уе́длівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны глыбока пранікаць, упівацца ў што‑н.; едкі. Уедлівы пах. □ Дробны ўедлівы пыл залазіць у горла і нос, і няма ад яго збавення. Асіпенка. Полымя пачало скакаць ад куста к кусту, хапаць .. сухія, зляжалыя галінкі, буралом, і неўзабаве ўсё навокал завалакло горкім, уедлівым дымам. Сачанка. Спазнаць мне хочацца І важкасць цэглы І як шурпаціць пальцы ўедлівы раствор. Арочка. // Пільны, напружаны, пранізлівы (пра позірк, вочы). Фактычна спрачаліся двое: Халіма і яшчэ адзін заўсёды дагэтуль ціхі, нявідны хлопец .. з поглядам глыбокім, уедлівым, якім ён нібы стараўся працяць усё, што трапляла на вочы. Зарэцкі. // Пранізлівы, рэзкі (пра гукі, голас і пад.). Хутка, імкліва расце ўедлівы свіст. Мележ. І ў духмянай начной цішыні, відаць, далёка чуліся ўсхлёсты пугі і ўедлівае хрыплівае выгукванне. Пестрак. // перан. Які запамінаецца надоўга. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць. Мележ.
2. Які ўзнікае, умешваецца ва ўсе дробязі, прыдзірлівы. Уедлівы характар. □ З Тамарай стаў праседжваць вечары над кнігамі і бацька,.. учэпісты, уедлівы. Ермаловіч.
3. Разм. З’едлівы. Уедлівы жарт. □ Гаварыў [Мікульскі] ціха, павольна, але злосна, падбіраючы самыя пякучыя, уедлівыя словы. Марціновіч. — А што я нарабіў? — Быццам і не ведаеш? — з уедлівай іроніяй спытаў Мятлюг. Сабаленка.
4. Які вельмі надакучыў; надаедны. На дварэ вісела кіслая пахмурнасць, дзьмуў вецер — сеяў уедлівы дождж. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ліхвя́р ’кулак’ (Яруш.), ’хто прычыняе людзям няшчасце’ (пух., Жд. 2), ’той, хто бярэ вельмі высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы’ (ТСБМ), укр. лихва́р, лихвʼя́р, ст.-рус. лихварь (XVII ст.), польск. lichwiarz, в.-луж. lichwar, чэш. lichvář ’тс’, славац. lichvár ’гандляр скацінай’; серб.-харв. ли̏хвар, славен. lihvár, макед. лихвар, балг. лихва́р. Прасл. форма lixvarь, якая абыходзіць да прасл. lixva ’пазыка грошай пад працэнты’ (Слаўскі, 4, 236). Апошняе — запазычанне з гоц. leiƕva ’пазыка’, leiƕan ’пазычаць’, ст.-в.-ням. lîhan ’тс’ (Бернекер 1, 717; Фасмер, 2, 504–505; Слаўскі, 4, 233–235). Магчыма, аднак, і поўнае запазычанне з герм. *leihwarja‑ ’пазыкадаўца’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 99).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вядро́ ’вядро’. Ст.-рус. вѣдро, рус. ведро́, укр. відро́, польск. wiadro, чэш. vědro, ст.-слав. вѣдро, балг. ведро́, серб.-харв. вѐдро і г. д. Прасл. *vědro ’вядро’. Гэта слова адносіцца да і.-е. асновы на ‑r/n‑, *u̯ed‑r‑: *u̯ed‑n‑ ’вада’; гл. вада́. Гэта значыць, што першаснае значэнне слова «вядро» — ’пасуда для вады’. Да семантыкі параўн. грэч. ὑδρία ’вядро для вады’ (ὕδωρ ’вада’). Прасл. вакалізм ‑ě‑ — ступень падаўжэння. Параўн. Фасмер, 1, 283–284; Брукнер, 610 (з вельмі дзіўнай заўвагай: «tylko małorus. wedro, zamiast *widro, niezgodne w samogłosce»); Махэк₂, 681; БЕР, 1, 127. Няпэўная сувязь з літ. vė́daras ’страўнік’, ст.-інд. udáram ’бруха; чэрава, лона’ (супраць Фасмер, 1, 284).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Вяшня́к 1, вешня́к ’вясенні вецер, які вельмі сушыць дровы’ (КСТ). Укр. вешняк, рус. дыял. вешняк ’вясенні вецер’ (перм., варон., СРНГ), ве́шни́к ’вясенні вецер, паўднёва-ўсходні вецер’ (асташ., пск., цвяр., СРНГ). Ад *вешний ’вясенні’, параўн. рус. формы ў Даля, або < вясняк 3 (гл.). Паводле Фасмера, 1, 309, рус. вешний < *vesni̯o ад весна; параўн., аднак, рус. дыял. вешна, вёшна, ’вясна і да т. п.’, вешный, вешной ’вясенні’ (СРНГ), якія могуць уяўляць і іншую праформу або пазнейшыя трансфармацыі.
