Ю́ДЗІНАВА,

верхнепалеалітычная стаянка першабытнага чалавека на беразе р. Судасць у в. Юдзінава Пагарскага р-на Бранскай вобл. (Расія). Адкрыта ў 1934 бел. археолагам К.​М.​Палікарповічам. Яе даследавалі Палікарповіч, У.​П.​Левянок, Л.​А.​Міхайлоўскі, Ф.​М.​Завярняеў (1947), У.​Дз.​Будзько (1961—62, 1967) і інш. Пры раскопках у культ. пласце знойдзены рэшткі фауны (маманта, мядзведзя, пясца, паўн. і высакароднага аленяў і інш.), расшчэпленыя крэмені. касцяны вугаль. Выяўлены рэшткі пабудоў авальнай формы паўзямлянкавага тыпу, асновы якіх зроблены з касцей маманта, гасп. ямы, майстэрні для вырабу прылад працы, знойдзены крамянёвыя разцы, скрабкі, вастрыі, пласціны з прытупленым краем, касцяныя кавалкі, шылы, упрыгожанні, арнаментаваныя косці. На думку Палікарповіча, стаянка Ю. належыць да ніжнемадленскага часу, на думку Будзько — дамадленскага часу.

Літ.:

Поликарпович К.М. Палеолит Верхнего Поднедровья. Мн., 1968.

А.​Г.​Калечыц.

т. 18, кн. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)