ІНСТЫТУ́Т МАЛЕКУЛЯ́РНАЙ І А́ТАМНАЙ ФІ́ЗІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 у Мінску на базе шэрагу падраздзяленняў Ін-та фізікі імя Б.І.Сцяпанава. У ін-це 9 лабараторый, 1 аддзел і 1 група (1998); аспірантура; савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: малекулярная спектраскапія, фізіка плазмы і плазменныя тэхналогіі, метады і апаратура атамна-малекулярнага аналізу і дыягностыкі. Асн. вынікі навук. даследаванняў: выяўлены і вывучаны шэраг якасна новых генерацыйных з’яў, звязаных з праяўленнем у лазерах розных тыпаў анізатрапіі, на аснове чаго развіты і рэалізаваны высокаэфектыўныя ўнутрырэзанатарныя метады кіравання параметрамі генерыраванага выпрамянення; прапанаваны прынцыпы і развіты метады палярызацыйнай лазернай спектраскапіі, якія знайшлі выкарыстанне для вымярэння спектраскапічных канстантаў рэчыва, вызначэння структуры спектральных ліній і вывучэння анізатропных уласцівасцей асяроддзяў. Вывучаны: дынаміка вярчальнага руху электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул у газавай фазе; фізіка ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль з плазмай; фізіка плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на розныя матэрыялы; шматфункцыянальныя структурна-арганізаваныя сістэмы на аснове тэтрапірольных злучэнняў і паказана перспектыўнасць іх фіз.-хім. і біял. дастасаванняў. Ін-т выдае міжнар.час. «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964). У ін-це працавалі акад.АН Беларусі Г.П.Гурыновіч, М.А.Ельяшэвіч; працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.А.Барысевіч, В.С.Буракоў, А.П.Вайтовіч, чл.-кар. К.М.Салаўёў, В.А.Таўкачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ О́ПТЫКА,
раздзел нейтроннай фізікі, які вывучае хвалевыя ўласцівасці нейтронаў і працэсы распаўсюджвання нейтронных хваль у рэчывах і палях.
У адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам нейтрон можа паводзіць сябе як часціца з энергіяй E і імпульсам або як хваля з частатой
, даўжынёй хвалі λ = 2πh/p і хвалевым вектарам
, дзе h — Планка пастаянная. Хвалевыя ўласцівасці найб.выяўлены ў нейтронаў з малымі кінетычнымі энергіямі (гл.Павольныя нейтроны). Гэтымі ўласцівасцямі тлумачыцца пераламленне і адбіццё нейтронных пучкоў на мяжы падзелу двух асяроддзяў, поўнае адбіццё (пры пэўных умовах) ад мяжы падзелу, дыфракцыя на неаднароднасцях асяроддзя і на яго перыядычнай структуры. Для некаторых рэчываў пры адбіцці і пераламленні назіраецца палярызацыя нейтронаў, што вельмі падобна на ўзнікненне кругавой палярызацыі святла ў аптычна актыўных асяроддзях. У рэчывах, дзе спіны ядраў арыентаваны (палярызаваны) у адным напрамку, назіраецца ядз. прэцэсія нейтронаў, абумоўленая ядз. псеўдамагн. полем (гл.Ядзерная оптыка). Калі даўжыня хвалі нейтрона параўнальная з адлегласцю паміж атамамі (ядрамі) крышталёў, назіраецца дыфракцыя нейтронаў, аналагічная дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў.
На Беларусі даследаванні па асобных пытаннях Н.о. праводзяцца ў НДІядз. даследаванняў пры БДУ.
Літ.:
Крупчицкий П.А. Фундаментальные исследования с поляризованными медленными нейтронами. М., 1985;
Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУЯ́Н (Сяргей Епіфанавіч) (19.10.1890, г. Брагін Гомельскай вобл. — 20.4.1910),
бел. публіцыст, празаік і літ.-знавец, адзін з пачынальнікаў бел.прафес.літ. крытыкі. У 1904—05 вучыўся ў Мітаўскай гімназіі (цяпер г. Елгава, Латвія). Удзельнік рэв. руху ў Кіеве і Мітаве. Супрацоўнічаў у газ. «Наша ніва», укр.перыяд. друку. Аўтар апавяданняў («Вёска» і інш.), вершаваных і драм. твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і інш.), першага ў бел. крытыцы агляднага арт. «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гіст. нарыса новай бел. л-ры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатр. крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910, і інш.). Даследаваў укр. культуру і л-ру, бел.-ўкр.літ. сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і інш.). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»), падтрымліваў духоўнае адраджэнне інш. нацый. Для яго творчай манеры характэрна валоданне жывым і вобразным словам, доказнасць і аргументаванасць выказванняў, ужыванне гіст. аналогій. Скончыў самагубствам.
Тв.:
Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка. Мн., 1986.
Літ.:
Кабржыцкая Т., Рагойша В. Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕНЕ́РА»,
назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс.км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.
Н.А.Ушакова.
