1. Суцэльны або са спіцамі круг, які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння (калёс, аўтамашын і пад.). Колы веласіпеда. Колы паравоза. □ Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах.Мележ.
2. Дэталь механізма або машыны ў выглядзе круга для перадачы або рэгулявання руху. Рулявое кола. Вадзяное кола. □ Зялёная вада падае на рыпучае кола, і яно круціцца без аддухі, разбіваючы ваду ў пырскі.Асіпенка.
3. Пра ўсё, што мае форму круга або кальца. Кола каўбасы. □ Грымнуў аркестр, і ўсё змяшалася ў танцавальным коле.Скрыпка.Па цэментавых сходах бегала цьмяна-жоўтае кола святла.Адамчык.
4. Тое, што акружае, замыкаецца вакол чаго‑н. Хлопцы цесным колам акружылі дзядзьку Рыгора.Якімовіч.
5.перан. Пералік, аб’ём чаго‑н. Кола пытанняў. Кола тэм. Кола праблем. □ Можна, перачытваючы ваенную лірыку Петруся Броўкі, заўважыць, як паступова пашыралася кола выведзеных у ёй чалавечых вобразаў, як яна набывала рысы паэтычнага эпасу.Бярозкін.
6.перан.; чаго. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Кола дзейнасці. Кола гаспадарчых спраў. Кола інтарэсаў.
7.перан.; каго. Група людзей, аб’яднаных якімі‑н. сувязямі. Кола сяброў. Кола знаёмых. □ Калі аркестр трапляў куды-небудзь на сквер або ў парк, кола слухачоў павялічвалася.Лынькоў.
8.звычайнамн. (ко́лы, ‑аў); перан.; каго або якія. Грамадскія, прафесіянальныя групоўкі людзей. Навуковыя колы. Колы савецкай інтэлігенцыі. Рэакцыйныя колы.
9. Карагодны народны танец (асабліва пашыраны сярод паўднёвых славян). Украінскія горцы — гуцулы — і зараз танцуюць свой характэрны танец — кола.«Беларусь».// Фігура ў танцы.
•••
Зачараванае кола — а) пра такі збег абставін, з якога цяжка знайсці выйсце; б) лагічная памылка, якая заключаецца ў тым, што якое‑н. палажэнне даказваецца праз другое, якое само павінна быць даказана праз першае.
Крывое кола — пра ўпартага, капрызнага чалавека.
Ні ў кола ні ў мяла — пра няўмелага, няздатнага чалавека.
Павярнуць кола гісторыі назадгл. павярнуць.
Пятае кола ў возе — пра што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць каму‑, чаму‑н. як уласнасць. Уласная гаспадарка. Уласная аўтамашына. □ Жыў Нікадзім Варакса з Кіраю ў маленькім уласным доміку.Карпаў.// Які належыць каму‑н. разам з іншымі як члену якога‑н. калектыву, грамадства. Першымі сярод усходніх славян уласнае кнігадрукаванне атрымалі беларусы.Шакун.З таго часу, як [партызанскі] атрад пабудаваў свой уласны лагер, пры штабе стала працаваў трафейны радыёпрыёмнік.Брыль.// Звязаны сваяцкімі, прыязнымі і пад. адносінамі. [Ад’езд] радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў.Васілевіч.Яму хацелася падзяліцца з .. інжынерам некаторымі сваімі думкамі, якія хаваў .. [Шмульке] нават ад сваёй уласнай палавіны.Лынькоў.
2. Свой, асабісты. Крушынскаму ўспомніліся воўчыя сляды ў пяску побач з яго ўласнымі.Бядуля.Лёс майго карабля — гэта ўласны мой лёс; быць на вахце — вышэйшы мой гонар.А. Вольскі.Шчаслівы час, калі прыходзіць роздум І ты ва ўладзе толькі ўласных дум.Тармола.// Уласцівы каму‑н. Вельмі часта сваю ўласную філасофію аўтар пераносіць на персанажы свайго твора.Чорны.Верачка важна трымала Мікалая Пятровіча пад руку, ішла паволі, з пачуццём уласнай годнасці.Каршукоў.Вядзернікаў меў уласны погляд на рэчы.Радкевіч.// Які ідзе ад каго‑н. асабіста, які робіцца, ажыццяўляецца самім. [Сярго:] Азорыча я знаю асабіста: Калі ён там, дык не па ўласнай волі.Глебка.Спыніцца і моўчкі крыху пастаяць, Шчаслівым астацца за ўласную працу.Астрэйка.Лазебны — радыёаматар, і ў хаціне, дзе яны жывуць з камандзірам, стаіць прыёмнік яго ўласнай канструкцыі.Шамякін.
