Сырапо́сны: сырапосная нядзеля ’апошні тыдзень перад Вялікім пастом’ (Ян.). Параўн. укр. сиропу́ст ’тс’, сиропу́сний ’належны да гэтага перыяду’, рус. сыропу́ст ’запусты’, стараж.-рус. сыропустъ ’калі дазваляецца есці сыр і іншыя малочныя прадукты’, сыропустьныи ’звязаны з запустамі’, серб. сиропусна ’маслянічны тыдзень’, макед. сиропасна ’тс’. Запазычана са ст.-слав. сыропоустьнъ, што ўтворана ад сыръ і поустити ’дазволіць, дапусціць’, і калькуе грэч. ό τυροφάγος ’сырная’; паводле Німчука (Давньорус., 61), народнай назвай было стараж.-рус. масльнаꙗ недѣлꙗ. Збліжана да пост, посны, гл. таксама сырніца2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ташчы́ма ’без паклажы’ (паст., Сл. ПЗБ), сюды ж ташчы́мны ’нішчымны, посны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ташчы́мніца ’нішчымніца’ (Сцяшк. Сл.). Прыслоўе, утворанае з суф. ‑ма ад тошчы ’пусты’ (гл.) па тыпу куды́ма, туды́ма (адносна такіх утварэнняў гл. Карскі 2-3, 67), магчыма, пад уплывам тэрытарыяльна блізкіх і роднасных літ. tuščióm, tuščiomìs ’паражняком, з пустымі рукамі, ні з чым’, tuštỹmė ’пустое месца’. Параўн. нішчымны (гл.), для якога ў якасці этымона побач з прапанаваным спалучэннем ні з чым можна дапусціць ні́шчы ’бедны’ (гл. нішчаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нішчы́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Не прыпраўлены скаромным, без скаромнага; посны. Мы атрымлівалі толькі агульную норму хлеба і два разы на дзень у сталоўцы нішчымны .. крупнік. Сяргейчык. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай. Якімовіч.

2. Без нічога, без якіх‑н. дабавак. [Хана] такая худая, што мне робіцца шкада яе, і я аддаю ёй усе грушы, а на перапынку елі нішчымны хлеб. Каліна. // Пусты. Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маге́ра1 ’кікімара’ (мсцісл., З нар. сл.) з’яўляецца, відаць, кантамінацыяй з традыцыйнай назвы жаночай істоты дамавіка — ма́ра́ (гл.) і меге́ра (гл.).

Маге́ра2 ’неахайны, някемлівы чалавек’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, звязана з чэш. валаш. mega, megal, megaňa ’непаваротлівы, няўклюдны’, славац. mego ’тоўсты, як бочка, грубіян’, якія таксама няясныя (Махэк₂, 358). Янкоўскі (2, 101) выводзіць ад маге́рка ’лямцавая ці суконная шапка’.

Маге́ра3 ’гарэлка’ (жлоб., Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, звязана з ням. mager ’худы, бедны, посны’ ці ад прозвішча прадпрымальніка, які гнаў гарэлку. Не выключана сувязь з магера1 (як вынік піцця — белая гарачка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Круты́1 ’стромкі, высокі’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., Яруш., Касп., Сцяшк., Сержп. Ск., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’. Іншыя славянскія паралелі не ведаюць такога значэння. Але яно дакладна адпавядае літ. krañtas ’круты, стромкі бераг’, лат. krañts ’бераг’. Таму ёсць падставы аддзяліць ад аманімічнага прасл. krǫtъ (гл. круты2 і круты3). Можна таксама меркаваць аб тым, што прасл. bergъ ’круты бераг’ (магчыма, германскага паходжання) выцесніла прасл. krǫtъ у гэтым значэнні, *krǫtъ bergъ ’круты бераг’ рэалізавалася ў тых дыялектах, у якіх bergъ страціла значэнне ’круты’, а krǫtъ адпаведна яго зберагло. Параўн. Міклашыч, 138; Траўтман, 142; Брукнер, 267; Слаўскі, 18, 276–277.

Круты́2 ’спрытны, лоўкі’ (Сцяшк. Сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. круты3.

