СКА́ЗКІН Сяргей Данілавіч (19.10.1890, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія — 14.4.1973),

савецкі гісторык-медыявіст, акадэмік АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915), з 1920 выкладаў у ім (з 1949 заг. кафедры). З 1962 заг. сектара гісторыі сярэдніх вякоў Ін-та гісторыі АН СССР. Асн. працы па праблемах сярэдневяковай гісторыі (агр. адносіны, гісторыя зах.-еўрап. сялянства; ератычныя рухі, абсалютызм, Адраджэнне), гісторыі дыпламатыі і інш. Аўтар і рэдактар падручнікаў для ВНУ па гісторыі сярэдніх вякоў, адзін з аўтараў «Гісторыі дыпламатыі» (т. 1, 1941; 2-е выд., 1959), «Усеагульнай гісторыі» (т. 3—4, 1957—58), «Гісторыі Францыі» (т. 1, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;

Избранные труды по истории. М., 1973;

Из истории социально-политической и духовной жизни Западной Европы в средние века. М., 1981.

С.Д.Сказкін.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СНАПО́К»,

заходнебеларускі ілюстраваны дзіцячы часопіс. Выдаваўся з мая 1937 да вер. 1939 у Варшаве на бел. мове. Рэдактар-выдавец С.​К.​Паўловіч. Меў на мэце пашыраць асвету на роднай мове, садзейнічаць фарміраванню дэмакр. поглядаў, абуджаць нац. свядомасць, далучаць да скарбніцы нац. і сусв. культуры. Змясціў артыкулы Паўловіча пра асветнікаў Кірылу і Мяфодзія, Ефрасінню Полацкую, арх. помнікі Беларусі; Р.​Шырмы пра каляндарна-земляробчыя святы, звычаі, нар. песні; нарысы М.​Караленкі пра прыроду, пазнавальныя матэрыялы пра бел. рэкі, паветраплаванне і інш. Друкаваў творы М.​Танка, М.​Васілька, М.​Машары, Н.​Тарас, А.​Дубровіча, байкі Я.​Быліны, казкі, песні, прыказкі, загадкі. Перадрукоўваў вершы і ўрыўкі з паэм Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, К.​Буйло, Я.​Журбы і інш. Змяшчаў у перакладзе творы М.​Лермантава, Ф.​Цютчава, І.​Нікіціна, Г.​Сянкевіча і інш.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПРУНЧУ́К Віктар Пятровіч (н. 7.12.1949, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1976). З 1977 працаваў у «Сельской газете», з 1981 на Бел. тэлебачанні, з 1983 у час. «Полымя». У 1990—98 нам. старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1998 нам. гал. рэдактара час. «Всемирная литература», з 1999 гал. рэдактар час. «Корвет». З 2001 нач. упраўлення інфармацыі Беларусбанка. Друкуецца з 1977. Аўтар апавяданняў, аповесцей «Трэці сын» (1983), «Сяргей Сяргеевіч» (1985) на тэмы сучаснага жыцця. Раман «Жывеш толькі раз» (1988) пра вясковыя праблемы. Аповесць «Банальны дэтэктыў» (1989), раман «З крыві і плоці» (1990) пра няпростую працу міліцыі. Распрацоўвае маральна-этычныя і сац. праблемы.

Тв.:

Страсці. Мн., 1983;

Недзе баліць ля сэрца. Мн., 1986;

З плоці і крыві: Аповесць, раман, апавяданні. Мн., 1991;

Баю-бай, мой генерал. Мн., 1997.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЎСКІ Васіль Іванавіч (6.1.1849, г. Полацк Віцебскай вобл. — 4.10.1916),