Да арт.«Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСПО́РСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Баспор,
дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і ў 480 да нашай эры — канцы 4 ст. нашай эры. Сталіца — г.Пантыкапей (цяпер г.Керч). Займала Керчанскі і Таманскі п-авы, узбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў да сучаснага г. Новарасійск і ніжняга цячэння Дона; аб’ядноўвала грэч. гарады-калоніі Феадосію, Фанагорыю, Гаргіпію і інш. і стараж.мясц. плямёны. Б. ч. насельніцтва складалі свабодныя земляробы і рабы. Правілі Баспорскай дзяржавай дынастыі архантаў (цароў) Археанактыдаў (480—438 да нашай эры) і Спартакідаў (да 107 да нашай эры). З канца 2 ст. да нашай эры ўваходзіла ў Пантыйскае царства, з 1 ст. да нашай эры да 3 ст. нашай эры была васалам Стараж. Рыма. З сярэдзіны 3 ст. нашай эры ў эканам. і паліт. заняпадзе. Знішчана гунамі.
Археал. вывучэнне Баспора пачалося ў 19 ст. (П.Дзюбрукс, І.А.Стампкоўскі, А.Б.Ашык, Д.В.Карэйша, А.Е.Люцэнка, В.В.Шкорпіл і інш.), у 20 ст. даследаванні вялі В.Ф.Гайдукевіч, У.Д.Блавацкі, М.М.Кабыліна і інш.Выяўлены помнікі дойлідства (пахавальні з уступамі), Залаты, Царскі, Мелек-Чэсменскі курганы, зернясховішчы, рэшткі рыбазасольных і вінаробных ваннаў, ганчарныя і ювелірныя вырабы, манетныя скарбы, скляпы, размаляваныя ваеннымі, культавымі і бытавымі сцэнамі, партрэтныя скульптуры. Сусветна вядомыя маст. вырабы — залаты грэбень з кургана Солаха, сярэбраная ваза з Чартамлыцкага кургана, Кульобская ваза з электрону (сплаў золата і серабра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІРЫЯЛО́ГІЯ,
галіна ўсходазнаўства, якая вывучае мову, гісторыю і культуру стараж. народаў Двухрэчча (шумераў, вавіланян, асірыйцаў, хетаў і інш.) і суседніх краін, што карысталіся клінапісам. Часам узнікнення асірыялогіі як навукі лічаць 1857, калі быў расшыфраваны першы клінапісны тэкст. База для развіцця асірыялогіі закладзена даследаваннямі Г.Роўлінсана, які адкрыў у Іране клінапісныя надпісы цара Дарыя I, працамі Г.Ф.Гротэфенда па расшыфроўцы стараж.-перс. клінапісаў, археал. раскопкамі на тэр. Ірака, дзе ў 1-й пал. 19 ст.выяўлены рэшткі асірыйскіх гарадоў (Ніневіі, Дур-Шарукіна і інш.), знойдзены каштоўныя дакументы (б-ка асірыйскага цара Ашурбаніпала, архіў Тэль-эль-Амарна, законы вавілонскага цара Хамурапі і інш.). Поспехаў у галіне асірыялогіі дасягнулі Ф.Цюро-Данжэн (Францыя), Г.Цымерн і Б.Мейснер (Германія), С.Н.Крамер (ЗША), Б.Грозны (Чэхія) і інш. У Рас. імперыі асірыялогіяй займаліся У.С.Галянішчаў, М.В.Нікольскі, беларус К.А.Касовіч, які ў 1871 выдаў стараж.-перс. клінапісныя надпісы. У сав. час пытанні Асірыялогіі распрацоўвалі І.М.Дзьяканаў, М.М.Нікольскі, В.В.Струвэ, Б.А.Тураеў, А.І.Цюменеў, У.К.Шылейка і інш. На Беларусі праблемамі асірыялогіі (хеталогія) займаецца Г.І.Даўгяла. Важнейшымі цэнтрамі асірыялогіі з’яўляюцца Усходні ін-т у Чыкага (ЗША), Багдадскі музей, Луўр (Парыж), Брытанскі музей (Лондан), Папскі біблейскі ін-т (Рым), ун-ты Прагі, Берліна, Лейдэна, С.-Пецярбурга, Тбілісі, Ерэвана і інш.
Літ.:
Фридрих И. Дешифровка забытых письменностей и языков: Пер. с нем. М., 1961;
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967.
