КНІ́ЖНАЯ ГРА́ФІКА,

раздзел графікі, скіраваны на гарманічнае маст. і функцыян. дапасаванне формы і зместу выдання, у т. л. на вобразнае вырашэнне кніжнага блока; адна з асн. ч. мастацтва кнігі. Уключае афармленне вонкавае (супервокладка, пераплёт або вокладка, форзац, тытульны ліст, фронтыспіс) і ўнутр. (ілюстрацыя, шрыфт, шмуцтытул, буквіца, віньетка, застаўка, канцоўка), агульнае канструяванне кнігі (кампаноўка графічнага матэрыялу, тэксту, шрыфтавая рубрыкацыя, стварэнне макета выдання).

Вытокі К.г. ў афармленні рукапіснай кнігі, дзе пераважалі мініяцюра, малюнак і каліграфія. Пасля вынаходніцтва І.​Гутэнбергам кнігадрукавання (1455) пашырылася аздабленне кніг у тэхніцы гравюры, што да 19 ст. было асн. кірункам у К.г. У 19 ст. рамесныя паліграф. працэсы заменены машыннымі, пашырыўся фотамеханічны спосаб ілюстравання. У канцы 19 ст. англ. мастак У.​Морыс вярнуўся да традыц. рамесных паліграф. працэсаў і абгрунтаваў тэорыю стварэння кнігі як цэласнага комплексу высокага паліграф. майстэрства і К.г. Прынцыпы, распрацаваныя Морысам, у спалучэнні з дасягненнямі паліграф. тэхнікі паўплывалі на далейшае развіццё К.г. (творчасць А.​Матыса, Г.​Апалінэра, П.​Пікасо, У.​Фаворскага, Н.​Ганчаровай, І.​Білібіна, Ю.​Аненкава і інш.).

На Беларусі К.г. вядома з 11 ст. (мініяцюры Тураўскага евангелля 11 ст., Аршанскага евангелля 12—13 ст., Мсціжскага евангелля 13—14 ст.; контурныя малюнкі Лаўрышаўскага евангелля 14 ст.; акварэлі Радзівілаўскага летапісу 13 ст. і інш.). Узнікненне ў 16 ст. кніжнага дрэварыту звязана з дзейнасцю Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў С.​Буднага, В.​Цяпінскага і інш. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся медзярыт (творы Т.​Макоўскага, Л.​Тарасевіча, М. і В.​Вашчанкаў і інш.), у 19 ст. — літаграфія. Вял. ўклад у развіццё К.г. зрабіў М.​Э.​Андрыёлі. На пач. 20 ст. ў К.г. працавалі М.​Філіповіч, Ф.​Рушчыц. Я.​Драздовіч, Л.​Лісіцкі, А.​Ахола-Вало, В.​Дваракоўскі, П.​Гуткоўскі і інш. У 1960-я г. закладзены асновы сучаснай бел. школы К.г. (творчасць А.​Кашкурэвіча, А.​Лось, Б.​Заборава, Г. і Н.​Паплаўскіх, В.​Шаранговіча і інш.). У 1980 — пач. 1990-х г. бел. К.г. набыла найб. вядомасць дзякуючы творам М.​Селешчука, В.​Славука, У.​Савіча, М.​Казлова, А. і В.​Александровічаў, В.​Кліменкі, Т.​Беразенскай і інш. Іл. гл. таксама да арт. Графіка, Ілюстрацыя.

Літ.:

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Яго ж. Искусство книги Франциска Скорины М., 1990;

Герчук Ю.Я. Художественные миры книги М., 1989.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Кніжная графіка. М.​Андрыёлі. Ілюстрацыя да паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1881.
Да арт. Кніжная графіка. У.​Фаворскі. Ілюстрацыя да «маленькай трагедыі» А.​Пушкіна «Каменны госць». Выданне 1961.
Да арт. Кніжная графіка. А.​Кашкурэвіч. Спакушэнне Хрыста ў пустыні. Ілюстрацыя да «Евангелля паводле Лукі». 1990.
Да арт. Кніжная графіка. П.​Пікасо. Ілюстрацыя да камедыі Арыстафана «Лісістрата» 1934.
Да арт. Кніжная графіка. Ю.​Аненкаў. Ілюстрацыя да паэмы А.​Блока «Дванаццаць». 1918.

т. 8, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ ПА ДРЭ́ВЕ,

спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); від разьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл. Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст. геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл. Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл. Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл. Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.​Няхай, М.​Свірачкоў, М.​Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.​Супрунчык, А.​Маголін, І.​Лізура, А.​Лавор, Ф.​Максімаў, М.​Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл. гл. таксама да арт. Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.

