«СНАПО́К»,
заходнебеларускі ілюстраваны дзіцячы часопіс. Выдаваўся з мая 1937 да вер. 1939 у Варшаве на бел. мове. Рэдактар-выдавец С.К.Паўловіч. Меў на мэце пашыраць асвету на роднай мове, садзейнічаць фарміраванню дэмакр. поглядаў, абуджаць нац. свядомасць, далучаць да скарбніцы нац. і сусв. культуры. Змясціў артыкулы Паўловіча пра асветнікаў Кірылу і Мяфодзія, Ефрасінню Полацкую, арх. помнікі Беларусі; Р.Шырмы пра каляндарна-земляробчыя святы, звычаі, нар. песні; нарысы М.Караленкі пра прыроду, пазнавальныя матэрыялы пра бел. рэкі, паветраплаванне і інш. Друкаваў творы М.Танка, М.Васілька, М.Машары, Н.Тарас, А.Дубровіча, байкі Я.Быліны, казкі, песні, прыказкі, загадкі. Перадрукоўваў вершы і ўрыўкі з паэм Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, К.Буйло, Я.Журбы і інш. Змяшчаў у перакладзе творы М.Лермантава, Ф.Цютчава, І.Нікіціна, Г.Сянкевіча і інш.
А.С.Ліс.
т. 15, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)