ЛЕ́ВЕНГУК ((Leeuwenhoek) Антані ван) (24.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1723),
нідэрландскі біёлаг-натураліст, заснавальнік мікраскапіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680). Зрабіў лінзы, якія павялічвалі ў 150—300 разоў. З іх дапамогай назіраў і замалёўваў бактэрыі (1683), эрытрацыты, прасцейшых, раслінныя і жывёльныя клеткі, будову мышцаў і інш. часткі і органы больш за 200 відаў раслін і жывёл. Адкрыў сперматазоіды чалавека (1677); лічыў, што ў сперматазоідзе ўтрымліваецца сфарміраваны зародак, а яйцо служыць сілкавальным матэрыялам. Апісаў партэнагенез у тлей. Адзначыў розніцу ў будове адна- і двухдольных раслін. Назіранні апісваў у лістах (каля 300), гал. чынам Лонданскаму каралеўскаму т-ву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТВІНЫ,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Мядзелка, за 10 км на Пн ад г. Мядзел. Пл. 0,42 км², даўж.больш за 1,4 км, найб.шыр. 490 м, найб.глыб. 15,1 м, даўж. берагавой лініі каля 3,7 км. Пл. вадазбору 1,4 км². Схілы катлавіны выш. 13—20 м (на Пд і ПдУ 3—7 м), пад лугам, на З параслі лесам. Берагі пад хмызняком, участкамі зліваюцца са схіламі. Найб. глыбокая паўд.-зах.ч. возера. Мелкаводдзе пясчанае. Зарастае каля 20% пл. возера. На Пд выцякае ручай у р. Мядзелка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУА́РА (Loire),
самая доўгая рака Францыі. Даўж. 1012 км, пл. басейна 115 тыс.км². Вытокі ў гарах Севены, цячэ па Цэнтр. Французскім масіве і Луарскай нізіне. Упадае ў паўн.ч. Біскайскага зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Алье, Шэр, В’ена (злева), Сарта з Луарам (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 800 м³/с. Суднаходная ад г. Раан (часткова па абводных каналах), злучана каналамі з рэкамі Сена, Сона, Рэйн. На Л. гарады Арлеан, Тур, Нант (пачатак марскога суднаходства), у эстуарыі — порт Сен-Назер. У даліне Л. — шматлікія замкі 15—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́ЧКА,
гліняная пасудзіна, якая са стараж. часоў выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе для разліўкі расплаўленых каляровых металаў. Узнікла ад тыгля з ручкай. 3 развіццём ювелірнай справы ўдасканальвалася. Паводле формы падзяляюцца на лыжкападобныя з закрытым верхам і масіўнай утулкавай ручкай (11 ст.), выцягнутая закрытая пасудзіна авальнай формы з дзвюма круглымі адтулінамі і ручкай (11—12 ст.), моцнапаглыбленая лыжка з плаўным пераходам корпуса ў ручку (13—14 ст.). Ва ўсх.-слав. гарадах 11—14 ст. знойдзена больш за 150 Л. На Беларусі знойдзены ў Віцебску, Гродне, Лукомлі, Навагрудку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́ЦЫНА,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,35 км², даўж. каля 1,1 км, найб.шыр. 430 м, найб.глыб. 5,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,7 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 10—16 м (на Пн і ПдУ да 4 м), на ПнУ і З у ніжняй ч. стромкія, разараныя. Берагі нізкія, на Пд зліваюцца са схіламі (на ПдЗ участак сплавіннага берага), месцамі тарфяністыя, пад хмызняком. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — сапрапелістае. Злучана пратокай з воз. Цеменіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁМАСНЫ НАЁМ,
