увіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да увіцца.
2. Разм. Вярцецца каля каго‑, чаго‑н., неадступна хадзіць за кім‑н. У хаце, аднак, было ціха, толькі кот, відаць, увіваўся каля некага і вымагаў спажыву. Кулакоўскі. // Дагаджаць каму‑н., дамагаючыся чаго‑н. [Іван Фёдаравіч:] — Малайчына, Магнат... Твой гэты Шмыг нешта ўвіваецца каля старшага майстра. Мыслівец. Ля начальніка ўвівайся, Кожны крок яго прадбач. Ён смяецца — ты ўсміхайся, Ён надзьмецца — ты заплач. Корбан. // Пастаянна знаходзіцца пры кім‑н., заляцацца да каго‑н. Адэля прыгожая, дык хлопцы ля яе і ўвіваюцца. Савіцкі.
3. Зал. да увіваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., што.
Разм.
1. Ускапаць, узадраць, узламаць паверхню чаго‑н. Свінні ўзвярнулі двор. Вецер узвярнуў страху. // Узараць. Але ж хіба не ён [Станіслаў Пракопавіч] узвярнуў увосень усё Лавацкае поле і той клін пад Гальдорадай, што ад вайны можа ўспорваўся які раз ці два і выганам стаў? Пташнікаў.
2. Узваліць што‑н. цяжкае, грувасткае на верх чаго‑н. Узвярнуць бярвенне на платформу вагона. Узвярнуць паклажу на плечы.
3. перан. Прыпісаць каму‑н. чужую віну, незаслужана абвінаваціць. [Аляксей:] — Невядома, што там у .. [брата з камендантам] было, аб чым яны дамовіліся, але ўсю бяду ўзвярнулі на мяне. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уме́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Сярэдні паміж гарачым і халодным (пра клімат і месца з такім кліматам). Умераныя шыроты.
2. Невялікі па размеру, колькасці і пад., не вышэй сярэдняга ўзроўню, нормы. Умераная вільготнасць. Умеранае цячэнне. □ Умераная скорасць — асноўная ўмова бяспекі руху ў час дажджу. «Звязда». // Які не вызначаецца вялікай сілай, інтэнсіўнасцю. Адносна ўмераным было пранікненне паланізмаў у беларускую мову і на працягу першай палавіны 16 ст. Жураўскі.
3. Які трымаецца сярэдняй палітычнай лініі, схільны да кампрамісу, згодніцтва. Умеранае крыло рэфарматараў. // у знач. наз. уме́раныя, ‑ых. Пра людзей такіх поглядаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упрэ́гчыся 1, упрагуся, упражэшся, упражэцца; упражомся, упражацеся, упрагуцца; пр. упрогся, упрэглася; заг. упражыся; зак.
1. Запрэгчы сябе ў павозку, воз і пад. Узлажыўшы хамут з дугою на калёсы, Сяргей упрогся і пацягнуў у гай. Нікановіч.
2. перан. Разм. Уключыцца ў работу, многа і цяжка працаваць. Па духу пісьма можна было зразумець, што.. [Кудзельскі] на новым месцы ўжо абжыўся як след і па-сапраўднаму ўпрогся ў работу. Алешка. [Андрэй] вярнуўся перад жнівом дахаты і зноў упрогся ў ярмо на бацькавай гаспадарцы. Машара.
упрэ́гчыся 2, упражэцца; пр. упрогся, упрэглася; зак.
Тое, што і упражыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упэ́ўненасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць упэўненага. Упэўненасць рухаў. Упэўненасць паходкі.
2. Перакананасць у чым‑н. У кожнага з’явілася цвёрдая ўпэўненасць, што калі на другім ствале, дасталі калійную соль, то дастануць яе і па астатніх. Кулакоўскі. Хаця хлопчык у глыбіні душы і адчуваў, што, запрасіўшы Рыгорку ўдзельнічаць у канцэрце, ён зрабіў правільна, але цвёрдай упэўненасці ў гэтым не было. Курто.
