ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),

род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).

Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.

В.​В.​Маўрышчаў.

Павітуха.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ФА, луфа (Luffa),

род кветкавых раслін сям. гарбузовых. 5—8 відаў. Пашыраны ў тропіках. Культывуюць Л. цыліндрычную, або мачальны гарбуз (L. cylindrica), і Л. граністую, або вострарабрыстую (L. acutangula). Стараж. культура (з 6 ст. да н.э.) Афрыкі, Індыі і Кітая.

Аднагадовыя травы з лазячымі сцёбламі. Лісце пераважна 5—7-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, аднадомныя, буйныя, жоўтыя ці белыя; тычынкавыя — у гронках, песцікавыя — адзіночныя. Плод падоўжана-цыліндрычны, даўж. 15—50 см (да 1 м), сухі, валакністы. Маладыя плады спажываюць у ежу, спелыя выкарыстоўваюць як мачалкі, для вырабу туфляў, капелюшоў, кошыкаў, ізаляцыйных матэрыялаў і інш. З насення атрымліваюць тэхн. алей. Харч., лек., тэхн. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХА ПАКАЁВАЯ (Musca domestica),

насякомае сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляецца падвід М.п. паўночная (M.d.domestica). Адзін з найб. пастаянных насельнікаў жылых і гасп. памяшканняў Пераносчык узбуджальнікаў кішачных інфекцый, поліяміэліту, яец гельмінтаў і інш.

Даўж. да 9 мм. Цела шэрае, укрыта валаскамі. У самца брушка чорнае з жаўтаватымі плямамі па баках. Лічынкі даўж. да 10 мм, жаўтавата-белыя, усёедныя, развіваюцца ў гнаі, кухонных адкідах і інш. Дарослыя кормяцца разнастайнымі цвёрдымі і вадкімі рэчывамі расл. і жывёльнага паходжання. Адкладвае да 150 яец за 1 раз, дае да 10 пакаленняў за год. Жыццёвы цыкл 10—45 сут.

А.​В.​Дзерункоў.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУ́НА, павіліца (Galium),

род кветкавых раслін сям. марэнавых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 14 відаў. Найб. вядомыя М.: пахучая, або дзярачка (G. odoratum), багнавая (G. uliginosum), балотная (G. palustre), барэальная (G. boreale), мяккая (G. mollugo), прыручайная (G. rivale), сапраўдная (G. verum), учэпістая (G. aparine). Трапляюцца на лугах, узлесках, сярод хмызняку, па берагах рэк.

Адна- і шматгадовыя травы, рэдка паўкусцікі. Сцёблы 4-гранныя або круглыя, шурпатыя ці гладкія. Лісце ў несапраўдных кальчаках (па 4—15), суцэльнае, з лісцепадобнымі прылісткамі. Кветкі дробныя, белыя, Жоўтыя, ружовыя ў канцавых мяцёлках або пазушных паўпарасоніках. Плод — арэшак. Лек., фарбавальныя, меданосныя расліны.

Маруна звычайная.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫТВО́РШЧЫКІ (Ptinidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у расл. і жывёльных рэштках, сухой драўніне. Актыўныя ноччу. Пры дакрананні здольныя заміраць — прытварацца мёртвымі (адсюль назва). На Беларусі 10 відаў. Найб. трапляецца П.-злодзей (Ptinus fur) — сінантропны від.

Даўж. да 5 мм. Цела акруглае ці прадаўгаватае, жаўтаватае, бурае або чырванаватае, бліскучае, зверху валасістае, з плямістым малюнкам. Вусікі доўгія, піла- або ніткападобныя. Ногі доўгія з 5-членікавымі лапкамі. Лічынкі белыя, чэрвепадобныя, выгнутыя. з выпуклай галавой, развітымі нагамі. Трапляюцца ў зерні, харч. запасах, футравых вырабах, гербарыях і інш.

С.​Л.​Максімава.

Прытворшчыкі: 1 — шаўкавісты; 2 — прытворшчык-злодзей (а — самка; б — самец).

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАСЛО́НІКІ, ілжэслонікі (Anthribidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 2,2 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць на травяністых раслінах, ствалах дрэў. На Беларусі 6 відаў, найб. трапляюцца П. вялікі, або слонік-пласкахобатнік (Platyrrhinns resinosus), і П. белаваты, або антрыб плямісты (Anthribus albinus).

