Казёнка1 ’невялікая кадушка, па форме (часцей) — усечаны конус’, аб’ём — на пуд-два збажыны, з адным ці двума вушкамі; карыстаюцца, калі перасыпаюць, пераносяць збажыну’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, як і казёнка ’сякера, шуфлік’ да казённы. Не выключана, што тут выпадак іншага роду. Рус. гаворкі ведаюць слова казёнка ў розных значэннях. Галоўныя з іх: ’шафа, камора, склеп, памост, ляжанка каля печы, адгароджаная частка хаты, лавачка і інш.’. Звяртаюць на сябе ўвагу такія дэфініцыі, як наўг. ’лаўка каля печкі ў выглядзе скрынкі’, ніжнегар. ’закрытая лаўка як разнавіднасць скрыні каля ўвахода ў хату’, па якіх можна меркаваць, што натуральнае значэнне ’ёмішча’ магло пашырыцца такім чынам, што казёнкамі называлі розныя канструкцыі з дрэва для захоўвання прадуктаў. З апісання рэаліі відаць яе дапаможнае прызначэнне; магчыма, гэта і не перанос з казёнка ’емішча’, а назва на сумежнасці, функцыянальнай сувязі з казёнкай ’каморай’. Пярэчыць гэтаму той факт, што само бел. казёнка ў значэннях, адэкватных прыведзеным вышэй рус., не фіксуецца і толькі некаторыя з іх (’лавачка’, ’кухня’, ’ляжанка’) ведаюць гаворкі, суседнія з беларускімі.

Казёнка2 ’сякера заводскага выпуску’ (Жд. 3; Янк. 2), ’шуфлік’ (Мат. Гом.). Утворана аналагічна рус. курск. казёнка ’казённая кватэра’ з выразаў казённая сякера і г. д. Семантычны кандэнсат з тыповай ‑к‑ суфіксацыяй. Параўн.: наступнае слова. Паколькі адпаведнікі не адшукваюцца, можна лічыць параўнальна познімі рэгіянальнымі дэрыватамі, што выцякае і з характару рэаліі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пералёт1 (піралёт) ’белая канюшына’ (міёр., Жыв. НС), ’расліна Anthyllis vulneraria L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1; барыс., КЭС; Шат.); пералёт, пералот ’чарнакорань прысадзісты, Scorzonera humilis L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1); пералётнік жоўты ’пералёт, Anthyllis L.’, пералётнік чырвоны, гродз. пржалетнік (канюшына, Trifolium alpestre L.’, пражалот (< ⁺пржалёт < польск. przelot) ’канюшына горная, Trifolium montanum L.’ (брэсц., гродз., Кіс.), пералётны, паст. пералёт ’пералёт’ (навагр., паст., Сл. ПЗБ). Укр. переліт, перелет ’тс’, рус. дыял. (Літва) переле́т ’лекавая расліна (?)’: перелетом детей курют, когда спужаются (СРНТ, 26), польск. przelot ’тс’. Назва расліны звязана з хваробай пералёк (гл. папярэдняе слова). Так у рус. гаворках перелёт — ’расліна’ і ’перапалох’ (СРНГ, 26, 141–142). На беларускай тэрыторыі пералёт таксама выкарыстоўваецца як лекавы сродак ад спалоху і ад сурокаў, як і на чэшскай, дзе ён называецца úročnik (яшчэ ст.-чэшск.), валаш. úročka, uročnica. У даўніну яму надавалася вялікае магічнае значэнне: яго рвалі ў купальскую ноч (Махэк, Jména, 121–122). Параўн. рус. перелёт‑трава — яе шукаюць на шчасце і ўдачу ў ноч перад Іванам–Купалай; трава гэтай — казкавая, кветка яе вясёлкавая, вогненная, пералятае матыльком і паказвае дарогу да скарбаў у зямлі, апошняе і дапамагло лексеме аформіцца як вытворнай ад пералётваць, пералятаць (Фасмер, 3, 238).

