ШВА́БІНСКІ (Švabinský) Макс (17.9.1873, г. Кромержыж, Чэхія — 10.2.1962),
чэшскі мастак. Нар. маст. Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Пражскай АМ (1891—98). Працаваў пераважна ў графіцы, а таксама ў станковым жывапісе і манум.-дэкар. мастацтве. Зазнаў уплыў сімвалізму, але ў цэлым захоўваў рамант. пафас. У творах выяўляў пышную квітнеючую прыроду, населеную рэальнымі або казачнымі, алегарычнымі персанажамі. Аўтар вітражоў «Сашэсце Св. Духа» і «Страшны суд» у саборы св. Віта ў Празе, графічных партрэтаў Я.Неруды (1901), М.Алеша (1908), І.Манеса (1917), Ю.Фучыка (1950), цыкла «Райская саната» (1916—20), станковых кампазіцый «Летняя ноч» (1911), «Жніво» (1927), «Паэт і муза» (1932), жывапісных палотнаў «Зліццё душ» (1896), «Жоўты парасон» (1908—09), іл. да кніг. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1952. Іл. гл. да арт. Чэхія.
т. 17, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАЎСКІ ЖАНО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р УШЭ́СЦЯ.
Існаваў у 1641—1918. Засн. 24.6.1641 Багданам Статкевічам ва ўрочышчы Барок каля в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. разам з цэрквамі Ушэсця Хрыста і Нараджэння Іаана Прадцечы. Першыя манашкі былі з Куцеінскага манастыра (каля Оршы), адкуль запазычаны і статут. У 1659 у манастыры з’явіўся цудатворны абраз Маці Божай. Да 1772 манастыр знаходзіўся пад юрысдыкцыяй кіеўскіх мітрапалітаў, потым падначалены магілёўскаму епіскапу. З-за таго, што будынкі падмываў Дняпро, у 1835 б.ч. манашак пераведзена ў Буйнічы, дзе напярэдадні быў адчынены жаночы манастыр. У 1901 Баркалабаўскі манастыр адноўлены, пры ім існавала аднакласная школа для дзяўчатак. Зачынены ў 1918, будынкі разбураны, абраз захаваўся. Першапачаткова ў Баркалабаве планаваўся мужчынскі манастыр св. Духа (1626), але з-за смерці яго фундатара Багдана Саламярэцкага не быў адкрыты.
А.А.Ярашэвіч.
т. 2, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ЙКА Валерый Паўлавіч (н. 2.12.1950, г. Таганрог Растоўскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў манум.-дэкар. і афармленчым мастацтве, у маст. праектаванні. Сярод твораў: маст. афармленне інтэр’ераў і экстэр’ераў БДУ, экстэр’еру абл. радзільнага дома (абодва 1978), праект інтэр’ера і вітражы станцыі метро «Інстытут культуры» (1984), праект інтэр’ера і люстры ў аэрапорце «Мінск-2» (1988—89), размалёўка ў рэстаране «Беларусь» (1995), размалёўка і вітражы ў рэстаране «Гасціны двор» (1996), аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі для Палаца Рэспублікі (2000) — усе ў Мінску. Адзін з аўтараў вітражоў з размалёўкай і аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі для храма Св. Духа ў г. Беласток (Польшча, 2001, з С.Рабашчуком і Б.Скрамблевічам). Творы вылучаюцца высокай маст. культурай, шматпланавасцю зместу, гарманічным уключэннем у арх. асяроддзе.
Л.Ф.Салавей.
