адбі́цца, адаб’ю́ся, адаб’е́шся, адаб’е́цца; адаб’ёмся, адаб’яце́ся, адаб’ю́цца; адбі́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Тое, што і адламацца, адкалоцца.

Ручка кубка адбілася.

2. Даць адпор, абараніцца; вызваліцца; пазбавіцца.

А. ад ворага.

3. ад каго-чаго. Адстаць ад тых, з кім быў разам (разм.).

А. ў дарозе ад кампаніі.

4. ад каго-чаго. Парваць сувязь з кім-, чым-н., перастаць рабіць што-н., займацца чым-н. (разм.).

А. ад дому.

А. ад вучобы.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамяні і пад.).

Крык адбіўся рэхам у гарах.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні.

Дрэва адбілася ценем у вадзе.

7. перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях.

У лірыцы адбілася жыццё людзей.

8. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Атрымаць вонкавае праяўленне, выявіцца (пра пачуцці, стан і пад.).

Трывога адбілася на твары жанчыны.

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выклікаць сабой якое-н. пачуццё; адазвацца; захавацца ў памяці.

Родныя далягляды навек адаб’юцца ў душы.

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), на кім-чым. Зрабіць уздзеянне, уплыў на каго-, што-н.

Цяжкая праца адбілася на здароўі.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пакінуць адбітак.

На пяску адбіліся сляды ног.

◊

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, падпарадкоўвацца.

|| незак. адбіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

note

[noʊt]

1.

n.

1) за́піс -у m., за́цемка, ната́тка f.

2) ува́га f.

3) заўва́га, зно́ска, спасы́лка f.

4) запі́ска f.

5) (дыпляматы́чная) но́та

6) но́та f.

7) птушы́ны сьпеў або́ крык

8) пе́сьня, мэлёдыя f.

9) расьпі́ска f. (дакумэ́нт)

10) банкно́т -а m., ба́нкаўскі біле́т

2.

v.

1) запі́сваць

2) ува́жна глядзе́ць, уважа́ць, заўважа́ць; браць на ўва́гу

3) пака́зваць на што, абазнача́ць, зна́чыць

•

- compare notes

- strike the right note

- take note of

- take notes of

- make a note of

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

bitter

[ˈbɪtər]

1.

adj.

1) го́ркі

2) балю́чы; по́ўны го́рычы

a bitter loss — балю́чая стра́та

bitter tears — го́ркія сьлёзы

a bitter cry — душаразьдзіра́льны крык

3) рэ́зкі, во́стры; прані́зьлівы, лю́ты

bitter words — рэ́зкія сло́вы

a bitter wind — прані́зьлівы ве́цер

4) заўзя́ты; лю́ты, заця́ты

a bitter quarrel — заўзя́тая сва́рка

bitter enemy — заця́ты во́раг

2.

n.

1) го́ркае n.; го́рыч f.

2) го́ркі лек (напр. хіні́н)

3) го́ркі смак

4) esp. Brit. го́ркае цёмнае пі́ва

3.

v.t.

1) рабі́ць го́ркім

2) Figur. атру́чваць (не́каму жыцьцё)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Ruf m -(e)s, -e

1) крык

2) (по́)кліч, за́клік, зваро́т;

auf den érsten ~ па пе́ршаму по́клічу

3) сла́ва, рэпута́цыя;

ein Wíssenschaftler von ~ навуко́вец [вучо́ны] з і́мем;

éinen gúten [schléchten] ~ háben карыста́цца до́брай [дрэ́ннай] сла́вай;

j-n in üblen ~ bríngen* ствары́ць [зрабі́ць] каму́-н. дрэ́нную сла́ву

4) запрашэ́нне, вы́клік

5) ну́мар (тэлефона)

6) паляўн. мано́к, свісто́к для прына́джвання дзічы́ны

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

dziki

1. дзікі;

~e koni — дзікія коні;

dziki bez — бузіна;

2. разм. дзікі; страшны;

dziki wzrok — дзікі позірк;

dziki wybryk — дзікі ўчынак;

dziki hałas — дзікі крык;

3. незаконны, нелегальны;

dziki strajk — дзікая забастоўка (без узгаднення, неафіцыйная);

dziki lokator — незаконны жылец;

4. разм. дзікун, дзікі чалавек;

dzicy napadli na osadę kolonizatorów — дзікуны напалі на паселішча каланізатараў

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

апо́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца на самым канцы чаргі, шэрагу падобных прадметаў, з’яў. На апошняй платформе, хутаючыся ў каўнер кажуха, стаяў вартавы. Мележ. Зораў у апошні раз паспрабаваў адгаварыць Каленіка ад задуманага ім плана. Паслядовіч. Апошняму госцю лыжка ў качарэжніку. Прыказка. // Перадсмяротны. [Зарэччы:] Сябры, таварышы мае, Мой час апошні настае. Бачыла.

