бач, ф. заг. ладу ад дзеясл. бачыць.

Разм.

1. Ужываецца, каб звярнуць чыю‑н. увагу на што‑н. — Бач, якімі волатамі ўзнімаецца новае пакаленне! — усклікнуў мой таварыш, і ў яго голасе чуліся гонар і замілаванне. Гарбук. Бач, газетчыкі разносяць Свежыя газеты. А. Александровіч. // у знач. выкл. Выкарыстоўваецца пры выражэнні абурэння, незадавальнення чым‑н., здзіўлення (звычайна ў спалучэнні з словам «ты»). [Гукан Шыковічу:] «Бач, раскрычаўся! Пісьмы яго прымушалі пісаць!.. Перапрацаваўся!..» Шамякін. — Бач ты яго, Алёшку, як прыбраўся... — шапталіся жанчыны, седзячы на лаўках. Дайліда.

2. у знач. пабочн. Бачыш; як бачыш. Я яго, бач, сам сустрэў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недалу́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Слабы, хваравіты. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу. Лынькоў. // Бяссільны. Пакуль пануе звон ланцужны, То твой пратэст — крык недалужны. Колас.

2. Непрыглядны, няскладны, няўклюдны. З выгляду [чалавек] так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч. // Недарэчны, сказаны не да месца. [Лясніцкі] хацеў быў перавесці.. [Нініны словы] на жарт, але замест гэтага вырваўся з вуснаў недалужны дакор. Зарэцкі.

3. перан. Недалёкі, прастакаваты. [Рыбаку] на хвіліну здалося, што Партноў.. нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́рах, ‑у, м.

1. Выбуховае рэчыва, якое ўжываецца для вырабу зарадаў агнястрэльнай зброі. Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца, Скала непрыступная наша граніца, І пораху хопіць у нас, і свінц[у]. Крапіва.

2. Разм. Пра вельмі жвавага, рухавага чалавека; пра вельмі запальчывага чалавека. Сярод .. [незадаволеных] быў Апанас Хмель, чалавек нецярплівы, словам — іскра, порах. Пестрак.

•••

Бяздымны порах — порах, які гарыць без дыму.

Дымны порах — выбуховая сумесь з салетры, серы і драўніннага вугалю.

Бочка з порахам гл. бочка.

Не нюхаць пораху гл. нюхаць.

Не хапае пораху гл. хапаць.

Пахне порахам гл. пахнуць.

Трымаць порах сухім гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сентыменталі́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у літаратуры і мастацтве другой паловы 18 — пачатку 19 стст., які характарызуецца асаблівай увагай да душэўнага свету чалавека, да прыроды і разам з тым ідэалізуе рэчаіснасць. Багушэвіч выступае.. (у прадмове да зборніка «Смык беларускі») супраць літаратурнага лібералізму і сентыменталізму, у прыватнасці, супраць тых твораў Дуніна-Марцінкевіча і іншых пісьменнікаў, у якіх жыццё народа паказвалася непраўдзіва, словам, не так, як гэта патрабавалася метадам крытычнага рэалізму. Ларчанка.

2. Уст. Залішняя чуллівасць, сентыментальнасць. Клопат быў аб тым, каб, пазбягаючы квяцістасці, сентыменталізму, адначасова не ўпасці ў сухасць, канцыляршчыну. Кучар.

[Фр. ад sentiment — пачуццё, чуллівасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яна́, яе, ёй, яе, ёй (ёю), аб ёй; мн. яны; займ. асаб. 3 ас. адз. ж.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка жаночага роду адзіночнага ліку, які абазначае, звычайна ў папярэднім кантэксце, прадмет гаворкі. Партыя намі кіруе, Мы — выхаванцы яе. Куляшоў. // (у спалучэнні са словам «сама»). Іменна тая, а не хто іншы; тая самая.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; яе. Як маліны, яе [Бандароўны] губкі, А твар, як лілея; Як дзве зоркі, яе вочы, Гляне — свет яснее. Купала.

