Тымя́нка ‘расліна Convallaria majalis’ (Ласт.), тымянкі мн. л. ‘вырачка звычайная, Clinopodium vulgare L.’ (віц., Кіс.). Паводле Ластоўскага, іншая назва расліны, з якой ён пад пытальнікам ідэнтыфікуе ландыш, цімʼян (цімьян), што адпавядае ст.-бел. темъянъ, темианъ, фемианъ, фемиянъ, фимиянъ ‘расліна чабор, Thymus L.’, ‘пахучае рэчыва з гэтай расліны’ (ГСБМ). Найбольш верагодна, што лексема выводзіцца з польск. tymian, tymianek, якія абазначаюць ‘чабор, Thymus L.’, а таксама ‘чысцік, Calamintha L.’, а ў форме temian з’яўляецца сінонімам да чэш. blín ‘блёкат, Hyosciamus L.’ (Махэк, Jména, 205). З другога боку, Clinopodium па-польску называецца storzyszek ‘вырачка’, а першапачаткова ‘казялец ці кураслеп, Anemone L.’ (Махэк, Jména, 201), што сведчыць аб шматлікіх пераносах назваў з адной расліны на другую паводле іх моцнага паху. Польск. tymian, tymianek ‘чабор’, на думку Брукнера (589), было запазычана з ням. Thymian праз лацінскую мову са ст.-грэч. θῡμίᾱμα ‘тое, што курыцца (пра фіміям)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)