Пералёт2 ’прамежак паміж гадавымі кольцамі на рогах каровы’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да пера- са значэннем ’ахоп дзеяннем пэўнай прасторы’ і ле́та ’год’, ле́таваць ’жыць на працягу лета’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабі́навая ноч ’летняя ноч з громам, маланкай, дажджом’ (ТСБМ), ’навальнічная ноч у канцы лета’ (Ян.), рабі́нная ноч ’тс’ (Мат. Гом.), рабі́нова (рабі́на) ноч ’тс’ (ТС), укр. гороби́на ніч ’ноч з моцнай навальніцай’, рус. дыял. ряби́новая ночь, араби́новая ночь ’душная летняя ноч з зарніцамі’, ’навальнічная ноч’. Выраз вядомы толькі ўсходнім славянам. Упершыню засведчаны ў спісах XV ст. “Аповесці мінулых гадоў” як рѩбинаѩ ночь: И бывши нощи рябинои, быстъ тма, и гром шибаше и дождь. Німчук лічыць, што першы член выраза — гэта прыналежны прыметнік ад стараж.-рус. (о)рябъ, (о)рябь (< прасл. *rębъ ’курапатка’), гл. рабчык, які з цягам часу перастаў суадносіцца з назвай птушкі і быў рээтымалагізаваны шляхам збліжэння са словам рабіна або верабей (Німчук, Давньорус., 161–163). Малаверагоднай падаецца версія Даля пра сувязь з назвай дрэва (гл. рабіна), бо ў гэты час цвіце рабіна (Даль₃, 1775–1776). Па меркаванні іншых навукоўцаў назва звязана з рабы́ і роднаснымі і.-е. назвамі колеру і матывавана ўяўленнямі пра “рабую, стракатую” ад успыхваючых маланак у летнюю ноч (Брукнер, 451; Агапкина, Топорков, СіБФ, 1989, 230–253; Фінкель, ВЯ, 1956, 4, 92). Можна прапанаваць версію аб балтыйскім паходжанні назвы, параўн. літ. rabė́ti, rãbinti ’стукаць, грукатаць’, лат. grabinãt ’стукаць, удараць’, rībināt ’грукатаць (пра гром)’. Агляд версій гл. Фасмер, 3, 535; Будзішэўска, SOr, 39, 3–4, 275; Жураўлёў, Язык и миф, 522–524; Слав. др., 1, 433–434.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свірэ́па1, свірэ́пка ‘пустазелле, палявая шматгадовая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі, часцей за ўсё Barbarea vulgaris R. Br.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 1; Пятк. 1, ПСл, Растарг., Кіс.), свярэ́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свырі́па ‘тс’ (Клім.), свіро́па ‘тс’ (ТС; ПСл; мазыр., Жыв. сл.), ‘рэдзька палявая, Raphanus raphanistrum L.’ (Кіс., Касп., Дэмб. 1), ‘гарчыца палявая, Brassica napus arvensis L.’ (Бейл.), свырі́па ‘варыва з лебяды’ (кобр., Нар. лекс.), свіры́па ‘старасцень, Senecio erucifolius L.’ (Меер Крыч.), свірэ́піца ‘пустазелле’ (Гарэц., Сл. ПЗБ). Рус. свире́па, свире́пка ‘абагульняючая назва цэлай групы крыжакветных раслін’, укр. свирі́па, польск. świerzop, świerzopa ‘тс’, чэш. svěřep, ‑a ‘пустазелле рода Branus i Fectuca і пад.’, серб.-харв. sverepek ‘расліны рода Fectuca, Aegilops’. Прасл. *svěrepъ/‑a ‘пустазелле’, субстантываваная форма прым. *sverěpъ ‘люты’, ‘дзікі, палявы’ (Мяркулава, Очерки, 75–78; Новое в рус. этим., 229); гл. свірэпы.

