вы́клік, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выкліка́ць — вы́клікаць (у 1 знач.); выкліканне.
2. Патрабаванне, запрашэнне з’явіцца куды‑н. З’явіцца па выкліку. □ [Ваўчок:] — Антон Ягоравіч прывёз тэлеграму з выклікам на рэспубліканскую нараду дырэктараў эмтээс і іх намеснікаў. Хадкевіч. Валя з дня на дзень чакала выкліку на экзамены, а з педвучылішча не было ніякай весткі. Васілевіч. // Запрашэнне, прапанова ўдзельнічаць у чым‑н. — Выклік на.. спаборніцтва прымаем, — сказаў Тамаш. Гурскі.
3. Гатоўнасць уступіць у барацьбу. Кінуць выклік грамадству. □ Дуб стаяў нерухома, з горда прыўзнятай вершалінай-галавой, нібы кідаючы выклік грознай стыхіі. Данілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кале́цтва, ‑а, н.
1. Пашкоджанне арганізма, якое робіць цяжкім або немагчымым яго нармальнае функцыяніраванне. [Арлоўскі] радаваўся, што, не зважаючы на цяжкае калецтва, ён яшчэ патрэбен людзям. Паслядовіч. Нават каб і мог ён [Зыгмунт] дзе-небудзь знайсці работу, дык не можа з-за свайго калецтва стаць на яе. Чорны. // Псіхічны стан арганізма з такім пашкоджаннем. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькі чалавека, выратуе дзіцячую душу ад псіхалагічнага калецтва. Чорны.
2. Калечанне, знявечанне. Пасля калецтва прыкра было бачыць князю кухара з заткнутым вухам, і ён ніколі ўжо не гукаў яго на параду аб стравах. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канёк 1, канька, м.
1. Памянш.-ласк. да конь (у 1 знач.).
2. Разное ўпрыгожанне страхі, пераважна ў выглядзе конскай галавы. «Канькі» — гэта разныя ўпрыгожанні верхняй часткі франтона [«шчыта»] пры двухскатным даху. «Беларусь».
3. Востры верхні край, грэбень страхі. Новы чырвоненькі пеўнік на каньку хаты вось-вось збіраўся кукарэкнуць на ўвесь голас. Краўчанка.
4. перан. Любімая тэма размовы, любімы занятак каго‑н. [Вярноў] горача расказваў Ніне пра новыя творы маладнякоўцаў. Літаратурнае жыццё было яго каньком. Лобан. — Скрыпка і флейта — от на чым я выязджаў. Гэта мой канёк. Чорны.
канёк 2,
гл. канькі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пачаць думаць, разважаць над чым‑н., пра што‑н. Ёсць над чым задумацца. □ Мікола задумаўся над сваім апошнім учынкам. Бядуля. // Аддацца думкам, упасці ў задуменнасць. Задумацца на момант. □ Кастусь сеў пад бярозу на мяккую, як падушка, рудую купіну, задумаўся. Ваданосаў.
2. звычайна з інф. Паказаць, выявіць нерашучасць у чым‑н.; завагацца. Сказана гэта было такім катэгарычным тонам, што я, прызнацца, задумаўся: ехаць ці не. Ляўданскі.
3. безас. каму з інф. Разм. Прыйсці ў галаву; захацецца. Задумалася мне пайсці ў кіно. Задумалася яму пакатацца на лыжах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зака́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Запэцкаць сябе каплямі чаго‑н.; абкапацца. Закапацца фарбай.
закапа́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.
1. Схавацца, змясціўшыся ў выкапанае паглыбленне або засыпаўшы сябе чым‑н. зверху. Закапацца ў салому. Закапацца ў снег. // перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе, рабоце. З галавой закапаўся ў канспекты і падручнікі. □ І наш Варлен.. За навуковую работу ўзяўся: Даведнікаў за сотню перарыў, У кнігі з галавою закапаўся. Маеўскі.
2. перан. Разм. Маючы многа якой‑н. работы, не паспець яе своечасова выканаць. [Насці] хацелася пагаварыць, але Кузьме не было часу, бо ён закапаўся ў сваёй рабоце. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запрато́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Пакласці, падзець невядома куды. — У вас, гаспадыні, заўсёды так: як дзе што запраторыце, дык са свечкай не знойдзеш. Сабаленка. // Схаваць, прыбраць куды‑н. так, каб цяжка было знайсці. — Пашанцавала мне тады ў аднаго чалавека выменяць на сала аж чатыры пуды солі. Схаваў я яе, як сцямнела, — два пуды ў дровах, а два пад сена запраторыў. Паслядовіч. // перан. Заслаць, выслаць, пасадзіць куды‑н., адкуль цяжка выбрацца. Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.
1. Тое, што і запытанне (у 2 знач.). Паслаць запыт. □ — Галуза зрабіў запыт.., а праз тыдзень адтуль прыслалі выпіску: сапраўды, мне яшчэ не было шаснаццаці. Чыгрынаў.
2. Попыт, запатрабаванне. І сапраўды, тавары ў краме былі розныя, ад солі і газы да пудры і духоў, — усё, на што быў запыт. Галавач.
3. Пытанне, звернутае да каго‑н.; запытанне. Стук у дзверы і запыт, якім гэты стук падмацаваўся, былі для Рыгора раптоўнымі. Гартны. Хоць бы ў сне на запыт нечаканы Грэшнай праўды той не расказаць. Камейша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знадво́рку, прысл.
1. Са знешняга, надворнага боку; звонку. Знадворку Прохарава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы. Чорны.
2. З прасторы, размешчанай па-за межамі памяшкання; з вуліцы. Гадзіннік .. у прахадной павешаны быў на такім месцы, каб яго можна было бачыць знадворку. Корбан. Знадворку данёсся глухі тупат ног. Ваданосаў. // Па-за межамі памяшкання; на вуліцы, на дварэ. Дзецям стала зусім не страшна, хоць знадворку гулі сосны. Мележ. Знадворку ўсталёўваўся дзень. Пасвятлела ў хаце, праясніліся твары. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Зрабіць што‑н. роўным, аднаго ўзроўню з зямлёй. Трактар даўно зраўняў .. межы, і як кінуць вокам зелянее збажына на калгасным палетку. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Дарогу зраўняла [снегам], поле было белае і чыстае, як абрус на стале. Пташнікаў.
2. Зрабіць аднолькавым, роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах. — Не зраўняў бог лесу, не зраўняў і людзей. Чорны. // Паставіць нароўні з кім‑, чым‑н., параўнаць. Звечара.. пачалося тое, чаго нельга зраўняць ні з якімі баямі. Кулакоўскі.
•••
Зраўняць з зямлёй — знішчыць, разбурыць дашчэнту.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́хта 1, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
1. Невялікі марскі заліў, прыгодны для стаянкі суднаў. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце. Б. Стральцоў.
2. Абл. Глыбокае месца ў рэчцы. І ёсць загадка такая: Ні смяецца, ні гукае, Жыве ў бухце пад ракітай, На ім світа, Ды не сшыта. Колас.
[Ням. Bucht.]
бу́хта 2, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
Вялікі скрутак дроту, каната і пад. Калгаснікі, убачыўшы.. прывезеныя Дзямідам Сычам турбіны і генератар, цяжкія бухты меднага дроту, кінуліся на пошукі электрычнага шнура. Паслядовіч.
[Гал. bocht.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)