закусі́ць 1, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., што.

1. Заціснуць зубамі. Хлапчук закусіў ніжнюю губу і зірнуў спадылба на бацьку. Пальчэўскі. Зося зрабіла крок наперад, потым закусіла рог хусткі і пачала яшчэ пільней углядацца. Лупсякоў.

2. Разм. Адкусіўшы частку чаго‑н., пакінуць рэшту недаедзенай; надкусіць. Закусіць яблык.

•••

Закусіць цуглі — а) перастаць падпарадкоўвацца (пра каня). Калі пачалі рвацца першыя снарады, Міхасёў конь, спалоханы выбухамі, закусіў цуглі і панёсся, як шалёны, у лес. Машара; б) перан. Ісці напралом, дзейнічаць без аглядкі, ні з чым не лічачыся.

закусі́ць 2, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што, чым і без дап. Заесці што‑н. выпітае або з’едзенае. Закусіць горкае салодкім. □ [Кірыла і Тарас] выпілі па чарцы і закусілі цыбуляй. Гурскі.

2. Разм. Крыху паесці, перакусіць (у 2 знач.).

•••

Рукавом закусіць — выпіўшы, нічога не з’есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

nervous [ˈnɜ:vəs] adj.

1. (about, of) баязлі́вы; спало́ханы; які́ баіцца; непако́іцца;

be/feel nervous about smth. нервава́цца/хвалява́цца з-за чаго́-н.;

Mary has always been nervous of big dogs. Мэры заўсёды баялася вялікіх сабак.

2. усхвалява́ны, узбу́джаны, нерво́вы;

He gave a nervous laugh. Ён нервова рассмяяўся.

3. med. нерво́вы, нерво́зны;

a nervous disorder нерво́вае расстро́йства, расстро́йства не́рваў

be nervous of one’s own shadow бая́цца свайго́ (ула́снага) це́ню

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ста́так, ‑тка, м.

1. Жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам. Хлапчук летам пасвіў вясковы статак, лазіў з ім па балотах, каб схаваць ад варожага вока. Капусцін. [Хмялеўскі:] — Калісьці тут [у дуброве] коз было да халеры. Статкамі хадзілі, а цяпер рэдка дзе ўбачыш. Чарнышэвіч. // Наогул вялікая колькасць якіх‑н. звяроў, птушак; чарада. Статак кароў, свіней у Літвінаве пераваліў перад вайной за тысячу галоў. Навуменка. Хто яго тут [у лесе] пакінуў, Гэта рэха жывое? Можа статак ласіны, Ідучы з вадапою? Кірэенка. Спалоханы .. грукатам [танкаў], аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў. Быкаў. Я потым бачыў, як качыны статак валюхаўся па полі — белы-белы. Хомчанка. / у вобразным ужыв. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой. Астрэйка. Толькі на дваццаць шосты дзень, Калі палымнеў на палетках пажар, Прыгналі вятры на акрутны сухмень Чорнагаловыя статкі хмар. Хведаровіч.

2. Пагалоўе сельскагаспадарчай жывёлы. Племянны статак.

•••

Панургаў статак — натоўп, які слепа ідзе за сваім важаком.

[Ад імя Панурга, героя рамана Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

від 1, ‑у, М аб відзе, на віду, м.

1. Тое, што адкрываецца перад вачамі, перспектыва. Від на мора. □ А від які з пляцоўкі гэтай! Колас. // Малюнак прыроды, пейзаж. Чакаючы, пакуль прыйдуць мае знаёмыя, я разглядаў альбом з відамі Касабланкі. В. Вольскі.

2. Тое, што і выгляд (у 1, 2 знач.). Спалоханы від твару. □ Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда і парадкам заіржавелая, страціўшая ўсякі колер і від. Лынькоў.

3. толькі мн. (ві́ды, ‑аў). Меркаванні пра што‑н., што яшчэ будзе, на падставе папярэдніх дадзеных. Віды на ўраджай.

•••

Быць на віду гл. быць.

Відам не відаць гл. відаць.

Віду не мець гл. мець.

Віду не падаць (не паказаць) гл. падаць.

