сл. ПЗБ), ‘ворная неўрадлівая зямля на нізкім месцы’ (Сцяц.). Да сіні (гл.), параўн. сівак 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талакно́ ’мука з ачышчанага пражанага аўса; страва з такой мукі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Серб. Вічын, Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ’страва з аўса’ (Жд. 3), ’кісель з аўсянай мукі’ (полац., ЛА, 4), ’зацірка з цёртага канаплянага семені’ (Мат. Гом.), ’страва, прыгатавала з грэцкай мукі і кіслага малака’ (лях., Сл. ПЗБ), талакно́, толокно́ ’страва з аўсянай мукі або патоўчанага канаплянага семені’ (Лекс. Бел. Палесся), толокно́ ’страва з аўсянай мукі’ (ТС). Параўн. укр. толокно́ ’мука з падсушанага аўса, тоўчаных сухароў’, рус. толокно́ ’тоўчаная аўсяная мука, каша з гэтай мукі’, польск. tłokno ’ежа з аўсянай мукі, гарачай вады і малака’. Паводле Сноя (гл. Бязлай, 4, 187), сюды ж славен. *tlakno ’нейкая мучная ежа’, рэканструяванае на падставе запазычання ў ням. бавар. Talken ’аўсяныя крупы’, што да *tolkъno, з якога праз усходнеславянскія мовы было запазычана фін. talkkuna ’аўсяная каша’ (Фасмер, 4, 73). Звязана з таўчы (гл.), паколькі рэдкая словаўтваральная мадэль з суф. ‑ъno (параўн. сукно, валакно і пад.) характэрна для старых назваў вынікаў дзеяння, выражаных зыходным дзеясловам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)