Вяшня́к 2, вешня́к ’вадзяны млын, які працуе толькі пры высокім узроўні веснавой вады’ (Яшк.). Рус. дыял. вешняк ’тс’ (СРНГ). Ад *вешний ’вясенні’; параўн. вяшняк 1 або < вясняк. Суфіксацыя, як у сіняк, скразняк і да т. п.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Газні́к газні̑ца ’газоўка’ (БРС), газні́ца (Шат., Бяльк., Касп., Др.-Падб., Яруш., Гарэц., Інстр. I), газу́лька (Шат.). Утварэнне ад газа (гл.), але дэталі гісторыі гэтых слоў пакуль што не зусім ясныя. Можна меркаваць, што гісторыя іх узнікнення і пашырэння на ўсх.-слав. тэрыторыі досыць складаная. Аб гэтым сведчыць тое, што падобныя словы ёсць ва ўкр. мове. Так у Грынчанкі з розных месц Украіны адзначаецца: газни́к, газни́ця, га́сни́к, га́сни́ця ’газоўка’. Вельмі цікавым з’яўляецца і тое, што падобных слоў няма ў польск. гаворках (гл. у Карловіча), але ў рус. ёсць га́сник, га́сни́ца ’газоўка’ (гл. СРНГ, 6, 151–152), га́зник ’тс’ (там жа, 94), як і гас > газ ’газа’ (там жа, 93–94, 150).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галалёдзіца. Параўн. рус. гололе́дица, укр. гололе́диця (гэта слова не адзначана ў Шанскага, 1, Г, 120), славац. дыял. holoľadica, славен. gololedica. Можна меркаваць, што гэта ўтварэнне суфіксам *‑іса ад *gololedъ ’тс’ (агляд літ-ры гл. у Шанскага, там жа). Іначай, але, здаецца, не вельмі пераканаўча Гараеў (107) і Праабражэнскі (1, 141) звязваюць *gololedica з голоть (голодь) і далей з укр. ожеле́диця, ожеледь (якія быццам маюць і.-е. сувязі). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 431–432. Сюды ж і галалёд ’галалёдзіца’ (агляд форм і геаграфіі слоў галалёдзіца, галалёд гл. у Яшкіна, 45). Параўн. рус. гололед, славен. gololèd, далей польск. gołoledź. Слаўскі (1, 314) лічыць і *gololedъ і *gololedica праславянскімі фармацыямі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галу́н 1 ’галун’ (БРС). Рус. галу́н, укр. галу́н ’тс’. Запазычанне з франц. galon (параўн. і іт. gallone), магчыма, праз польск. galon. Гл. Фасмер, 1, 390 (Шанскі, 1, Г, 20, неабгрунтавана аспрэчвае магчымасць польск. пасрэдніцтва: націск у слове можа адлюстроўваць націск ва ўскосных склонах). Бел. слова, здаецца, праз рус. мову (няма ў ст.-бел. помніках; гл. Булыка, Запазыч.).