3. Літаральны, сапраўдны. Ва ўласным сэнсе слова.
4.Спец. Уласцівы толькі каму‑, чаму‑н., без дамешак, без пабочных дабавак. Уласная вага цела.
•••
Уласнае імягл. імя.
Уласны карэспандэнтгл. карэспандэнт.
Варыцца ва ўласным сакугл. верыцца.
На ўласныя вочы бачыцьгл. бачыць.
На ўласныя вушы чуцьгл. чуць.
Стаяць на ўласных нагахгл. стаяць.
Уласнымі сіламігл. сіла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГІЛЕ́ВІЧ (Ніл Сымонавіч) (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд.філал.н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Глебаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, І.Лучанок, М.Пятрэнка, Дз.Смольскі, Э.Ханок, Я.Цікоцкі, М.Чуркін і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;
Лісце трыпутніку. Мн., 1968;
Запаветнае. Мн., 1975;
Любоў прасветлая. Мн., 1996.
Літ.:
Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;
Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;
Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;
Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;
Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;
Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;
Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,
старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх.славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв.с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц.нар. свята без абрадавай дзейнасці.
Літ.:
Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;
Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх.славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вясна́ ’пара года паміж зімою і летам’; ’светлая, радасная пара жыцця — маладосць’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп.), палес.высна́ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), вэсна́ (Бес.), пін.вестна (Шн., 2) з устаўным ‑т‑, вісна́ (Бяльк., Касп.), вісна ў вочы лезя — «гавораць тады, калі пабыць доўга на двары пры снезе і сонцы, а пасля прыйсці ў хату і нічога адразу не бачыць» (КЭС, лаг.), вясна вочы крадзе — пра вясенняе сонца, якое слепіць вочы (віл., Нар. сл.). Укр.весна́, рус.весна́ ’вясна’, арханг., кастр. ’вясенняе разводдзе’, паўн. ’першы вясенні дождж’, с.-урал. ’вяснушкі, рабацінне на твары’, перм. ’ліхаманка, трасца’, свярдл. ’трава, якою лечаць ліхаманку’, польск.wiosna ’вясна’; ’вясеннія палявыя работы’; ’галодная пара перад новым ураджаем’, чэш.усх.-мар.vesno ’вясна’, odvesno ’вясною’, vesna (паэт.) запазычана з рус. мовы, тое ж славац.vesna, Vesna ’багіня вясны ў старажытных славян’, славен.vẹ̑sna ’вясна’; ’міфічная жаночая істота, якая стракоча, бухае, трашчыць’; ’пра чалавека, які моцна кашляе’, серб.-харв.вѐсна ’вясна’, ст.-слав.весна. Прасл.vesna ’пачатак лета’ — старажытная і.-е. рознаскланяльная аснова на ‑r‑//‑n‑: наз. скл. *u̯esr‑, род. скл. u̯es‑n‑es; у слав. мовах за аснову прыняты ўскосны склон. у балт. мовах — прамы: літ.vãsara < veserà (Экерт, LKLR, 143–154), лат.vasara ’лета’; параўн. таксама грэч.ἔαρ, лац.vēr, ст.-ісл.vár, ст.-фрыз.wars, арм.garun, ст.-інд.vasantás ’вясна’, vasar‑ ’рана’, авест.vaηri‑ ’вясною’. Узыходзіць да і.-е. кораня *au̯es ’асвятляць’. Некаторыя этымолагі звязваюць з лексемай вясёлы (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 386; Гараеў, 1896, 75; Праабражэнскі, 1, 79; Педарсан, KZ, 32, 246; Траўтман, 356; Буасак, 209; Майргофер, 20, 172; Мюленбах-Эндзелін, 3, 484; Голуб-Копечны, 413; Махэк₂, 685; Брукнер, 623; Фасмер, 1, 303; Шанскі, 1, В, 73; КЭСРЯ, 77.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кава́ць1 ’ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму; падкоўваць, акоўваць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Сержп., Яруш.). Укр.ковати, кувати, рус.ковать, польск.kować, н.-луж.kowaś, в.-луж.kować, чэш.kovati, славац.kovať, серб.-харв.kòvati, славен.kováti, мак.ковам, балг.кава. Прасл.kovati, kovǫ: kovati, kujǫ ’апрацоўваць метал молатам і інш.’ Ад і.-е.kāu‑, kəu‑ ’біць, сячы, рубіць’, параўн. літ.káuti ’біць, забіваць’, лат.kaût ’тс’, ст.-ням.houwan, ням.hauen ’біць, сячы, каваць’ і інш. Трубачоў (Ремесл. терм., 345–347) звяртае ўвагу на спецыфічнасць значэння ’апрацоўваць молатам’ у славян параўнальна з кантынуантамі ў іншых і.-е. мовах. У гэтым славянскія мовы адрозніваюцца ад балтыйскіх. Падрабязна аб значэннях слав.kovati гл. Слаўскі, 3, 18–19; БЕР, 2, 506–509.
