ФЕ́ДЧАНКА Ларыса Мікалаеўна (30.7.1925, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 24.8.1996),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1949 у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1953 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у Бабруйскім вандроўным т-ры, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. Яе індывідуальнасці ўласцівы эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, лірычнасць, драматызм. Яркія, каларытныя персанажы стварыла ў бел. рэпертуары: у Т-ры пры Белдзяржэстрадзе — Насця («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы); у Магілёўскім т-ры — Дзюркіна («Злыдзень» А.​Петрашкевіча), Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Грыпіна («Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота), Каралева («Янка і Ружа» У.​Ягоўдзіка). З інш. роляў: Кукушкіна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Baca («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Алена Андрэеўна («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка), Ганна Вальтэр («Апошні прыпынак» Э.​М.​Рэмарка) і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 16, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)