БОГ,
багі, у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).
Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмата Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл. Атэізм).
На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.Доўгірд), пратэстантызму (С.Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі, А.Станкевіч), уніяцтва (І.Пацей, І.В.Руцкі, Р.Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».
Літ.:
Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;
Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.
У.М.Конан.
т. 3, с. 201