Галу́н 2 ’галын’ (БРС, Шат., Касп., Нас.). Рус. галу́н, укр. галу́н ’тс’. Запазычанне праз польск. ałun, hałun ’тс’, а гэта з ням. (с.-в.-ням.) alûn (< лац. alumen) ’тс’ (ням. Alaun). Гл. Міклашыч, 2; Фасмер, 1, 390; Брукнер, 4. Не вельмі зразумелы варыянт бел. галын ’тс’ (БРС, Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гана́плечка ’кароткая кашуля са складкамі каля каўняра’ (Шат.), ганапле́чка ’мужчынская кашуля са складкамі каля каўняра’ (Жд. 1). Гэта — складанае слова. Другая яго частка да плячо, а аб першай (гана‑) можна меркаваць толькі параўноўваючы лексему гана́пле́чка з другой, паходжанне якой зусім празрыстае. Гл. у Бялькевіча: галаплёка (гылаплёка) ’падбіўка ў верхняй кашулі або сукенцы’, галаплёчка (гылаплёчка) ’кашуля з галаплёкай, падбіўкай’. Этымалогія гэтых апошніх слоў вельмі простая: *golo‑pleka, *golo‑plečьka да *golъ ’голы’ і *plek‑ ’плячо’. Што датычыцца ганаплечкі, то гэта слова ўзнікла пры дысіміляцыі плаўных л — л > н — л. Адносна *plek‑ параўн. утварэнне з гэтай асновай у рус. мове: подоплека унутраны сэнс’ (спачатку падбіўка сялянскай кашулі’; гл. Фасмер, 3, 299).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гламазда́ ’расцяпа’ (БРС), ’нехлямяжы’ (Касп.), ’бесталковы чалавек’, ’бесталкоўшчына’ (Нас.), ’няўмека’ (Сцяшк. МГ), глымызда́ ’гламазда, няварты чалавек, лішні ў хаце’ (Бяльк.). Вельмі цёмнае слова. Няма дакладных адпаведнасцей ні ў рус., ні ва ўкр. мовах. Можна, аднак, параўнаць з серб.-харв. glamàzati ’гаварыць багата і не да ладу; абдурваць’, чэш. hlomoziti ’шумець, крычаць’ (гэтыя словы Слаўскі, 1, 281, лічыць гукапераймальнымі і роднаснымі польск. glamać). Вытворныя: гламаздзе́нь ’бесталковы мужчына’ (Нас.), гламаздзі́ць ’набіваць галаву, забіваць бакі; навальваць адно на другое’ (Нас.). Параўн. яшчэ гламава́ты. Падрабязны агляд слав. матэрыялу (у тым ліку і ўласныя імёны тыпу ст.-рус. Гломазда) і спробу этымалогіі дае Трубачоў, Эт. сл., 6, 137–138.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Глі́ца ’вясенні вецер’ (БРС, Гарэц., Байк. і Некр.). Не вельмі яснае слова. Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта лексема, магчыма, з’яўляецца праславянскім лексічным дыялектызмам бел. мовы. Паходжанне яго лічыцца няясным. Але можна паспрабаваць аб’яднаць слова глі́ца ’вясенні вецер’ з бел. словам іглі́ца ’хвоя, адна хваінка’, укр. гли́ця ’хвоя, адна хваінка; драўляная іголка і да т. п.’ (Грынч.), польск. iglica, ст.-польск. glica (гл. Слаўскі, 1, 443–444). Тады глі́ца, магчыма, паходзіць з іглі́ца. Паршапачаткова глі́ца як назва ветру магла быць метафарай (’штосьці калючае, як ігла’). У такім выпадку няма патрэбы гаварыць аб спецыфічна беларускім лексічным дыялектызме праславянскага характару, таму што такая метафарызацыя можа здарыцца ў любы час.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)