Круты́3 ’моцна скручаны’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’, серб.-харв. кру̑т ’тлусты, цвёрды, тугі’, славен. krȏt ’люты, шалёны’, польск. kręty ’кручаны, сільны’, чэш. krutý, славац. krutý ’кручаны, сільны, шалёны’, н.-луж. kšuty ’моцна скручаны, тугі, моцны’, в.-луж. kruty ’цвёрды, моцны, шалёны’. Прасл. krǫtъ ’тугі, скручаны, сільны, шалёны’, відаць, усё ж такі генетычна звязана з krǫtъ ’круты, стромкі (бераг)’, але семантычна адышло ад яго (гл. круты1).

Круты́4посны’ (Мат. Гом.). Да круты3. Семантычнае развіццё: ’моцна звараны без тлушчу (аб кашы)’ > ’посны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

са́хар цу́кар, -кру м.;

чай с са́харом чай (гарба́та) з цу́крам;

класть са́хар кі́даць (сы́паць) цу́кар;

са́хар-рафина́д цу́кар-рафіна́д;

тростнико́вый са́хар трысняго́вы цу́кар;

свеклови́чный са́хар бура́чны цу́кар;

ко́лотый са́хар ко́латы цу́кар;

пилёный са́хар пілава́ны цу́кар;

по́стный са́хар по́сны цу́кар;

моло́чный са́хар мало́чны цу́кар.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Сухі́ ’не мокры, пазбаўлены вільгаці’, ’сухарлявы, хударлявы’, ’незабалочаны’, ’засохлы (пра дрэва)’ (Сл. ПЗБ, ТС), ’нішчымны’ (Сл. Брэс.), ’посны; без тлушчу, без прыпраў’ (Вешт.); сюды ж су́хлы ’невільготны, сухаваты’ (Ласт.). Укр. сухи́й ’сухі; хударлявы; нішчымны, без тлушчу’, рус. сухо́й ’сухі; хударлявы’, стараж.-рус. сухъ, польск. suchy, в.-луж. suchi, н.-луж. suchy, чэш., славац. suchý, серб.-харв. сух, славен. sȗh, балг. сух, макед. сув, ст.-слав. соухъ ’сухі’. Прасл. *suchъ роднаснае літ. saũsas ’сухі’, лат. sàuss, ст.-прус. sausai прысл. ’суха’, грэч. αυος ’сухі’, с.-н.-ням. sôr ’сухі’, ст.-інд. çoṣos ’сухасць’ і г. д.; гл. Траўтман, 250 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 776–777; Покарны, 880–881; Фасмер, 3, 813; Махэк₂, 591–592; Скок, 3, 357–358; Шустар-Шэўц, 1376–1377; узводзяць да і.-е. *sau̯so‑ ’сухі’, гл. Бязлай, 3, 339; Борысь, 586; ЕСУМ, 5, 486–487. Гл. таксама сохнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзень, дня, мн. дні, дзён, м.

1. Частка сутак ад усходу да захаду сонца, ад раніцы да вечара.

Ясны д.

Дасць Бог д., дасць і спажытак (прыказка). І дзень і ноч.

2. Тое, што і суткі.

Водпуск на пяць дзён.

3. Прамежак часу ў межах сутак, заняты чым-н.

Працоўны д.

Светлавы д.

4. чаго. Вызначаны тэрмін, дата, прысвечаная якой-н. падзеі.

Д.

Перамогі.

Д. нараджэння.

5. мн. Пара, перыяд.

Дні юнацтва.

Палярны дзень — за Палярным кругам: частка года, калі сонца не заходзіць за гарызонт.

Посны дзень — дзень, у які згодна з царкоўным звычаем нельга есці скаромнае.

Разгрузачны дзень — харчаванне аднатыпнымі прадуктамі на працягу аднаго дня з мэтай аздараўлення або пахудзення.

Санітарны дзень — дзень, які прызначаецца для санітарнага агляду службовага памяшкання.

Рабочы (працоўны) дзень — пэўная колькасць часу, адведзеная для работы, службы.

Добры дзень! — прывітальны зварот днём пры сустрэчы.

Дзень у дзень; дзень пры дні — штодзень, кожны дзень.

З дня на дзень — у адзін з бліжэйшых дзён.

Чакаем іх з дня на дзень.