Паставіць на від гл. паставіць.

від 2, ‑у, М аб відзе, м.

1. Разнавіднасць, тып. Від паліва. □ На балотах, на рэках, у лясах найбагацейшыя віды птушак і дзічыны. Чорны.

2. У логіцы, філасофіі — агульнае паняцце, якое ўваходзіць у склад больш агульнага, родавага паняцця.

3. Найменшая адзінка класіфікацыі раслін і жывёл, якая падпарадкоўваецца роду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супраціўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Супрацьдзейнічаць насіллю, насільным дзеянням; адбіваць напад. Пан быў такі спалоханы, што нават не супраціўляўся, калі «Салавей» прывязваў яго да дрэва. Бядуля. [Салагуб:] — Я пачаў супраціўляцца, штурхаць .. [паліцыянтаў] рукамі ад сябе і крычаць. Машара. Немцаў выбілі яшчэ толькі з першай лініі, а на другой яны ўпарта супраціўляліся і вялі агонь амаль бесперапынна. Кулакоўскі. // Супрацьдзейнічаць уплыву, уздзеянню каго‑, чаго‑н.; не падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н., не згаджацца на што‑н. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль. Васіль Дзяцел імкнецца адасобіцца ад эпохі, супраціўляецца жыццю ўпарта, рашуча, да знямогі, але ўсё дарэмна. «Полымя». // Не паддавацца якому‑н. стану, пачуццю, змагацца з якім‑н. станам, пачуццём. Супраціўляцца хваробе. □ Бацькавы вочы пры цьмяным святле лямпы здаліся мне вузенькімі-вузенькімі. Іх мружыў сон, але яны супраціўляліся яму. Сабаленка. Радаваўся [Андрыян Цітавіч], як юнак, свайму пачуццю, але, скрыгочучы зубамі, хаваючы ўсё ў сабе, супраціўляўся яму... Марціновіч.