расійскі гісторык народніцкага кірунку, грамадскі дзеяч. Брат М.І.Сямеўскага. Праф. (1882), д-р рус. гісторыі (1889). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1872), у 1882—86 у ім прыват-дацэнт. Вывучаў гісторыю сялянства 18—19 ст. і рабочага класа ў Расіі, вызв. рух дзекабрыстаў і петрашэўцаў. Адзін са стваральнікаў партыі нар. сацыялістаў (1906), чл. яе ЦК. У працах С. «Сяляне ў цараванне імператрыцы Кацярыны II» (т. 1—2, 1881—1901), «Сялянскае пытанне ў Расіі ў XVIII і першай палавіне XIX ст.» (т. 1—2, 1888), «Рабочыя на сібірскіх залатых промыслах» (т. 1—2, 1898), «Палітычныя і грамадскія ідэі дзекабрыстаў» (1909), «М.​В.​Буташэвіч-Петрашэўскі і петрашэўцы» (ч. 1, 1922) багаты архіўны матэрыял. У 1913—16 адзін са стваральнікаў і рэдактар гіст.-літ. часопіса ліберальна-народніцкага кірунку «Голос минувшего».

Э.​А.​Карніловіч.

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДЫНІ́ЦКІ (Chodynicki) Казімеж (31.3.1890, Варшава — 14.5.1942),

польскі гісторык. Чл.-кар. польск. АН у Кракаве (1927), д-р габілітаваны (1920), праф. надзвычайны (1921), звычайны (1924). Скончыў Кракаўскі ун-т. Выкладаў гісторыю ў Варшаве, у 1915—18 у Маскве (у эвакуацыі), сакратар Польск. навук. т-ва. У 1919—20 працаваў у Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, выкладаў у Вольным Польскім ун-це, Варшаўскім ун-це. З 1920 дацэнт Віленскага ун-та, з 1921 праф., заг. кафедры сярэдневяковай гісторыі і дапаможных гіст. навук. Заснавальнік і першы рэдактар час. «Атэнэум Віленьске». З 1928 праф., заг. кафедры гісторыі Усх. Еўропы Пазнанскага ун-та. У 1939—40 зняволены ням. фашыстамі як заложнік. Выкладаў на тайных занятках Варшаўскага ун-та і Ун-та зах. зямель. Даследаваў гісторыю ВКЛ, гісторыю правасл. царквы ў Польшчы і ВКЛ, гістарыяграфію, дыпламатыку і палеаграфію ВКЛ.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАСТО́Ў Уладзімір Міхайлавіч (24.6.1905, Казань, Татарстан — 9.3.1972),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1964), чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1965), АН ГДР (1967). Вучыўся ў Казанскім ун-це (1922—26). З 1934 дац., праф. Маскоўскага ун-та. У 1944—45 і 1957—59 у апараце ЦК КПСС. У 1945 дырэктар Вышэйшай дыпламат. школы Наркамата замежных спраў СССР, у 1946—54 заг. кафедры міжнар. адносін Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1959—67 дырэктар Ін-та гісторыі АН СССР, у 1967—71 прэзідэнт Акадэміі пед. навук СССР, з 1971 акад.-сакратар Аддзялення гісторыі АН СССР. Аўтар і рэдактар прац па гісторыі новага часу і міжнар. адносін. Дзярж. прэміі СССР 1942 і 1946.

Тв.:

История дипломатии. Т. 2. 2 изд. М., 1963;

История внешней политики СССР. Ч. 1—2. М., 1966—71 (у сааўтарстве).

т. 16, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮЖАКО́Ў Сяргей Мікалаевіч (29.12.1849, г. Вазнясенск Мікалаеўскай вобл., Украіна — 12.12.1910),

расійскі публіцыст і сацыёлаг, ліберальны народнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це ў Адэсе (з 1865). З 1868 супрацоўнічаў у час. «Знание», «Отечественные записи», «Дело», «Одесский вестник» і інш. У 1879—82 у ссылцы ва Усх. Сібіры. У 1885—89 чл. рэдакцыі час. «Северный вестник», у 1894—98 — «Русское богатство». Ў 1898—1909 рэдактар 22-томнай «Вялікай энцыклапедыі» т-ва «Асвета». Аўтар прац: «Формы земляробскай вытворчасці ў Расіі» (1882), «Сацыялагічныя эцюды» (т. 1—2, 1891—96), «Аграрнае пытанне ў Расіі» (2 выд., 1917) і інш. Даказваў немагчымасць капіталіст. развіцця Расіі, прапаноўваў праграму падтрымкі сельскіх абшчын і арцелей, якія, на яго думку, маглі б стаць асновай абагульнення вытворчасці ў с.-г. і саматужных промыслах. Ідэалізаваў рэформы 1860—70-х г. у Расіі.

