ТКАЧЭ́НКА Нінель Аляксандраўна (н. 21.11.1928, г. Харкаў, Украіна),

украінская і бел. спявачка (драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1964). Скончыла Харкаўскую кансерваторыю (1958). З 1958 салістка опернай студыі Кіеўскай кансерваторыі і Львоўскага т-ра оперы і балета, з 1962 Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1968 — Адэскага т-ра оперы і балета, з 1981 Маскоўскай філармоніі. Валодае моцным рухомым голасам шырокага дыяпазону; яе выканальніцкая манера спалучае вял. ўнутр. эмацыянальнасць з вонкавай стрыманасцю. Сярод выкананых партый класічнага і сучаснага рэпертуару на бел. сцэне: Касандра («Арэстэя» С.​Танеева), Дэздэмона, Аіда, Леанора («Атэла», «Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Марына («Кастрычнік» В.​Мурадэлі), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні). Вяла канцэртную дзейнасць. Лаўрэат 2-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1962).

Літ.:

Черкашина М. Голоса молодых // Сов. музыка. 1964. № 11;

Ракава А.Я. Нінэль Ткачэнка // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Н.А.Ткачэнка.
Н.Ткачэнка ў ролі Яраслаўны.

т. 15, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБАЧО́Ў Алег Мікалаевіч (23.10.1930, г. Валгаград, Расія — 9.3.2002),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1972). Акад. Рас. АН (1992). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1952). З 1953 у Ін-це славяназнаўства і балканістыкі АН СССР, у 1961—2001 у Ін-це рус. мовы імя Вінаградава Рас. АН (стварыў і ўзначальвае сектар, потым аддзел этымалогіі і анамастыкі, у 1966—82 адначасова нам. дырэктара), з 1999 адначасова гал. рэдактар час. «Вопросы языкознания». Асн. працы па слав. і індаеўрап. этымалогіі, усх.-слав. анамастыцы. этнагенезе і культуры стараж. славян, літуаністыцы. Гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Этымалагічнага слоўніка славянскіх моў» (вып. 1—28, 1974—2001). Пераклаў з ням. мовы і дапоўніў «Этымалагічны слоўнік рускай мовы» М.​Фасмера (т. 1—4, 1964—73; 3-е выд., 1996).

Тв.:

История славянских терминов родства и некоторых древнейших терминов общественного строя. М., 1959;

Происхождение названий домашних животных в славянских языках. М., 1960;

Ремесленная терминология в славянских языках. М., 1966;

Этногенез и культура древнейших славян. 2 изд. М., 2002.

т. 15, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР,

імя 2 пінскіх князёў 13 ст., якія часам атаясамліваюцца. 1) Князь пінскі ў пач. 13 ст. Магчыма, сын тураўскага кн. Святаполка Юр’евіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1204 (сапраўдная дата падзей 1208), калі белзскі кн. Аляксандр Усеваладавіч захапіў Уладзімір-Валынскі, «тогда же яша Володимера Пиньскаго». Далейшы лёс паланёнага У. невядомы. Верагодна, яго сынам быў пінскі кн. Расціслаў.

2) Князь пінскі ў 1220-я г. Верагодна, сын пінскага кн. Расціслава. У 1228 галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч адабраў у Расціслава Чартарыйск і захапіў у палон яго дзяцей, верагодна, і У. У 1229, калі Даніла Раманавіч пайшоў у паход на Кракаў, то «остависта же в Берестии Володимера Пиньского, и оугровьчаны, и берестьяны стеречи земле отъ ятьвязь». З Бярэсця У. разам з берасцянамі пайшоў на яцвягаў і разбіў іх. Сынамі У. былі Фёдар, Дзямід і Юрый (?—1262), што княжылі ў Пінску ў 1262, — апошнія вядомыя пінскія князі з дынастыі Ізяславічаў.

т. 16, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСУРЫ́ЙСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК імя акадэміка У.​Л.​Камарова.