Свірэ́па2, ст.-бел. свирепа, сверепа ‘кабыла’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж свирепий ‘конскі’, свирепье стадо ‘табун’ (там жа). З ст.-польск. świerzepa ‘кабыла’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), што звязваюць з наступным словам (Фасмер, 3, 580). Зрэшты, запазычанне магло быць і ў адваротным кірунку, параўн. свірэп ‘неаб’езджаная кабыла’ са «Слоўніка менш зразумелых беларускіх слоў» В. Каратынскага (гл. Мальдзіс, І ажываюць спадчыны старонкі, Мн., 1994, 71). Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), слова з першасным значэннем ‘маладая неаб’езджаная жаробка’ супрацьпастаўлялася кабыле і клячы як аб’езджаным і рабочым жывёлінам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́я1 ‘чарада птушак’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘касяк рыб’ (Сцяшк.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 584), з рус. стая́ ‘тс’, што патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. ста́я ‘загарадка ў хляве, дзе стаяць коні’ (брэсц., Нар. сл.), ста́я, ста́і ‘загон’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *staja; параўн. таксама ўкр. ста́я ‘курэнь пастухоў; загон; рад сціртаў сена’, рус. ‘хлеў; адрына, загон’, стараж.-рус. стая ‘хлеў’, ‘прыстанішча; ложак; шацёр’, чэш. stáj, stáje ‘стойла’, серб.-харв. ста̏ја ‘стойла; загон’, славен. stája ‘хаціна пастухоў; прыстанішча’, балг. ста́я ‘пакой’, макед. стаја ‘канюшня’. Да стаць, стаяць, першаснае значэнне ‘стойла; месца, дзе стаіць жывёла’, ‘стаянка’. Гл. Фасмер, 3, 749; Махэк₂, 574; Сной₁, 603; гл. спецыяльна Лучыц–Федарэц, Лекс. Палесся, 193–194. Трубачоў (Этногенез₂, 212) лічыць кур’ёзным, аднак цалкам рэальным, што назва “рухлівай” групы жывёл утворана ад і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Няма падстаў разглядаць як магчымы субстратны балтызм рус. падмаск. ста́йка ‘хлеў’ (Тапароў, Балтийские яз., 46), параўн. Анікін, Опыт, 283.

Ста́я2 ‘парода, гатунак’ (Бяльк.). Відаць, да стая1 (< ‘з адной стаі, з аднаго гнязда’).

Ста́я3 ‘загон, участак зямлі’ (іўеў., трак., воран., шальч., беласт., Сл. ПЗБ), ‘мера даўжыні ў 100 м’ (Сцяшк.), ст.-бел. стая ‘мера даўжыні, роўная прыблізна 80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. ста́я ‘дзялянка зямлі, загон’, польск. staja ‘пэўная мера даўжыні поля’. Прасл. *staja ‘постаць; паласа поля, занятая пры апрацоўцы’, што да *stati, гл. стаць. Параўн. ЕСУМ, 5, 403.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́бка1 ’бабуля, старая жанчына’. Рус., укр. ба́бка, польск. babka, чэш. babka, bábka, балг. ба́бка і г. д. Прасл. babъka, памяншальнае ад baba (гл. ба́ба1), якое, відаць, ужывалася і як самастойнае слова і дало шмат вытворных (гл. ніжэй). Паралельна існавала і прасл. babica, якое захавалася ў паўдн.-слав. мовах (серб.-харв. ба̏бица) і як рэлікты ва ўсх.-слав. (укр. ба́биця, рус. ба́бица); у зах.-слав. мовах babica здаўна страціла памяншальнасць (ст.-чэш. babice толькі павітуха’; польск. babica таксама з іншым значэннем; з другаснымі значэннямі babica ёсць ва ўсіх слав. мовах). Аб гісторыі слав. тыпаў памяншальных на ‑ъka і ‑ica гл. Бошкавіч, Развитак, 78 і далей.

Ба́бка2 ’парадзіха, што ляжыць у пасцелі’ (Шн.). Бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба, ба́бка ’жанчына, бабуля, павітуха’. У аснове называння, напэўна, нейкая табуістычная забарона.

