Пе́на ’лёгкая пузырыстая маса на паверхні вадкасцей; маса, утвораная растворам мыла’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. ПЗБ), ’пена на мыльнай вадзе’ (паўн.-усх., ЛА, 3), ’пот у каня’ (Сл. ПЗБ), ’плесня’ (арш., ЛА, 4). Сюды ж пе́нка ’пенка на малацэ’ (там жа), пе́нкі ’прыгаркі (бульба); ’лупіны (ад бульбы)’ (там жа), пе́няць ’пеніцца, пакрывацца пенай’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́на, рус. пе́на ’пена, сліна’, польск. piana, н.-луж. pěnki ’пена’, в.-луж. pěna ’накіп’; ’сліна ля рота’, чэш. pěna ’пена, накіп’, славац. pena ’тс’, славен. pẹ́na, ст.-славен. pejna, серб.-харв. пје̏на, харв. spjȅna, макед. пена, балг. пя́на, ст.-слав. пѣны ’пена, пена ля рота’. Прасл. *pěna, роднаснымі да якога будуць літ. spáinė ’смуга пены’, ст.-прус. spoayno ’пена піва, якое бродзіць’, лац. spūma ’пена, пырскі’, pūmex ’пемза’, ст.-в.-ням. veim, ст.-інд. phḗnas (м. р.), асец. fink ’пена, накіп’ < і.-е. *(s)poi̯ + *‑mn‑o/*‑mn‑ā (Фасмер, 3, 231. з літ-рай; Аткупшчыкоў, Из истории, 233 і 235).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

spatter

[ˈspætər]

1.

v.t.

1) расплю́хваць

to spatter mud — расплю́хваць гразь

2) пасячы́, зрашаці́ць

Bullets spattered the wall — Ку́лі зрашаці́лі сьцяну́

3) Figur. абкі́дваць бало́там, гра́зьзю; узво́дзіць паклёп

2.

v.i.

расплю́хвацца

Rain spatters on the sidewalk — Дождж расплю́хваецца на тратуа́ры

3.

n.

1) ля́скат -у m.

a spatter of bullets — град ку́ляў

2) плю́скат -у m. (дажджу́)

3) пы́рскі; пля́мы ад пы́рскаў

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

spray

I [spreɪ]

1.

n.

1) пы́рскі pl.

2) спрэй -ю m., ва́дкасьць для пульвэрыза́цыі

3) spray gun — пульвэрыза́тар, распыля́льнік, абпы́рсквальнік -а m.

2.

v.t.

1) пы́рскаць, абпы́рскваць; крапі́ць, пакрапі́ць

2) распыля́ць

3) абсыпа́ць

to spray the enemy with bullets — абсы́паць во́рага ку́лямі

II [spreɪ]

n.

сьцяблі́на f., мала́я галі́нка

a spray of lilacs — галі́нка бэ́зу

a spray of berries — сьцяблі́на я́гадніку

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

пе́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. З сілай удараць, біць па чым‑н. або ў што‑н. Перыць нагою ў дзверы. □ — Аддай молат Сцяпану. Ён ужо налаўчыўся, а то перыш у адно месца, як таўкачом у ступу. Чарнышэвіч. Ні з таго ні з сяго [конік] пачаў перыць пярэднім капытом па вадзе, толькі пырскі ляцелі на жывот, даставалі да маіх ног. Дамашэвіч. // каго. Вельмі моцна біць, лупцаваць каго‑н. Сваімі адносінамі бацька як бы даў патачку Анісі, і яна часта без дай прычыны перыла пасынка. Сабаленка. — А помніш, як цябе крывашыі Лявон палкаю перыў за яблыкі? — не вытрымаў Піліпка. Навуменка.

2. што. Абл. Выбіваць што‑н. пранікам. Потым на зэдліках перылі палатно — нізка над рэчкаю плыў ляскат. Стаялі жанчыны па калені ў вадзе, падаткнуўшы за пояс краі падолаў. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́цца 1, паліцца; незак.

1. Мець у сабе раскладзены агонь (пра печ, пліту і пад.). Паліліся печы, і роўныя слупы дыму ўздымалася ў неба. Шчарбатаў. У доме.. горача палілася часовая печ, зробленая з жалезнай бочкі; трубы былі выведзены ў акно. Шамякін. / у безас. ужыв. Было ўжо зусім холадна, і раніцою і вечарам палілася ў печы. Парахневіч.