Размешчаны ў Прыморскім краі (Расія), на паўд.-зах. адгор’ях Сіхатэ-Аліня. Пл. 40,4 тыс. га. Засн. ў 1932 для аховы прыродных комплексаў паўд. Прымор’я. У рэльефе стромкія схілы, шлейфападобныя падножжы гор, каньёнападобныя рачныя даліны, вадаспады. Лясы займаюць каля 99% тэрыторыі. Вылучаюць 2 вышынныя расл. паясы: да 600 м — хвойна-шыракалістыя лясы (кедр карэйскі, піхта суцэльналістая, граб сэрцалісты), вышэй — піхтава-яловыя (елка аянская, піхта белакорая, кедр карэйскі, дуб мангольскі). У далінах рэк лісцевыя лясы — вярбовыя, ільмавыя, ясянёвыя і інш. У флоры каля 850 відаў, шмат рэліктаў, у Чырв. кнізе 13 відаў, сярод іх хвоя густакветная, ціс востраканцовы, заманіха высокая, жэньшэнь сапраўдны і інш. У фауне — усурыйскі тыгр, ізюбр, плямісты алень, казуля, дзік, гімалайскі мядзведзь, леапард, рысь, харза, барсук, вавёрка, норка, каланок, бурундук, выдра, гіганцкая землярыйка, мандарынка, чорны бусел, японскі вуж, усурыйскі капцюрысты трытон, бязлёгачны трытон; з насякомых — рэліктавы лясны таракан, гіганцкі дрывасек, усурыйскі махаон, шаўкапрады, бражнікі, паўлінавочкі. Плантацыі жэньшэню.

т. 16, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УШАКО́Ў Дзмітрый Мікалаевіч (24.1.1873, Масква — 20.4.1942),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895), з 1907 выкладаў у ім. Праф. Вышэйшых жаночых курсаў, Ін-та слова, Літ. ін-та імя М.​Горкага, Маскоўскага ін-та філасофіі, л-ры і мастацтва, Маскоўскага ун-та. Працы У. паслужылі асновай для развіцця рус. дыялекталогіі: «Нарыс рускай дыялекталогіі з дадаткам першай карты рускіх дыялектаў у Еўропе» (1915, з М.​М.​Дурнаво, М.​М.​Сакаловым), «Кароткія ўводзіны ў навуку пра мову» (1913, 9-е выд. 1929) і інш. Адзін са стваральнікаў (з 1903) і старшыня (1915—31) Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі. З 1901 удзельнічаў у працы па рэформе рус. правапісу. Узначальваў Арфаграфічную камісію Наркамасветы (1930-я г.). Ініцыятар вывучэння рус. арфаэпіі («Руская арфаэпія і яе задачы», 1928; «Да пытання аб правільным вымаўленні», 1936, апубл. 1964). Гал. рэдактар і адзін са складальнікаў «Тлумачальнага слоўніка рускай мовы» (т. 1—4, 1934—10).

т. 16, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ДЧАНКА Ларыса Мікалаеўна (30.7.1925, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 24.8.1996),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1949 у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1953 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у Бабруйскім вандроўным т-ры, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. Яе індывідуальнасці ўласцівы эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, лірычнасць, драматызм. Яркія, каларытныя персанажы стварыла ў бел. рэпертуары: у Т-ры пры Белдзяржэстрадзе — Насця («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы); у Магілёўскім т-ры — Дзюркіна («Злыдзень» А.​Петрашкевіча), Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Грыпіна («Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота), Каралева («Янка і Ружа» У.​Ягоўдзіка). З інш. роляў: Кукушкіна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Baca («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Алена Андрэеўна («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка), Ганна Вальтэр («Апошні прыпынак» Э.​М.​Рэмарка) і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 16, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАРАЎ Васіль Дзмітрыевіч (23.2.1918, г. Кемерава, Расія — 19.4.1984),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1950). Друкаваўся з 1944. Першая кніга вершаў — «Лірычная трылогія» (1947). У паэт. зб-ках «Лясныя крыніцы» (1955), «Не лявей за сэрца» (1960), «Кніга любові» (1964), «Трэція пеўні» (1966), «Сёмае неба» (1968; за 2 апошнія Дзярж. прэмія Расіі 1968), «Крылы на поўдзень» (1971), «Кніга любові і веры» (1974), «Вершы» (1978) і інш. філас. асэнсаванне сац. і маральных канфліктаў, тэма кахання. Аўтар паэм «Белы гай» (1956), «Прададзеная Венера» (1958), «Жаніцьба Дон Жуана» (1977); паэт. дзённіка «Мар’еўскі летапіс» (1947), драмы ў вершах «Залатая жыла» (1958), аповесцей «Сталасць» (1953), «Добраахвотнікі» (1955), цыкла апавяданняў «Сны паэта» (1979—82), кн. «Наш час такі... Пра паэзію і паэтаў» (1973) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1979.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1987—89.

Літ.:

Денисова И.В. Беззаветно служить красоте: Поэзия В.​Федорова. М., 1978;

Пудалова Л.А. Чувство своего мира: О лирике Федорова. Кемерово, 1979.