Ба́бка3 ’расліна Plantago L., трыпутнік’ (Нас., Бяльк., Кіс.; ужо ў Бярынды, 134: тро́скотъ… подоро́жникъ, ѧзичокъ, ба́бка). Укр. ба́бка, рус. ба́бка (Кохман, Kontakty, 61, лічыць, што ў рус. мове ба́бка ’Plantago’ распаўсюдзілася праз бел.-укр. пісьмовую мову, параўн. слабае пашырэнне гэтага слова ў рус. гаворках, гл. СРНГ, 2, 21), польск. babka, чэш. babka, славац. babka (гл. Грэгар, SSlav., 5, 139). Слав. babъka, baba ’Plantago’. Анышкевіч (Лік.) знаходзіць сувязь з *baba ’жанчына’: або па форме лісця расліны або па яе лячэбных уласцівасцях (параўн. baba знахарка’; апошнюю версію падтрымліваюць таксама Махэк, Jména rostl., 218, і Будзішэўска, Słown., 241). Параўн. бабін цвет.

Ба́бка4 ’грыб Boletus scaber, падбярозавік’ (Касп., Шат., Інстр. II). Укр. ба́бкапалес. валын. гаворках, таксама ст.-укр., гл. Шыла, Праці, XI, 199), рус. ба́бка (смал., гл. Мяркулава, Очерки, 177), польск. babka, babianka. Грыб названы так таму, што хутка старэе, робіцца мяккім (гл. Шыла, Праці, XI, 296; аналагічна Мяркулава, Очерки, 177, якая да гэтага прымае бел. і ўкр. уплыў на рус. мову). Параўн. таксама Махэк₂, 40.

Ба́бка5 ’сталёвая падстаўка, абушок, на якім клепюць касу’ (Нас., Касп., Шат., Бяльк., параўн. таксама Жд.). Рус. ба́бка, укр. ба́бка ’тс’ (ёсць і ў іншых слав. мовах, параўн., напр., чэш. babka, польск. babka ’тс’). Паводле Шулана, SSlav., 5, 159, славянскае ўтварэнне ад *baba, *babъka ’жанчына, бабуля’ (паводле падабенства да фігуры тоўстай бабы).

Ба́бка6 ’чыгунная балванка для забівання паляў’ (Бяльк.). Таго ж паходжання, што і ба́ба ’прылада забіваць палі’ (да baba, babъka ’жанчына’, гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165, або асобай прасл. асновы. *bab‑, гл. пад баб-).

Ба́бка7 ’прылада гнуць дугі або палазы’ (Бяльк.). Як і іншыя назвы прылад і прадметаў, магчыма, да babъka ’баба, старая жанчына’ (параўн. іншыя назоўнікі на ба́ба, ба́бка). Аб магчымай матывацыі падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. і Махэк₂, 39–40; Брукнер, 9.

Ба́бка8 ’матыль, мятлік’ (Дразд.), ’лятаючыя насякомыя’ (Маш.). Рус. ба́бка ’матыль (таксама і іншыя насякомыя)’, укр. бабки ’матылі’. Для абазначэння насякомых гэта слова сустракаецца ў розных слав. мовах (падрабязна гл. Важны, O jménech, 86–87). Адносна магчымай матывацыі гл. ба́бачка. Але не выключаецца, што тут была і іншая матывацыя (параўн. пад ба́бка страказа’).

Ба́бка9 ’страказа’ (Шат., Бяльк., Жд., Інстр. II, Інстр. лекс.). Укр. бабка ’страказа’. У іншых слав. мовах babъka азначае розных насякомых (гл. пад ба́бачка, ба́бка ’матыль’). Ба́бка ’страказа’ наўрад ці мае тую ж матывацыю, што і ба́бачка, ба́бка ’матыль’. Хутчэй за ўсё па форме (страказа мае тоненькае тулава і вялікую галаву з вялікімі вачамі) ад ба́ба ’жанчына’ ці асновы баб- (гл.). Будзішэўска (Słown., 315) памылкова сцвярджае, што слова ба́бка ’страказа’ ў бел. мове няма.

Ба́бка10 ’косць нагі, сустаў (у жывёл)’. Ёсць і ў іншых слав. мовах: рус. бабка, укр. бабка ’тс’. Да ба́ба1 (гл.) або да асобай прасл. асновы bab‑ (гл. Попавіч, ЈФ, 19, 159–171). Аб сувязі з ба́ба, ба́бка ’жанчына’ падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 5.