2. Зал. да паліць ​1 (у 1–3 знач.).

палі́цца 2, ‑льюся, ‑льешся, ‑льецца; ‑льёмся, ‑льяцеся і ‑ліюся, ‑ліешся, ‑ліецца; ‑ліёмся, ‑ліяцеся; пр. паліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. паліся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць ліцца (у 1–3 знач.). На дварэ закіпеў лівень, і звонка са страхі палілася вада, разбіваючыся на пырскі. Адамчык. Раптам палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны. І пальецца ў цішы Песня — водгук душы, Песня радасці... смутку... і болю... Трус.

2. Паліць, абліць сябе; абліцца. Паліцца з вядра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ружо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які атрымліваецца ад змешвання чырвонай фарбы з белай (пра колер); светла-чырвоны. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. Сонца схавалася, і толькі ружовая палоска на небасхіле нагадвала пра скончаны дзень. Кавалёў.

2. З румяным, здаровым колерам твару (пра чалавека). Ружовы, тугі, як мяч, хлапчук барабаніў ножкамі па начоўках — толькі пырскі ляцелі ва ўсе бакі. Васілевіч. Хто там можа давесці, што .. [дзяўчынка] ўжо ела, што пара было б падкурчыць пад пухлую, ружовую шчочку кулачок і спаць. Брыль.

3. перан. Нічым не азмрочаны, радасны, светлы. І палкоўнік аддаўся самым ружовым марам аб недалёкім будучым. Лынькоў. З Петрусём усё ехала: радасць, шчасце, ружовыя надзеі. Нікановіч.

•••

Глядзець праз ружовыя акуляры на каго-што гл. глядзець.

У ружовым святле гл. святло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гразь, ‑і, ж.

1. Вязкая, размяклая ад вады глеба. Непралазная гразь. □ Кажуць: вясной бочка вады — лыжка гразі, а ўвосень лыжка вады — бочка гразі. З нар. Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Чарнышэвіч.

2. толькі мн. (гра́зі, ‑яў). Марскі або азёрны іл, які мае лекавыя ўласцівасці. Лячыцца гразямі.

3. Разм. Бруд, нечыстоты. Лазняў болей — больш здароўя, Гразь жа нам нясе хваробу. Крапіва. У хату.. [Якіма] хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. Колас.

4. перан. Разм. Пра што‑н. ганебнае, подлае, нізкае. Ганна сэрцам тут пачула Гразь душы яго і бруд. Колас. З усходу вецер-буралом Змятае гразь на сваім шляху. Купала.

•••

Абліць граззю гл. абліць.

Выцягнуць з гразі гл. выцягнуць.

Зарасці граззю гл. зарасці.

Затаптаць у гразь гл. затаптаць.

Змяшаць з граззю гл. змяшаць.

Не ўдарыць (не упасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.