Кава́ць2 ’кукаваць’ (Мал., Сержп. Грам., Сцяц., зэльв.; Радч.). Укр.кувати, польск.kować ’тс’. Звяртаюць на сябе ўвагу значэнні слав.kovati ’апрацоўваць молатам, біць’ у розных мовах і гаворках, якія апісваюць манатонныя працэсы, напр. славін.kùevą, ku̯ovają ’гучна, манатонна стукаць дзюбай (звычайна пра дзятла) і да т. п.’ Слаўскі (3, 19) лічыць, што прасл.kovati мела значэнне ’кукаваць’. Ён прыводзіць семантычную паралель: bić ’біць’ і ’спяваць (аб перапёлцы)’. Лічыць гэты перанос (< kovati ’біць і г. д.’) старажытным нельга, паколькі каваць ’кукаваць’ адзначана на сумежных арэалах і можа ўяўляць познюю інавацыю. Да таго ж не выключана, што каваць можна суаднесці як другаснае з гукапераймальным kukovali, параўн. укр.кукувати, бел.кукаваць, рус.куковать, польск.kukować, в.-луж.kukować. Магчыма, працэс перараскладання або народнай этымалогіі мог прывесці да вычлянення каваць < кукаваць. Менш верагоднай уяўляецца думка аб старажытных сувязях каваць ’кукаваць’ і ст.-інд.kā́uti ’крычыць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пуд1 ’мера вагі (16 кг)’, (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Бяльк., Мат. Гом.), ст.-бел.пудъ ’адна з асноўных адзінак меры і вагі ў ВКЛ, звычайна мёду, воску, радзей інш. (ад 15 да 18,7 кг)’ (Ст.-бел. лексікон), у дамове смаленскага князя з Рыгай 1229 г. слова мела агульнае значэнне ’вага’, ’вагавы эталон’ (Скурат, Меры, 113), пра што сведчыць прыметнік пудъный: А соль весите пудънымъ ременемъ по старому закону (дамова Полацка з Рыгай 1405 г.); сюды ж вытворнае пудовня ’адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў, роўная пуду’ (Нас. гіст.), ’мерка, у якую змяшчаўся пуд пэўнага рэчыва’, адзначанае і ў сучасных народных гаворках: пудо́ўня ’пуд’ (Ян.), а таксама пудо́вік, пудаві́к ’тс’ (Мат. Гом.), пу́дзіць ’купляць пудамі што-небудзь; купляць на вагу’ (Нас.); укр.пуд, рус.пуд. Запазычана са ст.-нардыйск. pund ’фунт’, параўн. ст.-ісл.pund ’тс’, продкамі ўсходніх славян у праформе *pǫd‑ > пудъ (Векслер, Hist., 104). Крыніцай агульнагерманскага слова з’яўляецца аблатыўная форма лац.pondo, выдзеленая са спалучэння libra pondo ’вагой у адну лібру’, якая ўжывалася як нескланяемы назоўнік у якасці сіноніма да libra. У адпаведнасці з рэгулярнымі фанетычнымі зменамі зыходнае слова было перааформлена ў ст.-в.-ням.pfunt, якое з XIV ст. у форме фунт (гл.) замацавалася ў славянскіх мовах.
