ЮЖАКО́Ў Сяргей Мікалаевіч (29.12.1849, г. Вазнясенск Мікалаеўскай вобл., Украіна — 12.12.1910),
расійскі публіцыст і сацыёлаг, ліберальны народнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це ў Адэсе (з 1865). З 1868 супрацоўнічаў у час. «Знание», «Отечественные записи», «Дело», «Одесский вестник» і інш. У 1879—82 у ссылцы ва Усх. Сібіры. У 1885—89 чл. рэдакцыі час. «Северный вестник», у 1894—98 — «Русское богатство». Ў 1898—1909 рэдактар 22-томнай «Вялікай энцыклапедыі» т-ва «Асвета». Аўтар прац: «Формы земляробскай вытворчасці ў Расіі» (1882), «Сацыялагічныя эцюды» (т. 1—2, 1891—96), «Аграрнае пытанне ў Расіі» (2 выд., 1917) і інш. Даказваў немагчымасць капіталіст. развіцця Расіі, прапаноўваў праграму падтрымкі сельскіх абшчын і арцелей, якія, на яго думку, маглі б стаць асновай абагульнення вытворчасці ў с.-г. і саматужных промыслах. Ідэалізаваў рэформы 1860—70-х г. у Расіі.
т. 18, кн. 1, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)