т. 18, кн. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЗНА́ Міхаіл Рыгоравіч (н. 20.11.1962, в. Ракушава Круглянскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1985). З 1986 маст. рэдактар выд-ва «Беларусь». З 1992 у Бел. АМ (з 1996 заг. кафедры, з 1999 прарэктар). Даследуе кніжную графіку, праблемы сучаснага выяўл. мастацтва і дызайну. Аўтар навук. прац: «Пластыка і авангард» (1991), «Традыцыі СНОМАСа (УНОВІСа) у графічным дызайне Беларусі» (1994), «Праз паслядоўнасць да рэальнага выбару» (1995), «Казка ў беларускай кніжнай графіцы 1960—80-х гадоў» (1996); «Беларускае выяўленчае мастацтва ў XX стагоддзі» (2002) і інш., навуч.-метадычных дапаможнікаў. Працуе таксама ў маст. фатаграфіі: серыі «Тэксты» (1997), «Ілюзія адлегласцей», «Белая шэрань» (абедзве 2000), «Мінск. Праспект» (2001), «Адроджаны свет муроў» (2002), «Promenade» (1996—2002), кніжнай графіцы.

Тв.:

Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гадоў. Мн., 2001.

М.Баразна. Ілюзія адлегласцей. 2000.

т. 18, кн. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ПАК Барыс Аляксеевіч (н. 10.4.1940, хутар Падгорны Расашанскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

бел. мастацтвазнавец, журналіст. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Ленінградскі ун-т (1965). З 1965 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі, з 1970 у Бел. саюзе мастакоў, з 1994 у газ. «Культура». Даследуе творчасць бел. мастакоў: З.​Азгура, А.​Анікейчыка, А.​Бембеля, П.​Данеліі, М.​Данцыга, І.​Дмухайлы, А.​Кішчанкі, Л.​Марчанкі, В.​Цвіркі, Л.​Шчамялёва і інш. Адзін з аўтараў дакумент. аповесці «У паядынках на вышыні» пра Героя Сав. Саюза А.​Гараўца (1989, з Л.​Крушынскай), зб.-альманаха «Свет Высоцкага» (1997), «Уладзімір Мулявін. Нота лёсу» (2004), аўтараў-складальнікаў і гал. рэдактар энцыклапедычнага даведніка «Беларускі саюз мастакоў 1938—1998» (1998).

Тв.:

Мастацкі летапіс рэспублікі. Мн., 1974;

Художники Білорусіі. Київ, 1976;

Сучасны габелен беларускіх мастакоў. Мн., 1990;

Мастакі Брэстчыны. Мн., 2002.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 18, кн. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЖКО́Ў Васіль Андрэевіч (н. 18.2.1921, в. Валымер Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык, журналіст. Д-р гіст. н. (1967), праф. (1968). Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Скончыў БДУ (1958). З 1938 на журналісцкай рабоце, у 1943—51 заг. аддзела, нам. рэдактара газ. «Советская Белоруссия». З 1951 нам., у 1954—69 рэдактар газ. «Звязда». З 1969 у БДУ. Асн. працы па тэорыі і практыцы друку. Чл. ЦК КПБ у 1954—71. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1955—68. Чл. К-та па Ленінскіх прэміях у галіне л-ры і мастацтва пры СМ СССР (1962—64).

Тв.:

Друк Беларусі ў барацьбе за выкананне гістарычных рашэнняў XXI з’езда КПСС. Мн., 1960;

Газета і сучаснасць. Мн., 1965;

Журналіст у эканамічным пошуку. Мн., 1973;

Ад партрэта сучасніка да гісторыі сучаснасці. Мн., 1975.

С.​І.​Аладзьеў.

т. 18, кн. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)