Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjka ‘від галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац. ⁺соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́цень (тру́цінь, тру́цянь, тру́тэнь) ‘самец у пчалінай сям’і’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Бес., ТС, Сержп. Грам., Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.) і пераноснае ‘гультай’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Пятк. 2, Сцяшк.), ст.-бел. трутень ‘пчаліны самец’. Укр. тру́тень, трут, рус. тру́тень ‘самец пчол’, ‘дармаед, паразіт’, польск. truteń, старое trucień, таксама дыял. trudeń, tręteń ‘тс’, trętnie ‘трутні’; з XV ст. ст.-польск. trąd/trąt/tręt/trut ‘труцень’, каш. trǫd і tron , н.-луж. tšut, в.-луж. truta, чэш. trubec, ст.-чэш. trúp, мар. trút, truť ‘тс’, trout ‘шкодныя насякомыя на капусце’, славац. trúd, otrôt і trubec, славен. trôt, харв. trût ‘труцень’, trūtanj ‘чмель’; серб. тру̂т, макед. трут ‘труцень’, балг. тъ́ртей (параўн. у Бярынды: трꙋтій: трꙋтень), серб.-ц.-слав. троуть ‘аса, чмель’. Прасл. *trǫtъ (дыял. *trǫtъnjь ‘труцень’), роднаснае літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ (Фасмер, 4, 111), якія з індаеўрапейскай гукапераймальнай асновы *tren‑, звонкі варыянт *dren‑: ‘гусці, гудзець’, ‘шумець, звінець’, адсюль ст.-в.-ням. treno, с.-в.-ням. trëne, ст.-англ.-сакс. drān, drǣn, англ. drone, ням. Drohne ‘труцень’, гоц. drunjus ‘гук’, ст.-грэч. υρωναξ, ‘шэршань’, τεν‑υπήνη ‘сляпні, дзікія пчолы’, υρηνος ‘элегія’ (Сной₂, 788). Паводле ЕСУМ (5, 660), Каруліса (2, 420) і Борыся (645), звонкі варыянт падаецца як *d​hren‑. Паводле Махэка₂ (654), не ясна, як выглядала праславянская форма: *trǫtъ ці trǫdъ. Ён ставіць пад сумненне першапачатковасць літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ і дапускае, што яны маглі быць запазычаны з нямецкай мовы. Прынамсі, Мюленбах-Эндзелін (1, 489) мяркуюць, што дыялектныя латышскія формы з d‑ (drans, dranis ‘тс’), хутчэй за ўсё, запазычаны з с.-ням. drane або сугучныя з ім. Калі меркаваць, што праславянская форма *trǫdъ, то фанетычна ёй адпавядаюць літ. trandìs і trandė ‘моль’. Аднак не выключае, што гэта форма другасная, якая ўзнікла ў выніку збліжэння з *trǫdъназва хваробы; губа’ (Борысь, 646) або фанетычным шляхам, параўн. палес. тру́дні мн. л. (Арх. Вяр.). Меркаванні пра зыходны паралелізм формаў слова гл. SEK, 5, 175.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус. рай, польск., в.-луж., н.-луж. raj, чэш. ráj, славац. raj, славен. ràj, серб.-харв. pȃj, балг. рай, макед. paj, ст.-слав. рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ. rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл. *rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав. *rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч. παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав. *rajь з авест. rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд. rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав. *rajь з інд.-іран. rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е. roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав. рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест. źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд. jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл. *iroi‑ (параўн. і.-е. *erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр. вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр. обрій ’гарызонт’, рус. дыял. ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус. ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск. wyraj ’тс’, польск. iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел. вір ’вір, вадаварот’, рус. вир, выр ’тс’, славен. ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен. rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус. дыял. вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус. дыял. райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус. проводить в последний путь, рус. дыял. птичья дороганазва Млечнага шляху’, славен. večna pot, bogova cestaназва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, ням. Rain ’мяжа’, швед. ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл. *radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.

Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк. ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап. рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус. паўдн. раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран. rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).

Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус. уладз., раз. рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цэнтр, ‑а, м.

1. Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.

2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы. Бядуля. Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера. Шамякін. // Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані. Колас. Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык. Васілевіч.

3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы. «Звязда». // перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты. Бугаёў. — Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч. Рамановіч. // Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група. Скрыган.

4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.

5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай. Калачынскі. // У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр». «Маладосць».

6. Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.

7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота». Ленін.

8. Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.

•••

Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.

Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.

Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.

Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.

(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.

[Лац. centrum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́НА (Wien),

горад, сталіца Аўстрыі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Аўстрыя; самастойная адм. адзінка. Размешчана на р. Дунай, каля падножжа адгор’я Усх. Альпаў — горнага масіву Венскага Лесу. 1540 тыс. ж. (1991). Адзін з найб. трансп. вузлоў Еўропы. Рачны порт на Дунаі. Міжнар. аэрапорт Швехат. Гал. прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. У Вене — больш за ⅓ прамысл. вытв-сці Аўстрыі. Вядучыя галіны: машынабудаванне (эл.-тэхн. і трансп., вытв-сць прамысл. абсталявання і с.-г. машын), радыёэлектроніка, дакладная механіка і оптыка, прылада- і станкабудаванне, хім., швейная, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Развіта таксама нафтахімія, якая з’яўляецца базай для вытв-сці фотахім., фармацэўтычных і інш. тонкахім. вырабаў. Вытв-сць на экспарт моднага адзення, трыкатажу, капелюшоў, мадэльнага абутку, элегантнай мэблі, муз. інструментаў, цацак і інш. Метрапалітэн. Міжнар. цэнтр ААН (ЮНІДА, МАГАТЭ і інш.). Цэнтр міжнар. турызму.

У 1 ст. н.э. на месцы Вены размяшчаўся лагер рым. легіянераў Віндабон. У 11—12 ст. узнік горад (назва Вена ўпершыню згадваецца ў 881). З 12 ст. рэзідэнцыя аўстр. герцагаў Бабенбергаў. У 1221 атрымала гар. самакіраванне. З 1282 рэзідэнцыя Габсбургаў. У 1365 засн. Венскі універсітэт. З 1469 рэзідэнцыя біскупаў (з 1722 архібіскупаў). У 1529 і 1683 горад вытрымаў аблогі туркаў. Месца заключэння міжнар. дагавораў і трактатаў (1515, 1738, 1809, 1864, 1866). З 2-й пал. 18 ст. адзін з гал. еўрап. цэнтраў культуры і мастацтва. У 1-й пал. 19 ст. значнае развіццё атрымала прам-сць (асабліва выраб фарфору). У 1805—06 і 1809 захоплена войскамі Напалеона I. Месца правядзення Венскага кангрэса 1814—15. У рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі Вена — цэнтр рэв. барацьбы. У 1867—1918 сталіца Аўстра-Венгрыі, з 1918 — Аўстр. рэспублікі. У 1938 у Вену

ўведзены ням. войскі (гл. Аншлюс). Вызвалена ў ходзе Венскай аперацыі 1945, падзелена на сав., амер., англ. і франц. акупац. сектары. У Вене падпісаны дзярж. дагавор 1955 паміж Аўстрыяй і СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй аб суверэннасці Аўстрыі; месца заключэння міжнар. канвенцый (Венскія канвенцыі 1961, 1963, 1969). У Вене размешчаны Аддзяленне і спецыялізаваныя ўстановы ААН.

Адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Большая ч. горада размешчана на правым беразе Дуная, паміж ім і адгор’ямі Усх. Альпаў (Венскі Лес). Гіст. ядро Вены — Стары, або Унутраны, горад, абкружаны 2 паўкольцамі бульвараў (Рынгштрасэ, 1856—88, на месцы гар. сцен 13—16 ст., і Гюртэль, 1894), захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку, вузкія крывыя вулачкі. Гатычныя сабор св. Стэфана (1304—1454) з паўд. вежай (выш. 136 м) і царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ (1330—1414); б. рэзідэнцыя Габсбургаў — Гофбург («Швейцарскія вароты», 1552; «Стары Гофбург», цяпер Нац. б-ка, 1723—25, арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах; «Новы Гофбург», 1881—1913, арх. Г.​Земпер, К.​Газенаўэр); барочныя палацы, нярэдка з тэраснымі паркамі, — Яўгена Савойскага (1695—1724, арх. Фішэр фон Эрлах, І.​Л.​Гільдэбрант), Даўн-Кінскі (1713—16), Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22) Бельведэр (арх. Гільдэбрант), барочная царква св. Карла Барамея (1716—39, арх. Фішэр фон Эрлах) і інш. За Гюртэлем палац і парк Шонбрун (1695—1749, арх. Фішэр фон Эрлах, Н.​Пакасі). Парадная забудова Рынгштрасэ ў духу эклектызму і гіст. стыляў — Опера (1861—69), парламент (1873—83, неакласіцызм), ратуша (1872—83, неаготыка); «Бургтэатр» (1874—88, арх. Земпер, Газенаўэр), «Венскі Сецэсіён» (1897—98, арх. І.​Ольбрых) і бальніца Штайнгоф (1904—07, арх. О.​Вагнер) — у духу «югендстылю», дом на Міхаэлерплац (1910, арх. А.​Лоз), Зах. Вакзал (1950—54), вышынны будынак Рынгтурм (1953—55), універсальная зала Штатгале (1955—58), пабудовы Садовай выстаўкі 1964 і інш.

У Вене універсітэт, АН, Вышэйшая тэхн. школа, Ін-т сусв. гандлю, Акадэмія выяўл. мастацтваў і інш. Нац. б-ка. Музеі: прыродазнаўча-гіст., мастацка-гіст., графічны збор Альберціна, Аўстрыйская галерэя, збор Акадэміі выяўл. мастацтваў, Этнагр. музей, Гіст. музей г. Вена, Музей 20 ст., дамы-музеі Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта, І.​Штрауса. Тэатры: Венская дзяржаўная опера, «Фольксопер», «Бургтэатр» і інш.

Вена. Ратуша.
Да арт. Вена. Царква св. Карла Барамея. Арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах. 1716—39.
Да арт. Вена. Помнік прынцу Яўгену Савойскаму перад будынкам «Новага Гофбурга».

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,

тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс. км². Нас. 260 тыс. чал. (1993). Адм.ц. — г. Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд. т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.

Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км². У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.

Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс. ж. (1990).

Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп. Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрытанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб. Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.​Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.

Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач. ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс. км, у т. л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач. ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРУСАЛІ́М (стараж.-яўр. Іерушалаім, араб. Аль-Кудс),

горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м. Зах. ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх. ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс. ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.

Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э.Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц. брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст. адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст. адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.

У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах. ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.​Рэзнік, Э.​Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.​Нейфельд, 12 вітражоў М.​Шагала), Кнесет (арх. Д.​Кармі, І.​Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.​Кенэдзі (абодва 1966) і інш. Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Да арт. Іерусалім. М.​Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».
Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.
Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.
Мемарыял Дж.​Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.

т. 7, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМО́Е КІНО́,

умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.

Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.​Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.​Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.​Лост і У.​Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл. Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.​Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.​Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.​Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.​Эйэенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.​Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.​Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж Р.​Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.​Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.​Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл. Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.​Пікфард, Л.​Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.​Халодная ў Расіі, Г.​Гарба ў ЗША, «вамп» — А.​Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.​Валентына, Г.​Лойд, Д.​Фэрбенкс у ЗША, І.​Мазжухін, А.​Ктораў у Расіі, комікі — Б.​Кітан у ЗША, М.​Ліндэр у Францыі і інш. Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.​Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.​Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.​Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.​Т.​Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.​Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.​Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).