т. 17, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ро́зыйгра ’розыгрыш’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ро́зыгра ’тс’ (Стан.), ро́зыгры ’апошні дзень свята Тройцы’ (Маш.), ’свята праз тыдзень пасля Тройцы’ (ТС), руса́ўчыны ро́зыгры ’апошні дзень русальнага тыдня’ (ТС): у гэты дзень русаўкі іграюць (Маш., 219); укр. ро́зигри ’розыгрыш’, ’першы дзень Пятроўкі пасля за́гавін’, рус. курск. ро́зыгры ’тс’. Да раз- і ігра (гл.) < прасл. *jьgra. Параўн. балг. руса́лски игри ў час русаля ’свята святога духа, Русальны тыдзень, гл. русаллі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВІДУ́НАС (Vidūnas; сапр. Староста) Вільгельмас
(22.3.1868, в. Іонайчай, Шылуцкі р-н, Літва — 20.2.1953),
літоўскі філосаф, драматург. З 1912 жыў і працаваў у Тыльзіце, дзе ўзначальваў культ. жыццё літоўцаў Усх. Прусіі. Яго філас. сістэма сфарміравалася пад уплывам ідэй стараж.-інд. веданты (вішышты-адвайты) і некат. канцэпцый зах.-еўрап. ідэаліст. філас. плыняў — платанізму, неаплатанізму, хрысц. містыцызму, пантэізму. Быццё трактаваў як дух, пэўным станам якога, яго несамаст. часткай з’яўляецца матэрыяльны свет. Чалавек, паводле Відунаса, — мікракосмас і найвышэйшая ступень эвалюцыі. Носьбіты абс. духа, праяўленне чалавечнасці — мараль, мастацтва і навука.
Развіццё грамадства, на думку Відунаса, супадае з ступенямі духоўнага ўдасканалення чалавека: індывід — нацыя — чалавецтва — абсалют. Аўтар філас. прац: «Пабудова сусвету», «Таямнічая вялікасць чалавека» (абедзве 1907), «Паходжанне лёсу» (1908), «Жыццёвая аснова народа» (1920), «Свядомасць» (1936) і інш. У маст. творчасці абуджаў пачуццё нац. годнасці літоўцаў і пратэст супраць ням. імперыялізму (драм. трылогія «Цені продкаў», 1908, трагедыя «Сусветны пажар», 1928, і інш.).
т. 4, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастыр св. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.
А.А.Ярашэвіч.
т. 3, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны мужчынскі манастыр у Вільні. Упершыню згадваецца ў 1604, заснаваны пры правасл. царкве Св. Духа, пабудаванай у 1597 на сродкі дачок смаленскага ваяводы Р.Валовіча Фядоры і Ганны. З 1609 пры манастыры дзейнічала брацтва (да гэтага знаходзілася пры Троіцкім манастыры) з уласнай друкарняй. Да 1686 Віленскі Святадухаўскі манастыр падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху, пазней маскоўскаму. З’яўляўся архімандрыяй, яму былі падначалены 17 мужчынскіх і 2 жаночыя манастыры на Беларусі і ў Літве, у т. л. Петрапаўлаўскі ў Мінску, Еўінскі ў Трокскім, Цеперскі ў Навагрудскім, Купяціцкі і Навадворскі ў Брэсцкім ваяв. Настаяцелямі манастыра былі Л.Карповіч (1-ы настаяцель), М.Сматрыцкі, І.Бабрыковіч, І.Нелюбовіч-Тукальскі, Р.Яноўскі і інш. Манастыр валодаў значнымі матэр. сродкамі (маёнткамі, дамамі, млынамі), частка якіх складалася з ахвяраванняў чл. Святадухаўскага правасл. брацтва. У 1833 Віленскі Святадухаўскі манастыр быў прылічаны да манастыроў 1-га класа. Ад часу заснавання манастыр не перапыняў сваёй дзейнасці. Цяпер падпарадкоўваецца архіепіскапу віленскаму і літоўскаму. Сучасны арх. ансамбль манастыра пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст.
Г.А.Кухарчык.