3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яна — родная старонка!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асве́р ’вага ў студні, рычаг для падымання бярвення’ (ДАБМ, карты, 242–244, тэкст, 807–810), ацьвер, асвір, асверына, асвера, асверг, асверх, свира, свиршня, свирэня, перасвир, перасверт (!), свирэць. Рус. пск., калін. асвер, освер. Ці не сюды ўкр. свірка ’вяроўка, якой замацоўваецца пуга да пугаўя’? Лат. svèrt ’важыць, падважыць’, літ. sver̃ti ’важыць, балансаваць’, svãras ’вага’, лат. svīra, sviris, svērts, svìrts, svir̃kstenis, svirstene, літ. svirksnìs, svar̃tis, svar̃stis ’асвер’. Фрэнкель (949), Фасмер (3, 156–157), Трубачоў (Слав. языкозн., V, 173) лічаць слова роднасным балтыйскім словам. Міклашыч (331) лічыў роднасным балтыйскім мовам слова освиреть (форма асвер у яго слоўніку адсутнічае); Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1154) таксама звязваў рус. освер з балтыйскім словам. Краўчук, Цыхун (Лекс. балтызмы, 15, 51), Урбуціс (Baltistica, 5, 1969, 151), Лаучутэ (Kalbotyra, 22, 2, 78), зважаючы на пашырэнне слова на тэрыторыях, сумежных з Літвой і Латвіяй, шэраг форм, блізкіх да балтыйскіх, адсутнасць у славянскім слове ўнутранай матываванасці лічаць асвер і роднасныя ўтварэнні запазычанымі з балтыйскай. З гэтым трэба пагадзіцца, прычым крыніцай шэрагу форм была, відаць, латышская мова. Пачатковае а‑ можа тлумачыцца як фанетычная пратэза (ці як захаванае ад утвараючага дзеяслова прэфіксальнае). Корань узыходзіць да і.-е. *(s)u̯er‑ ’падвешваць, падважваць; цяжкі’ (Покарны, 1150; Траўтман, 296). Гл. свер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пятру́шка ’пятрушка, Petroselinum crispum (Mill.) Nym.’ (Кіс., ТСБМ; смарг., Сл. ПЗБ), ’Petroselium sativum’ (Ласт.), ст.-бел. петрушка ’тс’ (1571 г.); укр. петру́шка, рус. петру́шка, польск. pietruszka, в.-луж. pětruška ’тс’. Зыходным словам лічыцца польскае, якое праз дыял. piotruszka, piotrużka памянш. ад piotrużela (XV ст.), што са ст.-чэш. petruželě, с.-в.-ням. petersilje, ням. petroselīnum з грэч. πετροσέλῑνον, літаральна ’горны сельдэрэй’ (Фасмер, 3, 253; Банькоўскі, 2, 567; ЕСУМ, 4, 362). Віцьбіч (Спадчына, 2000, 5–6, 167) сцвярджае, што ўпершыню Рэч Паспалітую пазнаёміла з пятрушкай каралева Бона Сфорца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гумно́ ’гумно’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Шатал.). Гл. яшчэ Яшкін, дзе прыводзяцца і іншыя значэнні. Слова, вядомае ва ўсіх слав. мовах. Параўн. рус. гумно, укр. гумно, польск. gumno, чэш. humno, балг. гумно, серб.-харв. гумно, ст.-слав. гоумьно. Прасл. *gumьno. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Пагодзіна: *gumьno з’яўляецца старым складаным словам: *gu‑ (звязана этымалагічна з *govędo) і *mьn‑ (апошняе, напр., у дзеяслове *męti ’мяць’). Першапачатковае значэнне ’месца, дзе жывёла топча хлеб’. Гл. Фасмер, 1, 474; Бернекер, 1, 362; Трубачоў, Эт. сл., 7, 173–175.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́ўляць ’ледзь жыць, ледзь дыхаць, вельмі нядужаць’ (Янк. I, Мат. Гом.), ’есці без апетыту’ (З нар. сл.). Гл. кеўлець. Лаўчутэ (Балтизмы, 113) разглядае слова як балтызм. Пры гэтым яна спасылаецца на такія літоўскія прыклады, як kiáulioti ’гадзіць, паскудзіць, швэндацца’, kiáuliotis ’свінячыць, бадзяцца’, якія паходзяць ад kiãule ’свіння’. Трэба адзначыць, што прыведзеныя прыклады семантычна не адпавядаюць беларускім словам, для якіх дамінантным значэннем было б ’нядужаць, слабець’. Можна, аднак, маючы на ўвазе ў аналагічных выпадках невядомую ўсходнебалтыйскую крыніцу, дапусціць наступныя семантычныя пераходы: ’швэндацца, бадзяцца’ > ’марудна рухацца’ > ’слабець, нядужаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастамя́жына ’старая жывёліна’ (Шат.). Зыходнай можна лічыць форму (без суфіксальнай часткі) кастамяга ’тс’. Экспрэсіўнае па паходжанню слова. Можна меркаваць, што тут мы маем справу са складаным словам (зыходнае *kosto‑męga < *kosto‑męga, да *kostь ’косць’ і *męk‑ ’мяккі’; першапачаткова ’старая жывёліна са старымі, мяккімі ўжо касцямі’). З другога боку, ёсць такія Утварэнні, як, напрыклад, рус. костомьіга ’пакінуты ў полі касцяк’ (Даль), дзе першая частка слова тая ж, што ў кастамяжыне; некалькі розныя, але, відаць, роднасныя другія часткі⇉мяга і -мыга. Няясна. Няма ў Трубачова, Эт. сл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)