Наводзіць цень на ясны дзень — наўмысна ўносіць няяснасць у якую-н. справу; блытаць каго-н.

Учарашні дзень — былое, мінулае.

Чорны дзень — цяжкая, змрочная часіна.

|| памянш.-ласк. дзянёк, -нька́, мн. -нькі́, -нько́ў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. дзённы, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пост ’устрыманне ад скаромнай ежы’, ’перыяд устрымання’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’сама посная страва’ (Шат.). Параўн. укр. піст, рус. пост, польск. post, н.-луж. spót, в.-луж. póst, чэш. půst, славац. pôst, славен. pòst, серб. по̂ст, макед. пост, балг. пост, ст.-слав. постъ. Сюды ж по́снікаць, по́снікаваць, постува́ць ’тс’ (калін. Мат. Гом., ТС), по́стуваць, по́ставаць ’пасціць, пасціцца’ (Бяльк., Нас., Мат. Гом., Байк. і Некр., Ласт.), по́сціць ’тс’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), постава́нне ’нястачы’ (Юрч. СНЛ), по́стываць ’цярпець нястачы’ (Юрч. Вытв.), по́сны, пасны́ ’без мяса і малака; нятлусты’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. Брэс.; воран., Сл. ПЗБ), ’цвярозы’ (карм., Мат. Гом.), ’худы’ (Ян.), ’неўрадлівы (пра глебу)’ (в.-дзвін., Сл. ПЗБ), по́сніна, по́сніца, пасната́ ’посная ежа’ (Шат., Касп.; брасл., Сл. ПЗБ; добр., Мат. Гом.). Старажытнае агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. fasto ’пост’ (Міклашыч, 260; Фасмер, 3, 340–341; Шустар-Шэўц, 2, 1139), паводле іншых, *postъ < *postiti sę ’пасціцца’ < гоц. fastan або ст.-в.-ням. fasten ’тс’ (Махэк₂, 500–501), параўн. ням. fest ’стойкі, трывалы, трывушчы’. Банькоўскі (2, 716) следам за Ліндэ выводзіў з грэч. άπαστος ’галодны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тшчы (тщій) ‘пусты, які не ўжываў ні ежы, ні вады’, ‘чысты’: як табе з тшчым сэрцам, а ты лукавіш са мною (Нас.), ‘марны’ (там жа), ст.-бел. тщий, тщивый ‘тс’, тще ‘пуста, дарэмна’ (ГСБМ). Параўн. укр. тщий ‘цвярозы, пусты, непатрэбны’, ‘марны’, на тще серце, на тщо серце ‘не еўшы, нашча’, тще ‘дарэмна, марна’, рус. тщий ‘пусты, парожні’, тще ‘дарма, дарэмна’, а таксама тощий ‘худы’, ‘пусты’, ‘бедны’, ‘посны’, стараж.-рус. тъщий ‘парожні’, ‘дарэмны’; польск. czczy ‘тс’, ‘бясплодны’, ст.-польск. tszczy, ст.-чэш. tští ‘тс’, славен. tȅšč, харв. tȁšč, серб. та̏шт ‘пусты’, ‘марны’, ‘нязначны, мізэрны, нікчэмны’, макед. на ште cрце ‘на галодны страўнік’, ст.-слав. тъшть ‘пусты’. Прасл. *tъščь ‘пусты’ роднаснае літ. tùščias ‘пусты’, ‘марны’, ‘халасты’, ‘бясплодны’, лат. tukšs ‘тс’, ‘парожні’, лац. tesqua ‘пустыні, стэпы’, ‘самотны край’, авест. taoš‑, ст.-інд. tucchyá‑ ‘пусты, мізэрны’, ‘беспаветраны’ < і.-е. *tus‑skʼo‑ ‘пакінуць’ < і.-е. *teu̯s‑ ‘пусты, пакінуты’ (Фасмер, 4, 130; Чарных, 2, 274; Фрэнкель, 1145–1146; Смачынскі, 696–697; Покарны, 1085; Сной, 762; Скок, 3, 413; Львоў, Этимология–1974, 79). Непераканальна пра сувязь з *tъska ‘смутак, прыгнечанасць’ Цвяткоў, Запіскі, 76. Параўн. тушчы, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)