Літ.:

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Сахута ЯМ. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;

Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр. М., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.
Да арт. Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.

т. 13, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Намёт 1 ’вельмі тонкае палатно ў два ніты з каляровымі палоскамі па баках’ (докш., Янк. Мат.), ’абрадавы ручнік (даматаны’) (ветк., Мат. Гом.; чэрв., Сл. ПЗБ), кавалак тонкага кужэльнага палатна, які жанчыны абмотвалі вакол галавы’ (чэрв., пухав., калінк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. наметь (XVI–XVII стст.) ’шацёр’, укр. намет, наміт ’шацёр, палатка’, рус. намёт ’сховішча, навес, шацёр’, польск. namiot ’палатка, шацёр, полаг’. Старабеларускае слова лічыцца запазычаннем з польскай (Жураўскі, SOr, 1961, 1, 40); адносна абрадавага ручніка і накрыцця галавы замужніх жанчын гэта меркаванне цяжка было б прыняць, паколькі ў польск. мове для слова namiot такіх значэнняў не фіксуецца. Фасмер (3, 41) прымае самастойнае развіццё ад на і метать, аспрэчваючы больш раннюю этымалогію, якая выводзіць усходнеславянскае і польскае слова ў значэнні ’шацёр’ з іран., афган, namd ’лямец’. Літ. nuometas ’накрыццё галавы з тонкага палатна’. Буга (Rinkt., 2, 502) лічыць запазычаннем з усходнеславянскіх моў. Пра магчымасць самастойнага ўтварэння слова намёт сведчыць наяўнасць аманімічных форм ад мятаць, напр., намёт ’кошык на рыбу’ (Бяльк.), ’падатак’ (Нас.), рус. намёт ’паветка’, ’капна’ і інш. Гл. наметка і.

Намёт 2 ’гурба, сумёт’ (Юрч. СНС), рус. намёт ’тс’. Да мнеці (гл.), намятиць, параўн. таксама на́мець ’тс’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ль 1 укр. король, рус. король, чэш. král, в.-луж. kral, польск. król, балг. крал, серб.-харв. кра̑љ, славен. kralj, прасл. korlь. Традыцыйная этымалогія зводзіцца да запазычання у якасці тытула імені Карла Вялікага (як цэсар, якое зыходзіла да імені Цэзара). Запазычанне мела месца да метатэзы плаўных у славянскіх мовах, таму гэта фанетычная з’ява атрымала абсалютную храналогію (VIII–IX стст.) у адпаведнасці з даціроўкай праўлення Карла Вялікага. Калі ж не прымаць этымалогіі korlь < Karl, мы адразу пазбаўляемся крытэрыю для храналагізацыі. Існуе іншая магчымасць этымалагізацыі прасл. korlь, для якога словам-крыніцай аб’яўляецца прагерм. karla ’стары, старэйшына’ (ст.-ісл. karl ’муж знатнага роду’, фінскі германізм karilas ’стары’). Прыняцце гэтай гіпотэзы мяняе храналогію запазычання ў бок значна большай старажытнасці (Параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 68–71; Трубачоў, Эт. сл., 11, 82–89).