2. Адзіны, астатні. І мы не раз з табою ў бітвах Сухар апошні раздзяляла. Прыходзька. // Які падыходзіць к канцу, канчаецца. Сабраўшы апошнія сілы, плюнуў Васіль проста ў вочы палкоўніку. Лынькоў. // у знач. наз. апо́шняе, ‑яга, н. Тое адзінае, што засталося. [Туляга:] [Гарлахвацкі] шчыры, душэўны. Гатоў з чалавекам апошнім падзяліцца. Крапіва.

3. Які адбыўся непасрэдна перад чым‑н. Але гэта былі не апошнія словы развітання. Янкоўскі. // Які толькі што з’явіўся, самы новы. Апошнія паведамленне Апошняе дасягненне тэхнікі. Апошняя мода. □ Праходзяць суседзі і ціха пытаюцца Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія. Панчанка. Асабліва.. [Зоя] любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў і адчувала сябе шчасліваю. Грахоўскі. // Які толькі што мінуў (пра тэрмін, час). Гэта вада фактычна і была.. адзінай ежай [Мірона і Віктара] за апошнія суткі. Маўр.

4. Канчатковы, рашаючы, заключны. Апошняя цана. Апошняе слова. □ Ведаю — страт яшчэ будзе нямала І ў пераможным апошнім баі. Танк.

5. Вышэйшы, крайні. Апошні сродак. □ Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей. Чорны.

6. Самы нязначны з усіх падобных; дрэнны. [Байсак:] — Калі я п’ю, я не чалавек тады, я апошняя жывёліна, без волі, без розуму. Лынькоў. // Непрыстойны (пра брыдкія словы). Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі. Якімовіч.

7. Гэты, толькі што названы. Стала відаць, хто што думае і хто чаго хоча, і хто сам не ведае, што яму думаць і чаго хацець. А гэткія, апошнія, таксама былі. Чорны.

•••

Апошні акорд гл. акорд.

(Апошні) крык моды гл. крык.

Апошні з магікан — апошні прадстаўнік чаго‑н.

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) гл. слова.

Апошняя гадзіна гл. гадзіна.

Апошняя дарога гл. дарога.

Да апошняга — поўнасцю, да канца, без астачы.

Да апошняга каліва гл. каліва.

Да апошняй капейкі гл. капейка.

Да апошняй кроплі (каплі) крыві гл. кропля.

Да (апошняй) ніткі гл. нітка.

З апошніх сіл гл. сіла.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні гл. першы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПА́НЧАНКА (Пімен Емяльянавіч) (23.8.1917, г. Талін — 2.4.1995),