Пуд2 ’страх, сполах, ляк’ (ТСБМ; Гарэц.; Шат., брасл., віл., ст.-дар., круп., Сл. ПЗБ; Бяльк.; петрык., светлаг., калінк., Мат. Гом.; ТС, Маш., Шн. 2; капыл., Жыв. сл.; докш., Янк. Мат.), ’сполах жывёл’ (Варл.), укр.пуд ’страх’, польск.pęd ’рух, імкненне’ > бел.пэнд (гл.), чэш.pud ’інстынкт’. Самастойныя ўтварэнні ў кожнай са славянскіх моў ад прасл.*pǫditi ’гнаць, прыспяшаць’, ці, паводле Когена (Запіскі, 2, 239), ’піхаць, цясніць’, гл. пудзіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Труска́лкі, труска́ўкі, труска́вкы ‘клубніцы, Fragia viridis Duch.’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Выг., Сл. Брэс., Скарбы, Жд. 2; карэліц., Янк. Мат.; гродз., маг., мін., Кіс.; зах.-бел., Сл. ПЗБ); труска́вчына ‘ягада клубніц’ (Клім.); труска́лка ‘тс’ (Нік., Оч.), труска́ўка ‘тс’ (Кіс.), тру́скаўкі ‘суніцы, Fragaria ananassa Duch.’ (маг., мін., гродз., Кіс.; бяроз., ЛА, 1). Этымалогія няпэўная, звязваецца з назвамі іншых раслін, параўн. укр.тру́скавка ‘суніца’, труск, траскавка ‘тс’, польск.truskawka ‘клубніца’, вял.-польск.truśkawki, tryśkawki ‘тс’, truskawiec, truskawice ‘птушыны драсён, Polygonum aviculare L.’, truskowie ‘палын палявы, Artemisia campestris L.’; в.-луж.truskalca ‘суніца’, ‘клубніца’, чэш.truskavec ‘драсён птушыны’, jahodník truskavec ‘клубніца’, ст.-чэш.truskavicě ‘тс’, славац.truskavica ‘тс’, drúzgavica ‘чарэшня’, druzgavec ‘суніцы’, truskavec ‘хваснік, пярыльцы, Hippuris vulgaris L.’, славен.tróska, trúskavica, truska(vka), tróskva ‘суніца’, серб.труска, харв.truska, trȍskot, druzgavac ‘тс’. Паўн.-слав.*truskavъka/*truskavica (паводле Борыся, 645). У паўднёвых славян можа выступаць галосная ‑o‑ ў аснове. Зыходзячы са славянскага матэрыялу, нельга растлумачыць матывацыю назвы. Дапускаюць, што назва абумоўлена: трашчаннем на зубах насення пладоў (ЕСУМ, 5, 659); спецыфічным шумам (трэскам) пры зрыванні пладоў (Махэк₂, 655; Шустар-Шэўц, 1539); трэскам пры ламанні сцяблінак з лістамі — аналогіі маюцца ў розных мовах: укр.хрускавка, хру́ставка ад хрускати, хрусті́ти ‘хрусцець’, чэш.praskavec < praskati ‘трэскацца, лопацца, трашчаць’, в.-луж.pruskelcy < pruskotać ‘трашчаць’, літ.braškė ‘клубніца’ < braškė́ti ‘трашчаць’, нова-в.-ням.Knackbeere < knacken ‘хрусцець’, польск.truskawka < trusk ‘трэск, хруст’, ст.-рус.трускъ ‘трэск’, рус.дыял.труск ‘тс’ (Брукнер, 578; Махэк, 104–105; Борысь, 645). У беларускай мове (як і ў іншых славянскіх мовах) назва клубніц была перанесена з назвы суніц у першай палове XVIII ст., калі шляхам перакрыжавання віржынскіх і чылійскіх суніц былі выведзены гатункі клубніц.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КУПЕ́ЦТВА,
сацыяльны пласт, які займаўся прадпрымальніцтвам пераважна ў галіне гандлю. Атрымлівала прыбытак за кошт перапродажу па больш высокай цане тавараў, што былі куплены ў іх вытворцаў (уладальнікаў). Вядома з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Карфагене, Стараж. Грэцыі, Рыме, эліністычных дзяржавах. У раннім сярэдневякоўі К. найб. інтэнсіўна развівалася ў араб. краінах, Індыі, Кітаі; быў пашыраны тып вандроўнага купца. У сувязі з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і ростам гарадоў у 11—12 ст. пашырылася ў Зах. Еўропе, асабліва ў Венецыі, Генуі, гарадах Ганзы Напачатку К. дзейнічала пераважна ў сферы знешняга, а з 16 ст. і ўнутр. гандлю. Для абароны сваіх інтарэсаў сярэдневяковае К. аб’ядноўвалася ў асобныя карпарацыі — гільдыі, сотні і інш., уваходзіла ў склад гар.патрыцыяту. Разам з гандлем К. займалася ліхвярствам і водкупам. Пасля Вялікіх геагр. адкрыццяў яго гандл. дзейнасць пашырылася на краіны Амерыкі, Азіі, Афрыкі; ствараліся вял.гандл. кампаніі, што імкнуліся ўстанавіць гандл. манаполію і нават ваенна-паліт. панаванне ў цэлых краінах і раёнах свету: брыт. (1600—1858) і нідэрл. (1602—1798) Ост-Індскія, Рас.-Амерыканская (1799—1868). У 16—18 ст. К. спалучала гандл. і крэдытна-пазыковыя аперацыі з прадпрымальніцтвам у прам-сці. У развітым капіталіст. (рыначным) грамадстве купецкі (гандлёвы) капітал паступова страціў самаст. ролю і ператварыўся ў адасобленую частку прамысл. капіталу, а К. стала часткай прадпрымальнікаў. Купцы традыц. тыпу, што вядуць самаст. гандаль, захаваліся пераважна ў рознічным гандлі, аднак самі тэрміны «К.» і «купец» цяпер у бел. мове амаль не ўжываюцца.