назва арг-цыі, прыдуманай у маі 1931 супрацоўнікамі АДПУБССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над нац. інтэлігенцыяй па пытанні развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі. Узнікненне яе прымеркавана да 1924—25, арганізац. афармленне да 1927—28. Кіраўнікамі яе лічыліся Р.А.Бонч-Асмалоўскі, Г.І.Гарэцкі, П.А.Хоцкі. Ячэйкі былі «выяўлены» ў большасці акруг Беларусі, Наркамземе БССР, с.-г. секцыі Дзяржплана БССР, ЦСУ, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, Белкалгасбудзе. У члены «арг-цыі» былі залічаны прыхільнікі развіцця фермерскіх гаспадарак, а не калгасаў і саўгасаў, таму незадаволенасць сялян палітыкай суцэльнай калектывізацыі падавалася як вынік дзейнасці «БФПСП». Ёй інкрымінавалася ўмацаванне капіталіст. элементаў у вёсцы, шпіянаж, асушэнне балот у прыгранічных раёнах з мэтай падрыхтоўкі плацдармаў для інтэрвентаў, правядзенне меліярацыі па-шкодніцку, арганізацыя кулацкіх меліярацыйных ячэек як базы для ўзбр. паўстання супраць сав. улады і інш. Да крымінальнай адказнасці было прыцягнута 59 чал., 39 з якіх праходзілі па інш. «справах» (лічылася, што «БФПСП» была звязана з інш. «контррэв. арг-цыямі»). Паводле пастановы Калегіі АДПУБССР ад 30.5 і 6.6.1931 прыгавораны 6 чал. да расстрэлу (чацвярым расстрэл заменены на 10 гадоў лагераў), 13 чал. да 10 гадоў лагераў, 6 — да 3—5 гадоў лагераў, 34 чал. да высылкі ў Сібір, Казахстан. 22.4.1958 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАНТЫЛІ́ЗМ (лац. infantilis дзіцячы ад infans які не гаворыць),
затрымка ў развіцці арганізма чалавека, захаванне ў дарослага марфал., фізіял. і псіхічных рысаў, уласцівых больш ранняму ўзросту. Выяўляецца ў нясталасці эмацыянальна-валявой сферы пры нармальным і нават паскораным фіз. і разумовым развіцці. Характэрнымі рысамі індывіда, якому ўласцівы І. (інфантыла) з’яўляюцца несамастойнасць рашэнняў і дзеянняў, адчуванне неабароненасці, капрызнасць, зніжаная крытычнасць у адносінах да сябе, розныя кампенсацыйныя рэакцыі (напр., фантазіраванне, што замяшчае рэальныя ўчынкі, эгацэнтрызм) і інш. Прычыны І.: інфекц. захворванні (туберкулёз, сіфіліс, малярыя, розныя паўторныя інфекцыі), інтаксікацыі, арган. захворванні, непаўнацэннае харчаванне, авітамінозы, дрэнныя гігіенічныя ўмовы жыцця, прыроджаныя канстытуцыянальныя асаблівасці. Адрозніваюць агульны І. (затрымка развіцця ўсяго арганізма) і частковы І. (затрымка ў развіцці асобных органаў і сістэм). Прыкметы: пры агульным І. захоўваюцца дзіцячыя прапорцыі, склад цела кволы, грудная клетка доўгая, вузкая, косці тонкія, сэрца маленькае, ціск крыві паніжаны, другасныя палавыя прыкметы выяўлены слаба, супраціўляльнасць інфекц. захворванням зніжана. Пры частковым І. вылучаюць псіхічны І. (няўстойлівасць настрою і ўвагі, лёгкая ўнушальнасць, крыўдлівасць, боязь новага, бесклапотнасць і легкадумнасць паводзін спалучаюцца з эгацэнтрызмам і дзіцячай патрабавальнасцю), палавы І. (мізэрная расліннасць пад пахамі і на лабку, у жанчын — недаразвіццё малочных залоз і маткі, месячныя нерэгулярныя, нярэдка бясплоднасць, у мужчын — недаразвіццё вонкавых і ўнутр. палавых органаў, прастаты, адсутнасць палавой цягі, парушэнне палавых функцый) і інш. Лячэнне; стварэнне спрыяльных умоў жыцця і лячэнне захворванняў, якія справакавалі І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1624—1761 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. Звесткі пра першапачатковы рэпертуар не выяўлены. Вядома, што 10.4.1637 тэатр публічна паставіў драму «па-польску і па-руску», у якой «выразна было прадстаўлена пакутніцтва Хрыста...». Рэпертуар т-ра ўключаў: у 1681 масленічную драму «Не каралеўская прага каралеўства» на сюжэт з гісторыі Англіі, у 1685 лац. драму «Вянок мудрасці» на сюжэт са стараж.-рым. гісторыі, у канцы 17 ст. польск. драму «Містычнае прычасце невінаватых у жалю Караля і Фрэдэрыка» з бел. інтэрмедыйнымі ўстаўкамі, у 1713 панегірык «Вянец навучальнага года» на лац. і польск. мовах, прысвечаны С.Янушэвічу, у 1715 панегірык «Жамчужына ў кароне ведаў» на лац. мове на сюжэт з твора П.Скаргі, у 1729 панегірык «Юпітэр, прыкрыты арлом» на лац. і польск. мовах, прысвечаны М.Радзівілу, у 1731 масленічную драму «Бурныя ў ап’яненні ахвяры Вакху» на лац. мове, у 1736 драму «Лацыум па-за Італіяй» на лац. мове на сюжэт з польск. гісторыі. Да пач. 1760-х г. дзейнасць т-ра прыпынілася. У 1761 паказаны 2 прадстаўленні на польск. мове: пераробка камедыі «Прытворна хворы» Мальера і трагедыя «Ушанаванне сапраўднага Бога, або Даніэль» (нап. выкладчыкам рыторыкі і паэтыкі М.Ханецкім).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 127—148;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.