Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДЫШ (Convallaria),
род кветкавых раслін сям. спаржавых. 1 від — Л. майскі, або звычайны (C. majalis), некалькі падвідаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — усюды. Нар. назвы краспак, камвалея лесавая. Трапляецца ў хваёвых і хвойна-шыракалістых лясах і хмызняках. Як дэкар. кветка культывуецца з сярэдзіны 16 ст. Садовыя формы Л. буйныя, шматкветкавыя, з ружаватымі і махровымі кветкамі, ёсць стракаталістыя.
Шматгадовыя травяністыя расліны з гарызантальным карэнішчам. Лісты (2—3) доўгачаранковыя, прыкаранёвыя, з дугападобным жылкаваннем. Кветанос выш. да 20 см. Кветкі белыя, духмяныя з шарападобна-званочкавым вяночкам, на павіслых кветаножках, па 6—12 у доўгай рыхлай аднабокай гронцы. Плод — чырв. ягада. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЖАЎСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Гродзенскага р-на. Створаны ў 1978 як бат. заказнік рэсп. значэння для захавання месцаў росту дзікарослых лекавых раслін. Пл. 4,9 тыс.га (1996). Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі (імшыстыя, верасовыя, арляковыя, бруснічныя, чарнічныя, лішайнікавыя і інш.), трапляюцца ельнікі, бярэзнікі, чорнаалешнікі. Асн.лек. расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, ландыш майскі, чабор, крапіва двухдомная, цмен пясчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАФІ́ТЫ [ад мез(а)... + ...фіт(ы)],
расліны, што знаходзяцца ва ўмовах з дастатковай (не празмернай) колькасцю вады ў глебе. Прамежкавая група паміж ксерафітамі і гіграфітамі. Пашыраны ў лясах тропікаў і субтропікаў, ва ўмераных паясах, напр., лістападныя дрэвы і кусты, большасць лугавых (канюшына, цімафееўка і інш.), лясных (кісліца, ландыш і інш.) траў, часам эфемеры. На адкрытых, асветленых месцах М. маюць рысы святлолюбівых раслін, у цяністых — ценевынослівых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛІ́НСКА-БЯРО́ЗАЎСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 для аховы, рацыянальнага выкарыстання і ўзнаўлення прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 7,9 тыс.га.
Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі (імшыстыя, верасовыя і інш.) і чорнаалешнікі (крапіўныя, асаковыя і інш.). З лек. раслін пашыраны ландыш майскі, брусніцы, ядловец звычайны, крапіва двухдомная, талакнянка звычайная, цмен пясчаны, святаяннік прадзіраўлены, а таксама купальнік горны, занесены ў Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІ́ТЫ [ад геа... + ...фіт(ы)],
шматгадовыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення і запасныя пажыўныя рэчывы знаходзяцца ў органах (цыбулінах, карэнішчах, клубнях), захаваных у глебе, што дазваляе ім перажываць засушлівы або халодны перыяд года. Адна з жыццёвых формаў раслін; адносяцца да крыптафітаў. Да геафітаў належаць цыбульныя (цыбуля, цюльпан, нарцыс), карэнішчавыя (ландыш, спаржа, многія злакі і асокі), клубнецыбульныя (шафран і інш.), клубняносныя (бульба, батат і інш.). Часткі раслін, якія перажываюць неспрыяльныя ўмовы ў зімовы перыяд, ахаваны таксама ападам з адмерлых наземных органаў і снегам. Геафітаў найбольш у сухіх стэпах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛКАВА́ННЕ,
1) сістэма размяшчэння праводзячых сасудзіста-валакністых пучкоў (жылак) у лісцевых пласцінках і інш. органах вышэйшых раслін (акрамя імхоў); важная сістэматычная прыкмета. Бывае паралельнае (злакі, асокі), дыхатамічнае (гінкга, некат. папараці), дугавое (ландыш, купена, трыпутнік), сеткаватае (клён, яблыня, шалфей). Дугавое і паралельнае Ж. ўласціва аднадольным раслінам, сеткаватае (або перыстае) — пераважна двухдольным раслінам. Жылкі ёсць таксама ў чашалісціку, пялёстках, пладах і сцёблах раслін.
2) Ж. ў насякомых — відаспецыфічнае; размяшчэнне жылак на крылах. Жылкі ўяўляюць сабой полыя трубчастыя патаўшчэнні пласцінкі крыла, у якіх размешчаны адгалінаванні трахейных ствалоў і нерваў; утвараюць каркас крыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́КАВА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс.экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКАЯ ПУ́ШЧА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1986 з мэтаю захавання прыроднага комплексу з гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 2778 га. Рэльеф хвалісты. Складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. У расл. покрыве каля 400 відаў раслін, у т. л.лек., дэкар. і гасп.-каштоўныя: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.