А.​В.​Спрынчан.

т. 16, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́ДКІН Яфім Самойлавіч (30.11.1924, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 25.5.1999),

расійскі фізік-тэарэтык; заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Акад. Рас. АН (1990; чл.-кар. 1970). Скончыў Львоўскі ун-т (1948). З 1948 у Фіз. ін-це Рас. АН (з 1967 заг. сектара). Навук. працы па квантавай тэорыі поля, квантавай статыстыцы, гідрадынаміцы, кінетыцы, фізіцы элементарных часціц. Выявіў унутр. супярэчнасць квантавай электрадынамікі (праблема «нуль-зараду», 1955; незалежна ад Л.Д.Ландау і І.Я.Памеранчука). Развіў дыяграмную тэхніку ў рэлятывісцкай квантавай статыстыцы. Даў эўклідаву фармулёўку квантавай тэорыі поля (1958; незалежна ад Ю.Швінгера). Пабудаваў мадэль пашыранай супергравітацыі, якая аб’ядноўвае гравітацыю і электрадынаміку (1978). Удзельнічаў у стварэнні тэрмаядз. зброі ў СССР. Дзярж. прэмія СССР 1953. Залаты медаль імя А.​Дз.​Сахарава Рас. АН (1996).

Тв.:

Квантовая электродинамика с нестабильным вакуумом. М., 1991 (разам з Дз.​М.​Гітманам, Ш.​М.​Шварцманам).

Літ.:

Памяти Е.​С.​Фрадкина // Успехи физ. наук. 1999. Т. 169, вып. 11.

М.​М.​Касцюковіч.

Я.С.Фрадкін.

т. 16, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФРЫ́ДА»

(«Frida»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад «Разгром», «За Савецкую Беларусь», імя М.​Шчорса і мясц. насельніцтва ў Бярэзінскім р-не Магілёўскай, Барысаўскім, Смалявіцкім і Чэрвеньскім р-нах Мінскай абл. у ліст. 1942 у Вял. Айч. вайну; састаўная частка агульнага плана гітлераўскага камандавання па ліквідацыі партыз. руху на тэр. генеральнай акр. Беларусь улетку і ўвосень 1942. Праводзілася сіламі 8-га і 10-га палкоў 1-й матарызаванай брыгады СС, асобага батальёна СС Дырлевангера, спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, жандармерыі пры падтрымцы танкаў і артылерыі. Карнікі імкнуліся акружыць партызан у раёне азёр Краснае, Рыбачнае, Пясочнае і знішчыць іх. Пасля цяжкага бою каля в. Слабада (цяпер Чэрвеньскага р-на) брыгады ў выніку баявога манеўра выйшлі з акружэння. За час аперацыі карнікі загубілі 136 мясц. жыхароў, захапілі 1280 т збожжа, з разрабаваных вёсак 1600 жыхароў адправілі на прымусовыя работы ў спец. лагер у Смалявічах.

В.​С.​Лазебнікаў, У.​С.​Пасэ.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУЛЕРЭ́НЫ (ад імя Р.Б.Фулера),

алатропныя малекулярныя формы вугляроду, у якіх атамы вугляроду (С) размешчаны ў вяршынях полых шматграннікаў. Адкрыты Р.Кёрлам, Г.Крота, Р.Смелі. Структура, напр., Ф. Сео мае выгляд усечанага ікасаэдра з 60 вяршынямі, так што кожны атам вугляроду належыць двум шасцівугольнікам і аднаму правільнаму пяцівугольніку.

Утвараюцца пры дугавым разрадзе паміж графітавымі электродамі ў інертнай атмасферы (пры гэтым таксама ўтвараюцца вугляродныя нанатрубкі — тубулены). У цвёрдым агрэгатным стане Ф. фарміруюць малекулярныя крышт. структуры — фулерыты, пры легіраванні якіх атрымліваюць фулерыды — перспектыўныя для стварэння звышправаднікоў электрычнасці і інш. Сляды Ф. прысутнічаюць у прыродных мінералах (напр., у шунгіце). Выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (для памяншэння трэння), у медыцыне (для транспарціроўкі лекавых прэпаратаў у арганізме чалавека) і інш.

Літ.:

Смолли Р.Е. Открывая фуллерены: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1998. Т. 168, № 3;

Керл Р.Ф. Истоки открытия фуллеренов: эксперимент и гипотеза: Пер. с англ. // Там жа;

Крото Г. Симметрия, космос, звезды и C60: Пер. с англ. // Там жа.

М.​А.​Паклонскі.

т. 16, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)