Ба́бка11 ’карэнны зуб’ (Бяльк.). Мабыць, новаўтварэнне на абмежаванай тэрыторыі (ёсць яшчэ ў рус. мове: ба́бка ’карэнны задні зуб’, зах. і паўд.). Для матывацыі параўн. ба́бка ’костка нагі, сустаў’, ’невялікае кавадла’. Назва, напэўна, дадзена па форме зуба.

Ба́бка12 ’куліч, баба’ (БРС), ’салодкі пшанічны хлеб, які мае форму куліча’ (Сцяц., Нар.). Таго ж паходжання, што і ба́ба ’від ежы’ (гл.). Утварэнне, відаць, ад прасл. babъka, якое выступала паралельна да baba.

Ба́бка13 ’род ежы з дранай бульбы’ (БРС, Шат., Касп., Сцяшк., Лысенка, ССП, Малчанава, Мат. культ., Сцяц., Нар.). Таго ж паходжання, што і ба́ба, ба́бка ’від ежы’. Сцяц. (Нар., 34) лічыць, што бульбяная страва атрымала сваю назву ад хлебнага вырабу на аснове агульнасці формы.

Ба́бка14 ’ўкладка з 5, 10 або 15 снапоў’ (Нас., Касп., Шат., Бяльк., Лысенка, ССП, Выг. дыс., ДАБМ, 874). Рус. ба́ба, ба́бка ’тс’. Магчыма, да ба́ба, ба́бка ’жанчына’ (метафарычна «вялікія, круглыя прадметы»). Аб матывацыі падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Аднак не выключаецца, што ёсць сувязь з (а)ба́бак ’ахапак ільну, мэндлік’, г. зн. аддзеяслоўнае паходжанне слова (гл. ба́бак).

Ба́бка15 ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (палес., Выг. дыс.). Утварэнне, не вельмі зразумелае з семантычнага боку. Аднак, бясспрэчна, ёсць сувязь з назвамі розных прадметаў, утвораных ад ба́ба, ба́бка ’старая жанчына’ або ад асновы баб- (гл.). Хутчэй за ўсё назва, перанесеная па функцыі з нейкага іншага прадмета. Можа, спачатку ’пяцелька’ (’круглае’)? Параўн. рус. ба́бка ’пяцелька, засцежка’.

Ба́бка16 ’частка прыпеку, куды выграбаюць попел, вуголле’ (Інстр. I). Сувязь з ба́бка, што азначае розныя прадметы, бясспрэчна, але семантычная матывацыя застаецца няяснай. Падобныя назвы ёсць і ў іншых славян. Параўн. рус. ба́бка ’месца на прыпеку рускай печы, куды выграбаюць гарачае вуголле’, бабу́рка ’тс’, польск. babica, babka ’частка печы’, baba ’адтуліна ў прыпечку для вуголля’.

Ба́бка17 ’расліна Polygonum bistorta L., драсён змяіны’ (Кіс.), іншая яго назва багародзічнік. Параўн. таксама гарчак бабʼі ’Polygonum hydropiper L.’ (Кіс.). Матывацыя назвы няясная. Магчыма, ад пірамідальнай формы.

Ба́бка18 ’ёрш, Acerina cernua’ (Маш.). Параўн. іншыя назвы рыб: баба-рыба, бабу́р, бабура, бачурка. Здаецца, на ярша назва была перанесеная з іншай, галавастай рыбы (падкаменшчыка?). Аб матывах перанясення гл. думку А. А. Крывіцкага (пад бабу́р).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАТЛЕ́ЙКА, бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос),

бел. нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).

Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.​Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв. асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).

Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар. т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.​Ліс і А.​Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.​Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж. т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).

Літ.:

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;

Народны тэатр. Мн., 1983.

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Батлейка. Ельнінскі вяртэп і яго лялькі. 18 — пач. 19 ст.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛІ,

горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн. ж., з прыгарадамі 8,4 млн. ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр. ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс. ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.

Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.

У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.​Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.​Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.​Гандзі, Дж.​Нэру і інш.

Літ.:

Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.

Да арт. Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.
Да арт. Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.