На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.​Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел. маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.​Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.​Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.​Малчанаў) і інш. Фільм У.​Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.​Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.​Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г. бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.​Бахар і П.​Малчанаў).

Літ.:

История белорусского кино. Мн., 1969;

Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр. М., 1981.

В.​Ф.​Нячай.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рапу́ха ’вялікая палявая жаба з бугрыстай скурай шэрага або зялёнага колеру’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Гом., Сцяшк., ЛА, 1), ’жаба, Bufo vulgaris’ (Касп.), рапу́га ’земляная жаба’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), рыпу́га, рапо́ха ’тс’ (Сл. ПЗБ), ро́пуха ’жаба з жоўтым падбрушшам’ (ТС), рабу́ха, храпу́ха ’тс’ (ЛА, 1), рапэ́ся ’жаба’ (круп., Макар.); у большасці гаворак выступае ў значэннях ’неахайная жанчына’, ’жанчына, што мае пачварны твар пасля воспы’. Параўн. укр. ро́пуха, ряпу́ха, ро́павка ’жаба’, рус. дыял. ропу́ха, польск. ropuchay chropucha ’тс’, каш. ropucha ’авечая вош’, чэш. ropucha ’жаба’ (з польск.), славац. ropucha, repucha ’тс’, в.-луж. ropucha ’вадзяны хрэн’. Старажытная арэальная назва, метафарычна перанесеная пазней на іншыя асобы, прадметы або з’явы на вобразнай аснове (з-за няроўнай барадаўчатай скуры, непрыемнага выгляду, надутасці і пад.), параўн. ESSJ, Ukaz. čislo, 89–92 (з аглядам версій). Насовіч адзначае, што рапуха гукапераймальнае ад крыку жаб, што нельга выключыць, улічыўшы пастаянны прызнак, што вылучаецца ў народнай мове, параўн. скверэцца як рапуха (Сержп. Прык.), і наяўнасць анаматапеічнай варыянтнай базы *rep‑, *rop‑ (гл. Шустар-Шэўц, 2, 1236). Брукнер (463, гл. таксама Трубачоў у Фасмера, 3, 503; ЭССЯ, 8, 82; 11, 90) узводзіць да *chropucha ад шурпатай, “храпаватай” скуры, да гэтага польск. дыял. rapaty ’шурпаты, шорсткі’ і rupić ’рабіцца няроўным, шурпатым, (пра твар) бугрыстым, васпаватым’, серб. рапав, храпав ’бугрысты, шурпаты’, што суадносяць з літ. rùpti ’рабіцца шурпатым’. Фасмер (3, 503) схіляецца да сувязі з рапа́ ’бруд, падобны на гной’ (гл.), што суадносіцца з іншай назвай земляная жаба, ралейная жаба ’жаба, што сядзіць у зямлі, глеі, рапе’. Адносіны славянскіх назваў да літ. rùpuże ’жаба’ застаюцца няяснымі, аднак пераважае думка пра незалежныя ўтварэнні, параўн. Анікін, Опыт, 263, дзе запазычанне дапускаецца толькі для формы рус., бел. рапу́га (< літ. rapūga ’жаба’). Беларускі ўплыў мяркуецца для літ. rapùkas ’жаба з чырвоным жыватом’. Элемент ‑пуга ў складзе назвы можа звязвацца са значэннем ’дуць, надувацца’, параўн. харв. žaba puhača ’рапуха’ (= žaba krastača), якое Скок (3, 69, 77) атаясамлівае з іншай назвай — pugȁča ’тс’, што яшчэ раз сведчыць пра магчымасць розных уплываў і асацыяцый, выкліканых яркім вобразам аб’екта намінацыі, у тым ліку з *korsta ’кароста’ (кароставая жаба, Сл. ПЗБ), *kora ’кара’ (каравая жаба, ЛА, 1), *korpa ’рубец, бародаўка’, *korpavъjь ’бугрысты, выспаваты’ (каропавая жаба, Сл. ПЗБ), гл. ЭССЯ, 11, 90, 96.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)