бел. паэт. Нар. паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік Нац. АН Беларусі (1994). Скончыў пед. курсы ў Бабруйску (1934), Мінскі пед. ін-т (1939). У 1933 працаваў рабочым у Бабруйску. З 1934 настаўнічаў на Магілёўшчыне. З 1939 у Чырв. Арміі, удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (вер. 1939). У Вял. Айч. вайну спец. карэспандэнт армейскіх і франтавых газет. З 1946 заг. аддзела час. «Вожык», з 1948 заг. аддзела, нам. гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». З 1953 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна», з 1958 — час. «Маладосць». У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1934. У першых зб-ках «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) настрой і пачуцці яго пакалення — рамантычна-ўзнёслыя парыванні, летуценні маладосці і кахання, трывога ў прадчуванні нарастаючай пагрозы вайны. У зб-ках «Табе, Беларусь» (1942), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945) горыч расстання з Беларуссю, вера ў яе вызваленне, героіка нар. змагання вызначаюць унутр. напружанне, палымянасць лірычнага перажывання паэта. Шырока выкарыстоўваў фалькл. вобразы і прыёмы. Вершы ваен. часу («Краіна мая», «Будуць вечна сады расцвітаць...», «Сінія касачы», «Дзеці вайны», «Герой» і інш.) спалучаюць адухоўленыя, чыстыя, светлыя малюнкі жыцця, задушэўныя перажыванні з драм., нярэдка па-баладнаму сціслым і ёмістым паказам ваен. выпрабаванняў. Уражанні ад знаходжання з сав. войскамі ў Іране (1944—45) сабраны ў патрыят. цыкле «Іранскі дзённік» (1944—47). У зб-ках «Гарачыя вятры» (1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955) тэма мірнай працы, суровая памяць вайны, услаўленне прац. энтузіязму, імкненне да сац. значнасці і дзейснасці паэзіі. Вынік паездак у ЗША і інш. краіны — зб-кі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысячы небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (1964). Сведчаннем творчай сталасці з’яўляюцца зб-кі «Пры святле маланак» (1966, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1968), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Дзе начуе жаўранак» (1979, у пер. на рус. мову, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Маўклівая малітва» (1981), «Лясныя воблакі» (1985) і інш., дзе найб. поўна рэалізаваліся магчымасці і выявіліся лепшыя рысы таленту П. Яго паэзія псіхалагічна чуйная, незвычайна багатая на рэаліі жыцця і чалавечыя адносіны, павернута да штодзённых спраў, прасякнута людскімі клопатамі і трывогамі, раскрывае свет сучасніка — грамадзяніна і патрыёта, які жыве напружана, дзейна. Паэт ярка выражанага грамадзянска-публіцыст. тэмпераменту, глыбока ўражлівы, па-маладому няўрымслівы; ён усё жыццё працягваў змаганне за маральна-этычную вартасць і сутнасць чалавечай асобы, за нац. свядомасць, мову і культуру беларусаў. З сярэдзіны 1980-х г. яго творчасць вылучаецца публіцыст. адкрытасцю, трыбуннасцю, вастрынёй прамаўлення, сатыр. пафасам і адначасова застаецца па-ранейшаму глыбока лірычнай, уражлівай, чуйнай да чужога болю (кн. «І вера, і вернасць, і вечнасць», 1986; «Горкі жолуд», 1988; «Высокі бераг», 1993). У пасмяротную кнігу паэзіі розных гадоў «Зямля ў мяне адна» (1996) увайшла і напісаная ў гады вайны паэма «Вандраванне ў нянавісць». Аўтар лірычных паэм «Беластоцкія вітрыны» (1940), «Маладосць у паходзе» (1946), «Патрыятычная песня» (1957, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1959) і інш. Выступаў як крытык: кн. «На паэтычным небасхіле» (1977) і «Высокі бераг» (1993) у якіх змешчаны артыкулы, эсэ, успаміны пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, А.​Куляшова, А.​Фадзеева і інш., пра падзеі літ. жыцця. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.​Міцкевіча, М.​Нагнібеды, Я.​Райніса, А.​Суркова, Ф.​Шылера і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1967—71;

Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1981—83;

Млечны шлях. Мн., 1980;

Неспакой. Мн., 1988;

Выбранае: Вершы. Паэма. Мн., 1993.

Літ.:

Лазарук М.А. Пімен Панчанка. Мн., 1959;

Бярозкін Р.С. Пімен Панчанка. Мн., 1968;

Гілевіч Н. Іменем чалавечнасці // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Бечык В. Хвалявацца за ўсіх і ўсё... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Стральцоў М. Пімен Панчанка: (Фотаальбом). Мн., 1987.

В.​Л.​Бечык, Л.​М.​Гарэлік.

т. 12, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

грыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. Утвараць моцныя рэзкія гукі, грукат, шум. Паравоз дрыжаў, грымеў, скрыгатаў. Мележ. У кароўніку грымелі ланцугі, чуўся звон бляшаных даёнак, цурканне малака. Дуброўскі. // чым. Утвараць рэзкія гукі, грукат, стук. Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган. Нястомны дзяцел лес трывожыць, Па хвоі дзюбаю грыміць. Калачынскі. // Пра раскаты грому. Усё новыя і новыя ўдары грому глуха грымяць над самым вакзалам. Лупсякоў. / у безас. ужыв. На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. // Пра выбухі, страляніну, шум мора і пад. Грымелі гарматы, тахкалі мінамёты. Ставер. Мора грымела, але рыбакоў не палохала. Лось. Воддал[ь] грымеў марскі прыбой. Самуйлёнак. // Пра гучныя песні, крык, шумную ігру на музычных інструментах і пад. Над плошчай грымела «ура». □ У суседнім пакоі грымела радыёла. Корбан. У парку грымеў аркестр. Хадкевіч. // перан. Разм. Гаварыць гучным узрушаным голасам, з гневам або запалам. — Яшчэ вады! Яшчэ! — грыміць Змітрок. Бядуля. — Я заўсёды стаяў цвёрда на зямлі, — грымеў словамі мельнік. Чорны.