Даўж. да 40 мм. Цела валікападобнае, галаватрубка кароткая, шырокая. Вусікі некаленчатыя, нітка- або пацеркападобныя. Ад слонікаў адрозніваюцца наяўнасцю верхняй губы і будовай вусікаў. Дарослыя жукі — драпежнікі (некат. лічынкі таксама), кормяцца шчытоўкамі, яйцамі артазід. Лічынкі кароткія, тоўстыя, белыя, з вял. галавой, кормяцца пераважна мёртвай, гнілой драўнінай лісцевых дрэў, некат. развіваюцца ў пладовых целах грыбоў-губ.

С.​Л.​Максімава.

Псеўдаслонікі: 1 — вялікі; 2 — белаваты.

т. 13, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Раст, мн. л. расты́, ’парастак’ (астрав., Жд. 1). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад расты́, параўн. расток, храсток (гл.). Сюды ж (калі гэта не запазычанне з украінскай) раст — “маленькія-маленькія, з галоўку шпількі, сінія, іншым часам белыя кветкі, вылазяць амаль адразу, як сыдзе снег” (Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 159). Параўн. укр. раст ’ключыкі, Primula veris L.; кураслеп, Anemona nemorosa L.’, макед. рас ’куст’, балг. раст ’дубчык’, ра́сте ’галінкі для тутавага шаўкапрада’. Параўн. таксама аналагічныя, але аддзеяслоўныя рус. дыял. раст ’лепшы час для росту зеляніны і пад.; для сенакосу, збору малака (на масла) і пад.’, ’маладая трава (на пашы)’, што, паводле БЕР, 6, 186, запазычаны са стараславянскай; а таксама славен. rȃst ’рост, расліннасць’, серб.-харв. ра̑ст ’расліна’, макед. раст ’рост’, ст.-слав. растъ ’рост, вырастанне’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі адпаведнікамі прасл. *orstъ < orsti, гл. рост, расці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРУ́ЧКА (Brassica napus rapifera),

двухгадовая караняплодная расліна роду капуста сям. капуставых. Пашырана ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі культывуюць кармавую і сталовую бручку.

У 1-ы год развіваецца разетка лісця і мясісты караняплод, на 2-і — кветаноснае сцябло і насенне. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках, плод — шматнасенны стручок. Караняплоды круглыя, авальныя, жоўтыя ці жоўта-белыя. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 120—130 сут. Вільгацелюбівая, холадаўстойлівая расліна (пераносіць замаразкі да -6...-8 °C). Добра расце на сугліністых і асушаных тарфяна-балотных глебах. Караняплоды маюць 10—16% сухіх рэчываў, 5—10% цукроў, карацін, аскарбінавую к-ту, мінер. рэчывы. Пашыраны сарты: Краснасельская (сталовы), Вышагародская палепшаная, Куузіку (кармавыя).

Бручка.

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЖА́НКА (Aruncus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, пераважна ў горных раёнах. Рэлікты трацічнай тургайскай флоры. На Беларусі ў зах. і цэнтр. раёнах трапляецца валжанка звычайная, або двухдомная (A. vulgaris). Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах. Рэдкі знікаючы від, занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, уведзены ў культуру.

Двухдомныя шматгадовыя травяністыя расліны або кусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м і тоўстым дравяністым карэнішчам. Лісце двойчы-, тройчыперыстае, пілавата-зубчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, белыя або крэмавыя, у коласападобных гронках, сабраных у буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — шматлістоўка. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.

Валжанка звычайная.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛУ́Й, бычок (Russula foetens),

шапкавы пласціністы грыб з роду сыраежка сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце асобна і групамі ў розных лясах (пераважна ў бярозавых і мяшаных). Пладовыя целы з’яўляюцца летам і ўвосень.

Шапка да 15 см у дыяметры, у маладых грыбоў амаль шарападобная, ліпкая, жаўтаватая, у спелых пукатая або плоска распасцёртая, жоўта-бурая, з бугрыста-рубчастым краем. Пласцінкі спачатку белыя, потым робяцца жаўтаватыя. Ножка тоўстая, белаватая, з пустотамі або пустая. Смак свежага валуя едкі, пах непрыемны. Нізкаякасны ядомы грыб. Спажываецца толькі солены і марынаваны (пасля вымочвання і адварвання). Па вонкавым выглядзе да яго крыху падобны неядомы валуй несапраўдны, або хрэнавы грыб.

Валуй.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)