3. Усведамленне сваёй сілы, магчымасцей, рашучасць у дзеяннях. [Максім:] — У каго больш вытрымкі, розуму, самакантролю, упэўненасці, той перамагае. Няхай. Алеся [Пракоп] вабіў сілай і ўпэўненасцю, што ішла ад ягоных няспешлівых і разважлівых рухаў. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хало́днасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць халоднага (у 10, 11 знач.).
2. Адсутнасць запалу, страснасці, жывасці, эмацыянальнасці. [Андрэй:] — Канечне, змяніўся... Такое дарам не праходзіць. Але мая халоднасць і жорсткасць — не табе. Арабей. Хоць хуткі ад’езд Марынкі і яе незразумелая халоднасць пры расстанні пакінулі смутак і гаркоту ў сэрцы Паходні, раздумваць аб гэтым, перажываць і пакутаваць проста не было часу. Хадкевіч.
3. Раўнадушша, нядобразычлівасць. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Хлопчык адчуў халоднасць у .. словах [Азаркевіча] і, зажмурыўшыся, адышоўся да сваёй калясачкі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хараство́, ‑а, н.
1. Сукупнасць якасцей, якія прыносяць задавальненне, асалоду зроку, слыху; усё прыгожае і прыемнае. Хараство беларускай прыроды. Хараство мора. □ Здаецца, дзеля таго толькі і сходзяць.. [летнія ночы] на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсць і паэзія і хараство. Колас. Жніво для.. [Зіны] — гэта нават і не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Кулакоўскі.
2. Краса, прыгажосць, чароўнасць. Хараства такога ў свеце Не было, не будзе; Аб ёй [Бандароўне] людзі гаварылі, Як аб нейкім цудзе. Купала.
•••
Не з хараства ваду піць гл. піць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цалі́к, ‑у, м.
1. Няезджаная, няходжаная прастора, звычайна снежная. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. Зімовыя дарогі. Усе вы пракладаецеся па цаліку такім вось першым следам. Машара. Аднак Міхед, каб не трапляцца людзям на вочы, сышоў з дарогі і пасігаў па цаліку. Сабаленка.
2. у знач. прысл. цаліко́м. Без дарогі, напрасткі. Усе лясныя жыхары неахвотна ходзяць цаліком, трымаюцца ўезджаных дарог і сцежак. Ігнаценка. Землепраходцы і хадакі Не шукалі сушэйшага беражка, Яны цаліком, яны напрасткі Праклалі пеша сцяжыны першыя. Барадулін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чаю (у 1 знач.). Чайны ліст. Чайная заварка. □ Па пясках былых мы рыс пасеем, Выгадуем чайныя кусты. Панчанка. [Нор] доўга жыў з маці на чайнай плантацыі, дзе акрамя іх было многа іншых неграў. Шамякін. // Звязаны з вытворчасцю, апрацоўкай, захоўваннем, продажам чаю. Чайная справа. Чайная фабрыка.
2. Які служыць для піцця чаю (у 2 знач.). Чайная лыжка. Чайны сервіз. □ Па маленькім круглым століку .. быў пастаўлены чайны прыбор, на сподачку ляжаў цукар і пячэнне. Ваданосаў.
•••
Чайная ружа гл. ружа.
Чайны грыб гл. грыб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чака́н 1, ‑а, м.
1. Штэмпель для выбівання відарысаў на паверхні металічных вырабаў (манет, медалёў і пад.).
2. Адбітак відарыса на паверхні металічнага вырабу; чаканка (у 2 знач.).
3. Інструмент у выглядзе зубіла з тупым ці закругленым канцом, якім робяць чаканку (у 1 знач.).
4. Старажытная зброя ў выглядзе доўгага дзяржання з насаджаным на яго завостраным з абуха малатком. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. Караткевіч.
чака́н 2, ‑а, м.
Птушка сямейства драздовых з чорным або чорна-бурым апярэннем галавы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)