ЗАГАРУ́ЛЬСКІ (Эдуард Міхайлавіч) (н. 18.12.1928, г. Тула, Расія),
бел. археолаг, гісторык. Д-р гіст. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1954 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1962 у БДУ: з 1973 заг. кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін, у 1986—91 дэкан гіст. ф-та. Вывучае пытанні археалогіі і стараж. гісторыі Беларусі, праблемы этнагенезу славян і іх прарадзімы, гісторыю гарадоў. Даследаваў помнікі жал. веку і ранняга сярэдневякоўя. У час раскопак у Мінску вызначыў агульную планіроўку горада 11—13 ст., абарончыя ўмацаванні і забудову, зрабіў рэканструкцыю ўсх. часткі замчышча.
Тв.:
Древний Минск. Мн., 1963;
Археология Белоруссии. Мн., 1965;
Древняя история Белоруссии: Очерки этнич. истории и материальной культуры (до IX в.). Мн., 1977;
Возникновение Минска. Мн., 1982;
Заходняя Русь. Мн., 1998.
т. 6, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮЗЬКО́Ў (Андрэй Ігнатавіч) (26.9.1904, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 28.6.1938),
бел. гісторык. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1927). З 1927 заг. аддзела Жыткавіцкага райкома КП(б)Б. З 1930 навук. супрацоўнік, у 1934—37 нам. дырэктара Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У 1932—37 чл. сакратарыята рэдакцыі гісторыі грамадз. вайны на Беларусі. Аўтар прац па гісторыі КП(б)Б, рэв. руху ў пач. 20 ст., Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны на Беларусі. Навук. і паліт. рэдактар «КП(б)Б у рэзалюцыях» (ч. 1, 1934). У 1937 арыштаваны органамі НКУС БССР, у 1938 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1959.
Тв.:
Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Бальшавікі — арганізатары Кастрычніка на Беларусі. Мн., 1934.
У.М.Міхнюк.
т. 7, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),
біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.Гіберці, Анджэліка, Д.Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.Караваджа, Рэмбрант, Б.Э.Мурыльё, Н.Пусэн).
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫБО́ВІЧ (Кабыш) Сымон Сымонавіч
(1891, в. Старыца Салігорскага р-на — ?),
бел. дзярж. дзеяч, гісторык. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932—37 кіраўнік справамі і ўпаўнаважаны к-та нарыхтовак СНК БССР. У 1940 арыштаваны. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.фаш. акупац. ўладамі, уваходзіў у склад Бел. цэнтр. рады, са студз. 1944 кіраўнік яе фін. аддзела, удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З лета 1944 у Германіі. Прымаў удзел у працы Бел. нац. к-та. З 1954 у Мюнхене: супрацоўнік Ін-та па вывучэнні СССР, у бел. аддзеле радыёстанцыі «Свабода». Аўтар артыкулаў у навук. часопісе бел. эміграцыі «Запісы», выданнях Ін-та па вывучэнні СССР па бел. нац. пытанні, у якіх рабіў высновы, што нац. развіццю бел. народа не спрыяюць ні Польшча, ні Сав. Расія.
т. 7, с. 580
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),
старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым. войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс. рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.
т. 8, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́НСКІ (Яўген Аляксеевіч) (2.11.1886, Варшава — 24.7.1959),
расійскі гісторык-медыявіст. Чл.-кар. (1939) і акад. (1946) АН СССР, правадз. чл. АПН РСФСР (1945), засл. дз. нав. РСФСР (1947), д-р гіст. н. (1936), праф. (1919). Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). У 1912 выкладаў на Варшаўскіх жаночых курсах. З 1915 на навук.-пед. працы ў Маскве: у Маскоўскім ун-це (1915—31, 1934—49), Ін-це філасофіі, л-ры і гісторыі (1931—33), Ін-це гісторыі АН СССР (1936—52), Ін-це метадаў навучання АПН РСФСР (1944—48). Навук. працы па агр. гісторыі Англіі 11—15 ст., Англ. рэвалюцый 17 ст., гісторыі Візантыі і дыпламатыі, гістарыяграфіі сярэдневякоўя. Адзін з аўтараў «Гісторыі дыпламатыі» (т. 1, 1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), падручнікаў па гісторыі сярэдневякоўя для ВНУ і сярэдніх школ.
т. 8, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕ́ВІЧ ((Kieniewicz) Стафан) (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),
польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.
Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.
В.С.Пазднякоў.
т. 8, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КИ́ЕВСКАЯ СТАРИНА́»,
гісторыка-этнаграфічны часопіс. Выдаваўся ў 1882—1906 у Кіеве штомесячна на рус. мове. Заснавальнік і першы рэдактар укр. гісторык Ф.Г.Лебядзінцаў. Друкаваў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, л-ры, фальклоры Украіны і інш. слав. народаў, асвятляў некат. пытанні грамадска-паліт. жыцця. У ім упершыню апублікаваны «Дзённік» Ф.Еўлашоўскага (1886), аўтабіяграфія вандроўнага святара 18 ст. І.М.Турчыноўскага «Жыццё і пакуты» (агульны помнік бел. і ўкр. л-ры), арт. М.Ф.Сумцова «Прадмова Івана Мялешкі як літаратурны помнік» (1894). Змяшчаў рэцэнзіі на працы бел. вучоных А.Я.Багдановіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Я.Ф.Карскага, А.Кіркора, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш., а таксама агляды л-ры па нар. творчасці, этнаграфіі, гісторыі славян. У 1907 выходзіў на ўкр. мове пад назвай «Украіна».
т. 8, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ (Максім Паўлавіч) (25.5.1908, пас. Пуцілаўка Усурыйскага р-на Прыморскага краю, Расія — 11.6.1996),
савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1979), чл.-кар. з 1960, д-р гіст. н. (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1934). Да 1951 выкладаў у ВНУ Масквы. З 1951 у Ін-це гісторыі АН СССР. Заснавальнік і першы рэдактар (1956—60) час. «История СССР». З 1959 старшыня навук. савета АН СССР па праблеме «Гісторыя сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва ў СССР». У 1982 першы з сав. гісторыкаў заявіў пра нявырашанасць нац. пытання ў СССР. Асн. працы па гісторыі культуры і культ. рэвалюцыі ў СССР. Аўтар кн. «Праблемы тэорыі і гісторыі рэальнага сацыялізму» (1983). Пад яго рэдакцыяй выдадзена хроніка «Культурнае жыццё ў СССР» (1975—81). Дзярж. прэмія СССР 1986.
т. 8, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРКО́РЫ,
шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войска ВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл. Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах ўрада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.
В.С.Пазднякоў.
т. 8, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)