Каро́ль 2 ’трус’ (Шатал., Сл. паўн.-зах.). У значэнні ’трус’ мы сустракаем у бел. дыялектах формы кролік і кроль. Апошняе, на нашу думку, з’яўляецца зваротнай дэрывацыяй ад кролік, якое запазычана з польск. królik. Польская форма, у сваю чаргу, з ням. Künigl < лац. cuniculus. Ням. лексема асэнсоўвалася як Nomen deminulivum ад König ’кароль’ (Бернекер, 572; Фасмер, 2, 380).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знібе́ць ’аднастайна, тупа балець’ (Юрч. Сін., Мат. Гом.), знібіла ’ныцік, плакса’ (Юрч. Вытв.), — у Юрчанкі без націску. Рус. знобить ’адчуваць холад’, смал. знобе́ть ’пакутаваць’, смал., паўд.-сіб., алан., ярасл., паўн. зноби́ть ’пакутаваць’, укр. зноби́ти ’прастуджваць’, польск. дыял. znobić ’халадзіць’, чэш. znobiti ’астуджаны, адчуваць холад’, славац. znobiť ’марозіць, халадзіць’. Ст.-рус. знобити ’марозіць, халадзіць’ (XII∼XVII стст.). Параўн. балг. дыял. зно̀ба ’хваравіты стан’. У бел. захавалася форма з дзеяслоўным вакалізмам у адрозненне ад адназоўнікавай формы тыпу рус. знобить, якая прадстаўлена ў зазноба (гл.). Бел. і рус. дыял. значэнне ’балець’ магчыма разглядаць як пашырэнне значэння ’адчуваць холад’, якое можа лічыцца першасным. Znobiti ’марозіць’ звязваюць з zęb (гл. зяб 1). Міклашыч, 401; Фасмер, 2, 101, БЕР, 1, 650; тут магла быць метатэза *zenb‑ > *zneb‑ (?) У супастаўленне ўключаюць зіма (гл.). Праабражэнскі, 254, Махэк₂, 707–708. Выдзяляюць прасл. корань *zьn‑, да якога далучаецца суфікс ‑ob‑a (але як тады быць з бел. формай?). Шанскі, 2, З, 102; Скок, 3, 659. Параўноўваюць з і.-е. *gʼen‑ ’нарадзіць, нарадзіцца’. Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 90; Трубачоў, Ист. терм., 153–154. Не выключана энатыясемічная сувязь з znojь (гл. зноіць); гл. зазноба. Адзінцоў, Этимология, 1974, 117–120. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуб 1. Рус., укр. зуб, польск. ząb, луж., чэш., славац. zub, палаб. zǫb, славен. zȏb, серб.-харв. зу̑б, балг. зъб, макед. заб. Ст.-слав. зѫбъ, ст.-рус. зубъ (XI–XII стст.). Прасл. *zǫbъ ’зуб’ < і.-е. *gʼembh‑, gʼm̥bh‑, gʼombho‑s ’зуб’: ст.-інд. jámbhatē ’хапаць’, літ. žembiū ’разразаю’, ст.-інд. jámbha‑ḥ ’зуб’, грэч. γόμφος ’тс’, алб. dhëmb ’тс’, лат. zùobs ’тс’, літ. žam̃bas ’востры вугал’, ст.-в.-ням. kamb, суч. Kamm ’грэбень’, тах. A kam, B kerne ’зуб’. Роднаснае ст.-слав. зѧб‑сти ’прарастаць’, ’прадзіраць’, гл. зя́бліва. Трубачоў (ВЯ, 1957, 2, 90) узводзіць прасл. форму да і.-е. *gʼon‑bhos ’выступ, тое, што вырасла’ ад *gʼen‑ ’нарадзіцца’. Шанскі, 2, З, 111; Фасмер, 2, 106; БЕР, 1, 660–662; Скок, 3, 663; Траўтман, 369; Покарны, 369.

Зуб 2 ’памылка пры тканні’ (чэрв., Нар. лекс.; Жд. 1). Рус. зуб смал. ’паласа каляровай тканіны’, краснаяр. ’прамежкі ў бёрдзе, скрозь якія працягваюць ніткі’, пск., цвяр. зубок ’тры ніткі ў ткацкай аснове’, польск. ząb ’нешта ў выглядзе кліна, зуба’. Такое ж значэнне, як у польск., вядома ў іншых слав. мовах. Бел. і рус. значэнні — фіксацыя аднаго з пераносных значэнняў зуб 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́зін ‘дванаццаць аднолькавых прадметаў’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шпіл., Ласт., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.; смарг., беласт., гродз., Сл. ПЗБ), ту́зін і тузі́на ‘тс’ (Байк. і Некр.); ту́зін ‘нізка рыбы’ (мядз., ЛА, 1), ту́зень ‘нізка грыбоў’ (валож., там жа), ‘бярэма, вязанка’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тузинъ, туженъ, тузанъ, тузина, тужина, тузынъ ‘тузін’ (1498 г., ГСБМ). Апошнія запазычаны са ст.-польск. tuzin ‘тс’, якое са ст.-франц. douzaine (Карскі, Белорусы, 137; Булыка, Лекс. запазыч., 155). Борысь (655) пасрэднікам для польск. tuzin бачыць с.-в.-ням. totzen, tutzen ‘тс’, якое са ст.-франц. dozeine ‘дванаццатка’ < douze ‘дванаццаць’ < лац. duodecim ‘тс’, гл. таксама Фасмер, 4, 115. Махэк₂ (659) крыніцай для польск. tuzin вызначае ст.-чэш. tucen, tucet і tusen, якія з ням. Tutzet, Dutzet, пашыраных у XVI–XVII стст. у сувязі з дванаццацярычнай метралогіяй; засцярогі адносна чэшскага пасрэдніцтва для польск. tuzin падае Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402), мяркуючы аб прамым запазычанні с.-в.-ням. totzen. Іншы погляд у Лаўчутэ (Балтизмы, 133): слова ў славянскія мовы прыйшло з літоўскай мовы (літ. tuzìnas ‘тузін’), пярэчанні гл. Анікін, Опыт, 289–290. Сюды ж чо́ртаў ту́зін ‘трынаццаць, нешчаслівы лік’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЯМКЕ́ВІЧ (Рамуальд Аляксандравіч) (7.2.1881, Варшава — 1943 ці 1944),

