ЗЯМКЕ́ВІЧ Рамуальд Аляксандравіч
(7.2.1881, Варшава — 1943 ці 1944),
бел. бібліяфіл, бібліёграф, публіцыст, гісторык бел. л-ры, краязнавец, перакладчык. Бацькі родам са Случчыны. Збіраў матэрыялы па гісторыі бел. л-ры і культуры, працаваў у б-ках і архівах Варшавы, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат ездзіў, у т.л. па Беларусі. Быў звязаны з бел. нац.-культ. рухам. У 1908 рабіў фальклорна-этнагр. запісы на Барысаўшчыне, у 1913—14 шукаў гісторыка-літ. матэрыялы на Магілёўшчыне. Сабраў калекцыю бел. нар. адзення (у 1918 немцы вывезлі ў Берлін). У 1915—17 жыў у Мінску, працаваў ваен. інжынерам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах бел. грамадска-культ. руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную б-ку па гісторыі, мовазнаўстве, л-ры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і інш., вял. калекцыю рукапісаў бел. пісьменнікаў (А.Рыпінскага, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча. Ядвігіна Ш., Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.). Даследаваў бел. бібліяграфію, стараж. бел. л-ру, л-ру 19 ст., этнаграфію, бел. нар. эстэтыку, фальклор, мастацтва. У працах па гісторыі бел. л-ры прывёў невядомыя на той час звесткі пра Дуніна-Марцінкевіча, Я.Баршчэўскага, А.Кіркора, А.Ельскага, Лучыну, К.Каганца, Багдановіча і інш., апублікаваў невядомыя іх рукапісы. У 1919 у час. «Беларускае жыццё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В.Цяпінскага 1576, адшуканы ў б-цы К.Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Памагаў матэрыяламі і звесткамі Я.Карскаму, абменьваўся навук. інфармацыяй з Ельскім, А.Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі, рукапісы і ўспаміны варшаўскаму славісту Ю.Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на бел. мову творы ўкр. пісьменніка В.Стафаніка і франц. А.Дадэ. У час Вял. Айч. вайны трапіў у гестапа і загінуў у канцлагеры. Рукапісы і лісты З. зберагаюцца ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Варшавы, С.-Пецярбурга і інш.
Тв.:
Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік XIX ст. Вільня. 1911;
Адам Ганоры Кіркор: (Біягр.-бібліягр. нарыс у 25-летнюю гадаўшчыну смерці). Вільня, 1911;
Цукраварні на Беларусі. [Мн.], 1918;
Беларуская бібліяграфія: Бел. кнігі XVI—XVIII стст. // Першы беларускі каляндар «Нашае нівы» на 1910 г. Вільня, 1910;
Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне // Наша ніва. 1910. 25 лістап.;
400-лецце беларускага друку // Вольная Беларусь. 1917. 8 жн.;
Значэнне Францішка Скарыны ў беларускай культуры // Там жа. 11 жн.;
Друк Скарыны і друк сучасны // Там жа. 23 жн.;
Няміга і Менск. Старая беларуская пісьменнасць // Варта. 1918. № 1;
Васіль Цяпінскі // Бел. жыццё. 1919. 14 ліп.;
Стары замак у Менску // Беларусь. 1919. 14—15 лістап.;
Станіслаў Манюшка і беларусы // Бел. жыццё. 1920. 19 студз.;
Гутаркі аб беларускай літаратуры // Новае жыццё. 1923. 3 сак.; Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Заходняя Беларусь. Вільня, 1924; Аб беларускай народнай эстэтыцы // Маладняк. 1927. № 3; Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго няведамыя вершы // Нёман. 1932. № 2; Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964; Стары Мінск у беларускіх успамінах // Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 129