т. 4, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВЕ́ШЧАННЕ, Благавешчанне,
Звеставанне (дакладная назва — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы; ад царк.-слав. «Благая весть» — «Добрая вестка»),
рэлігійнае хрысц. свята. Адно з дванадзесятых свят праваслаўя. Адзначаецца за 9 мес перад Калядамі (каталіцкай царквой 25 сак. па грыгарыянскім календары і праваслаўнай — 7 крас. па юліянскім). Прысвечана апісанай у Новым запавеце падзеі, калі архангел Гаўрыіл паведаміў Дзеве Марыі (Багародзіцы), што яна народзіць сына Божага — Ісуса Хрыста ад Духа Святога. Дабравешчанне ўвайшло ў хрысц. каляндар у 4 ст. На бел. землях з’явілася разам з іншымі хрысц. святамі ў 10 ст. Супадае з пачаткам веснавых работ, клопатам сялян пра лёс будучага ўраджаю, які, паводле нар. вераванняў, залежаў ад прыхільнасці Багародзіцы. У нар. календары адзначаецца як пачатак вясны, дзень абуджэння зямлі. Да гэтага свята былі прымеркаваны стараж. веснавыя абрады (Гуканне вясны), з ім звязана шмат павер’яў і забарон (нельга было працаваць, па асаблівасцях надвор’я ў гэты дзень рабілі прагнозы на ўраджай і інш.).
А.У.Верашчагіна.
т. 5, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХВА́ЛАВІЧЫ,
пасёлак у Мінскім раёне, каля р. Пціч, на шашы Мінск—Слуцк і аўтадарозе, якая злучае пасёлак з г.п. Негарэлае. За 20 км на Пд ад Мінска. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Русінавічы». 2513 ж., 939 двароў (2001).
Вядомы з 1582 як сяло, цэнтр маёнтка, у 1791 побач існавала і вёска С. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Мінскага пав., цэнтр воласці. У 1815—203 ж., 22 двары, уніяцкая царква, школа, 2 млыны, сукнавальня, з 1863 Святадухаўская царква. У 1897—527 ж., 79 двароў, нар. вучылішча, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 4. кузні, 15 крам, карчма; у вёсцы 184 ж., 33 двары. У 1924—31 цэнтр Самахвалавіцкага раёна, з 1924 цэнтр сельсавета Мінскага р-на. З 1938 пасёлак.
З 1957 у С. Бел. н.-д. ін-ты агародніцтва, бульбаводства і пладаводства. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Сашэсця Св. Духа. Брацкія магілы супрацоўнікаў рэўкома, сав. воінаў і мірных жыхароў. Помнік У.С.Амельянюку.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІТЭІ́ЗМ (ад полі... + грэч. theos бог),
мнагабожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з’яў прыроды (гл. Анімізм, Татэмізм, Фетышызм), шанавання разрозненых духаў родаплемянных рэлігій (гл. Дэманалогія). Веру ў мноства раўнапраўных фетышаў і духаў змяніла вера ў багоў, якія атрымалі канкрэтнае аблічча, імя, культ. У рытуалах П. гал. ролю адыгрывалі жрацы, якія групаваліся вакол храмаў ці свяцілішчаў, валодалі багаццем і мелі вял. ўладу. Такімі былі рэлігіі стараж. егіпцян, грэкаў, рымлян і інш. народаў, а таксама некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі. Політэістычнымі рэлігіямі з’яўляюцца індуізм, будызм. Элементы П. захаваліся ў монатэістычных рэлігіях — іудаізме, хрысціянстве, ісламе і інш. (гл. Монатэізм). Напр., у хрысціянстве адначасова з гал. Богам захавалася вера ў Святую Тройцу (Бога-Айца, Бога-Сына і Бога—Святога Духа), ушанаванне анёлаў, прарокаў, святых і інш. Пераходнай формай монатэізму да П. з’яўляецца генатэізм, які прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярх. богам. Ва ўласна бел. пантэоне дахрысц. часоў найб. шанаваліся Пярун, Жыжаль, Вялес, Ярыла, Зюзя, Цёця, Лада, Ляля і інш.
В.В.Красноеа.
т. 12, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)