АХЕТАТО́Н (егіп. «Гарызонт Атона»),

горад у Стараж. Егіпце, рэзідэнцыя фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона), цэнтр культу бога Атона. Знаходзіўся каля Тэль-эль-Амарны. Пабудаваны ў 1-й пал. 14 ст. да нашай эры на краі пустыні. Пакінуты яго жыхарамі пры фараоне Тутанхамоне. Пры фараоне Харэмхебу, які канчаткова знішчыў культ Атона, горад разбураны.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТЫЛЕ́НАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,

апарат для атрымання ацэтылену пры раскладанні карбіду кальцыю вадой. Нізкага (да 10 кПа) і сярэдняга (да 150 кПа) лішкавага ціску, звычайна перасоўны; выкарыстоўваецца ў асноўным пры газавай зварцы. Ацэтыленавы генератар высокага ціску (больш за 150 кПа) стацыянарны, выкарыстоўваецца для атрымання вял. аб’ёму ацэтылену ў хім., фармацэўтычнай, харч. прам-сці.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 21.10.1937, в. Паперня Мінскага р-на),

бел. вучоны-эпідэміёлаг. Д-р мед. н. (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1963 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Даследуе прыродна-ачаговыя вірусныя інфекцыі, асаблівасці фактарыяльна-эпідэмічнага працэсу пры тэхнагеннай радыяцыі, выкарыстанне матэм. мадэліравання пры вывучэнні вірусных інфекцый.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ (ад грэч bathys глыбокі і metreō вымяраю),

адлюстроўваюць падводны рэльеф пры дапамозе ізабатаў разам з адзнакамі глыбіняў. Афарбоўка падводнага рэльефу даецца ў адпаведнасці са ступенямі вышыняў. Служаць асновай фізіка-геагр. раянавання і спец. картаграфавання вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца пры разведцы карысных выкапняў, планаванні рыбнага промыслу і як дапаможнікі ў навігацыі.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАТЫ́НСКІ (Міхаіл Іванавіч) (каля 1510 — 12.6.1573),

рускі палкаводзец, князь, баярын. Вызначыўся ў 1552 пры ўзяцці Казані, у 1550—60-я г. перыядычна кіраваў рус. арміяй на паўд. граніцы. Летам 1572 разбіў крымскіх татараў у бітве пры Моладзях (непадалёку ад Масквы). У 1573 арыштаваны па лжывым даносе, абвінавачаны ў здрадзе і закатаваны.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НІЯ (ад грэч. mania вар’яцтва, шаленства, захопленасць),

маніякальны сіндром, псіхапаталагічны стан, пры якім хворы чалавек нематывавана ўзрушаны, увага няўстойлівая, назіраецца моварухальнае ўзбуджэнне, зменлівы настрой. Найчасцей развіваецца пры эндагенных захворваннях (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія), бывае вынікам хвароб галаўнога мозга і інш. У цяжкіх выпадках М. ўзнікаюць галюцынацыі, зацямненне свядомасці. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНАКАЛАРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз каналы з вял. гідрадынамічным супраціўленнем, напр., праз капіляры. Вадкі гелій у зыходнай пасудзіне пры гэтым награваецца. М.э. адкрыты ў 1938 англ. фізікамі Дж.​Даўнтам і К.​Мендэльсонам; тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (цячэнне гелію, выкліканае падвядзеннем цеплаты) наз. тэрмамеханічным эфектам.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКА́ЛЯ ЗАВІ́ТКА,

плоская алгебраічная крывая, утвораная зменай радыус-вектара кожнага пункта акружнасці радыуса r на пастаянную даўжыню l; канхоіда гэтай акружнасці. Ураўненне П.з. ў палярнай сістэме каардынат: ρ = 2rcos φ + l. Пры l = 2r П.з. ператвараецца ў кардыёіду. Разгледжана франц. вучоным Э.​Паскалем — бацькам Б.Паскаля.

Паскаля завітка пры l < 2r.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПО́Й,

метал ці сплаў, які запаўняе зазор паміж дэталямі, што злучаюцца пры пайцы. Т-ра плаўлення П. ніжэйшая за т-ру плаўлення матэрыялаў, што спайваюць. Расплаўлены П. павінен добра змочваць матэрыялы, якія злучаюць, а пры застыванні ўтвараюць шчыльныя, каразійнаўстойлівыя злучэнні. Пашыраны П. на аснове волава, свінцу, цынку, медзі, нікелю, серабра.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАТУБЕРКУЛЁЗ (ад псеўда... + туберкулёз),

інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Крыніца ўзбуджальніка П. — грызуны (мышы, пацукі, зайцы), узбуджальнік — бактэрыі. Людзі заражаюцца пры спажыванні садавіны і гародніны, забруджанай фекаліямі і мачой грызуноў, жывёлы — пры паяданні інфіцыраваных кармоў. Клінічныя праявы: лімфадэніт, пашкоджанні страўніка і інш. П. характарызуецца зімова-веснавой сезоннасцю. Лячэнне людзей тэрапеўтычнае.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)