Ва ўсх.славян К. пачало фарміравацца ў 9—10 ст. пераважна з княжацкіх дружыннікаў, якія ўдзельнічалі ў зборы даніны і яе збыце на знешніх рынках. Плаванне купецкіх караванаў са стараж.-рус. цэнтраў, у т. л. Полацка, у Візантыю апісана ў творы Канстанціна VII Багранароднага «Аб кіраванні імперыяй» (сярэдзіна 10 ст.). Гандаль Кіеўскай Русі з Візантыяй рэгуляваўся дагаворамі 911, 944, 971. Фарміраванню К. значна спрыялі міжнар. гандлёвыя камунікацыі: шлях«з варагаў у грэкі», заходнядзвінскі, дняпроўска-бугскі шляхі. З 11 ст. К. папаўнялася з гар. і сельскіх рамеснікаў. Гандлем займаліся таксама манахі, вольныя сяляне, пазней і залежныя ад феадалаў людзі і нават халопы, якія выконвалі даручэнні сваіх уладальнікаў. З бел. гарадоў у пісьмовых крыніцах 12—14 ст. найлепш асветлена дзейнасць К. Полацка і Віцебска. Паводле дагавора 1229 і інш. дагавораў полацкіх князёў К. Полацка і Віцебска магло свабодна гандляваць у Рызе, Любеку, на Готландзе. Дзейнасці К. спрыяла ўвядзенне з канца 14 ст. ў бел. гарадах магдэбургскага права. К. адыгрывала вядучую ролю ў сац. жыцці гарадоў, яго прадстаўнікі ўваходзілі ў органы гар. самакіравання. У 16—17 ст.бел. К. падтрымлівала гандл. сувязі з Рыгай, Краляўцом (Кёнігсбергам), Канстанцінопалем, гарадамі Польшчы, Расіі, Украіны, Венгрыі і інш. На Захад бел. купцы вывозілі пераважна вял. партыі футра, воску, сырых і вырабленых скур, пянькі, хмелю; прывозілі дарагую тканіну, метал. і шкляныя вырабы, паперу, галантарэю, спецыі. Пашыраным заняткам было і ліхвярства. Пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст.гандл. дзейнасць купцоў Беларусі заняпала. У Расіі К. як гандл.-прамысл.гар. саслоўе аформлена ў 1775 і 1785. У адпаведнасці з Даравальнай граматай гарадам 1785 К. падзялялася на 3 гільдыі. Большасць бел. купцоў была аднесена да самых бедных — у 3-ю гільдыю. Купцы карысталіся асабістымі і гасп. прывілеямі (асабліва 1-я і 2-я гільдыі), плацілі падаткі ў казну, да 1898 карысталіся пераважным правам на заняткі прадпрымальніцтвам. У 1863 скасавана 3-я гільдыя і доступ у К. стаў адкрытым прадстаўнікам інш. саслоўяў. У 1840 у Беларусі гільдзейскіх купцоў было 1078 чал., у 1860—1650 чал., у 1897—18 282 чал. (у Рас. імперыі — 225,6 тыс.чал.). Як саслоўе К. скасавана 23.11.1917.
Літ.:
Преображенский А.А., Перхавко В.Б. Купечество Руси, IX—XVII вв. Екатеринбург, 1997;
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1975;
Швед В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830—1850-е гг). Гродно, 1995;
Торговля, промышленность и город в России XVII — начала XIX в.: Сб. ст.М., 1987.