бел. бібліяфіл, бібліёграф, публіцыст, гісторык бел. л-ры, краязнавец, перакладчык. Бацькі родам са Случчыны. Збіраў матэрыялы па гісторыі бел. л-ры і культуры, працаваў у б-ках і архівах Варшавы, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат ездзіў, у т. л. па Беларусі. Быў звязаны з бел. нац.-культ. рухам. У 1908 рабіў фальклорна-этнагр. запісы на Барысаўшчыне, у 1913—14 шукаў гісторыка-літ. матэрыялы на Магілёўшчыне. Сабраў калекцыю бел. нар. адзення (у 1918 немцы вывезлі ў Берлін). У 1915—17 жыў у Мінску, працаваў ваен. інжынерам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах бел. грамадска-культ. руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную б-ку па гісторыі, мовазнаўстве, л-ры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і інш., вял. калекцыю рукапісаў бел. пісьменнікаў (А.​Рыпінскага, А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Лучыны, Ф.​Багушэвіча. Ядвігіна Ш., Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.). Даследаваў бел. бібліяграфію, стараж. бел. л-ру, л-ру 19 ст., этнаграфію, бел. нар. эстэтыку, фальклор, мастацтва. У працах па гісторыі бел. л-ры прывёў невядомыя на той час звесткі пра Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Баршчэўскага, А.​Кіркора, А.​Ельскага, Лучыну, К.​Каганца, Багдановіча і інш., апублікаваў невядомыя іх рукапісы. У 1919 у час. «Беларускае жыццё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В.​Цяпінскага 1576, адшуканы ў б-цы К.​Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Памагаў матэрыяламі і звесткамі Я.​Карскаму, абменьваўся навук. інфармацыяй з Ельскім, А.​Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі, рукапісы і ўспаміны варшаўскаму славісту Ю.​Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на бел. мову творы ўкр. пісьменніка В.​Стафаніка і франц. А.​Дадэ. У час Вял. Айч. вайны трапіў у гестапа і загінуў у канцлагеры. Рукапісы і лісты З. зберагаюцца ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Варшавы, С.-Пецярбурга і інш.

Тв.:

Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік XIX ст. Вільня. 1911;

Адам Ганоры Кіркор: (Біягр.-бібліягр. нарыс у 25-летнюю гадаўшчыну смерці). Вільня, 1911;

Цукраварні на Беларусі. [Мн.], 1918;

Беларуская бібліяграфія: Бел. кнігі XVI—XVIII стст. // Першы беларускі каляндар «Нашае нівы» на 1910 г. Вільня, 1910;

Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне // Наша ніва. 1910. 25 лістап.;

400-лецце беларускага друку // Вольная Беларусь. 1917. 8 жн.;

Значэнне Францішка Скарыны ў беларускай культуры // Там жа. 11 жн.;

Друк Скарыны і друк сучасны // Там жа. 23 жн.;

Няміга і Менск. Старая беларуская пісьменнасць // Варта. 1918. № 1;

Васіль Цяпінскі // Бел. жыццё. 1919. 14 ліп.;

Стары замак у Менску // Беларусь. 1919. 14—15 лістап.;

Станіслаў Манюшка і беларусы // Бел. жыццё. 1920. 19 студз.;

Гутаркі аб беларускай літаратуры // Новае жыццё. 1923. 3 сак.; Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Заходняя Беларусь. Вільня, 1924; Аб беларускай народнай эстэтыцы // Маладняк. 1927. № 3; Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго няведамыя вершы // Нёман. 1932. № 2; Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964; Стары Мінск у беларускіх успамінах // Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),

від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.

Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл. Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.