Як гразі чаго — вельмі многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пы́рскаць ’крапіць’ (Нас., Шымк. Собр., ТСБМ, Шат., Бяльк.; брасл., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Растарг.), ’гаварыць з запалам’ (Жд. 2), ’пырхаць, ціха смяяцца’ (Жд. 3), пы́рскацца ’задавацца’ (смарг., Сл. ПЗБ), пы́рскнуць ’пакрапіць’ (Шат.), ’кінуцца’ (шальч., Сл. ПЗБ), выклічнік пырсь (Нас.; мсцісл., Нар. лекс.), пы́рскі ’дробныя кроплі вады’ (ТСБМ, Варл., Шат., Бяльк., Стан.), пырсклівы ’гультаяваты’ (смарг., Сл. ПЗБ), пыршча́ць ’імжэць (пра дождж)’ (Шат.), укр. пи́рскати ’пырскаць, пырхаць’, рус. пы́рскать ’тс’, польск. parskać ’тс’, чэш. prskati ’тс’, славац. prskať ’тс’, в.-луж. porskać ’тс’, н.-луж. parskaś ’тс’, славен. pŕskati ’пырскаць (слінай), пырхаць’, серб.-харв. пр́скати ’тс’, балг. пръ́скам ’тс’, макед. прска ’пырскаць, крапіць; узрывацца’. Прасл. *pъrskati ’пырскаць, пырхаць’ чаргуецца з *porskati (гл. порскаць), параўн. літ. pur̃kšti ’пурхаць, фыркаць, імжэць’, лат. pùrskât ’тс’; узыходзіць да асновы і.-е. *per‑s‑ ’імжэць, пырскаць’ (Бязлай, 3, 129; Фасмер, 3, 334; 420); Банькоўскі (2, 504) мяркуе пра зыходнае прасл. *pṛ‑sk‑, што тлумачыць варыянтнасць ст.-польск. pyrskać, другасных pryskać, parskać. Смаль–Стоцкі (Приміт., 169) гукаперайманне для “хуткага акраплення” укр. прись‑прись трактуе як выгук пастухоў (няўпэўнена звязвае з пріч ’прэч’), што дазваляе пагадзіцца з Трубачовым аб магчымай “ранняй семантыцы” ’апладняць’ для дзеясловаў з асновамі *pъrk‑, *pъrl‑, *pъrsk‑ (Зб. памяці Талстога, 312), параўн. рус. при́скать ’тс’, серб.-харв. пр̏скати ’тс’, славен. pŕskati ’спарвацца (пра коз)’, чэш. мар. prskati se ’тс’. Бязлай (3, 129) лічыць *pъrskati ’тс’ інтэнсівам да прасл. *pъrkati ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́ра, ‑ы, ж.

Суровае пакаранне, спагнанне за правіннасць. Панесці кару. Адбываць кару. □ У заключэнне пракурор патрабаваў вышэйшай меры кары, што азначана ў артыкулах, па якіх адбываўся суд. Колас. Ні бацькі, ні дзяўчат гестапаўцам злавіць не ўдалося: іх папярэдзілі сувязныя. Увесь цяжар кары лёг на кволыя матчыны плечы. Брыль.

кара́, ы́, ж.

1. Паверхневая частка ствала, галін і кораня дрэвавых раслін, якая звычайна лёгка аддзяляецца. Лазовая кара. Здымаць кару. □ Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Доўгімі і вострымі кіпцюрамі мядзведзіца здзірала кару з дрэў. В. Вольскі.

2. чаго або якая. Верхні цвёрды слой на чым‑н. У лагчынах блішчэлі ахопленыя ледзяной карой лужыны. Бядуля. Конь цвёрда ступаў, прабіваючы слабую кару гразі. Гартны. // перан.; чаго. Аб чым‑н. знешнім, паверхневым, за якім хаваецца якая‑н. сутнасць. Дрымота і здранцвеласць цела туманіла нам галовы і зацягвала сэрца карою абыякавасці. Чорны.

•••

Зямная кара — верхняя цвёрдая абалонка Зямлі.

Кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу; кара галаўнога мозгу — паверхневы слой галаўнога мозгу ў вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека.

Абрасці карою гл. абрасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Моцна, з сілай стукнуць каго‑, што‑н. або чым‑н. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Гарэцкі. Іван Мацвеевіч схапіў чайнік і трахнуў аб сцяну. Фарфоравыя асколкі разляцеліся ў розныя бакі. Каршукоў. Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. [Гаспадар:] — Не выцерпеў брыгадзір, паехаў у газету, знайшоў таго карэспандэнта, дый гаворыць: «Вось як трахну табе той рукой, якой у мяне няма, дык будзеш ведаць, як трэба пісаць!» Гурскі.

2. Выстраліць па кім‑, чым‑н. І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў. Напэўна, соллю ў кагось. Караткевіч. // Забіць, застрэліць каго‑н. — І што са старастам? Трахнулі яго? — спытаў Сцёпка. Хомчанка. — То-та, я гляджу, учора мне якраз у Грозаве казалі: пана Вранеўскага трахнулі. — Як трахнулі? — Ну, як — забілі! Скрыган. // Утварыць рэзкі гук пры выстрале. Прылажыўся ён [дзед] і бахнуў, Бліснуў іскрамі агонь; Як пярун, стрэл гэты трахнуў. Колас.

3. Выпіць спіртных напіткаў. [Генька:] — Даруй мне! Сёння нядзеля. Я шкляначку трахнуў! Гарбук. // З прагнасцю з’есці што‑н. [Пятрусь:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы, вось тут бы я трахнуў так, каб аж... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)