т. 6, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЯ ВАЙНА́ 1853—56,

Усходняя вайна, вайна паміж Расіяй і Турцыяй (з лют. 1854 на баку апошняй ваявалі таксама Вялікабрытанія, Францыя, з 1855 і Сардзінскае каралеўства) за панаванне на Б. Усходзе. Асн. баі праходзілі ў раёне Крымскага п-ва (адсюль назва), Закаўказзя і Чорнага м., дапаможныя — на Балтыйскім і Белым морах, Д. Усходзе. Выцесненая Вялікабрытаніяй і Францыяй з рынкаў Б. Усходу, Рас. імперыя імкнулася аднавіць тут свае пазіцыі, узяць пад кантроль чарнаморскія пралівы і Балканы. Вялікабрытанія і Францыя намагаліся захапіць Крым, Каўказ і інш. Зачэпкай да вайны сталі спрэчкі правасл. і каталіцкай цэркваў за святыя мясціны ў Палесціне і адмова ўлад Асманскай імперыі дазволіць мець апеку над яе правасл. жыхарамі Расіі. Пасля акупацыі рас. войскамі падвасальных Турцыі княстваў Малдовы і Валахіі Турцыя 16.10.1853 абвясціла Расіі вайну. Пры спробе тур. войск прарвацца да Тыфліса яны былі разбіты рас. корпусам ген.

В.​О.​Бебутава ў бітве пры Башкадыклары (1.12.1853) і ў інш. месцах, а іх флот пацярпеў паражэнне ў Сінопскай бітве 1853. 4.1.1854 эскадры Вялікабрытаніі і Францыі ўвайшлі ў Чорнае м., 21.2.1854 Расія абвясціла гэтым краінам вайну. Супраць 700 тыс. рас. вайскоўцаў дзейнічалі каля 1 млн. саюзнікаў, якія былі лепш аснашчаны тэхнічна. У крас. 1854 саюзныя эскадры бамбардзіравалі Адэсу. Перад пагрозай уступлення ў вайну Аўстрыі Расія вывела войскі з Малдовы і Валахіі. 14.9.1854 брыт., франц. і тур. войскі высадзіліся ў Крыме каля г. Еўпаторыя, 20.9.1854 на р. Альма разбілі рас. армію пад камандаваннем А.​С.​Меншыкава і разгарнулі наступленне на Севастопаль. Пачалася Севастопальская абарона 1854—55. Рас. войскі 25.10.1854 няўдала атакавалі брыт.-тур. базу ў Балаклаве, 5.11.1854 пацярпелі паражэнне каля Інкермана. Спробы саюзнікаў захапіць Салавецкія а-вы ў Белым м. (18—19.7.1854) і г. Петрапаўлаўск-Камчацкі (30.8—5.9.1854) былі адбіты рас. гарнізонамі. 16.8.1854 брыт.-франц. флот авалодаў рас. крэпасцю Бамарзунд на Аландскіх а-вах у Балтыйскім м. На Чарнаморскім узбярэжжы саюзнікі занялі гарады Севастопаль (8.9.1855), Керч, Енікале, Анапа, Кінбурн. У Закаўказзі рас. войскі (галоўнакаманд. М.М.Мураўёў) захапілі тур. крэпасць Карс (28.11.1855), прасунуліся да г. Эрзурум і пагражалі прарывам у М. Азію, што паскорыла завяршэнне вайны і заключэнне Парыжскага мірнага дагавора 1856. К.в. выявіла ваен.-тэхн. адсталасць Расіі, абумоўленую панаваннем прыгонніцкіх адносін, выклікала абуджэнне грамадскай думкі і наблізіла правядзенне ліберальных рэформ, у т. л. Сялянскай рэформы 1861.

Літ.:

Тарле Е.В. Крымская война. Т. 1—2. 2 изд. М., 1950;

Русский Север и Россия в годы Крымской войны (1853—1856 гг.): Сб. ст. Вологда, 1979;

Пономарев В.Н. Крымская война и русско-американские отношения. М., 1993;

Крымская война. 1853—1856: (неизвестные страницы) // Родина. 1995. № 3—4.

Да арт. Крымская вайна 1853—56. Адпраўка англа-французскіх вайскоўцаў У Керч. Гравюра Сімпсана. 1856.

т. 8, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)