2. перан. Карыстацца вялікай папулярнасцю, славіцца. — Дырэктар школы Яснікоў ужо грыміць на ўсю рэспубліку. Шамякін. // Мець вялікае пашырэнне. [Бандарчык:] Слава пра наш калгас грыміць на ўсю вобласць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што і без дап.

1. Падымаць, узнімаць бунт, удзельнічаць у бунце. Мы [беларускія паэты] былі разам з народам, гнеўна бунтавалі разам з ім, верылі ў будучыню. Купала. Кажуць, што пасля сяляне бунтавалі, Над палацамі клубіўся чорны дым Недалёка той карчмы, дзе быў Купала, На даўгінаўскім гасцінцы векавым. Танк. // перан. Выказваць крайнюю незадаволенасць, пратэставаць. — Што ты, Саўка, бунтуеш? — строга звярнуўся да яго войт. Колас. — Вы што — бунтаваць ўздумалі? — сярдзіта закрычаў аканом на мужчын. Якімовіч. // перан. Бударажыць, хваляваць. [Стэфа:] — Зноў гэтая хата... Адзін напамінак пра яе бунтуе маю душу. Савіцкі. // перан. Бушаваць, кіпець. Мы не верым ані ў бога, ні ў малітвы, І няма для нас другіх свяцейшых слоў, Апроч лозунгаў і заклікаў да бітвы, Апроч песень, ад якіх бунтуе кроў. Куляшоў. Чаго ж ты бунтуеш, лагоднае мора? Вялюгін.

2. Падбухторваць да бунту. [Старшыня:] — Не хочаце рабіць — не рабіце, але і не бунтуйце народ. Навуменка. І вось неўзабаве.. [Марыся] зноў прыедзе ў фальварак бунтаваць парабкаў. Бажко. // Перашкаджаць, шкодзіць. Рыгорка ўзняў крык на Якіма за тое, што той валтузіць і бунтуе работу касцоў, і патрабаваў, каб ён ішоў прэч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́ра, ‑ы, ж.

1. Вецер вялікай разбуральнай сілы, звычайна з дажджом або снегам. Бура ўзнялася. Бура сціхла. □ Дзед з Сымонам пад вярбою Селі буру пераждаць. Колас. Пералівы ветру пераходзяць у буру. Бядуля.

2. перан. Пра сацыяльныя з’явы вялікай гістарычнай важнасці, якія выклікаюць істотныя перамены ў жыцці грамадства. І вось паўстаў крылаты пралетарый, — І бура ўміг з зямлі змяла цара — драпежніка арла. Крапіва. Раскаты рэвалюцыйнай буры ў пралетарскіх цэнтрах Расіі ўскалыхнулі і Беларусь. Івашын.

3. Шум, крык. Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру. Колас. [Насця:] — Што ж гэта, памочнікі мае дарагія, у ясны дзень буру паднімаеце? Мележ. // перан. Моцнае душэўнае хваляванне. Бура, якая бушазала ў душы [Пятра] ўсю дарогу, пакрысе сціхала. Шамякін. // перан.; чаго або якая. Яркае гарачае выяўленне пачуццяў. Пасля буры воплескаў шалёных Мы сябе не помнілі ў фінале І свае сапраўдныя імёны У ролях закаханых называлі. Непачаловіч.

•••

Магнітная бура — раптоўнае кароткачасовае, хуткае і незаканамернае змяненне магнітнага поля Зямлі, звязанае з утварэннем і развіццём па Сонцы цёмных плям.

Бура ў шклянцы вады — моцнае хваляванне, гарачая спрэчка з-за дробязных прычын.

Якой бурай прынесла — пра нечаканае з’яўленне непажаданага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)