зборная група культ. і дзікарослых, пераважна травяністых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве для азелянення, упрыгожвання інтэр’ера памяшканняў і будынкаў, ідуць на зрэзку. Вырошчваюцца ў адкрытым і закрытым грунтах. К.-д. р. адкрытага грунту падзяляюць на адна-, двух- і шматгадовыя. Іх выкарыстоўваюць для букетаў і афармлення клумбаў, рабатак, міксбордэраў, партэраў (напр., аднагадовыя агератум, аксамітка, астра, ільвіны зеў, цынія; двухгадовыя званочак, наперстаўка, незабудка, фіялка; шматгадовыя гіяцынт, касач, ландыш, півоня, прымула, нарцыс, цюльпан, вяргіня, канна, шпажнік), павойныя і лазячыя расліны на ўпрыгожванне сцен будынкаў, агароджаў, балконаў, тэрас (напр., аднагадовыя пахучы гарошак, іпамея, настурка; шматгадовыя клематыс, плюшч, капрыфоль). К.-д.р. закрытага грунту пераважна субтрапічныя і трапічныя. Сярод іх вылучаюць сезоннаквітучыя (вазонныя пеларгонія, цыкламен; грунтавыя гваздзік рэмантантны, ружа), выганачныя (гіяцынт, нарцыс, цюльпан), вечназялёныя (травяністыя — аспідыстра, спаржа, папараць; павойныя і ампельныя — плюшч, традэсканцыя; сукуленты — агава, алоэ, кактусы, эйфорбія; дрэвы і кусты — азалія, пальма, цытрусавыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ра́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да раю. Кожная секта, хвалячы свайго бога, лезла з ім да інтэрніраваных, абяцаючы райскае жыццё на небе.Машара.//перан. Прыгожы, чароўны. Аддаў бы я край самы райскі і дзіўны За цень ад сасны на далёкай радзіме.Панчанка.— Ды і то ж: райская яна кветка, гэты самы ландыш серабрысты!Васілёнак.//перан. Які дае многа радасці, задавальнення. Райскае жыццё. Райскае надвор’е.
•••
Райскія птушкі — сямейства птушак атрада вераб’іных, якія вылучаюцца вельмі яркім, прыгожым апярэннем.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Мядзве́джае вушка ’талакнянка звычайная, Arctostaphylos Adans uva-ursi Spreng.’ (гродз., Кіс.), медвежʼе ушко ’дзіванна скіпетрападобная, Verbascum tapsiformeSchrad.’ (жытк., Бейл.). Укр.ведмеже ухо ’дзіванна’, ’шалфей, Salvia L.’, рус.медвежье ухо ’піжма, Tanacetum vulgare L.’, ’дзіванна’, ’ландыш’. Матывацыя: існавала павер’е, што: 1) гэтыя ягады падабаюцца мядзведзям; 2) усе менш каштоўныя расліны і грыбы «аддаюцца» ваўкам, мядзведзям, мышам. Так жа і ў германскіх народаў (Махэк, Jména, 177; РЯШ, 1973, № 1, с. 83).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тымя́нка ‘расліна Convallaria majalis’ (Ласт.), тымянкі мн. л. ‘вырачка звычайная, Clinopodium vulgare L.’ (віц., Кіс.). Паводле Ластоўскага, іншая назва расліны, з якой ён пад пытальнікам ідэнтыфікуе ландыш, цімʼян (цімьян), што адпавядае ст.-бел.темъянъ, темианъ, фемианъ, фемиянъ, фимиянъ ‘расліна чабор, Thymus L.’, ‘пахучае рэчыва з гэтай расліны’ (ГСБМ). Найбольш верагодна, што лексема выводзіцца з польск.tymian, tymianek, якія абазначаюць ‘чабор, Thymus L.’, а таксама ‘чысцік, Calamintha L.’, а ў форме temian з’яўляецца сінонімам да чэш.blín ‘блёкат, Hyosciamus L.’ (Махэк, Jména, 205). З другога боку, Clinopodium па-польску называецца storzyszek ‘вырачка’, а першапачаткова ‘казялец ці кураслеп, Anemone L.’ (Махэк, Jména, 201), што сведчыць аб шматлікіх пераносах назваў з адной расліны на другую паводле іх моцнага паху. Польск.tymian, tymianek ‘чабор’, на думку Брукнера (589), было запазычана з ням.Thymian праз лацінскую мову са ст.-грэч.θῡμίᾱμα ‘тое, што курыцца (пра фіміям)’.