2. Не паддавацца знешняму фізічнаму ўздзеянню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трухлі́вы ‘баязлівы’ (Нас., Гарэц.), сюды ж труха́ць, тру́хнуць ‘баяцца, палохацца’ (Рэг. сл. Віц.), трухну́ць ‘спужацца, спалохацца’ (Некр. і Байк., Юрч. Сін.), ст.-бел. трухливость ‘баязлівасць’ (ГСБМ). Параўн. укр. трухлі́ти ‘дранцвець ад жаху’, рус. (с)трухну́ть ‘спалохацца’, польск. truchleć ‘слабець, дранцвець, камянець’, truchliwyспалоханы’, truchły ‘тс’, potruchleć ‘спужацца, збаяцца, заняпасці духам’, каш. trëxlec ‘губляць надзею, сумнявацца’, н.-луж. tšuchły ‘баязлівы’, tšuchlak ‘тс’, tśuchleć ‘станавіцца змрочным, панурым’, в.-луж. truchty ‘заклапочаны, неспакойны’, ‘баязлівы’, ‘сумны, змрочны’, truchlíc ‘трывожыць’, чэш. truchliti, truchleti, славац. trúchliť ‘смуткаваць, тужыць’, truchlivý ‘сумны, журботны’. Звычайна рэканструююць прасл. *trux‑, *trusl‑ і супастаўляюць з лат. traušâties ‘баяцца’ < і.-е. *ter‑ ‘церці, рэзаць, вярцець’ > ‘крышыць’ > ‘трухлявець’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 227; Каруліс, 2, 423). Махэк₂ (654) мяркуе, што праславянскае слова магло б мець форму *truxlъ, роднасным яму будзе с.-ірл. trúag ‘смутны’. Паводле Куркінай (Этимология–1994–1996, 49), на базе зыходнай формы (гл. трухлы) у заходнеславянскіх мовах замацавалася значэнне ‘баязлівы’, ‘сумны’, гл. таксама Борысь, 643. Адносна рус. трухну́ть яшчэ Даль (1882, 4, 438) ставіць яго ў адзін рад з роднаснымі дзеясловамі тру́сить, тру́шивать ‘баяцца, палохацца’. Фасмер (4, 112) мяркуе, што рус. (с)трухну́ть з’яўляецца новаўтварэннем ад трус ‘баязлівец’, а ўкр. трухлі́ти можа быць запазычаннем з польскай мовы (ЕСУМ, 5, 662). У такім выпадку зах.-слав. *trux‑lъ, *trux‑livъ будзе праславянскім рэгіяналізмам. Для трухну́ць ‘спужацца’ не выключана самастойнае развіццё на аснове трухну́ць ‘страсянуць, скалануць’ (Нар. Гом.), гл. трусіць, трэсці. Параўн. і ст.-бел. почал троухленъ быти дрыжачий (Карскі 2–3, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарапі́цца1 ’спяшацца’ (Бяльк.; паст., навагр., Сл. ПЗБ), сюды ж таро́пкі ’які спяшаецца’ (ТСБМ), тарапкі́ ’паспешлівы, жвавы’ (Ян.), тарапо́к, тарапу́н ’хто заўсёды спяшаецца’ (Барад.), торопʼя́к ’паспешлівы, хапатлівы чалавек’ (Клім.), тараплі́вы ’хуткі ў рабоце’ (дзятл., ЛА, 3), ’паспешлівы, хапатлівы’ (паст., Сл. ПЗБ), торопли́вый ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. дыял. торо́пи́ти ’прыспешваць’, рус. торопи́тъ ’тс’, торопи́ться ’спяшацца’, чэш. дыял. trap ’спех’, серб.-харв. тра̀пати ’хутка ісці, спяшацца’. З прасл. *torpiti, якое не мае агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з *torpěti ’бянтэжыцца, ніякавець, адчуваць нязручнасць’ (Чарных, 2, 252; Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 287 і наст.); супастаўляюць з грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’паварочвае’, ст.-інд. trápatē ’бянтэжыцца’ (першапачаткова ’адварочвацца’), tṛpráḥ ’неспакойны’ (Вальдэ-Гофман, 2, 702; Персан, Beitr., 954), адкуль першаснае значэнне ’вёрткі’; мяркуюць, што можа быць роднасным да літ. tarpà ’працвітанне, зрастанне’, tar̃pti ’працвітаць’, лат. tãrpa ’сіла, здатнасць’, tãrps ’дужы’, ст.-інд. tṛ́pyati (tṛpṇṓti, tárpati) ’насычаецца, атрымлівае задавальненне’, грэч. τέρπω ’насычаю, радую’ (Фасмер, 4, 85 і інш.). Звязваюць з літ. stropė́i ’быць старанным’, stropiti ’зрабіцца старанным’ (Махэк₂, 649). Пра магчымую сувязь з гукапераймальнымі словамі гл. Копечны, Зб. Младэнаву, 378. Гл. тарапат.

Тарапі́цца2 ’ўглядацца, пужліва насцярожвацца (пра каня)’ (Мал.), сюды ж торопі͡еті ’здрыгануцца, скалануцца’, торо́пко ’са страхам’ (Вруб.), таро́пно ’страшна’ (Скарбы). Укр. торопи́тися ’баяцца’, рус. торопе́ть ’бянтэжыцца, пужацца, палохацца’, польск. tropić się ’бянтэжыцца, ніякавець’, в.-луж. trapić so ’быць прыгнечаным; палохаць’, славен. trapiti ’мучыць; дакучаць’, балг. тра́пен ’збіты з панталыку, азадачаны’. З прасл. *torpěti ’палохацца’, якое звязана з *torpiti ’прыспешваць’, *t​ьr̥pěti ’цярпець’. Роднаснае да лац. torpeo ’знаходжуся ў здранцвенні, аслупяненні’, літ. strópti ’рабіцца сухім, цвёрдым (пра печыва)’ з развіццём семантыкі ’цвёрды’ — ’здранцвелы’ — ’спалоханы’ (Фасмер, 4, 85–86; Брукнер, 575; Чарных, 2, 252; ЕСУМ, 5, 607; Голуб-Ліер, 487, 491; Шустар-Шэўц, 1525). Гл. торап.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)