МА́РЫ,

старажытны горад-дзяржава ў 3—2-м тыс. да н.э. на сярэднім Еўфраце (цяпер узгорак Тэль-Харыры, Сірыя). Узнік у пач. 3-га тыс. да н.э. Першапачаткова быў населены хурытамі, пазней семітамі. Буйны цэнтр гандлю (пасрэднік паміж Месапатаміяй і дзяржавамі Міжземнамор’я і М. Азіі) і рамяства (вырабы з бронзы, ткацтва). Да 25 ст. да н.э. ваяваў з шумерскімі гарадамі. У 24—23 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы з цэнтрам у г. Акад, у 22—21 ст. да н.э. — дзяржавы III дынастыі Ура. У канцы 21 ст. да н.э. самастойны, у пач. 18 ст. да н.э. пад уладай Асірыі. У 1758 да н.э. зруйнаваны вавілонскім царом Хамурапі. Раскопкамі (вядуцца з 1933) выяўлены палац 18 ст. да н.э., храм багіні Іштар, асобныя гар. кварталы, дзярж. архіў клінапісных дакументаў (больш за 20 тыс. таблічак) і інш.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)