у цывільным праве дагавор, паводле якога наймадавец абавязваецца прадаставіць наймальніку маёмасць у часовае карыстанне за плату (гл.Арэнда). Дагавор М.н. паміж грамадзянамі на тэрмін больш за 1 год павінен заключацца ў пісьмовай форме. Тэрмін дагавору вызначаецца пагадненнем бакоў, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае. Калі наймальнік працягвае карыстацца маёмасцю пасля сканчэння тэрміну дагавора пры адсутнасці пярэчанняў з боку наймадаўца, дагавор лічыцца адноўленым на няпэўны тэрмін. Правы і абавязкі бакоў дагавору М.н. вызначаны заканадаўствам. Найб. пашыраным відам М.н. з’яўляюцца бытавы пракат, наём жылля, а таксама арэнда зямельных участкаў (гл.Арэнда зямлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНРО́ (Monroe) Мэрылін [сапр.Бейкер Мортэнсан
(Baker Mortenson) Норма Джын; 1.6.1926, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 5.8.1962], амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1947. У 1950-я г. самая папулярная актрыса — увасабленне жывой «амерыканскай мары». Здымалася ў фільмах розных жанраў: меладраме «Ніягара» (1953),
вестэрне «Рака, адкуль не вяртаюцца» (1954), камедыях «Сверб сёмага года» (1955), «Прынц і танцоўшчыца» (1957), «Некаторыя любяць больш гарачае» (1959, у сав. пракаце «У джазе толькі дзяўчаты») і інш. Дыяпазон яе драм. магчымасцей асабліва раскрыўся ў фільмах «Аўтобусны прыпынак» (1956) і «Непрыкаяныя» (1960). Пра жыццё і творчасць М. пісаў Н.Мейлер, знята кінаанталогія «Мэрылін» (1963).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНРО́ ДАКТРЫ́НА,
знешнепалітычная праграма ўрада ЗША, абвешчаная ў 1823 у пасланні прэзідэнта Дж.Манро кангрэсу. Змяшчала 3 асн. палажэнні: неўмяшанне амер. дзяржаў ва ўнутр. справы Еўропы; неўмяшанне еўрап. дзяржаў ва ўнутр. справы Амерыкі; рашучасць перашкаджаць усякім спробам еўрап. дзяржаў пасягаць у якой-н. форме на незалежнасць амер. дзяржаў шляхам іх каланізацыі. М.д. была накіравана супраць экспансіі еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце. У 1840-я г. М.д. і заклікі да кантынентальнай салідарнасці служылі прыкрыццем для далучэння да ЗША больш за палову тэр. Мексікі.
Літ.:
Болховитинов Н.Н. Доктрина Монро (происхождение и характер). М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАРТЫРАЛО́Г БЕЛАРУ́СІ»,
добраахвотнае грамадска-асветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму. Створаны 19.10.1988 у Мінску на ўстаноўчым сходзе, які зацвердзіў статут і дэкларацыю т-ва. Кіруючыя органы «М.Б.» — канферэнцыя і грамадская рада, выканаўчыя — выканаўчая камісія і рабочыя групы. Асн. мэты — раскрыццё масавых рэпрэсій у 1920—50-я г., высвятленне колькасці тых, хто загінуў на Беларусі, у месцах высылкі і зняволення, увекавечанне іх памяці. Выдадзены бюлетэнь «Мартыралог» (1989), зняты дакумент. фільм «Дарога ў Курапаты» (1990, рэж. М.Жданоўскі), праведзена канферэнцыя «Час, помнікі, людзі. Памяці рэпрэсіраваных археолагаў» (1993) створаны каталог памятных знакаў (больш за 40), устаноўленых на месцах пахавання ахвяр паліт. рэпрэсій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Marianas Islands),
група астравоў на Зцэнтр.ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Складаецца з 15 буйных астравоў (Гуам, Рота, Сайпан і інш.) і некалькіх дробных астравоў і рыфаў. Пл.больш за 1,1 тыс.км². Нас. каля 210 тыс.ж. (1997). В-ваў Гуам — уладанне ЗША, астатняя частка ўваходзіць у Садружнасць Паўн. Марыянскіх Астравоў. Астравы вулканічнага і каралавага паходжання. Частыя землетрасенні. Выш. да 965 м. Вільготныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства. Рыбалоўства. Асн. порт Аганья (на в-ве Гуам). Ваенна-марскія і ваенна-паветр. базы ЗША. М.а. адкрыты ў 1521 Ф.Магеланам.