На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл. гл. таксама да арт. Абраз, Беларуская іканапісная школа.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;

Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;

Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд. Мн., 1995.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.
Да арт. Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.
Да арт. Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).
Да арт. Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.
Да арт. Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.
Да арт. Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.
Да арт. Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Санкт-Пецярбургу,

універсальная, агульнадаступная навук. б-ка; адно з найб. кнігасховішчаў свету (больш за 32,5 млн. адзінак захоўвання, у т. л. кніг і брашур больш за 13 млн.; 2000). Да 1917 наз. Імператарская публічная, да 1991 Дзярж. публічная імя М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына. Засн. ў 1795 на базе вывезенай А.​В.​Суворавым з Варшавы б-кі Залускіх (паводле Рыжскага дагавора 1921 большая яе частка вернута ў Польшчу), для наведвання адкрыта ў 1814; з 1811 атрымлівае абавязковы экзэмпляр усёй айч. друкаванай прадукцыі. Мае найб. поўны збор рус. кніг, перыёдыкі, картаграфічны фонд. У аддзеле рукапісаў больш за 310 тыс. помнікаў пісьменства. Сярод іх 40 тыс. рукапісных кніг, у т. л. Астрамірава евангелле, Лаўрэнцьеўскі летапіс, Вял. франц. хронікі з мініяцюрамі С.​Марміёна, арабскія і персідскія ілюмінаваныя рукапісы 14—17 ст. і інш. Захоўваюцца асабістыя архівы, у іх ліку архівы Дома Раманавых, дзярж. і ваен. дзеячаў (А.​М.​Гарчакова, І.​І.​Талстога, А.​В.​Суворава, М.​І.​Кутузава), вучоных (П.​П.​Пякарскага, Р.​П.​Кавалеўскага, А.​А.​Шахматава), літаратараў (Г.​Р.​Дзяржавіна, М.​Ю.​Лермантава, І.​А.​Крылова, М.​В.​Гогаля), кампазітараў і мастакоў (М.​П.​Мусаргскага, М.​І.​Глінкі, М.​А.​Балакірава, Дз.​С.​Бартнянскага, М.​А.​Рымскага-Корсакава, І.​Я.​Рэпіна) і інш. Зберагаюцца грэч. і лац. рукапісы, егіп. папірусы, калекцыя гебраістыкі С.​Фірковіча, лісты і творы Дж.​Байрана, А.​Бальзака, І.​Гётэ, В.​Гюго, Л.​Бетховена, Ж.​Бізэ, Ф.​Шапэна і інш. У фондзе замежных кніг калекцыя «Росіка» (250 тыс. замежных выданняў пра Расію, надрукаваных да 1917), асабістая б-ка Вальтэра, буйнейшы ў свеце збор інкунабул. У складзе б-кі «Дом Г.​В.​Пляханава» (архіў і б-ка). Выдае інфарм. бюлетэні, бібліягр. дапаможнікі, каталогі асобных калекцый і збораў, агульныя і галіновыя бібліяграфіі, манаграфіі і зб-кі навук. прац. Бел. матэрыялы прадстаўлены ва ўсіх аддзелах б-кі. У аддзеле рукапісаў захоўваюцца Полацкія евангеллі, спісы Статутаў ВКЛ 1529 і 1566; бел. літ. зборнік 15 ст., бел. пераклад «Александрыі» 17 ст., Віцебскі летапіс, Магілёўская хроніка і інш. Калекцыя бел. кірылічных старадрукаў, апісаная В.​І.​Лук’яненка ў «Каталогу беларускіх выданняў кірылаўскага шрыфту XVI—XVII стст.» (вып. 1—2, 1973—75), бел. і надрукаваныя на бел. землях кнігі (кірылічныя ў Рус. фондзе і аддзеле рэдкай кнігі, надрукаваныя лацінкай у калекцыях «Росіка» і «Паліграфія»), часопісы (рускі і замежны фонд часопісаў), карты, атласы і планы (аддзелы картаграфіі і рукапісаў), газеты (аддзел газет), рэкламныя афішы, гравюры, плакаты, паштоўкі (аддзел эстампаў). У кніжных фондах шматлікія кнігі з канфіскаваных у 1831—63 б-к Сапегаў з Дзярэчына і Коданя, Радзівілаўскай з Нясвіжа, езуіцкіх Гродзенскай калегіі і Полацкай акадэміі, Жыровіцкага манастыра і інш. Матэрыялы пра Беларусь знаходзяцца і ў асабістых архівах В.​Ф.​Ратча, І.​П.​Карнілава, П.​М.​Бацюшкава, П.​А.​Гільтэбранта, З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага, М.​Баяровіча, М.​С.​Куторгі, Л.​І.​Ракоўскага. Супрацоўнікамі б-кі былі выхадцы з Беларусі санскрытолаг К.​А.​Касовіч, бібліятэказнаўцы І.​Д.​Іваноўскі, В.​І.​Сабальшчыкоў, даследчык самарыяцкіх рукапісаў А.​Я.​Гаркаві. У аддзеле рукапісаў працавалі браты Віктар і Кастусь Каліноўскія.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 13, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)